Удзел у рэспубліканскім суботніку

  • 14
  • 1:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, у час якога заклаў капсулу з пасланнем нашчадкам у гранітны элемент - сімвалічны фундамент новага будынка Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які будзе размяшчацца за абеліскам "Мінск - горад-герой".

Пасля прыбыцця Кіраўніка дзяржавы ў парк Перамогі яму далажылі аб планах па будаўніцтву музея, а таксама аб рэканструкцыі парку і прылеглых тэрыторый. Будаўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны плануецца завяршыць у 2013 годзе. Яго агульная плошча складзе каля 15 тыс. кв.м. 

Паводле слоў галоўнага архітэктара Мінска Віктара Нікіціна, канцэпцыя новага музея прызнана адной з лепшых у Еўропе і свеце. Для аптымізацыі экспазіцыі аўтары праекта прадугледзелі так званую драматургію музея - гэта значыць, што асобныя яго часткі будуць увасабляць розныя этапы і аспекты Вялікай Айчыннай вайны, і такім чынам, наведвальнік нібыта ўжывую зможа прайсці храналогію падзей. Акрамя таго, любы жыхар Беларусі, які наведвае музей, зможа праз інфармацыйную сістэму знайсці звесткі аб сваіх сваяках, якія загінулі ў час вайны і якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях. Інфармацыйнае забеспячэнне музея прадугледжвае сувязь з буйнейшымі архівамі Расіі. 

Капсулу з пасланнем нашчадкам Аляксандр Лукашэнка закладаў разам з Героем Савецкага Саюза Іванам Куставым, старшынёй Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатолем Новікавым і кіраўніком мінскай гарадской ветэранскай арганізацыі Анатолем Адоньевым. "Адкрыты літаральна праз тры месяцы пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стаў першай у свеце культурна-асветнай і навуковай установай, чыёй асноўнай задачай з'яўляецца захаванне гістарычнай праўды аб вайне і тых людзях, якім мы абавязаны жыццём, - адзначаецца ў тэксце паслання нашчадкам, змешчаным у капсулу. - Музей расказвае пра ратныя подзвігі беларусаў і брацкіх народаў Савецкага Саюза, выхоўвае моладзь у духу воінскай доблесці і вернасці абавязку. Няхай жа новы будынак музея стане не толькі архітэктурным упрыгажэннем сталіцы, але і бачным увасабленнем нашай нязгаснай памяці і вечнай падзякі героям-вызваліцелям. Няхай новыя пакаленні захаваюць і прымножаць традыцыі патрыятызму, мужнасці і гуманізму, завешчаныя пераможцамі". 

Далей брыгада суботніка на чале з Прэзідэнтам выканала работы па ўладкаванню бетоннай пліты трансфарматарнай падстанцыі і пляцоўкі пад вежавы кран. 

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з праектнай прапановай па стварэнню ландшафтнага парку "Беларусь", які будзе знаходзіцца паблізу комплексу "Белэкспа". Адметнасцю цэнтральнай часткі парку з'яўляецца экспазіцыйная тэрыторыя, якая будзе асабліва прывабнай для гасцей нашай краіны, - так званая міні-Беларусь. Контур гэтай тэрыторыі паўтарае карту Беларусі. Тэрыторыі абласцей выдзелены сваімі алеямі і ландшафтнымі кампазіцыямі, характэрнымі для кожнага рэгіёну краіны. На месцы Мінска, абласных цэнтраў, гістарычных і прыродных выдатных мясцін будуць размешчаны макеты пазнавальных збудаванняў у маштабе 1:25. 

Для стварэння ўсяго парку "Беларусь" спатрэбіцца некалькі гадоў. Першым этапам стала закладка Гаю ў гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі. 24 красавіка там працавалі маладыя людзі, якія прадстаўляюць і БРСМ, і розныя нефармальныя маладзёжныя аб'яднанні. Кіраўнік дзяржавы падключыўся да маладых людзей у пасадцы дрэў і вырабе шпакоўніц.