Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта
Аляксандр Лукашэнка з 15 мая 1997 года ўзначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь.
26 лютага 2021 года на справаздачна-выбарным Алімпійскім сходзе ў Мінску адбыліся выбары Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Новым кіраўніком спартыўнай арганізацыі выбраны Віктар Лукашэнка, які стаў трэцім Прэзідэнтам НАК Беларусі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з першых дзён свайго прэзідэнцтва велізарную ўвагу ўдзяляе развіццю спорту ў краіне. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да спорту вышэйшых дасягненняў, і да далучэння беларусаў у цэлым да здаровага ладу жыцця. Спартыўныя поспехі на міжнароднай арэне, здароўе нацыі - на пастаянным кантролі беларускага лідара, які з 1997 года з'яўляўся Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. "У свеце няма аналагаў, каб Кіраўнік дзяржавы выбіраўся кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Мной кіравала жаданне захаваць усё лепшае, што назапашана ў спорце ў рэспубліцы за гады яе ўдзелу ў міжнародным алімпійскім руху", - такую пазіцыю наконт важнасці спорту ў жыцці краіны Кіраўнік дзяржавы займае і сёння.
Пасля выбрання Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнтам НАК спартыўнае жыццё краіны набыло новы імпульс. Пачала ўмацоўвацца матэрыяльна-тэхнічная база галіны, рэканструяваліся стадыёны і спарткомплексы, ствараліся ўмовы для развіцця масавай фізічнай культуры, дзіцячага, юнацкага спорту і спорту вышэйшых дасягненняў.
Са Статута Нацыянальнага алімпійскага камітэта:
Паўнамоцтвы Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Прэзідэнт НАК узначальвае Выканкам НАК, ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю НАК і выконвае наступныя функцыі:
- прадстаўляе НАК у адносінах з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, грамадскімі аб'яднаннямі і іншымі арганізацыямі, у тым ліку міжнароднымі;
- забяспечвае адпаведнасць дзейнасці НАК гэтаму Статуту і Алімпійскай хартыі;
- старшынствуе на Алімпійскім сходзе, вядзе пасяджэнні Выканкама НАК;
- карыстаецца правам рашаючага голасу ў выпадку роўнасці галасоў пры разглядзе пытанняў на Алімпійскіх сходах, пасяджэннях Выканкама НАК;
- размяркоўвае абавязкі паміж членамі Выканкама НАК;
- ажыццяўляе любыя іншыя дзеянні, неабходныя для дасягнення статутных мэт і выканання задач НАК, за выключэннем тых, якія ў адпаведнасці з гэтым Статутам аднесены да выключнай кампетэнцыі Алімпійскага сходу і Выканкама НАК.
Прэзідэнт НАК Беларусі рэгулярна праводзіць сустрэчы з кіраўнікамі і прадстаўнікамі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) і Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (АНАК), міжнародных спартыўных арганізацый. Штаб-кватэра НАК з'яўляецца пляцоўкай для правядзення рабочых нарад па летніх і зімовых відах спорту, пасяджэнняў Выканкама і Алімпійскага сходу НАК Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Ужо традыцыйнымі сталі ўрачыстыя цырымоніі провадаў і ўшаноўвання беларускіх алімпійцаў, пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы, Алімпійскіх гульняў з удзелам Прэзідэнта НАК.
Рэспубліка Беларусь рэгулярна становіцца пляцоўкай для правядзення вялікіх спартыўных форумаў. Чэмпіянаты свету і Еўропы, важнейшыя матчавыя сустрэчы давяраюць правесці не толькі Мінску, але і іншым гарадам нашай краіны. На працягу апошніх гадоў у Беларусі прайшлі: II Еўрапейскія гульні; чэмпіянаты Еўропы па фігурным катанні, тайскім боксе, індорхакеі сярод жаночых каманд, мастацкай гімнастыцы, канькабежным спорце, біятлоне, акадэмічным веславанні сярод моладзі да 23 гадоў; чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод моладзі і юніёраў; лёгкаатлетычны матч "Еўропа - ЗША"; кубак свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў, II Гульні краін СНД.
Захапляецца заняткамі спортам і сам Аляксандр Лукашэнка, штодзённа прысвячаючы трэніроўкам некалькі гадзін на дзень.
У экспазіцыі Алімпійскага музея Нацыянальнага алімпійскага камітэта прадстаўлена ўнікальная калекцыя - асабістыя рэчы Кіраўніка дзяржавы: хакейная форма, лыжы і лыжаролеры, тэнісная ракетка, футбольныя буцы. У наведвальнікаў НАКа гэта экспазіцыя выклікае нязменную цікавасць, і служыць адной галоўнай мэце - асабістым прыкладам Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта паказаць безумоўную важнасць спорту як асновы здароўя кожнага чалавека і здаровай нацыі ў цэлым.