Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь
У адпаведнасці з артыкулам 84 Канстытуцыі Прэзідэнт Беларусі фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, назначае на пасаду і вызваляе з яе Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі.
Прававую аснову дзейнасці Савета Бяспекі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы, рашэнні Кіраўніка дзяржавы, Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя дагаворы краіны па адпаведных пытаннях.
Да ведання Савета Бяспекі аднесены пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі, якія закранаюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі.
Савет Бяспекі:
- распрацоўвае асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і ажыццяўляе кантроль за яе рэалізацыяй;
- ажыццяўляе прагназаванне, выяўленне, аналіз і ацэнку рызык, выклікаў, пагроз нацыянальнай бяспецы, выпрацоўку мер па іх прадухіленні або нейтралізацыі;
- рыхтуе прапановы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь аб мерах па абароне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, падтрыманні грамадзянскага міру і згоды ў краіне, процідзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам, аб аператыўных мерах па прадухіленні надзвычайных сітуацый, ліквідацыі іх наступстваў, аб рэфармаванні існуючых або стварэнні новых дзяржаўных органаў, якія ўваходзяць у склад сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі;
- каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў у працэсе падрыхтоўкі і рэалізацыі рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Бяспекі у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі;
- разглядае пытанні развіцця супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі ў галіне міжнароднай бяспекі.
Рабочым органам Савета Бяспекі з’яўляецца Дзяржаўны сакратарыят. Ён ажыццяўляе інфармацыйна-аналітычнае, прававое і арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта Беларусі і Савета Бяспекі па рэалізацыі імі сваіх паўнамоцтваў у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.