Ахова здароўя

А.Лукашэнка, Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 21 красавіка 2017 года

"Апошнім часам беларуская ахова здароўя зрабіла значны крок наперад. Па якасці аказання медыцынскіх паслуг наша краіна выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. У рэспубліцы, напрыклад, створана эфектыўная сістэма аховы здароўя маці і дзіцяці. Дзіцячая і мацярынская смяротнасць у нас настолькі нізкая, што Беларусь па гэтым паказчыку стаіць у адным шэрагу з самымі развітымі дзяржавамі. І мы гэтым па праву ганарымся. Трэба далей укараняць высокія тэхналогіі ў радзільных дамах, перынатальных цэнтрах. Нельга не адзначыць вынікі работы медыкаў у транспланталогіі".
Ахова здароўя Рэспублікі Беларусь

Развіццё ўсіх галін сацыяльна-эканамічнай сферы ў нашай краіне - працэс няспынны. Істотныя пераўтварэнні ў апошнія гады адбыліся і ў беларускай ахове здароўя - удасканаліліся структурна-арганізацыйныя асновы сістэмы, фінансавыя механізмы іх забеспячэння.

Рэспубліка Беларусь - адна з нямногіх краін постсавецкай прасторы і краін еўрапейскага рэгіёна, дзе захавана і адаптавана да сацыяльна-эканамічных умоў бюджэтная сістэма фінансавання аховы здароўя. На працягу апошніх гадоў на забеспячэнне сістэмы аховы здароўя з дзяржаўнага бюджэту выдзяляюцца сродкі ў межах 4% ВУП, што адпавядае парогаваму значэнню індыкатара сацыяльнай бяспекі рэспублікі, рэкамендаванага СААЗ, і прадугледжана Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У аснове сістэмы аховы здароўя Беларусі на працягу апошніх 10 гадоў асноўнымі прынцыпамі з'яўляюцца прыярытэтнасць мер прафілактычнай накіраванасці на аснове фарміравання здаровага ладу жыцця; якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі, у тым ліку лекавага забеспячэння; санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва і яго будучых пакаленняў.

Галоўнай мэтай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь было і застаецца фарміраванне здаровай нацыі, захаванне здароўя насельніцтва.

Сетка арганізацый аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, прадстаўлена 585 бальнічнымі арганізацыямі аховы здароўя і 2660 арганізацыямі аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў амбулаторна-паліклінічных умовах, 17 рэспубліканскімі і Мінскім навукова-практычнымі цэнтрамі.

Паказчык забяспечанасці бальнічнымі ложкамі кароткатэрміновага знаходжання на 10 тыс. насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь у 2022 годзе склаў 83,8, што значна вышэй, чым у суседніх дзяржавах - Польшчы (44,1) і Літве (50,5).

На працягу апошніх 10 гадоў значная ўвага ўдзялялася кадраваму забеспячэнню галіны шляхам развіцця сістэмы медыцынскай адукацыі, укаранення прагрэсіўных форм навучання, новых арганізацыйных форм і тэхналогій бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Паказчык забяспечанасці практыкуючымі ўрачамі на 10 тыс. насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь у 2022 годзе склаў 52,2, для параўнання ў такіх краінах, як Балгарыя - 43,0 і Італія - 42,5. Паказчык забяспечанасці сярэднім медыцынскім персаналам у Рэспубліцы Беларусь у 2022 годзе складаў 135,4 на 10 тыс. насельніцтва, для параўнання, у такіх краінах, як Нідэрланды - 113,3 і Аўстрыя - 107,6.

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь праводзіць мэтанакіраваную работу па павышэнні даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі ўсім без выключэння грамадзянам краіны - перш за ўсё ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях.  

Абноўлена рэсурсная база арганізацый аховы здароўя - ад сельскіх да вялікіх абласных і гарадскіх устаноў - шляхам рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. З кожным годам пашыраецца пералік высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў, узрастае аб'ём тэхналагічных інавацый. Забяспечана высокая даступнасць высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі насельніцтву дзякуючы стварэнню рознаўзроўневай сістэмы яе аказання - не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на базе абласных бальніц і ў міжраённых цэнтрах.

Значная ўвага ўдзяляецца абслугоўванню насельніцтва ў сельскай мясцовасці, дзе важная роля ў аказанні медыцынскай дапамогі належыць раённаму звяну, якое мае ў сваім складзе цэнтральныя раённыя бальніцы (на сённяшні дзень іх 107 у розных рэгіёнах рэспублікі), раённыя бальніцы (9), цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, раённыя дыспансеры і іншыя ўстановы. Дзейнасць гэтых устаноў ахоплівае тэрыторыю з радыусам абслугоўвання прыкладна 40 км, каб на працягу гадзіны была забяспечана транспартная даступнасць да любога населенага пункта.

Для паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву распрацаваны дарожныя карты яе аказання па розных захворваннях, у якіх адлюстраваны схемы прадастаўлення медыцынскай дапамогі пацыентам.

Існуе выязная форма медыцынскага абслугоўвання. Выезд брыгады спецыялістаў ЦРБ праводзіцца па загадзя складзеным графіку з апавяшчэннем насельніцтва і з улікам сезоннасці сельскагаспадарчых работ.

Для набліжэння высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі насельніцтву, якое пражывае ў сельскай мясцовасці,  зацверджана Канцэпцыя стварэння міжрэгіянальных цэнтраў і цэнтраў калектыўнага карыстання.

Вядзецца работа па стварэнні міжраённых і міжрэгіянальных цэнтраў для некалькіх тэрытарыяльна набліжаных раёнаў, дзе будуць сканцэнтраваны ўсе рэсурсы: і высокакваліфікаваныя кадры, і абсталяванне, і сучасныя тэхналогіі.

Перспектыўныя напрамкі развіцця беларускай медыцыны:

  • удасканаленне нарматыўных прававых актаў, рэгулюючых розныя аспекты медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, медыцынскай адукацыі;
  • захаванне вядучай ролі бюджэтнага фінансавання і ўзмацненне ўзаемасувязі аб'ёму выдзяляемых фінансавых сродкаў з вынікамі дзейнасці арганізацый, пашырэнне крыніц фінансавання аховы здароўя за кошт добраахвотнага медыцынскага страхавання, экспарту медыцынскіх і адукацыйных паслуг, дзяржаўна-прыватнага партнёрства;
  • удасканаленне арганізацыйных механізмаў у ахове здароўя і ўкараненне інтэграванай медыцынскай паслугі з улікам маршрутаў руху пацыента;
  • паляпшэнне інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж урачамі, укараненне электроннага рэцэпта і электроннай медыцынскай карткі, новых тэхналогій работы;
  • укараненне сучаснай мадэлі работы арганізацый аховы здароўя;
  • укараненне ў 2020 годзе паўсюдна ўрача агульнай практыкі;
  • удасканаленне сістэмы кіравання якасцю медыцынскай дапамогі;
  • навукова-тэхналагічнае і інавацыйнае развіццё сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, яе гарманізацыя з аналагічнымі сістэмамі дзяржаў - удзельніц ЕАЭС і ЕС;
  • укараненне сістэмы інавацыйнага менеджменту, павышэнне канкурэнтаздольнасці навуковых даследаванняў;
  • арганізацыя комплексу навуковых даследаванняў высокага ўзроўню, якія даюць магчымасць паскорыць пераход нацыянальнай эканомікі на вышэйшыя тэхналагічныя ўклады;
  • далейшае развіццё высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі грамадзянам краіны;
  • развіццё айчыннай фарміндустрыі і ўдасканаленне абарачэння лекавых сродкаў, а менавіта:
  • дасягненне сусветнага ўзроўню развіцця і канкурэнтаздольнасці фармацэўтычнай прадукцыі шляхам інтэнсіфікацыі развіцця фармацэўтычнай прамысловасці;
  • гарманізацыя нарматыўнай прававой базы ў галіне распрацоўкі, вытворчасці і кантролю якасці гатовых лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый, даклінічных і клінічных выпрабаванняў з сучаснымі сусветнымі патрабаваннямі;
  • стварэнне вытворчасцей новага пакалення фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых форм (сінтэтычныя лекавыя сродкі, нанаструктураваныя формы прэпаратаў, прынцыпова новыя формы на аснове клетачных біятэхналогій);
  • развіццё імпартазамяшчальных і экспартна арыентаваных вытворчасцей гатовых лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый;
  • забеспячэнне інфармацыйнага ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях аказання медыцынскай дапамогі на аснове выкарыстання адзінай дзяржаўнай электроннай інфармацыйнай сістэмы ў ахове здароўя, а значыць - павышэнне якасці дыягностыкі і лячэння, узроўню бяспекі пацыентаў, эканамічнай эфектыўнасці медыцынскай дапамогі;
  • развіццё тэлекамунікацыйных тэхналогій кантакту з пацыентам, тэлемедыцынскіх кансультацый, якія забяспечваюць аператыўную сувязь паміж медыцынскімі арганізацыямі рознага ўзроўню для дыстанцыйнага кансультавання ўрачоў пры аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам;
  • рост экспарту медыцынскіх паслуг.

Медыцынскі турызм

Усё больш замежных грамадзян прыцягвае ў Беларусь магчымасць атрымаць якасную і высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу і прайсці рэабілітацыю.

За 2023 год беларускія ўрачы аказалі медыцынскія паслугі больш як 160 тыс. замежных грамадзян са 147 краін, у тым ліку з Казахстана, Латвіі, Кітая, Ізраіля, Босніі і Герцагавіны, Азербайджана, Злучаных Штатаў Амерыкі, Грузіі і іншых. Асноўнымі замежнымі атрымальнікамі медыцынскіх паслуг у Беларусі з’яўляюцца грамадзяне Расіі, Украіны і Казахстана.

Найбольш запатрабаваны стаматалагічныя (імплантацыя і пратэзаванне), афтальмалагічныя, кардыялагічныя і кардыяхірургічныя паслугі, паслугі ў галіне анкалогіі, пратэзавання суставаў, трансплантацыі клетак, органаў і тканак, медыцынскія паслугі ў санаторыях.

Перавагі медыцынскага турызму ў Беларусі:

  • высокая якасць медыцынскай, дыягнастычнай і рэабілітацыйна-аздараўленчай дапамогі;
  • выдатная аснашчанасць медцэнтраў, бальніц і клінік высокатэхналагічным абсталяваннем;
  • высокая кваліфікацыя ўрачоў у розных галінах ведаў;
  • даступны кошт высакаякасных медыцынскіх паслуг;
  • вялікая колькасць медыцынскіх арганізацый і шырокі спектр паслуг;
  • пастаяннае вывучэнне перадавых тэхналогій і прымяненне прагрэсіўных методык лячэння на практыцы;
  • рэгулярныя стажыроўкі спецыялістаў у вядучых клініках свету;
  • зручнае геаграфічнае становішча краіны і транспартныя зносіны;
  • прыемны клімат Беларусі, які выключае акліматызацыю, што садзейнічае найхутчэйшаму выздараўленню пацыентаў.