Асноўныя факты
Геаграфічнае становішча

Рэспубліка Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы, уваходзіць у склад рэгіёна Усходняя Еўропа. Праз краіну праходзяць найважнейшыя транзітныя патокі ўсяго кантынента, у тым ліку адзін з магістральных транспартных калідораў Еўразіі з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Таксама па тэрыторыі краіны праходзяць найкарацейшыя транспартныя шляхі, якія звязваюць два моры – Балтыйскае і Чорнае.
Граніцы
Беларусь мяжуе з пяццю дзяржавамі: на захадзе – з Польшчай, на паўночным захадзе – з Літвой, на поўначы – з Латвіяй і Расійскай Федэрацыяй, на паўночным усходзе і ўсходзе – з Расійскай Федэрацыяй, на поўдні – з Украінай. Агульная працягласць дзяржаўнай граніцы складае 3617 км. Адлегласць ад Мінска да бліжэйшай сталіцы суседніх краін – літоўскага Вільнюса – 215 км. Латвійская Рыга знаходзіцца за 470 км ад Мінска, польская Варшава – за 550 км, украінскі Кіеў – за 580 км, ад беларускай сталіцы да расійскай – Масквы – 700 км.
Працягласць
Тэрыторыя Беларусі вызначаецца кампактнасцю пры некаторай выцягнутасці ў шыротным напрамку. Працягласць краіны з поўначы на поўдзень – 560 км, з захаду на ўсход – 650 км.
Плошча
Беларусь з’яўляецца сярэдняй па плошчы еўрапейскай дзяржавай. Плошча краіны – 207,6 тыс. кв. км, што складае амаль 2% усёй Еўропы.
Па плошчы тэрыторыі Беларусь займае 13-е месца сярод 44 кантынентальных краін Еўропы (84-е – у свеце) і перасягае па гэтым паказчыку Грэцыю, Партугалію, Аўстрыю, Нідэрланды, Бельгію, Чэхію. Блізкімі па памерах краінамі з’яўляюцца Румынія і Вялікабрытанія.
Нізіны і ўзвышшы

Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы. Паверхня ў цэлым раўнінная з чаргаваннем узвышаных, раўнінных і нізінных прастораў з балотамі і азёрамі.
Большую частку тэрыторыі краіны (амаль 70%) займаюць нізіны з абсалютнымі вышынямі да 200 м, на долю ўзвышшаў прыпадае прыкладна 30% агульнай плошчы яе паверхні. Самая нізкая мясцовасць над узроўнем мора – даліна Нёмана ў Гродзенскай вобласці (80 – 90 м), самая высокая кропка Беларусі – гара Дзяржынская ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці (345 м).
Паўночную частку займае Беларускае Паазер’е з ледніковым рэльефам, узвышшамі і градамі. Сярэдняя частка размешчана ў азёрна-ледніковай паласе Беларускай грады і на Усходне-Беларускай платопадобнай раўніне. Больш на поўдзень размяшчаюцца марэнныя і водна-ледніковыя раўніны Перадпалесся і плоскія, часта забалочаныя нізіны Палесся.
Рэкі і азёры

Беларусь размешчана на водападзеле рэк, якія адносяцца да басейнаў двух мораў – Балтыйскага і Чорнага. На тэрыторыі краіны знаходзяцца 20,8 тыс. рэк агульнай працягласцю 90,6 тыс. км. Самыя вялікія з іх – Днепр, Заходняя Дзвіна і Нёман. Самая доўгая рака ў межах рэспублікі – Днепр (на тэрыторыі краіны яе працягласць 689 км).
У краіне амаль 11 тыс. азёр. Буйнейшыя з іх знаходзяцца на поўначы (Браслаўскае Паазер’е, або "блакітныя каралі"), утварыліся амаль 15-20 тыс. гадоў таму пры адступленні Валдайскага ледніка. Самае вялікае возера – Нарач (плошча – 79,6 кв. км), самае глыбокае – Доўгае (глыбіня – 53,6 м).
Адміністрацыйны падзел

Беларусь падзелена на шэсць абласцей з адміністрацыйнымі цэнтрамі: Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую. У межах рэгіёнаў выдзелена 118 раёнаў.
Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь – захоўвае самастойны статус і не ўваходзіць у склад ні адной з абласцей.
Цэнтральнае становішча на тэрыторыі краіны займае Мінская вобласць. Яна з’яўляецца адзінай з абласцей, якая не мае знешніх меж.
Колькасць насельніцтва

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта на 1 студзеня 2022 года, колькасць насельніцтва Беларусі склала 9 255 524 чалавекі – гэта 0,1% насельніцтва Зямлі, амаль 1,3% насельніцтва Еўропы. Па колькасці жыхароў краіна займае 95-е месца ў свеце і 7-е – сярод краін СНД.
Сёння больш як тры чвэрці беларусаў пражываюць у гарадах (78,1%): гарадское насельніцтва складае 7 232 095 чалавек, сельскае – 2 023 429 чалавек. Усяго ў краіне 115 гарадоў і 85 пасёлкаў гарадскога тыпу, 23 027 сельскіх паселішчаў.
Колькасць жыхароў па рэгіёнах і абласных цэнтрах (на 1 студзеня 2022 года):
- Брэсцкая вобласць – 1 324 027 чалавек (Брэст – 340 723 чалавекі);
- Віцебская вобласць – 1 103 833 чалавекі (Віцебск – 360 419 чалавек);
- Гомельская вобласць – 1 357 897 чалавек (Гомель – 503 984 чалавекі);
- Гродзенская вобласць – 1 006 614 чалавек (Гродна – 357 493 чалавекі);
- Магілёўская вобласць – 1 000 845 чалавек (Магілёў – 355 436 чалавек);
- Мінская вобласць – 1 465 755 чалавек.
Колькасць жыхароў Мінска складае 1 996 553 чалавекі.
Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва Беларусі – 45 чалавек на 1 кв. км (на 1 студзеня 2022 года).
Нацыянальны склад – беларусы (85%), рускія, палякі, украінцы, яўрэі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей (паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года).
Дзяржаўны лад
Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. У адпаведнасці з палітычным ладам яна з’яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай, па характары эканамічнай палітыкі – сацыяльна арыентаванай дзяржавай.
Асноўным Законам Беларусі з’яўляецца Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года, 27 лютага 2022 года.
Дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская.