Мінск

Гістарычны экскурс, цікавыя факты

Вячэрні Мінск, Мінск з вышыні птушынага палёту

Мінск – адзін з найстарэйшых гарадоў Еўропы. Першае пісьмовае згадванне пра будучую сталіцу Рэспублікі Беларусь датуецца 1067 годам. У той час, аб’яднаўшыся, унукі Рагнеды, сыны Яраслава Мудрага – кіеўскія князі Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад Яраславічы – з войскам з’явіліся пад горад Менеск, каб адпомсціць полацкаму князю Усяславу Брачыславічу за паход на Пскоў у 1065 годзе. Яны авалодалі горадам-крэпасцю Менескам і разбілі войска Усяслава ў памятнай бітве на Нямізе, апісанай у “Слове пра паход Ігараў”.

Праз тысячагоддзе гораду было наканавана стаць адным з самых вядомых міратворчых цэнтраў планеты XXI стагоддзя.  Мінск, не раз спустошаны дашчэнту і адроджаны зноў, як ніякі іншы горад ведае цану міру і спакою. Менавіта ён – адзіны ў Беларусі горад, які атрымаў у 1974 годзе званне “Горад-герой” у гонар ушанавання заслуг яго жыхароў у барацьбе з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У сталіцы размешчаны самыя важныя аб’екты і ўстановы краіны: Палац Незалежнасці – дзяржаўная рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны сход і Савет Міністраў, Нацыянальны банк Беларусі.

У Мінску знаходзяцца Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў, размяшчаюцца дыпламатычны корпус, консульствы, прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь.

Тут размяшчаюцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (дата заснавання – 1 студзеня 1929 года), Парк высокіх тэхналогій, найбуйнейшыя навучальныя ўстановы краіны. Таксама гэта адзіны горад Беларусі, які з 1984 года мае метрапалітэн.

Мінск мае статут, герб і гімн (глядзець на сайце Мінгарвыканкама).

Кожны год у другую суботу верасня Мінск святкуе дзень горада.

Геаграфічнае становішча

Найбуйнейшы горад краіны размяшчаецца на паўднёва-ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша. Плошча сталіцы Беларусі – 353,6 кв. км.

Геаграфічныя каардынаты Мінска: шырыня – 53°53'59 ", даўжыня – 27°34'00".

Вышыня над узроўнем мора – 222 м.

Рэльеф Мінска разнастайны: характарызуецца значнай узгорыстасцю, перапад адзнак у межах горада складае каля 100 м.

Беларускую сталіцу можна назваць не толькі адміністрацыйным, эканамічным, навуковым і культурным, але і тэрытарыяльным цэнтрам краіны – усяго за 70 км ад яе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Беларусі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Мінск падзяляецца на 9 раёнаў: Цэнтральны, Савецкі, Першамайскі, Партызанскі, Заводскі, Ленінскі, Кастрычніцкі, Маскоўскі і Фрунзенскі.

Насельніцтва

Колькасць жыхароў у г.Мінску на 1 студзеня 2024 года склала 1 992 862 чалавекі – 21,8% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны.

Эканамічнае развіццё

Мінск – буйны прамысловы цэнтр. Ён займае лідзіруючыя пазіцыі ў фарміраванні валавога ўнутранага прадукту, забяспечваючы амаль трэць агульнарэспубліканскага аб’ёму. Аснову прамысловага комплексу сталіцы Беларусі фарміруюць прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць вытворчасць машын і абсталявання, прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў, вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры, электраабсталявання, транспартных сродкаў, будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтычных прэпаратаў.

У Мінску больш за 4 800 арганізацый прамысловасці. Менавіта ў сталіцы знаходзяцца самыя вядомыя беларускія брэнды: ААТ "Мінскі трактарны завод", ААТ "МАЗ – кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЎТАМАЗ", "Мінскі завод колавых цягачоў", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "МІНСКІ МАТОРНЫ ЗАВОД", тры станкабудаўнічыя заводы, ААТ "Амкадор – кіруючая кампанія холдынга", ААТ “Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш", ААТ "ІНТЭГРАЛ" – кіруючая кампанія холдынга "ІНТЭГРАЛ", ЗАТ "Атлант", СААТ "Камунарка", ААТ "Керамін", УП "Н-ТіВі" і многія іншыя.

Арганізацыі Мінска ажыццяўляюць знешні гандаль таварамі са 188 краінамі свету. У агульнай колькасці на Мінск прыпадае 32% знешнегандлёвага абароту тавараў Беларусі.

Важную ролю адыгрывае свабодная эканамічная зона “Мінск”, аб’екты якой таксама размешчаны ў Мінскай вобласці.

Прыродныя рэсурсы

У межах сучаснага горада ёсць 5 асноўных вадацёкаў: рака Свіслач - галоўная водная артэрыя горада, ракі Цна, Лошыца, Мышка, канал Сляпянская водная сістэма.

У існуючых межах горада налічваецца 6 асноўных вадаёмаў: Камсамольскае возера, Чыжоўскае вадасховішча, Цнянскае вадасховішча, вадасховішча Дразды, вадасховішча Курасоўшчына, сажалка Лябяжы.

У сталіцы размешчаны рэспубліканскі заказнік "Лябяжы", рэспубліканскі біялагічны заказнік "Сціклева", батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння "Цэнтральны батанічны сад", помнік прыроды рэспубліканскага значэння "Парк камянёў", 8 батанічных помнікаў прыроды мясцовага значэння.

Спорт і турызм

Горад Мінск славіцца сваімі спартыўнымі традыцыямі і алімпійскімі дасягненнямі.

У ліку алімпійскіх чэмпіёнаў-мінчан – Аляксандр Мядзведзь (барацьба вольная, 1964, 1968, 1972), Алена Бялова (фехтаванне, 1968, 1972, 1976), Аляксандр Газаў (стральба кулявая, 1976), Аляксандр Партноў (скачкі ў ваду, 1980), Мікалай Алёхін (фехтаванне, 1980), Сяргей Булыгін (біятлон, 1984), Аляксандр Каршакевіч (гандбол, 1988), Таццяна Лядоўская (лёгкая атлетыка, 1988), Дзмітрый Даўгалёнак (веславанне на байдарках і каноэ, 1992), Эліна Зверава (лёгкая атлетыка, 2000), Вадзім Махнёў (веславанне на байдарках і каноэ, 2008), Вікторыя Азаранка (тэніс, 2012), Максім Мірны (тэніс, 2012), Дар’я Домрачава (біятлон, 2014, 2018), Антон Кушнір (фрыстайл, 2014), Ганна Гуськова (фрыстайл, 2018), Надзея Скардзіна (біятлон, 2018).

У Мінску 3 890 спартыўных збудаванняў: стадыёны і спартыўныя пляцоўкі, басейны, тэнісныя корты, лыжаролерная траса і іншыя аб’екты. Сярод самых буйных – Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”, Палац спорту, Палац тэніса, Футбольны манеж, Лядовы палац, спарткомплексы “Мінск-Арэна” і “Чыжоўка-Арэна”, спартыўна-аздараўленчы комплекс “Фрыстайл”.

4-13 жніўня 2023 года ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі II Гульні краін СНД, якія сабралі больш за 2000 спартсменаў з 22 краін свету. У рамках II Гульняў краін СНД у горадзе Мінску прайшлі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболе, мастацкай гімнастыцы, стральбе кулявой, пляжным футболе, баскетболе "3х3", сучасным пяціборстве, мініфутболе.

У верасні 2021 года на стадыёне "Дынама" ўпершыню ў гісторыі была праведзена міжнародная матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы паміж зборнымі камандамі Еўропы і ЗША.

Год ад году набірае папулярнасць Минскі паўмарафон і Міжнародны Алімпійскі дзень, які ўключае ў сябе спартыўную частку і H.O.G. Rally Minsk, дзе збіраюцца тысячы ўдзельнікаў.

Для знаёмства з Мінскам распрацавана больш за 70 спецыялізаваных экскурсійных маршрутаў.

У 2023 годзе ў сталіцы функцыянавала 70 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння.

Культура і асноўныя выдатныя мясціны

Плошча Перамогі ў Мінску

Нягледзячы на каласальныя разбурэнні, панесеныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Мінск здолеў захаваць, аднавіць і стварыць сваё непаўторнае аблічча. Сёння ў Дзяржаўны спіс нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 384 мінскія аб’екты, у тым ліку 2 помнікі горадабудаўніцтва, 327 помнікаў архітэктуры, 6 помнікаў археалогіі, 18 помнікаў гісторыі, 31 помнік мастацтва.

Вялікую цікавасць у турыстаў нязменна выклікаюць тэрыторыя Мінскага замчышча (археалагічны аб’ект ХІ-ХХ стст.) і архітэктурны комплекс “Замак Пішчалы” (1825 год).

Забудова цэнтральнай гарадской магістралі Мінска – праспекта Незалежнасці ад плошчы Незалежнасці да праспекта Машэрава – уяўляе сабой унікальны ансамбль ХХ стагоддзя, у якім найбольш поўна адлюстраваны прынцыпы класічнага горадабудаўнічага мастацтва.

Візітнымі карткамі сталіцы Беларусі з’яўляюцца манумент Перамогі на плошчы Перамогі, беласнежная ратуша на плошчы Свабоды, будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, утульнае Траецкае прадмесце, праваслаўны кафедральны сабор Святога Духа і каталіцкі кафедральны касцёл Дзевы Марыі, касцёл Святых Сымона і Алены (яго таксама называюць Чырвоным касцёлам), праваслаўны храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. І, вядома ж, Вароты Мінска – будынкі-вежы на Прывакзальнай плошчы – гэта першае, што бачаць госці, якія прыбываюць у сталіцу  чыгункай.

У Мінску размешчаны Цэнтральны батанічны сад, які адносіцца да ліку самых буйных батанічных садоў Еўропы як па плошчы (93 га ў сталіцы і 44 га ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці), так і па складзе калекцый жывых раслін (больш за 15,5 тыс. найменняў). Дарэчы, па плошчы ён уступае толькі Каралеўскаму батанічнаму саду ў Лондане і парку ў Мадрыдзе. У калекцыі саду ‒ 170 рэдкіх відаў і  відаў, якія могуць знікнуць, прыроднай беларускай флоры.

Але галоўнае, што захоўвае Мінск, – гэта гісторыя. Адна з самых велічных і ўрачыстых плошчаў сталіцы Беларусі – плошча Перамогі. Яна пачала фарміравацца яшчэ ў даваенным 1939 годзе, а да 10-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў набыла велічны манумент – помнік мужнасці і самаахвярнасці ўсіх воінаў і партызан, якія адстаялі ў баях свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Ля яго падножжа 3 ліпеня 1961 года быў запалены Вечны агонь – да яго і сёння прыходзяць аддаць даніну памяці загінулым беларусы, лідары замежных дзяржаў, выдатныя дзеячы розных сфер са многіх краін свету. А ў XXI стагоддзі па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на месцы аднаго з самых буйных месцаў масавага знішчэння нацыстамі грамадзянскага насельніцтва створаны мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, які мае міжнароднае значэнне.

У Мінску нямала месцаў народнай памяці і мемарыялаў: архітэктурна-скульптурны комплекс “Мінск – горад-герой”; Мінскія Брацкія ваенныя могілкі (1914-1918); мемарыял “Яма” на вуліцы Мельнікайтэ, прысвечаны ахвярам халакосту (тут 2 сакавіка 1942 года нацысты  расстралялі каля 5000 вязняў мінскага гета); мемарыяльны комплекс “Масюкоўшчына”, дзе размешчаны брацкія магілы савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян (частка тэрыторыі нацысцкага шталага № 352, у якім загінулі больш за 80 000 чалавек); помнік воінам-інтэрнацыяналістам на востраве Мужнасці і Смутку і многія іншыя.

Дзякуючы міралюбівай палітыцы Мінск у XXI стагоддзі не раз станавіўся цэнтрам міжнародных падзей. У лютым 2015 года ў сталічным Палацы Незалежнасці больш за 15 гадзін праходзілі перагаворы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне ў “нармандскім фармаце” з удзелам лідараў Расіі, Украіны, Германіі і Францыі.

Акрамя яркай і самабытнай архітэктурнай спадчыны, галоўны горад краіны вызначаецца яшчэ і асаблівай сталічнай атмасферай гасціннасці і свята. Цэнтр сталіцы – гэта ўнікальная пляцоўка для правядзення канцэртаў, выстаў, гістарычных рэканструкцый і іншых культурных мерапрыемстваў. Кожны год у маі тут адкрываецца летні музычна-турыстычны сезон. Велізарную папулярнасць атрымалі тэматычныя творчыя праекты: старонкі гісторыі Мінска (інтэрактыўныя праграмы з удзелам клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі), джазавыя вечары і вечары класічнай музыкі, тэатральныя пастаноўкі на адкрытай пляцоўцы.

У цэнтры Мінска традыцыйна праводзяцца святы нацыянальных культур, якія адкрываюцца ў маі рэспубліканскім фестывалем-кірмашом “Вясновы букет” з удзелам майстроў народнай творчасці Беларусі.

Штогод у сталіцы Беларусі праходзяць маштабныя культурныя падзеі, у ліку якіх Міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі “Мiнск старажытны”, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, розныя міжнародныя арт-праекты. Таксама праводзяцца дзіцячыя творчыя конкурсы па розных напрамках, напрыклад: Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум "Крокі", Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах В.В.Волкава і іншыя.

Рэлігія

Мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, Мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых, Царква Усіх Святых

У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з’яўляецца неад’емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія – хрысціянства. Найбольш масавымі хрысціянскімі абшчынамі Мінска з’яўляюцца праваслаўе, каталіцызм і пратэстантызм. Сярод іншых рэлігій распаўсюджаны іўдаізм і іслам. Усяго ў Мінску налічваюцца 22 рэлігійныя канфесіі з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын – 159.