Выбары

У Беларусі выбіраюцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў. У далейшым Прэзідэнт, Усебеларускі народны сход і Нацыянальны сход удзельнічаюць у фарміраванні іншых найважнейшых дзяржаўных органаў выканаўчай і судовай улады.

Выбары ў Беларусі з'яўляюцца ўсеагульнымі:

права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

Выбары з'яўляюцца свабоднымі:

выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.

Выбары з'яўляюцца роўнымі:

выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў, а кандыдаты на дзяржаўныя пасады ўдзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў з'яўляюцца прамымі:

Прэзідэнт і дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.

Выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага.

Выбары членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца ўскоснымі:

члены Савета Рэспублікі выбіраюцца на пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным:

кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у час галасавання забараняецца.

 

Парадак правядзення выбараў вызначаецца Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь.