Рэферэндумы
Для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця ў Беларусі могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы. У рэферэндумах удзельнічаюць усе грамадзяне, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць у Беларусі. Гэта робіць рэферэндум найважнейшай праявай дэмакратыі, дазваляючы насельніцтву самастойна прымаць выключна важныя рашэнні, якія ўплываюць на жыццё грамадзян.
- Рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца Прэзідэнтам па ўласнай ініцыятыве, а таксама па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам.
Рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, падпісваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
- Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
На мясцовы рэферэндум могуць выносіцца пытанні, якія маюць выключна важнае значэнне для насельніцтва адпаведных тэрыторый.
Права ўдзельнічаць у рэферэндуме маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.
На рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні:
- якія могуць выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь;
- звязаныя з выбраннем і вызваленнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, назначэннем (выбраннем, вызваленнем) службовых асоб, назначэнне (выбранне, вызваленне) якіх адносіцца да кампетэнцыі Прэзідэнта і палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- аб прыняцці і змяненні бюджэту, устанаўленні, змяненні і адмене падаткаў, збораў (пошлін);
- аб амністыі, аб памілаванні.
Парадак правядзення рэферэндумаў вызначаецца Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь.