Удзел у Рэспубліканскім суботніку

  • 3
  • 1:13

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку і працаваў на будаўніцтве будынка аквапарку ў Мінску.

Як далажыў Прэзідэнту мэр Мінска Мікалай Ладуцька, сталічны аквапарк, будаўніцтва якога плануецца завяршыць у 2013 годзе, стане пятым па велічыні ў Еўропе. Аквапарк размесціцца ў раёне праспекта Пераможцаў на тэрыторыі, прылеглай да вадасховішча Дразды.

Узвядзенне аб'екта пачалося ў ліпені 2010 года. За гэты перыяд выкананы будаўніча-мантажныя работы агульнай вартасцю Br70,7 млрд., а ў цэлым асвоены інвестыцыі ў памеры Br108,3 млрд. Да гэтага моманту праведзены асноўныя работы па будаўніцтве інжынерных сетак, па будынку кацельні, выкананы каркас будынка з металаканструкцый. Будаўніцтва вядзецца з улікам існуючай веладарожкі: для яе прадугледжана стварэнне пешаходнага тунэля даўжынёй 42 м.

Акрамя самой аквазоны з горкамі і атракцыёнамі, у будучым аквапарку таксама будзе спа-комплекс, тэрмальны і сямейна-забаўляльны комплексы, рэстаран і фітнес-цэнтр. Побач размесціцца паркоўка на 365 машына-месц і велапаркоўка на 44 месцы. Паводле слоў Мікалая Ладуцькі, "у аквапарку будуць устаноўлены адны з лепшых у свеце атракцыёнаў". Гадавая выручка прагназуецца ў памеры 15 млн. еўра, з іх чыстага прыбытку - 1,5 млн. еўра. За суткі аквапарк можа прыняць у летні час 7 тыс. 800 чалавек, у зімовы - 6 тыс. 700. За адзін сеанс летам - 1 тыс. 986 чалавек, зімой - 1 тыс. 618.

Побач з аквапаркам плануецца пабудаваць гасцініцу эканомкласа на 200 месц. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што неабходна таксама прадугледзець будаўніцтва невялікіх гасцявых домікаў, дзе маглі б размяшчацца сем'і з дзецьмі, якія прыехалі на адпачынак. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што іх узвядзенне "не павінна зацягнуцца на дзесяцігоддзе, а будавацца максімальна хутка і ўводзіцца адначасова з іншымі аб'ектамі комплексу". Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што неабходна добраўпарадкаваць і пляжную зону вадасховішча Дразды для адпачынку гараджан і ўсіх жадаючых.

Прэзідэнту таксама далажылі аб будаўніцтве жылых раёнаў - Віленскага, Лябяжага - у Мінску, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Цэнтральным раёне, іншых праектаў.

Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, гэта пяцігодка будзе цікавая тым, што ў Мінску з’явіцца шмат прыгожых новабудоўляў, кварталаў і асобных аб’ектаў.

Пасля праходжання інструктажу па тэхніцы бяспекі Прэзідэнт пачаў працаваць на ўкладцы фундаментаў на тэхнічным паверсе ўнутранай аквазоны аквапарку.

Разам з Кіраўніком дзяржавы працавалі чыноўнікі, спартсмены, прадстаўнікі БРСМ, прафсаюзаў, студэнты, работнікі сферы адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі.

Палавіна заробленых на рэспубліканскім суботніку грашовых сродкаў будзе накіравана на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, другая палавіна - на будаўніцтва новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і стварэнне яго музейнай экспазіцыі.

Завяршыўшы работу, Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Прэзідэнт расказаў, што калі прымалася рашэнне аб чатырох выхадных днях запар, ён распарадзіўся, каб Урад назначыў на 21 красавіка суботнік.

"Не заўсёды ў ахвоту гэта праца, асабліва для тых, хто працуе кожны дзень, укладаючы цэглу. Але што датычыцца працы студэнтаў, чыноўнікаў, ваенных і іншых, то, напэўна, гэта карысна - фізічная праца. Як ні кажы, усё ж такі мы працуем разумова, работа сядзячая, таму трэба шавяліцца", - лічыць Прэзідэнт.

Гаворачы пра сябе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму з дзяцінства даводзілася шмат працаваць, выбару не было, і гэта прывычка перарасла ў неабходнасць. "Я з задавальненнем займаюся фізічнай працай. Той, хто не грэбуе ніякай работай, будзе здаровы і доўга жыць. І я раю ўсім людзям па магчымасці займацца не толькі спортам, але і цяжкай фізічнай працай", - сказаў Прэзідэнт.

Закранаючы свой удзел у суботніку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Усе, хто працаваў на гэтым аб'екце, у будучым, наведваючы аквапарк, змогуць сказаць, што і яны ўнеслі ў будаўніцтва сваю невялікую лепту". "Добра, што і праекціроўшчыкі прыехалі і ўбачылі, як яны праектуюць, колькі тут празмернасцяў, якіх трэба было пазбегнуць. Хоць там, дзе будуць дзеці, асабліва масава, практыкавацца (у эканоміі) не трэба", - дадаў Прэзідэнт.

Журналісты папрасілі Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць выказванні аб тым, што Аляксандр Лукашэнка нібыта баіцца пратэстаў рабочых і таму патрабуе ад Урада вырашэння пытанняў на праблемных прадпрыемствах.

"Там, дзе ёсць слова "баіцца", каменціраваць няма чаго", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я нічога не баюся, - сказаў ён. - Мне баяцца няма чаго, я чалавек рашучы, і губляць мне ў прынцыпе няма чаго".

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што адзінае, чым ён даражыць, гэта думка народа. "Калі я чаго і баюся, то толькі думкі маіх людзей, майго народа. Гэта мае выбаршчыкі, я іх думкі цаню і паважаю. Таму, калі рабочы чалавек гаворыць, што нешта не так, я на гэта рэагую. Як я рэагую - вы ведаеце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я папярэджваў усіх напярэдадні гэтай пяцігодкі, што на руках больш нікога насіць не будзем. 15 гадоў я ўсіх насіў на руках. Данасіліся да таго, што некаторыя перасталі працаваць. Таму мая формула адна: ёсць прадукцыйнасць працы - забірайце грошы ў зарплату, няма прадукцыйнасці - грошай быць не можа. Іх можна толькі надрукаваць. Да чаго вядзе друкаванне грошай, вы ведаеце. Часткова вы гэта адчулі ў час нядаўняга фінансава-эканамічнага крызісу. Гэта губіць усялякую вытворчасць, калі людзі атрымліваюць незаробленыя грошы. Іх больш не будзе!", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"А калі недзе крыўдзяць чалавека, недзе кіраўнік не цягне, спецыялісты недацягваюць, вядома, я ўключаюся і неадкладна разбіраюся", - дадаў Прэзідэнт.

Што датычыцца праблемных прадпрыемстваў, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны будуць рэфармавацца.

Ён нагадаў, што нядаўна прыняў рашэнне аб аднаўленні ў краіне новай галіны - авечкагадоўлі. Так, плануецца пабудаваць новы камвольны камбінат і атрымліваць у Беларусі вырабы з воўны. "Я гэта праэксперыментаваў у сябе на ферме. У мяне дзясятак авечак. Мы іх ужо два разы стрыглі - шмат воўны. Самыя лепшыя авечкі ў свеце, і яны добра сябе адчуваюць. Цяпер зробім гэта па ўсёй краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, плануецца рэфармаваць і мотавелазавод. "Я ніколі ў жыцці не аддам і не страчу гэту марку. Мы зробім самае сучаснае прадпрыемства, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта таксама вялікі страх, каб не страціць гэты брэнд і каб мае людзі, мае рабочыя, мой народ мелі магчымасць працаваць, зарабляць і карміць сваіх дзяцей".

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся думкай Прэзідэнта наконт адтоку кадраў з краіны ў сувязі з утварэннем АЭП.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не баіцца канкурэнцыі на рынку працы і адтоку з Беларусі кваліфікаваных кадраў са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы.

"Свабоднае перамяшчэнне капіталу, рабочай сілы - у гэтым сэнс АЭП", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Чалавек мае права выбраць работу там, дзе яму больш зручна. Мы з адкрытай эканомікай, у нас адкрытая краіна, і мы нікога сілай не ўтрымаем. Мы проста павінны змагацца за чалавека, ствараючы нармальныя ўмовы, каб людзі заставаліся тут і працавалі на сваёй зямлі".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў дзяржаве ўжо зроблена нямала, каб беларусы заставаліся працаваць у сваёй краіне, і людзі гэта разумеюць. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў даныя за першы квартал бягучага года па міграцыі людзей. Так, з краіны выехала каля 1,2 тыс. (каля 85% паехалі на заработкі ў Расію), а прыехала больш як 1,6 тыс. "Так, паехалі не горшыя людзі, вельмі кваліфікаваныя кадры, - прызнаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму мы павінны зрабіць усё, каб нашы людзі заставаліся тут працаваць".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі рэалізуецца шмат інвестпраектаў, і, на яго думку, інвестар у першую чаргу будзе шукаць высокакваліфікаваных спецыялістаў і высока аплачваць іх працу.

"Напрыклад, плануецца будаўніцтва так званага кітайскага квартала. Праўда, тут зноў "пятая калона" пачала крычаць, што кітайцы да нас прыедуць жыць. Гэта нам будуюць, нашым людзям, па новых тэхналогіях! Я папрасіў кітайцаў, будучы там: прыедзьце, пабудуйце так, як вы можаце будаваць. І за кошт тэрмальных вод з-пад зямлі трэба абагрэць гэтыя дамы. Гэта новыя тэхналогіі. Гэта была мая просьба. Але жыць там нашым беларусам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я гэта таму кажу, што гэта - вялікія грошы, і інвестары гатовы плаціць нашым рабочым тую заработную плату, якую яны плацяць нават не ў Расіі, а на Захадзе. Але яны не возьмуць абы-каго, яны возьмуць высакакласных бетоншчыкаў, муляроў, майстроў, спецыялістаў, кіраўнікоў і гэтак далей. Ды і час ужо сёння такі, што вакансій у Мінску больш, чым беспрацоўных, у 2 разы. Але чаму не запаўняюцца? Таму што не хочуць ужо абы-каго на работу браць. У нас фактычна сёння няма беспрацоўя", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ўзровень зарплат у Беларусі паступова павялічваецца, выраўноўваючыся з краінамі-суседкамі.

"Мы паціху выраўноўваемся па заработнай плаце. А тыя інвестпраекты, якія мы рэалізуем, то я не думаю, што адсюль будаўнік паедзе ў Расію на заработкі. Я не хачу сказаць, што тут у іх зарплата большая, чым у некаторых расіян-будаўнікоў, якія там працуюць. Не ў гэтым справа. Але ў нас сёння і цэны ў пяць разоў ніжэйшыя, чым у Маскве. Гэта таксама трэба ўлічваць. Таму той, хто хоча паспытаць дабра на чужыне, няхай едзе, мы не перашкаджаем", - сказаў Прэзідэнт.

Ëн адзначыў, што на буйных беларускіх прадпрыемствах, так званых флагманах, ужо даволі высокі ўзровень заработных плат.

"Заработная плата, дапусцім, у нафтавікоў - амаль $800 за месяц, БелАЗ, МАЗ, МТЗ, машынабудаванне - больш як $500, да $700 у некаторых. А пачыналася з $300. Таму паціху падцягваемся", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што да канца 2012 года зарплаты вырастуць. "Яшчэ пару разоў у гэтым годзе - я адчуваю, што эканоміка нармальна працуе - мы выйдзем на павышэнне зарплат", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што такое павышэнне магчыма толькі пры высокай прадукцыйнасці працы.

"Вось, кажуць, у Расіі зарплата ў паўтара раза вышэйшая. Разумееце, як лічыцца гэта зарплата? Ёсць, дапусцім, алігарх з мільярдамі долараў, а ёсць звычайны селянін, які практычна нічога не атрымлівае. У кучу склалі, падзялілі, атрымалі сярэднюю. А хто гэту сярэднюю зарплату мае?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі няма такой вялікай розніцы ў зарплатах. "У нас гэта больш роўна. У іх адзін да трыццаці, прыкладна, разбежка па заработнай плаце паміж самым бедным і самым багатым, а ў нас адзін да трох, адзін да чатырох, так, як у перадавых краінах Еўропы, у лепшых краінах, дапусцім, у Швецыі. Гэта таксама трэба ўлічваць. Ну і цэны таксама", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка па просьбе журналістаў выказаўся таксама і наконт рэакцыі Еўрасаюза на вызваленне двух апазіцыянераў, памілаванне якіх Прэзідэнтам, быццам бы, сведчыць аб нейкай эфектыўнасці санкцый ЕС.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, памілаваныя апазіцыянеры выйшлі на волю не з-за націску Еўрасаюза.

"Не напісалі б прашэння аб памілаванні - сядзелі б да гэтага часу. А тыя, хто там застаўся і не напісаў гэты зварот на імя Прэзідэнта, будуць сядзець. Вось і ўвесь націск. Ніхто на мяне на націскае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў: "Яшчэ адзін націск - і тыя балбатуны, якія выйшлі на волю і павінны сказаць дзякуй, што з імі так абышліся, могуць вярнуцца зноў у калонію".

"Яны проста, напэўна, хочуць гэтага. Дык больш сумленна было б па-мужчынску прыйсці і сказаць: слухайце, ужо надакучыла на волі, мы палітвязні, вярніце нас. Дзве гадзіны - і яны ў калоніі", - сказаў Прэзідэнт. "Таму мы тут націску ніякага не пацерпім. І раней я ўжо гаварыў, пры якіх умовах яны могуць выйсці на волю", - дадаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, прымаючы рашэнне аб памілаванні, улічваў асабістыя аспекты: наяўнасць маленькага дзіцяці ў аднаго з вызваленых і праблемы са здароўем у другога. "Не было б малыша ў аднаго, а ў другога спіна раптам не забалела (там ён ужо хадзіць не мог, поўзаў, праўда, як выйшаў на свабоду, дык пабег), я, можа, нават і не рэагаваў бы так на іх просьбы. Але падумаў, добра, няхай яны будуць у сваіх сем'ях. Але будуць бразгаць языкамі - вернуцца туды. Вось і ўвесь будзе націск", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "А то такія бедныя... Ды яны нічога там не рабілі. Сорамна чытаць інфармацыю пра тое, чым яны там займаліся", - дадаў Прэзідэнт.

"Калі хочуць вярнуцца ў калонію, няхай толькі скажуць два словы - мы іх зноў туды вернем, калі яны хочуць гэтага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Непрыгожа Прэзідэнту гэтым займацца. Трэба завяршаць гэтыя справы. А то іх, бачыце, выпусцілі, а 20 або 30 тыс. зняволеных сёння такой ільготы не атрымалі. Гэта нармальна? Гэта справядліва з боку Прэзідэнта? Не, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - У бліжэйшы час, магчыма, да Дня незалежнасці, мы вызвалім шэраг асуджаных, можа, нават дзве-тры тысячы, але тых, хто нармальна сябе там паводзіць".

"Таму не слухайце, што нехта націснуў і г.д. Любы націск бокам вылезе", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось яны цяпер кажуць: націснулі, таму паслоў упусцілі. Мы, наадварот, паслам сказалі: паехалі - пабудзьце там. А паслы сёння выказалі пажаданне вярнуцца сюды. Але трэба ж перавярнуць сітуацыю, каб нібыта захаваць твар. Дык людзі ж не дурні, яны гэта разумеюць", - сказаў Прэзідэнт.

На завяршэнне Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да журналістаў беларускіх тэлеканалаў, з задавальненнем адзначыўшы, што тэлебачанне пачынае мяняцца. "І мяняцца ў той бок, які мы з вамі захавалі ў Беларусі, хоць нас часта і крытыкавалі за гэта. Многае з таго, што ёсць у нас, з'яўляецца ў тых, хто нас крытыкуе. Напрыклад, дзяржаўнае рэгуляванне, яшчэ нешта. Яны ўжо не кажуць, а робяць гэта. Вось паглядзіце на Францыю, Сарказі... Паглядзім, як ён выйграе гэтыя выбары пасля бамбёжкі ў Лівіі, пасля яго так званай "дэмакратыі". Нават французы - дэмакратычны народ - адкінулі такую палітыку. Гэта таксама сведчыць аб нечым. Я, вядома, не радуюся, бог з імі, гэта іх справа, але мы павінны зрабіць вывад з таго, як жыве ўвесь свет. І гэта наш найвялікшы здабытак - што мы маглі захаваць у тым ліку і больш-менш нармальныя сродкі масавай інфармацыі", - сказаў Прэзідэнт.