Мінская вобласць

Гістарычны экскурс, цікавыя факты

Курган славы ў Мінску, курган славы ў Беларусі, Мемарыяльны комплекс «Курган Славы»

Мінская вобласць – цэнтральная, яна ж прысталічная, мае багатую гісторыю. Існуючы ў французскай мове выраз C'est la Bérézina (“Гэта Бярэзіна”) звязаны з падзеямі 1812 года каля вёскі Студзёнка на тэрыторыі цяперашняй Міншчыны, дзе напалеонаўская армія была канчаткова разбіта пры фарсіраванні Бярэзіны. Сусветную вядомасць мае і мемарыяльны комплекс “Хатынь” – сімвал няскоранага духу і даніна памяці загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны.

Першапачатковае засяленне тэрыторыі Мінскага рэгіёна, як і ўсёй Беларусі, адбывалася на працягу доўгага перыяду ад 300 да 40 тыс. гадоў таму. Спачатку тут пражывалі прадстаўнікі віду Homo neanderthalensis (неандэртальцы), а пасля ў перыяд верхняга палеаліту (40–14 тыс. гадоў таму) гэтыя землі засяліліся прадстаўнікамі Homo sapiens (краманьёнцы).

Пазней у XII стагоддзі “Аповесць мінулых гадоў” зафіксавала засяленне тэрыторыі сучаснай Мінскай вобласці славянскімі плямёнамі: “Славяне прыйшлі і селі на Дняпры і назваліся палянамі, а іншыя – драўлянамі, таму што селі ў лясах, а яшчэ іншыя селі паміж Прыпяццю і Дзвіною і назваліся дрыгавічамі”.

Найстарэйшыя гарады Мінскай вобласці: Заслаўе (першапачаткова Ізяслаўе, узнікненне якога датуецца 985 годам), Лагойск (1078), Барысаў (вядомы з 1102), Слуцк (1116), Клецк (1127), Капыль (1274).

На працягу некалькіх стагоддзяў славу Мінскай зямлі прымнажалі прадстаўнікі многіх славутых родаў – Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў, Агінскіх, Прушынскіх, Ваньковічаў, Ельскіх, Чапскіх. Да вытокаў культуры рэгіёна ўзыходзіць адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, высокамастацкі ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў неад'емным сімвалам Беларусі, – слуцкія паясы.

Геаграфічнае становішча

Пейзажы Беларусі

Міншчына – гэта цэнтральная вобласць. Яе плошча – 39,8 тыс. кв. км.

Менавіта на тэрыторыі Мінскай вобласці знаходзяцца і геаграфічны цэнтр Беларусі каля Мар'інай Горкі, і самы высокі пункт краіны – Дзяржынская гара (345 м), і 900-метровыя шахты Салігорска.

Рэльеф вобласці разнастайны: узвышшы чаргуюцца з раўнінамі і нізінамі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

На 1 студзеня 2024 г. у Мінскую вобласць уваходзяць:

  • 22 раёны (Бярэзінскі, Барысаўскі, Вілейскі, Валожынскі, Дзяржынскі, Клецкі, Капыльскі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Мінскі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Слуцкі, Смалявіцкі, Салігорскі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі);
  • 24 гарады, у тым ліку 1 горад абласнога падпарадкавання (Жодзіна), 23 - раённага значэння;
  • 18 пасёлкаў гарадскога тыпу;
  • 5 175 сельскіх населеных пунктаў, з іх 307 аграгарадкоў. 

На Міншчыне 216 сельскіх і 5 пасялковых Саветаў дэпутатаў.

Насельніцтва

Колькасць жыхароў Мінскай вобласці па стане на 1 студзеня 2024 года – 1 460 289 чалавек, у тым ліку гарадское насельніцтва - 799 105 чалавек, сельскае - 661 184 чалавекі. Буйныя гарады рэгіёна – Барысаў (135 696 чалавек), Салігорск (97 818 чалавек), Маладзечна (89 068 чалавек), Жодзіна (63 744 чалавекі) і Слуцк (60 056 чалавек).

З аграгарадкоў найбольшая колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2023 г. – Калодзішчы (22 120 чалавек), Лясны (21 638), Ждановічы (10 298), Гатава (9 034), Сеніца (8 167), Ратамка (7 157), Прылукі (6 661), Міханавічы (6 649), Лошніца (5 792).

Эканамічнае развіццё

БЕЛАЗ

Мінская вобласць – рэгіён з высокаразвітым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам.

Прамысловыя арганізацыі Мінскай вобласці вырабляюць пятую частку рэспубліканскага аб'ёму прамысловай прадукцыі. Тут выпускаюцца калійныя ўгнаенні, легкавыя аўтамабілі, кар'ерныя самазвалы, дубленая і вырабленая скура і многае іншае.

У Мінскай вобласці больш за 4000 прамысловых арганізацый. Шырока вядомыя брэнды – ААТ “Беларуськалій”, ААТ “БЕЛАЗ” - кіруючая кампанія холдынга "Белаз-Холдынг", ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат", ААТ "Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат", ААТ “Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў”, ЗАТ “Беларуская біятэхналагічная карпарацыя”, УП “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”, ЗАТ “Аўгуст-Бел”, СЗАТ “БелДжы”, СТАА “АлюмінТэхна”.

Мінская вобласць – найбуйнейшы сельскагаспадарчы рэгіён Беларусі. У большасці раёнаў развіта мяса-малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, вытворчасць збожжа, бульбаводства ў спалучэнні з ільнаводствам, а на паўднёвым захадзе – з буракаводствам. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы каля буйных гарадоў дадаткова спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны і садавіны.

Колькасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на Міншчыне – 381. Сярод вядучых – СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”, УП “Агракамбінат “Ждановічы”, філіял “Аграфірма “Лебедзева” РУП “Мінскэнерга”, ААТ “Азярыцкі-Агра”, ААТ “Вялікі Двор”, ААТ “Гарадзея”, ААТ “Гастэлаўскае”, ААТ “Рапс”.

Арганізацыі Мінскай вобласці ажыццяўляюць знешнегандлёвыя аперацыі са 170 краінамі свету, тавары пастаўляюцца на рынкі 141 дзяржавы. Асноўныя гандлёвыя партнёры – Расійская Федэрацыя, Кітай, Бразілія, Германія, Польшча, Турцыя, Інданезія, Казахстан, Італія, Індыя.

У 1998 годзе была ўтворана свабодная эканамічная зона “Мінск”, якая ўключае ўчасткі як у горадзе Мінску, так і ў Мінскай вобласці.

На тэрыторыі вобласці размешчаны Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Гэта найбуйнейшы праект у гісторыі двухбаковых адносін Беларусі і Кітая, адна з ключавых пляцовак Эканамічнага пояса Шаўковага шляху – грандыёзнай ініцыятывы супрацоўніцтва.

Мінская вобласць размешчана на перакрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць Заходнюю Еўропу і Усход, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа і краіны Балтыі.

Чыгуначная сетка вобласці злучае Расію і Еўропу, краіны Балтыі і паўднёвыя дзяржавы СНД. Каля горада Смалявічы дзейнічае галоўная паветраная гавань краіны – Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Прыродныя багацці і мінеральныя рэсурсы

Пейзажы Беларусі

Мінская вобласць займае другое месца ў краіне па колькасці вадаёмаў і вадацёкаў. Па тэрыторыі рэгіёна працякае 599 рэк. Рэкі Нёман і Бярэзіна адносяцца да катэгорыі вялікіх рэк, Вілія, Пціч і Свіслач – да катэгорыі сярэдніх рэк.

На тэрыторыі вобласці 194 возеры. Найбольш буйныя – Нарач, Свір, Мядзел, Сялява, Мястра.

Па тэрыторыі Міншчыны праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў – Нёманам і Дняпром. Большасць азёр краю ледніковага паходжання.

Балоты займаюць 1,0% тэрыторыі, 38,1% тэрыторыі Міншчыны пакрыта лесам.

У межах Мінскай вобласці размешчаны: частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, якому прысвоены статус міжнароднага, прыродны Нацыянальны парк “Нарачанскі” і шэраг асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння.

Мінская вобласць багатая на наступныя карысныя выкапні: залежы калійнай і каменнай солі, торф, гліна, жалезная руда, сапрапель, ёсць пясчана-жвіровыя матэрыялы, гаручыя сланцы, мінеральная вада.

Спорт і турызм

У Мінскай вобласці культывуюцца 38 відаў спорту.

Алімпійскімі чэмпіёнамі розных гадоў станавіліся: Рамуальд Клім (лёгкая атлетыка, 1964), Антаніна Кошаль (гімнастыка спартыўная, 1972), Валерый Шарый (цяжкая атлетыка, 1976), Марына Лобач (мастацкая гімнастыка, 1988), Юрый Шаўцоў (гандбол, 1988), Міхаіл Якімовіч (гандбол, 1992), Кацярына Карстэн (акадэмічнае веславанне, 1996, 2000), Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка, 2008).

Мінская вобласць прапануе наступныя віды турызму: культурна-пазнавальны, аздараўленчы, экалагічны, паляўнічы, падзейны, вытворчы.

Гасцей Міншчыны ў 2023 годзе былі гатовы прыняць 127 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, 33 паляўнічыя комплексы і домікі паляўнічага і рыбака, 882 суб'екты аграэкатурызму.

На тэрыторыі Мінскай вобласці размешчаны 28 санаторыяў. Сярод беларусаў і замежных гасцей папулярныя санаторыі “Прыазёрны”, “Юнацтва”, “Нарачанка”, “Крыніца”, "Веста", "Спадарожнік", "Беларусачка", "Нарач", "Сасновы бор" і "Сосны".

Культура і асноўныя выдатныя мясціны

Нясвіжскі замак

У Мінскай вобласці 664 помнікі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі вобласці размешчаны 27 музеяў, 2 тэатры і адзін замак.

Прысталічны рэгіён Беларусі багаты на помнікі, якія адлюстравалі ўсе вехі яго шматвяковай гісторыі. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаны 680 аб'ектаў. У тым ліку знакавы аб'ект сусветнага значэння – “Архітэктурны, жылы і культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы” у складзе палацава-паркавага ансамбля і комплексу былога манастыра езуітаў XVI–XIX стагоддзяў, які ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Сярод іншых вядомых помнікаў архітэктуры і гісторыі – комплекс былога кляштара бернардзінаў XVIII стагоддзя ў аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна, палацава-паркавыя ансамблі XVIII–XIX стагоддзяў у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна і аграгарадку Прылукі Мінскага раёна, звязаныя з графскім родам Чапскіх. А таксама касцёл Святога Юзафа і палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў XVIII–XIX стагоддзяў у Валожыне. Найстаражытнейшы горад Мінскай вобласці – Заслаўе, дзе сканцэнтраваны 24 помнікі археалогіі і архітэктуры. У тым ліку Заслаўскі замак (XVI–XVII стст.).

Гасцям абавязкова варта наведаць і Свірскую царкву (1909), манастыр францысканцаў у Івянцы (1606), Слуцкую царкву (XVIII ст.).

Дакрануцца да гісторыі на тэрыторыі Міншчыны можна таксама ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо недалёка ад сталіцы, Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў “Дудуткі”.

На Міншчыне і па сённяшні дзень жывыя самабытныя традыцыі. А абрад “Цары” (в. Семежава Капыльскага раёна) і ўрачыстасць у гонар шанавання вобраза Маці Божай Будслаўскай “Будслаўскі фэст” (аг. Будслаў Мядзельскага раёна) уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Рэлігія

Сабор Сашэсця Святога Духа

У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з'яўляецца неад'емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія – хрысціянства. Найбольш масавымі хрысціянскімі абшчынамі Мінскай вобласці з'яўляюцца праваслаўе, каталіцызм і пратэстантызм. Усяго на Міншчыне налічваецца 13 рэлігійных канфесій з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын – 713.