Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў 2/3 шырыні сцяга і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3.

Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.

Дзяржаўны сцяг пастаянна падняты на будынках органаў улады і некаторых дзяржаўных устаноў, устанаўліваецца ў службовых кабінетах кіраўнікоў гэтых органаў (устаноў), у школах, на выбарчых участках, вывешваецца ў час розных урачыстых мерапрыемстваў.

Пры адначасовым падняцці або ўстанаўленні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і сцяга іншай дзяржавы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь павінен быць падняты або ўстаноўлены з правага боку, а сцяг іншай дзяржавы – з левага, калі стаць тварам да іх.

Грамадзяне могуць вывешваць Дзяржаўны сцяг як унутры, так і звонку памяшканняў у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца захаванне павагі да Дзяржаўнага сцяга як сімвала дзяржавы. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце, можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны сцяг, можна азнаёміцца ў главе 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".