Удзел у рэспубліканскім суботніку
- 10
- 3:09
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з трыма сынамі 21 красавіка ў дзень рэспубліканскага суботніка працаваў на добраўпарадкаванні Трафімавай крыніцы на сваёй малой радзіме.
"Для мяне незвычайна тут усё. Гэта мая радзіма. Тут няма квадратнага метра, дзе я ў свой час не хадзіў босымі нагамі. Або кароў пасвілі - тут быў свабодны луг, ён зарос у наш час, тут мы нарыхтоўвалі дровы. Кожны метр стаптаны маімі дзіцячымі нагамі. Таму для мяне тут усё да гэтага часу незвычайна і ў той жа час прывычна", - адзначыў Прэзідэнт.
Што датычыцца лекавых уласцівасцей вады, Аляксандр Лукашэнка не схільны перабольшваць, але падкрэсліў, што месца гэта намоленае. Яшчэ ў часы яго дзіцянства на крыніцу прыходзілі людзі, маліліся.
Першае ўзгадванне аб крыніцы адносіцца да 1917 года. А ў 2013 годзе Трафімава крыніца была адноўлена па даручэнні Прэзідэнта. Вада ў ёй асвячоная і ўнікальна чыстая па сваіх уласцівасцях. Вядома, што крыніца была адным з любімых месцаў адпачынку Аляксандра Лукашэнкі ў дзяцінстве. З крыніцай яго звязвае і сямейная гісторыя. У свой час крыніцу добраўпарадкаваў дзед Прэзідэнта - цясляр Трафім. Па яго імені людзі і сталі называць гэта месца.
"Мы яго асучаснілі, прайшло яшчэ пяць гадоў, і мы вырашылі яго аднавіць у больш шырокім плане. Таму што з усёй СНД сюды паехалі людзі, асабліва беларусы, расіяне, украінцы. Шмат людзей. Месца ўжо не хапала. Таму крыху пашырылі, але так, каб не парушыць усю гэту зямную прыгажосць. І сёння на суботніку мы вырашылі дабавіць тут штрыхі, каб відаць было, што чалавек да гэтага дакрануўся, і не забывалі, што гэту крыніцу трэба трымаць у добрым стане", - сказаў Прэзідэнт.
У час суботніка на Трафімавай крыніцы працавалі тры брыгады, якія выконвалі розныя работы: займаліся пасадкай дрэў, кустоў, збіралі і ўстанаўлівалі на дрэвах шпакоўні, выкладвалі камянямі пешаходную дарожку, добраўпарадкоўвалі клумбы. Усе разам удзельнікі суботніка ўстанавілі памятны знак з кароткай гісторыяй гэтага месца.
За апошні час, улічваючы ўсё большую папулярнасць крыніцы, былі праведзены дадатковыя работы па добраўпарадкаванні: разбіты клумбы, з'явілася некалькі альтанак, лаўкі і нават купель. Як знак міжканфесійнай згоды ў Беларусі, тут размешчаны сімвалы чатырох рэлігій - праваслаўя, каталіцтва, мусульманства і іўдаізму. На сцяне ўнутры купелі ёсць надпіс на беларускай мове: "Помыслам Божым i рукамi чалавека створана гэтая жыватворная крынiца, якая дадзена людзям для ўмацавання здароўя i духу".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што рэгулярна бывае на крыніцы - прынамсі некалькі разоў у год, акунаецца ў крыніцу. Пры гэтым ніхто з суправаджаючых, хто таксама акунаўся ў купелі, ні разу не захварэў. "Напэўна, у гэтым нешта ёсць. Але мне здаецца, гэта псіхалогія з пункту гледжання навукі. А можа, і не толькі навука, а Гасподзь асвяціў гэта месца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"За гэта лета ўсё тут зарасце травой, прымуцца нашы дрэўцы. І калі прыедзеце сюды ўжо дзесьці ў жніўні, вы ўбачыце зусім іншае месца", - дадаў беларускі лідар.
У час суботніка Аляксандр Лукашэнка вельмі цёпла пагутарыў з журналістамі, адказаў на іх пытанні. Адно з іх датычылася таго, які вынік Кіраўнік дзяржавы чакае ад правядзення ў Беларусі Года малой радзімы.
"Гэта была мая ідэя (аб'явіць Год малой радзімы). Шмат было прапаноў. Думаў, трэба ўсё ж такі гэту тэму ўзняць. Гэта нават не год малой радзімы, а трохгодка, таму што за год мы наўрад ці нешта там пабудуем, створым. Адразу людзей не павернеш. Яны спачатку павінны прывыкнуць, усвядоміць, намеціць сабе нейкія планы, а недзе камусьці трэба і грошы зарабіць, каб у сваю малую радзіму ўкласціся", - адзначыў Прэзідэнт.
"І тады я прапанаваў, давайце мы аб'явім гэты Годам малой радзімы і падумаем аб прадаўжэнні. Таму гэта толькі старт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца аграгарадкоў, мы вызначылі, дзе яны будуць. Мы дакладна ўсвядомілі, што павінна быць у аграгарадку. І многае зроблена, яшчэ не ўсё, але кожны аграгарадок мае свой план развіцця. Гэта ўжо горад у вёсцы. Невялікі, у вясковым стылі. Трэба, каб вёска была добраўпарадкаваная, і ў якой людзі будуць імкнуцца жыць больш, чым у горадзе. Вось мая задума", - падзяліўся беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад сваю малую радзіму - вёску, у якой вырас. Паводле яго слоў, яшчэ ў савецкі час яна лічылася неперспектыўнай. Але сёння сітуацыя змянілася. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым ёсць і яго роля, аднак не так ужо шмат і зроблена. "Нічога асаблівага - толькі заасфальтавалі дарогу (і павінна быць так), падведзены газ. Там ёсць старыя дамы. Іх нельга зносіць. Нам пацёмкінскія вёскі не патрэбны. Трэба, каб жылі людзі. Пайшоў з жыцця чалавек, засталіся дзеці. Хочуць пабудаваць на гэтым месцы новы дом - няхай будуюць", - сказаў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, многія зрабілі рамонт, прыязджаюць у свае бацькоўскія дамы, прыязджаюць і дзеці, унукі гэтых людзей. "Вось так і пачала дыхаць гэта вёсачка. І свой домік я там у парадак прывёў...", - расказаў беларускі лідар.
"Таму я хачу, каб не толькі аграгарадок, але і вёска другога, трэцяга і вось гэтага чацвёртага ўзроўню - неперспектыўная - захавалася. Я разумею, што такія вёсачкі мы наўрад ці захаваем усе. Але ж ёсць шмат багатых ужо людзей, якім дарагая яго малая радзіма. І гэтым я хачу іх падштурхнуць да таго, каб яны пабудавалі сабе там дом, прыязджалі іх дзеці, унукі", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, каб, прывёўшы ў парадак аграгарадкі, не забывалі пра вялікія вёскі, якія былі некалі цэнтрамі калгасаў і саўгасаў. "Іх нельга загубіць. Там ёсць і клубы, магазіны, усё захавалася. Нельга ў адзін аграгарадок сабраць усіх людзей. Трэцяга ўзроўню - гэта вёсачкі на дарогах, дзе добрая лагістыка, сувязь. Яны не былі цэнтральнымі сядзібамі, але былі зручнымі для жыцця людзей. Яны павінны застацца і развівацца, калі на тое будзе воля людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вось чатыры вясковыя ўзроўні. Я гэта вызначыў, зыходзячы з нашага жыцця: аграгарадок, былыя цэнтры гаспадарак, вялікія вёскі, якія былі ўчора і захаваліся сёння, і гэтыя неперспектыўныя вёсачкі. Пяты ўзровень - гэта хутары, і я іх ужо не называю, не запрашаю туды людзей. Але калі недзе магчыма і нехта захоча - няхай чалавек і хутары ўзнімае", - сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама звярнуў увагу на пасёлкі гарадскога тыпу, накшталт Копысі, Арэхаўска, Ялізава, якіх у Беларусі некалькі дзясяткаў. "Іх ні ў якім разе нельга знішчыць. Гэта цудоўныя месцы, дзе сяліліся людзі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На прыкладзе Копысі мы аднавілі і паказалі, якім павінен быць пасёлак гарадскога тыпу. Далей ідуць раённыя цэнтры, абласныя цэнтры і горад-герой Мінск. Усё прапісана і расказана, як павінна быць уладкавана наша Беларусь. І ў гэтых адносінах мы ўжо шмат зрабілі. Мы прайшлі велізарны шлях".
Яшчэ адно пытанне ад прадстаўнікоў СМІ датычылася сітуацыі ў цэнаўтварэнні і інфляцыйных чаканняў. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што ў Беларусі няма ніякіх падстаў для росту цэн.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, напрыклад, адносна паслуг ЖКГ прынята рашэнне не павышаць іх кошт больш як на $5 у год. "Мы перажывалі $5, нават у зімовы час. Няма неабходнасці павышаць. І ён (кошт ЖКП) не будзе расці, таму што там дзяржава сама рэгулюе цэны", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што няма падстаў і для росту цэн на прадукты харчавання, паколькі абсалютная большасць прадуктаў харчавання - беларускай вытворчасці, а імпартны складнік невялікі. "І сярод тых, хто нам пастаўляе, пайшла канкурэнцыя. Нават па бананах, па іншых таварах. Яны не павысяць, таму што вылецяць з рынку. Гэта значыць, аб'ектыўна няма прычын для росту цэн", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь, з'яўляючыся членам ЕАЭС, фактычна апынулася ва ўмовах работы ў фармаце Сусветнай гандлёвай арганізацыі, улічваючы членства ў гэтым аб'яднанні іншых членаў саюза. "Як толькі мы па нейкіх групах тавараў павысім цэны, адразу ж хлынуць тавары з іншых краін. Таму вытворца і прадавец, які гандлюе таварамі, глядзіць па баках", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што рост цэн магчымы толькі пры якіх-небудзь форс-мажорных абставінах, прадыктаваных звонку. Напрыклад, рэзкі спад на рынках асноўных краін-партнёраў або абвастрэнне сітуацыі на сусветных рынках у выніку якіх-небудзь ваенных дзеянняў. Аднак Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэтага не адбудзецца. "Мы з нашай кіруемасцю зробім усё для таго, каб людзі не пацярпелі ад канфліктаў, якія адбываюцца вакол", - запэўніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што з пункту гледжання вытворцы тавараў рост цэн на тую ці іншую прадукцыю з'яўляецца ў тым ліку крыніцай дадатковых даходаў. "У мінулыя гады, калі мы рухалі цэны па мясе, малаку і іншым, гэтыя грошы не заставаліся ў перапрацоўшчыка або ў гандлі. Усе грошы ішлі сялянам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння мы бачым, што, вядома, не панствуюць сяляне. У сельскай гаспадарцы заўсёды складана ў любой краіне. Але жыць можна. Той, хто добра працуе, а гэта ўжо больш за палавіну гаспадарак. Я не кажу пра фермераў і гэтак далей. Яны не карыстаюцца ніякай падтрымкай дзяржавы. А калі і карыстаюцца - гэта ім у плюс. Яны самі сябе забяспечваюць. У нас чвэрць сельскай гаспадаркі, куды мы павінны кінуць нашы намаганні. Таму няма падстаў для росту цэн", - заявіў беларускі лідар.
"Рубель у нас пакуль стабільны. А чаканні... Я праводжу паралель. Помніце, калі мы вымушаны былі перайсці да больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Усё роўна адтуль гэтыя чаканні па дэвальвацыі рубля ішлі. Людзі думалі, што будзе з рублём. Але сёння вы ўжо аб гэтым практычна забылі. Так, у Расіі часта крычаць наконт гэтага, ну і мы чуем гэта. Але ўжо няма гэтых ваганняў, няма валацільнасці на валютным рынку, на фондавых рынках і гэтак далей. Таму больш стабільна стала", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым годзе ў Беларусі ўдалося на прымальным запрагназаваным узроўні захаваць інфляцыю. "Яшчэ год, і мы таксама забудзем. Будзе гэта стабільнасць. Ужо няма той свістапляскі ў цэнаўтварэнні, што была тады", - заявіў Прэзідэнт.
"Але пакуль інфляцыя яшчэ ёсць. Я гэта прызнаю, разумею, у гэтых адносінах мы працуем. Вы ведаеце мае патрабаванні: занятасць, заработная плата і цэны. Усё гэта ва ўвязцы на працягу гэтага года дасць вынік", - упэўнены беларускі лідар.
У сваіх пытаннях журналісты ўзнялі і тэму праведзенага нядаўна афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Малдову, звярнуўшы ўвагу на розныя палітычныя памкненні першых асоб у гэтай дзяржаве.
"Абодва - Прэзідэнт (Ігар Дадон) і яго каманда, Прэм'ер (Павел Філіп) і яго каманда - настроены на тое, каб Малдова была суверэннай і незалежнай. Я нават дазволіў сабе ўмяшацца ва ўнутраныя справы і ім прама сказаць спачатку на закрытай частцы, калі мы вячэралі, потым адкрыта: майце на ўвазе, гэта і мая Малдова, і я хачу, каб вы заўсёды былі суверэнныя і незалежныя і не былі ўключаны ні ў адну з краін, - расказаў беларускі лідар. - Малдова - гэта самадастатковая самастойная дзяржава. Няхай невялікая, але з цудоўным вялікім народам. Таму ўсе там сканцэнтраваны на тым, каб гэта краіна была суверэннай і незалежнай. Гэта - галоўнае. Усе яны прамалдаўскія. Ні прарасійскія, ні прарумынскія, ні праамерыканскія. Але яны хочуць, каб у іх былі добрыя адносіны як з Еўрасаюзам, так і з Расіяй, Беларуссю, Украінай і гэтак далей".
"Галоўнае, каб мы, зразумеўшы гэту сітуацыю, не сталі ў іх патрабаваць: калі вы хочаце да нас, выходзьце з Еўропы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта як Беларусь або Малдова могуць выйсці з Еўропы, калі Гасподзь нас там пасяліў? Мы не павінны ім такія ўмовы ставіць".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Малдова - вельмі блізкая яму краіна, у якой ён бываў некалькі разоў яшчэ ў савецкія часы. "Гэта быў квітнеючы край. Ён і цяпер квітнеючы, толькі крыху прыйшлі да заняпаду гарады і вёскі, - адзначыў ён. - Патрэбны час, каб Малдова набыла першапачатковы выгляд і там людзі не пакутавалі, што яны жывуць горш, чым, напрыклад, у Беларусі або яшчэ дзесьці. Гэта самае лепшае месца для жыцця. Цудоўны край".
Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што грамадства ў Малдове раскалолася ў сваіх палітычных поглядах. Ён лічыць, што частка віны за гэта ляжыць і на краінах СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза. "Мы не зрабілі рашучых дзеянняў, каб Малдову да сябе падцягнуць. І грамадства раскалолася, - сказаў ён. - Мы самі вінаватыя ў гэтым, беларусы і расіяне перш за ўсё, што мы не скарысталіся тым шанцам, які быў у тым умовах, якія складваліся".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў унікальнасць той сітуацыі, што Малдова мае добрыя адносіны з Еўрасаюзам, але таксама не страціла і адносін на ўсходнім вектары. "Але, што датычыцца кіраўніцтва, яно абсалютна прагматычнае. Дадон жа не супраць заходняга вектара, хоць яго і лічаць прарасійскім. Нічога падобнага . Гэта прагматычны разумны чалавек, які ідзе ў нагу з часам", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта сугучна з намі. Я таксама гавару: чаму мы павінны скоса глядзець у бок Еўропы. Калі вы хочаце з намі супрацоўнічаць - калі ласка. У нас не тая сітуацыя, што ў Малдове. Але тым не менш. Гэта - нашы суседзі. З аднаго боку - Еўрапейскі саюз, з іншага - ЕАЭС, Расія і далей Кітай. Мы ні ад каго не павінны адпіхвацца. Наш лёс такі. Мы на гэтым разломе. Гэта мост, які павінен злучаць два магутныя берагі. У такой жа сітуацыі і Малдова. І Ігар Дадон гэта цудоўна разумее", - расказаў беларускі лідар.
Прадаўжаючы размову аб палітыцы ў кіраўніцтве Малдовы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і адносна Прэм'ер-міністра гэтай краіны Паўла Філіпа нельга сказаць, што ён выключна празаходні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць цікавасць да супрацоўніцтва з Малдовай - пачынаючы ад вырошчвання насення кукурузы, заканчваючы вінаробствам. З іншага боку, і Беларусь цікавая Малдове. "Значыць, мы можам абменьвацца таварамі, завязваць гандлёва-эканамічныя адносіны", - сказаў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён адзначыў факт наяўнасці пагаднення аб асацыяцыі паміж Малдовай і Еўрасаюзам, што дае магчымасць сумеснай работы на адпаведных рынках.
У кантэксце тэматыкі перспектыў развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Малдовай Аляксандр Лукашэнка адзначыў якасць малдаўскага віна, якое ён меў магчымасць прадэгуставаць у час афіцыйнага візіту. "Калі іх не пусцілі на расійскі рынак, а Еўропа ім не адкрыла свой рынак, яны апынуліся ў калапсе. І яны вымушаны былі напружыцца і вырабляць супервіны. Найвышэйшай якасці. Яны абнавілі абсталяванне, у іх з'явіліся новыя тэхналогіі. І яны прапанавалі цудоўны варыянт він", - расказаў Прэзідэнт.
"Малдаўскія віны нам вядомыя. Нам трэба наш народ больш прывучаць да нармальных він, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Я не супраць, калі людзі 70-100 грам гарэлкі праз дзень выпіваюць. Але мы ж не ўмеем па 70-100 грам. Мы ж калі сядзем, трэба літр заліць моцных напіткаў за адзін раз. А здароўя гэта не прыбаўляе. Таму трэба прывыкаць да еўрапейскага варыянта спажывання він. Гэта карысна, калі адзін-два бакалы ў дзень віна выпіваеш, але менавіта якаснага".
"Мая ўвага была звернута на віны, вінаматэрыялы, якія мы тут разліваем. Каньякі... Я ім прапанаваў: калі ласка, хочаце ў нас прадаваць каньякі - мы не супраць. Але вы ў нас павінны гэта рабіць. Яны адкрылі вытворчасць. Адну лінію, цяпер другую. І з тэрыторыі Беларусі яны хочуць вакол гандляваць гэтымі вінамі", - сказаў Прэзідэнт.
"Вызначыўшы вектар нашых дзеянняў у напрамку Малдовы як прагматычны і спакойны, мы знайшлі варыянт супрацоўніцтва з імі, калі яны і ў Еўропе, і на нашым рынку", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.