Інвестыцыі
Прынцыпы інвестыцыйнай палітыкі і інстытуты падтрымкі інвестыцый
Асноўныя прынцыпы ажыццяўлення інвестыцый вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь "Аб інвестыцыях".
Згодна з гэтым законам, ажыццяўленне інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на наступных прынцыпах:
- інвестары, а таксама дзяржава, яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць у межах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства (прынцып вяршэнства права);
- інвестары роўныя перад законам і карыстаюцца правамі без усякай дыскрымінацыі (прынцып роўнасці інвестараў);
- інвестары ажыццяўляюць інвестыцыі добрасумленна і разумна без прычынення шкоды іншай асобе, навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, ушчамлення правоў і інтарэсаў іншых асоб, якія абараняюцца законам, або злоўжывання правамі ў іншых формах (прынцып добрасумленнасці і разумнасці ажыццяўлення інвестыцый);
- умяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі яно ажыццяўляецца на падставе заканадаўчых актаў у інтарэсах нацыянальнай бяспекі (у тым ліку аховы навакольнага асяроддзя, гісторыка-культурных каштоўнасцей), грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (прынцып недапушчальнасці адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы);
- інвестарам гарантуецца ажыццяўленне абароны правоў і законных інтарэсаў у судзе і іншымі спосабамі, прадугледжанымі заканадаўствам, а таксама міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь (прынцып забеспячэння аднаўлення парушаных правоў і законных інтарэсаў, іх судовай абароны).
Асноўныя прэферэнцыйныя рэжымы:
- свабодныя эканамічныя зоны;
- індустрыяльны парк "Вялікі камень";
- асобая эканамічная зона "Брэміна–Орша";
- Парк высокіх тэхналогій;
- інвестыцыйны дагавор;
- сярэднія, малыя гарадскія паселішчы, сельская мясцовасць;
- Аршанскі раён Віцебскай вобласці;
- Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці (ПУР);
- рэалізацыя інвестыцыйных праектаў з прымяненнем механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Калі размова ідзе аб рэалізацыі прыярытэтных для краіны праектаў, інвестар можа заключыць інвестыцыйны дагавор з Рэспублікай Беларусь, што прадаставіць яму льготныя ўмовы і прэферэнцыі на стадыях будаўніцтва аб’екта і вытворчай дзейнасці пры абавязацельствах інвестара ажыццявіць інвестыцыі ў вызначаныя дагаворам тэрміны і аб’ёмах.
Права выбару камфортнага рэжыму гаспадарання з улікам асаблівасцей і сферы рэалізацыі інвестыцыйнага праекта – за інвестарам.
Яны выконваюць важную ролю ў вырашэнні актуальных задач развіцця краіны – прыцягненні інвестыцый, актывізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці, стварэнні новых працоўных месцаў.
Сёння прыкладна 420 прадпрыемстваў з больш як 30 краін, на якіх занята каля 131 тыс. чалавек, рэалізуюць у СЭЗ свае інвестыцыйныя праекты з прыцягненнем інвестыцый на суму каля 8 млрд долараў.
Свабодныя эканамічныя зоны займаюць 0,13% тэрыторыі краіны, у іх працуюць 5% работнікаў ад сярэдняспісачнай колькасці па рэспубліцы. Пры гэтым на долю СЭЗ у рэспубліканскіх паказчыках прыпадае 5,6% валавога ўнутранага прадукту, 17,7% вытворчасці прамысловай прадукцыі, 20,5% экспарту тавараў і 19,1% прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове краіны.
Стварэнне СЭЗ дало магчымасць забяспечыць развіццё асобных відаў эканамічнай дзейнасці і прыцягнуць стратэгічна значных інвестараў у эканоміку рэгіёнаў.
Лідары дзвюх краін дасягнулі дамоўленасці аб яго развіцці ў якасці міжнароднай платформы для рэалізацыі высокатэхналагічных, канкурэнтаздольных інавацыйных праектаў з высокім экспартным патэнцыялам, паўнапраўнага Smart City з акцэнтам на трох галоўных напрамках – экалогія, вытворчасць, жыццё.
"Вялікі камень" размешчаны за 25 км ад сталіцы Рэспублікі Беларусь ва ўнікальным прыродным комплексе і непасрэднай блізкасці ад міжнароднага аэрапорта, чыгуначных пуцей і транснацыянальнай аўтамабільнай магістралі Берлін – Масква. Ён займае плошчу больш за 11 тыс. га.
З пачатку рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў парк інвесціравана каля $840 млн, з іх у інфраструктуру ўкладзена больш за $320 млн. На сённяшні дзень у парку зарэгістравана 114 рэзідэнтаў з заяўленым аб’ёмам інвестыцый каля $1,36 млрд і планамі па стварэнні 7,8 тыс. новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Яны рэалізуюць інвестыцыйныя праекты ў сферах электронікі і тэлекамунікацый, фармацэўтыкі і медыцынскай прадукцыі, машынабудавання, новых матэрыялаў, комплекснай лагістыкі і электроннай камерцыі, захоўвання і апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў даных, НДВКП.
З 22 чэрвеня 2019 года на тэрыторыі Аршанскага раёна пачала функцыянаваць асобая эканамічная зона "Брэміна–Орша". Асноўнымі напрамкамі яе дзейнасці з’яўляюцца аптовы гандаль, электронная камерцыя, лагістычныя паслугі, паслугі паштовай сувязі, дзейнасць у галіне інфармацыйнага абслугоўвання, НДВКП і іншыя.
Больш як 3 гады дзейнічае рэвалюцыйны Дэкрэт Прэзідэнта № 8, накіраваны на пабудову сучаснай лічбавай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь. Льготныя ўмовы гаспадарання ў Парку высокіх тэхналогій з увядзеннем асобных інстытутаў англійскага права на прынцыпе экстэрытарыяльнасці для рэзідэнтаў будуць дзейнічаць да 1 студзеня 2049 года. Створаны прававыя ўмовы для правядзення ICO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Стымулююцца распрацоўкі для біятэхналогій, медыцынскіх, авіяцыйных і касмічных тэхналогій і кіберспорту.
Незалежна ад прэферэнцыйнага рэжыму, выбранага інвестарам, дзяржава аказвае кансультацыйную падтрымку па шырокім коле пытанняў. Асноўным інстытутам – "адным акном" для інвестараў з’яўляецца Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.
З мэтай аптымальнага забеспячэння інфраструктуры падтрымкі інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь таксама дзейнічаюць:
- адміністрацыі свабодных эканамічных зон і індустрыяльнага парка "Вялікі камень";
- Беларуская гандлёва-прамысловая палата;
- Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн;
- Беларуская ўніверсальная таварная біржа;
- цэнтры стандартызацыі і сертыфікацыі;
- суб’екты інавацыйнай інфраструктуры (навукова-тэхналагічныя паркі, цэнтры трансферу тэхналогій, венчурныя арганізацыі), а таксама суб’екты падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва;
- рэгіянальныя агенцтвы развіцця інвестыцый, страхавыя, юрыдычныя і кансалтынгавыя кампаніі, у тым ліку міжнародныя.