Старшыня Усебеларускага народнага сходу
У адпаведнасці з артыкулам 31 Закона "Аб Усебеларускім народным сходзе" Старшыня УНС:
- уносіць пытанні для разгляду Прэзідыумам УНС, падпісвае рашэнні УНС і пастановы Прэзідыума;
- прадстаўляе УНС ва ўзаемаадносінах з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным сходам, Урадам, іншымі дзяржорганамі і арганізацыямі Беларусі і замежжа, міжнароднымі арганізацыямі;
- арганізуе і кантралюе дзейнасць Сакратарыята УНС;
- выдае распараджэнні;
- прыводзіць да прысягі суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў;
- мае права ініцыяваць скліканне з'езда суддзяў Рэспублікі Беларусь.
Усебеларускі народны сход
Усебеларускі народны сход - вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
Упершыню Усебеларускі народны сход быў скліканы ў 1996 годзе, калі ў цяжкі для краіны час Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напрамую звярнуўся за падтрымкай да народа. Затым пасяджэнні гэтага найважнейшага органа народаўладдзя праходзілі раз у пяць гадоў - у 2001, 2006, 2010, 2016 і 2021 гадах.
Згодна са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам. Кампетэнцыя, парадак фарміравання і дзейнасць Усебеларускага народнага сходу вызначаецца главой 31 Канстытуцыі і законам.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Усебеларускі народны сход:
- зацвярджае найбольш важныя для краіны дакументы (асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця);
- уносіць прапановы аб правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі;
- разглядае пытанні аб легітымнасці выбараў;
- выбірае суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, членаў ЦВК, вызваляе іх з пасады;
- устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні;
- узнагароджвае Прэзідэнта дзяржаўнымі ўзнагародамі, а таксама ўносіць прапановы аб узнагароджанні імі іншых асоб.
Рашэнні УНС з'яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.