Рэспубліканскія і мясцовыя сходы
Рэспубліканскія і мясцовыя сходы з'яўляюцца важнай формай непасрэднага ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, склікаюцца для абмеркавання пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця рэспубліканскага або мясцовага значэння.
Рэспубліканскія і мясцовыя сходы праводзяцца адкрыта і галосна.
- Рэспубліканскі сход склікаецца па меры неабходнасці Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь для абмеркавання важных пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця рэспубліканскага значэння і праектаў адпаведных рашэнняў.
У рэспубліканскім сходзе маюць права ўдзельнічаць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў, зарэгістраваныя па месцы жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
На рэспубліканскі сход запрашаюцца Прэзідэнт, Прэм'ер-міністр, кіраўнікі найважнейшых дзяржаўных органаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
- Мясцовыя сходы могуць праводзіцца на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або яе часткі (тэрыторыі мікрараёнаў, кварталаў, вуліц, двароў, аграгарадкоў, пасёлкаў, вёсак і інш.).
У мясцовым сходзе маюць права ўдзельнічаць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў, зарэгістраваныя па месцы жыхарства на адпаведнай тэрыторыі, а таксама грамадзяне, якія з'яўляюцца ўласнікамі нерухомай маёмасці, размешчанай на гэтай тэрыторыі, або якія валодаюць названай маёмасцю на законнай падставе.
Рэспубліканскія і мясцовыя сходы маюць права звяртацца з прапановамі да Прэзідэнта, у Нацыянальны сход, Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, да іншых службовых асоб.
Рашэнне рэспубліканскага сходу афармляецца рэзалюцыяй рэспубліканскага сходу, якая ў трохдзённы тэрмін накіроўваецца Прэзідэнту.
Прэзідэнт разглядае рэзалюцыю рэспубліканскага сходу і па пытаннях, якія ўваходзяць непасрэдна ў яго кампетэнцыю, прымае рашэнне.
Парадак падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскіх і мясцовых сходаў рэгулюецца спецыяльным законам Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2000 г. №411-З "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах".