Дзяржаўны лад Беларусі
Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.
Дэмакратычныя асновы беларускай дзяржаўнасці гарантуюць разнастайнасць палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.
У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі i прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства.
Беларусь – прэзідэнцкая рэспубліка.
Кіраўнік дзяржавы – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Узаемадзеянне ўлад
Асноўным прынцыпам рэалізацыі дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца прынцып падзелу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу. Сутнасць гэтага прынцыпу ў тым, каб улада не была засяроджана ў руках нейкага аднаго дзяржаўнага органа, а была падзелена паміж органамі трох галін улады. Названыя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.
Ключавая роля ў дзяржаўным механізме адводзіцца Кіраўніку дзяржавы. Не ўваходзячы ні ў адну з галін улады, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь надзяляецца неабходнымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі, якія дазваляюць яму забяспечваць узаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады паміж сабой і дакладнае ажыццяўленне імі сваіх функцый. Такая мадэль надае ўстойлівасць і стабільнасць дзяржаўнаму механізму, перашкаджае ўзнікненню процістаяння паміж галінамі ўлады.
Узаемадзейнічаючы з заканадаўчай уладай, Прэзідэнт мае права заканадаўчай ініцыятывы, упаўнаважаны на падпісанне або адхіленне законаў. На аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Прэзідэнт мае права выдаваць заканадаўчыя акты - указы. Указы Прэзідэнта абавязковыя на ўсёй тэрыторыі Беларусі і не павінны супярэчыць законам.
Прэзідэнт аказвае ўплыў на фарміраванне і дзейнасць выканаўчай улады. З папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў ён назначае на пасаду Прэм’ер-міністра. Прэзідэнт вызначае структуру Урада Рэспублікі Беларусь, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў Урада, прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, мае права старшынстваваць на пасяджэннях Урада Рэспублікі Беларусь і адмяняць акты Урада. Рашэнні, якія прымаюцца Прэзідэнтам, абавязковыя для выканання Урадам.
Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці.