Удзел Прэзідэнта Беларусі ў рэспубліканскіх суботніках за апошнія гады
- 12
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка традыцыйна прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, які ў гэтым годзе праводзіўся 17 красавіка.
Кіраўнік дзяржавы працаваў на сваёй малой радзіме - у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Брыгада на суботніку на чале з Аляксандрам Лукашэнкам займалася добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторыі вакол пляцоўкі, дзе штогод на Купалле праводзіцца папулярны фестываль "Александрыя збірае сяброў".
Выбар гэтага месца на беразе Дняпра асабліва сімвалічны ў Год народнага адзінства, паколькі яно заўсёды было месцам дружбы і супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей і культур. Тут, на гандлёвым шляху "з варагаў у грэкі", праходзілі кірмашы і народныя гулянні, фарміраваліся традыцыі добрасуседства, чаго цяпер іншым часам востра не хапае ў адносінах паміж краінамі. Працягам гэтай слаўнай гісторыі стала правядзенне фестывалю - каля моста, які звязвае не толькі два блізкія сэрцу Аляксандра Лукашэнкі населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але таксама Магілёўскую і Віцебскую вобласці.
Цяпер гэты маляўнічы куток Беларусі ўпрыгожаць высаджаныя дубы, ліпы, рабіны і кустоўе. У будучым яны стануць яскравым напамінам не толькі пра добрую традыцыю праводзіць суботнікі, але таксама пра міралюбную палітыку і працавітасць беларускага народа, сімвалам клопату пра экалогію і прыгажосць роднага краю.
Аляксандр Лукашэнка нязменна прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх суботніках. Як правіла, Кіраўнік дзяржавы працуе на знакавых будаўнічых аб'ектах, добраўпарадкаванні тэрыторый і высадцы дрэў.
Напрыклад, за апошнія гады суботнікі з удзелам Прэзідэнта прайшлі на ўзвядзенні новага будынка Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, культурна-забаўляльнага спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна", аквапарку "Лябяжы", новых радзільнага дома і дзіцячай паліклінікі ў Мінску, Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Аляксандр Лукашэнка ў час аднаго з рэспубліканскіх суботнікаў таксама прымаў удзел у рэканструкцыі стадыёна "Дынама" ў Мінску.
Сярод аб'ектаў, дзе за апошняе дзесяцігоддзе на суботніках працавала брыгада на чале з Прэзідэнтам, і плошча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка таксама займаўся высадкай дрэў на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна" і Нацыянальнага парку "Прыпяцкі", добраўпарадкаваннем Трафімавай крыніцы на сваёй малой радзіме каля аграгарадка Александрыя.
2010 г. - Работа на будаўнічай пляцоўцы новага будынка Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, закладка капсулы з пасланнем нашчадкам (падрабязней)
2011 г. - Будаўніцтва культурна-забаўляльнага спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна" ў Мінску (падрабязней)
2012 г. - Будаўніцтва аквапарку "Лябяжы" ў Мінску (падрабязней)
2013 г. - Добраўпарадкаванне плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (падрабязней)
2014 г. - Будаўніцтва новага акушэрска-гінекалагічнага корпуса 5-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску (падрабязней)
2015 г. - Будаўніцтва дзіцячай паліклінікі ў сталічным мікрараёне Каменная Горка (падрабязней)
2016 г. - Рэканструкцыя стадыёна "Дынама" ў Мінску (падрабязней)
2017 г. - Будаўніцтва Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы (падрабязней)
2018 г. - Добраўпарадкаванне Трафімавай крыніцы на малой радзіме Прэзідэнта каля аграгарадка Александрыя (падрабязней)
2019 г. - Пасадка дрэў на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна" (падрабязней)
2020 г. - Пасадка дрэў на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" (падрабязней)