Дзень Незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята Беларусі. Штогод яно адзначаецца 3 ліпеня ў дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Парад – самы яркі момант Дня Незалежнасці. Сотні адзінак баявой тэхнікі, дзясяткі парадных разлікаў, тысячы ваеннаслужачых удзельнічаюць ва ўрачыстым шэсці. Традыцыйны святочны агляд войскаў уключае праходжанне пешай і механізаванай калон, паветранага эшалона. На парадзе дэманструюцца ўзоры не толькі баявой, але і грамадзянскай тэхнікі, дасягненні беларускіх прамысловых гігантаў, якія сталі нацыянальным здабыткам суверэннай Беларусі. Месцам правядзення галоўных дзяржаўных мерапрыемстваў у Дзень Незалежнасці таксама становяцца плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс "Курган Славы". Тэатралізаваныя паказы і масавыя шэсці праходзяць ва ўсіх абласцях Беларусі. Кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў з’яўляецца традыцыйная акцыя «Спяём гімн разам!». У 22:50 пачынаюць гучаць урачыстыя акорды, і гімн падхопліваюць сотні тысяч людзей па ўсёй краіне – дзеці і дарослыя, мясцовыя жыхары і госці. «Наша любімая маці-Радзіма, вечна жыві і квітней, Беларусь!» – гэтыя пранікнёныя радкі гучаць як прызнанне ў любові і адданасці сваёй Радзіме, як пажаданне ёй міру і працвітання.
Першы Усебеларускі народны сход прайшоў восенню 1996 года ў Палацы спорту. На абмеркаванне дэлегатаў былі вынесены ўсе ключавыя праблемы, з якімі сутыкалася тады краіна. На форуме з дакладам "Толькі народ мае права вырашаць свой лёс" выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сход прыняў першую ў гісторыі суверэннай Беларусі праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на пяцігодку, у якой былі вызначаны тры прыярытэты - экспарт, жыллё, харчаванне. Пачынаючы з другога сходу, народнае веча праходзіла ў Палацы Рэспублікі раз у пяць гадоў. Усебеларускі народны сход стаў асаблівай формай народаўладдзя, дэмакратычным інстытутам, які дае магчымасць грамадзянам больш шырока рэалізоўваць права ўдзелу ў справах дзяржавы. На сённяшні дзень адбылося шэсць Усебеларускіх народных сходаў, апошні з якіх прайшоў 11-12 лютага 2021 года. Згодна са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам. Гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Кампетэнцыя, парадак фарміравання і дзейнасць Усебеларускага народнага сходу вызначаецца Канстытуцыяй і законам. Тэрмін яго паўнамоцтваў складае пяць гадоў, а пасяджэнні будуць праводзіцца не радзей як адзін раз у год.
Дзякуючы гістарычнай мудрасці і здароваму кансерватызму народа краіна не толькі захавала, але і прымножыла багацце, якое дасталася ад СССР. Беларусь не прадала за бясцэнак зямлю, фабрыкі і заводы. Кіраўніцтва рэспублікі, захаваўшы вялікія прадпрыемствы ва ўласнасці дзяржавы і мабілізаваўшы ўсе наяўныя рэсурсы, забяспечыла высокія тэмпы эканамічнага росту. Прамысловы комплекс Беларусі і сёння мае адзін з самых развітых вытворчых патэнцыялаў на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Ён цалкам вызначае імідж, статус краіны, з’яўляецца фундаментам яе эканамічнага і палітычнага суверэнітэту. Прадукцыю прамысловых гігантаў – МАЗа, БелАЗа, МТЗ, «Гомсельмаша», «Беларуськалія», «Нафтана», Мазырскага НПЗ, «Гродна Азота», БМЗ, МЗКЦ – добра ведаюць ва ўсім свеце. Гэтыя прадпрыемствы не проста брэнды, але і сімвалы незалежнай Беларусі. Прамысловы комплекс рэспублікі вырабляе чвэрць нацыянальнага ВУП, забяспечваючы не менш як дзве трэці беларускага таварнага экспарту. Поспехі сталі магчымыя дзякуючы рэалізацыі ў краіне мэтанакіраванай дзяржаўнай прамысловай палітыкі, якая арыентавана на ўсямерную падтрымку і маштабную тэхніка-тэхналагічную мадэрнізацыю галіны.
Дзень Перамогі для беларусаў – свяшчэннае свята. У цэнтры ўвагі – ветэраны і дзеці вайны, перад мужнасцю, стойкасцю і сілай волі якіх сучаснікі схіляюць галаву. Па ўсёй краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае». Людзі нясуць у руках партрэты сваіх дзядоў і прадзедаў у знак пашаны да герояў вайны і ўдзячнасці пакаленню пераможцаў. Агульнанацыянальнай хвілінай маўчання беларусы ўшаноўваюць памяць загінулых. У кожным горадзе і раёне ў гэты дзень праходзяць дзясяткі розных мерапрыемстваў: ускладанне кветак да помнікаў, сустрэчы з ветэранамі, святочныя канцэрты майстроў мастацтва, тэатралізаваныя музычныя паказы, спартыўныя спаборніцтвы, выставы, флэш-мобы. Па ўсёй Беларусі гучаць песні ваенных гадоў. Пад мелодыю легендарнага «Майскага вальса» ў парках і на плошчах кружацца пары. Завяршаецца святочны дзень маляўнічым салютам у сталіцы і ва ўсіх абласных гарадах.
Штогод Кіраўнік беларускай дзяржавы звяртаецца з Пасланнем да народа і парламента. Пасланне – канстытуцыйная норма і традыцыя, якой больш за дваццаць гадоў. Гэта галоўны праграмны дакумент года, які задае палітычныя і эканамічныя арыенціры грамадству і ўладзе. Традыцыйны базіс Паслання – эканоміка і гарачыя тэмы, якія датычацца кожнага жыхара краіны. Гэта занятасць, зарплаты, пенсіі, цэны, тарыфы ЖКГ. У дакуменце ўдзяляецца ўвага актуальнаму міжнароднаму парадку дня, нязменна падкрэсліваецца, што Беларусь захоўвае прыхільнасць да прынцыпаў стварэння, супрацоўніцтва і шматвектарнасці знешняй палітыкі. Пасля завяршэння выступлення Прэзідэнт адказвае на пытанні, якія хвалююць беларускіх парламентарыяў і прадстаўнікоў грамадскасці. На мерапрыемства запрашаюцца вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены Урада, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, банкаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.
У суверэннай Беларусі існуе добрая традыцыя – ушаноўваць працаўнікоў сельскай гаспадаркі за іх нялёгкую працу. У 1996 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прайшоў першы фестываль-кірмаш «Дажынкі», які на доўгія гады стаў сапраўдным святам для работнікаў АПК, вучоных, інжынераў, канструктараў новай тэхнікі і ўсіх, хто дапамагае сельгаспрадпрыемствам дасягнуць высокіх паказчыкаў. Святкаванне дажынак ідзе з глыбіні народнай культуры і праслаўляе чалавека-працаўніка. Да 2014 года мерапрыемства праводзілася ў рэспубліканскім фармаце, цяпер арганізуецца ў адным з раённых цэнтраў Беларусі кожнай вобласцю самастойна. Штогод мяняючы месца свайго правядзення, фестываль дапамагае кардынальна абнавіць знешні выгляд малых гарадоў Беларусі. Цэнтральнай падзеяй «Дажынак» было і застаецца ўзнагароджванне пераможцаў спаборніцтваў па ўборцы ўраджаю. Лепшым камбайнерам і вадзіцелям уручаюць каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. У час фестывалю гарады ператвараюцца ў вялікую святочную пляцоўку са сцэнамі, гандлёвымі і рамеснымі радамі, культурнымі, спартыўнымі і забаўляльнымі зонамі. Беларускія «Дажынкі» – яскравае сведчанне таго, што дзяржаўны клопат аб ураджаі пачынаецца з дзяржаўнага клопату аб працаўніку вёскі.
Яшчэ ў савецкі час нямала грандыёзных працоўных падарункаў сталіцы – Дом Урада, ГУМ, ЦУМ – было прымеркавана да 7 лістапада. Незалежная Беларусь зберагла гэту стваральную і добрую традыцыю: па ўсёй краіне да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрываюцца знакавыя аб’екты. Менавіта ў першых чыслах лістапада ўступілі ў строй некалькі станцый Мінскага метрапалітэна, рэканструяваны Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, шэраг спартыўных аб’ектаў, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя сады ў розных рэгіёнах краіны. У сталіцы да 7 лістапада 2013 года адкрыўся ўнікальны шматфункцыянальны спартыўны комплекс «Чыжоўка-Арэна». У 2018 годзе ў гэты дзень пачаў функцыянаваць абноўлены мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне. У 2020 годзе да 7 лістапада прымеркавалі запуск Беларускай АЭС, а напярэдадні свята ў 2022 годзе адкрылі сучасную вытворчасць камбікармоў і амінакіслот Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Будаўнікі да гэтай слаўнай даты стараюцца прымеркаваць здачу ў эксплуатацыю шматкватэрных дамоў, а часам і цэлых мікрараёнаў. Шчаслівыя навасельцы, сярод якіх маладыя спецыялісты і шматдзетныя сем’і, атрымліваюць ключы ад новага добраўпарадкаванага жылля.
У дні навагодніх і калядных свят у Беларусі ўшаноўваюць тых, хто ўнёс важкі ўклад у справу міласэрнасці і гуманізму, – уручаецца прэмія «За духоўнае адраджэнне». Урачыстая цырымонія традыцыйна праходзіць з удзелам кіраўніка дзяржавы ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі. Тут збіраюцца педагогі, урачы, прадстаўнікі духавенства, дзеячы культуры і мастацтва. Уручэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне» – сведчанне пастаяннай увагі дзяржавы да развіцця ў грамадстве духоўных каштоўнасцей і мастацка-эстэтычных традыцый, ідэй чалавекалюбства. У гэтыя ж дні становяцца вядомымі імёны ўладальнікаў спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі. Словы падзякі гучаць у адрас людзей, якія дэманструюць прыклад сапраўднага патрыятызму, сваім талентам і поспехам натхняюць грамадства.
На тэрыторыі Беларусі пражываюць 140 нацыянальнасцей і народнасцей. Яны захавалі сваю самабытнасць, шануюць традыцыі і перадаюць іх з пакалення ў пакаленне, узбагачаючы і беларускую культуру. У рэспубліцы дзейнічаюць больш за 200 нацыянальных культурных грамадскіх арганізацый. Беларусь цёпла і сардэчна прымае ўсіх, хто прыйшоў да нас з мірам. Дзяржаўная падтрымка дае кожнаму грамадзяніну магчымасць захоўваць і развіваць сваю культуру, этнічную самасвядомасць і самабытнасць. Беларусь стала агульным домам для людзей не толькі рознай этнічнай, але і канфесійнай прыналежнасці. Хрысціяне, іўдзеі, мусульмане з павагай ставяцца адзін да аднаго, шануюць рэлігійныя святы і святыні, стагоддзямі жывуць побач у спакоі, міры і ўзаемаразуменні. Міжнацыянальная і этнакультурная, міжканфесійная згода, талерантнасць сталі візітнымі карткамі Беларусі для ўсяго свету. «Малітва за Беларусь» у Храме-помніку ў гонар Усіх Святых, Будслаўскі фэст, адкрыццё Саборнай мячэці ў Мінску, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне – сведчанні яднання народаў і культур, павагі да слаўных спраў продкаў, якія пакінулі чалавецтву багатую духоўную спадчыну.
Плошча Сцяга ў Мінску – аб’ект са статусам дзяржаўнага сімвала. На вышыні 70 м лунае палотнішча памерам амаль 100 кв.м. Флагшток, дзякуючы ўнікальнаму светлавому рашэнню, выконвае функцыю гарадскога маяка. На ўрачыстым адкрыцці плошчы 2 ліпеня 2013 года была закладзена новая традыцыя: самыя дастойныя прадстаўнікі навукі, культуры і спорту прыносяць клятву вернасці Дзяржаўнаму сцягу. Тут праходзяць урачыстыя цырымоніі: школьнікі сталіцы ўступаюць у рады піянераў, становяцца членамі БРСМ, выпускнікам Акадэміі МУС уручаюць дыпломы, юнакі і дзяўчаты атрымліваюць ганаровае права называцца кадэтамі, пагранічнікі-курсанты прыносяць прысягу на вернасць народу Беларусі. Плошча ўвайшла ў рэйтынг мясцін, якія больш за ўсё наведваюць турысты і замежныя дэлегацыі. Асабліва мнагалюдна тут у другую нядзелю мая, калі адзначаецца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Калядны міжнародны турнір на прыз Прэзідэнта Беларусі праходзіць у першы тыдзень пасля Новага года. Гэта сапраўднае свята хакея, якое штогод аб’ядноўвае балельшчыкаў, майстроў і аматараў гэтага віду спорту з розных краін свету. Яго гісторыя за 15 гадоў існавання напоўнена феерычнымі перамогамі, гарачымі лядовымі баталіямі і яркімі сустрэчамі. Паралельна з дарослымі ўзнагароды разыгрываюць і юныя хакеісты, «хлопцы з нашага двара». Спорт высокіх дасягненняў пачынаецца з дзіцячага захаплення, забіваць шайбу можна як у лядовых палацах малых гарадоў, так і на катках, якіх па ўсёй краіне налічваецца дзясяткі тысяч. Калядныя хакейныя матчы – гэта не толькі спаборніцтвы за званне мацнейшых, але і магчымасць стаць часткай хакейнай супольнасці, атрымаць сваю асабістую, але ніколькі не менш значную перамогу. Прызы пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва «Залатая шайба» ўручаюць знакамітыя спартсмены.
Здаровы лад жыцця – візітная картка жыхароў Беларусі. У краіне дзейнічаюць больш за 23 тысячы фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Штогод у рэспубліцы праводзіцца каля 22 тысяч масавых спартыўных мерапрыемстваў. Заканадаўцам моды на здаровы лад жыцця выступае сталіца. Тысячы чалавек збірае Мінскі паўмарафон. На старты выходзяць вядомыя спартсмены, палітычныя і грамадскія дзеячы, артысты, урачы і многія іншыя аматары бегу. Зімой на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы або на базе рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" праходзіць традыцыйная «Мінская лыжня», на старты якой выходзяць да некальскіх тысяч удзельнікаў. «Снежны снайпер», «Скураны мяч», «Забег адважных», «Гонка легенд», велакарнавал «VIVA Ровар» – усе гэтыя і іншыя яркія масавыя мерапрыемствы садзейнічаюць папулярызацыі ў грамадстве здаровага ладу жыцця, заахвочваюць моладзь да заняткаў фізкультурай і спортам.
Беларусь – лідар у высокіх тэхналогіях сярод краін СНД. У рэспубліцы дзейнічае дэкрэт аб лічбавай эканоміцы, інфармацыйна-камунікацыйны сектар з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў для развіцця. Нацыянальная акадэмія навук – ядро інавацый і інтэлектуальны цэнтр – рэалізавала нямала амбіцыйных праектаў. Запусціўшы спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, Беларусь увайшла ў сусветную эліту касмічных дзяржаў. Нашы вучоныя распрацавалі лазеры новага пакалення, магутны персанальны суперкамп’ютар, унікальныя беспілотныя апараты. Праводзімыя беларускімі медыкамі аперацыі сведчаць аб сусветным узроўні развіцця медыцынскай дапамогі ў рэспубліцы. У транспланталогіі Беларусь апярэджвае многія еўрапейскія дзяржавы. Пабудавана Беларуская атамная электрастанцыя, увод якой значна павысіў энергетычную бяспеку краіны. Будучыня нашай народнай гаспадаркі – найноўшыя тэхналогіі, эканоміка ведаў. Перспектыўная мадэль – «Беларусь інтэлектуальная». Яе ключавыя кампаненты – суцэльная лічбавізацыя эканомікі і стварэнне IT-краіны, развіты неаіндустрыяльны комплекс, высокаінтэлектуальнае грамадства.
Пытанням аховы мацярынства і дзяцінства ў Беларусі ўдзяляецца прыярытэтная ўвага. Краіна ўваходзіць у лік дзяржаў з найбольш нізкімі паказчыкамі мацярынскай і дзіцячай смяротнасці, дасягнуты вялікія поспехі ў сферы рэпрадуктыўнага здароўя. У распараджэнні беларусаў – абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі РНПЦ «Маці і дзіця», Рэспубліканскі дзіцячы кардыяхірургічны цэнтр, сотні радзільных дамоў. У рэспубліцы дзейнічае доўгатэрміновы від падтрымкі шматдзетных сем’яў – сямейны капітал. Шматдзетным аказваецца дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання, а таксама пры падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, прадастаўляюцца льготы за карыстанне падручнікамі і пры аплаце харчавання ў дзіцячых садах і навучальных установах. Пры такой важкай падтрымцы дзяржавы колькасць шматдзетных сем’яў у рэспубліцы штогод павялічваецца. Маці, якія дастойна выхавалі пяцёра і больш дзяцей, атрымліваюць высокую дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці. У Беларусі сям’я разглядаецца не толькі як інструмент вырашэння дэмаграфічнай праблемы, але і як найважнейшы сацыяльны інстытут забеспячэння пераемнасці пакаленняў і фарміравання духоўных каштоўнасцей. Тэзіс «Моцная сям’я – моцная дзяржава» з’яўляецца адной са стратэгічных асноў, што кансалідуюць беларускае грамадства.
Напярэдадні Новага года і Калядаў у Беларусі традыцыйна праходзіць акцыя «Нашы дзеці», якая пераносіць юных грамадзян у чароўны свет самага доўгачаканага свята. Вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання і мясцовыя ўлады наведваюць дзяцей, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі: засталіся без бацькоўскай любові і цяпла або хварэюць. Да марафону добрых спраў далучаюцца бізнесмены, артысты, спартсмены, зоркі эстрады. Госці, як правіла, прыходзяць да дзяцей у суправаджэнні Дзеда Мароза, у мяшку якога кніжкі, камп’ютары, цацкі і, вядома ж, ласункі, без якіх немагчыма зімовая ўрачыстасць. А завяршаецца свята карагодам каля ёлкі. Да адной з самых маштабных дабрачынных ініцыятыў у краіне штогод далучаюцца тысячы неабыякавых сэрцаў. Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі, які ўжо не раз шчыра дзякаваў усім тым, хто адгукнуўся на яго заклік і напярэдадні калядных і навагодніх свят едзе да дзяцей. «Вы не ўяўляеце, калі вы гэтага не бачылі, як свецяцца радасцю вочы дзіцяці, яно на ўсё жыццё запомніць, што да яго прыйшлі, яго павіншавалі. Яно разумее, што патрэбна гэтай дзяржаве», – падкрэслівае беларускі лідар.
Спецыяльныя фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі створаны ў 1996 годзе. Гэта быў час, калі лепшыя маладыя кадры і дзеячы культуры імкнуліся выехаць за мяжу. Каб зацікавіць таленавітую моладзь жыць і працаваць на радзіме, дзяржава ўсур’ёз занялася падтрымкай беларускай навукі і нацыянальнай культуры. Фонды выплачваюць стыпендыі, прэміі, аказваюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу адораным юнакам і дзяўчатам. Іх місія – дапамагаць у арганізацыі нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд, фінансаваць удзел творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выставах, сімпозіумах і іншых мерапрыемствах у галіне культуры і мастацтва. Званне стыпендыята і лаўрэата прэзідэнцкага фонду – гэта не проста ўзнагарода. Гэта знак таго, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за далейшае станаўленне маладога таленту. За мінулыя гады дзясяткі тысяч чалавек атрымалі выплаты з фондаў Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі.
З моладдзю ў Беларусі звязваюць надзеі на дынамічны ўздым усіх сфер жыцця грамадства. Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў праходзіць у канцы чэрвеня. Кіраўнік дзяржавы ўручае ўзнагароды і віншуе самых таленавітых і перспектыўных выдатнікаў вучобы, пераможцаў міжнародных алімпіяд, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Побач з тымі, хто толькі атрымаў статус маладога спецыяліста, знаходзяцца выкладчыкі – суаўтары выдатных дасягненняў сваіх падапечных. На баль традыцыйна запрашаюцца кіраўнікі беларускіх ВНУ і высокія службовыя асобы рэспублікі. Прэзідэнт у сваім наказе нязменна жадае моладзі верыць у сябе, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і дасягаць іх, пастаянна папаўняць багаж ведаў, апраўдваць давер бацькоў і настаўнікаў. «Ваша шчасце – у вашых руках. І здабыць яго можна толькі працай і нястомным жаданнем зрабіць сваю краіну самай цудоўнай на Зямлі», – упэўнены Кіраўнік дзяржавы. У чэрвені 2023 года рэспубліканскі баль выпускнікоў, які атрымаў назву «На крылах мары», упершыню прайшоў у новым фармаце – пад адкрытым небам ля Палаца спорту ў Мінску. Яго гасцямі сталі амаль 5 тыс. выпускнікоў з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта маладыя людзі, якія маюць высокія дасягненні ў вучобе, грамадскай і дабрачыннай дзейнасці, спорце, культуры.
Бальныя сукенкі, фракі і жывая музыка… Напярэдадні Новага года сотні юнакоў і дзяўчат збіраюцца ў Палацы Незалежнасці, каб акунуцца ў эпоху класічных баляў XVIII стагоддзя. Запрашэнне на афіцыйнае мерапрыемства атрымліваюць студэнты і старшакласнікі, якія дабіліся асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Яркая праграма, сюрпрызы і сустрэча з кіраўніком дзяржавы – сапраўдны падарунак для беларускіх вундэркіндаў. Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ўвасабляе традыцыі знакамітых класічных баляў, але пакідае месца і сучасным тэндэнцыям: у другой частцы мерапрыемства гучаць сусветныя хіты эстраднай і джазавай музыкі. Аднак галоўнае патрабаванне застаецца нязменным: баль – панаванне бездакорнага густу, жывых стасункаў і цікавых знаёмстваў. Для юнакоў гэта магчымасць прадэманстраваць ветлівасць і галантнасць, а для дзяўчат – жаноцкасць і элегантнасць. Маладыя людзі, рыхтуючыся да важнага навагодняга мерапрыемства, вучацца пад кіраўніцтвам харэографа азам танцаў, падбіраюць шыкоўныя ўборы.
Дзень беларускага пісьменства адзначаюць у рэспубліцы ў пачатку верасня, у першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыйныя тэхналогіі і культура – тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню. Упершыню свята адбылося ў 1994 годзе ў Полацку. У 2017 годзе гонар прымаць фестываль, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў выпаў гэтаму старажытнаму гораду, дзе нарадзіўся вялікі асветнік і першадрукар Францыск Скарына. Сталіцамі свята за мінулыя 30 гадоў былі гістарычныя і культурныя цэнтры краіны, сярод якіх Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш. Гарады правядзення Дня беларускага пісьменства атрымліваюць новы імпульс у развіцці: у іх уводзяцца ў эксплуатацыю аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюцца помнікі архітэктуры і мастацтва. У Беларусь для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах у Дзень пісьменства прыязджаюць тысячы гасцей з розных краін свету. Ідэя фестывалю – прадэманстраваць непарыўную сувязь гісторыі беларускага пісьменства, заснаванай на славянскіх традыцыях, з сучаснасцю. На свяце праходзіць цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Для Беларусі захаванне гісторыка-культурнай спадчыны – справа першараднай важнасці. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў краіне адрадзілі вытворчасць знакамітых слуцкіх паясоў. Унікальная мастацкая з’ява XVIII стагоддзя лічыцца сусветным здабыткам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і неацэнным укладам беларускага народа ў культурную скарбніцу чалавецтва. Рэстаўрацыя гістарычных аб’ектаў патрануецца на дзяржаўным узроўні. Для гэтых работ з бюджэту выдзяляюцца немалыя фінансавыя сродкі. За гады суверэннай гісторыі былі адрэстаўрыраваны архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы і замкавы комплекс «Мір» – архітэктурныя помнікі, унесеныя ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Атрымаў другое жыццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – унікальны музейны комплекс, які аб’ядноўвае палац Румянцавых-Паскевічаў, капліцу-пахавальню, зімовы сад, аглядную вежу і цудоўны старадаўні парк. Адрэстаўрыраваны і рэканструяваны многія іншыя замкі і палацы, рэлігійныя і культурныя аб’екты. Усе работы па такіх праграмах выконваюцца, як правіла, рукамі беларускіх майстроў.
У старажытных беларускіх абрадах адлюстраваны гісторыя, побыт і дух народа. З іх дапамогай нашы продкі спадзяваліся ўберагчыся ад няшчасцяў. «Грамніцы», «Гуканне вясны», «Провады русалкі», «Радзімічы» – назвы народных святочных рытуалаў гавораць самі за сябе. Некаторыя з іх, напрыклад калядны абрад «Цары», унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці пераапранутыя, якіх называлі «царамі», напярэдадні Новага года абходзяць дамы вяскоўцаў, выконваюць у іх гонар песні і розныя сцэнкі. Старажытным абрадам «Багач» беларусы адзначаюць завяршэнне асенніх палявых работ. «Прыйшоў Багач – кідай рагач», – гаварылі ў народзе. Пад дажыначныя песні вясёлы народ ходзіць ад хаты да хаты і збірае ў драўляны «лубок» збожжа, якое захоўваецца да наступнага года.
Свята Купалле ў аграгарадку Александрыя бярэ свой пачатак у 2011 годзе. Штогод у пачатку ліпеня «Александрыя збірае сяброў» на маштабныя летнія народныя гулянні ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Усе мерапрыемствы праходзяць на беразе ракі Днепр, якая некалі была неад’емнай часткай вялікага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». У аснове свята, якое адлюстроўвае развіццё купальскіх традыцый, – культурны абмен паміж рознымі дзяржавамі. На яго прыязджаюць госці з розных краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Польшчы, краін Балтыі. Дэлегацыі прадстаўлены калектывамі народнай творчасці і майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гандлёвыя рады кірмашу з арыгінальнымі сувенірамі і нацыянальнымі стравамі цягнуцца на некалькі кіламетраў уздоўж маляўнічага ўзбярэжжа Дняпра. Госці атрымліваюць асалоду ад старадаўніх песень і танцаў, парацца ў лазні, варожаць, увечары праходзяць рытуал ачышчэння агнём, а затым адпраўляюцца на пошукі магічнай папараці, якая цвіце раз у год.
Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» – галоўная культурная падзея года, візітная картка краіны. Вось ужо трэць стагоддзя гэты буйнейшы форум праходзіць на старажытнай віцебскай зямлі і прымае гасцей з усіх кантынентаў. З 1995 года ён праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Аргенціна, Гвінея, Егіпет, Кітай, Куба, Мальта, Мексіка, Румынія, ЗША, Уругвай, Фінляндыя – за гэты час на радзіме Шагала пабывалі дзясяткі тысяч удзельнікаў з амаль 100 краін свету. У Летнім амфітэатры, на галоўнай сцэне фестывалю, прайшлі сотні канцэртаў, якія паспелі паглядзець мільёны гледачоў планеты. Валошка на лагатыпе форуму сімвалізуе чысціню і хараство Беларусі. Яркая, як неба, яна нібыта прызначана запаліць у мільёнах сэрцаў любоў да сапраўднага мастацтва, якое не ведае ні межаў, ні рэлігійных і палітычных рознагалоссяў. Фестываль садзейнічае развіццю дыялогу культур паміж рознымі народамі і краінамі. У горад над Дзвіной у ліпені прыязджаюць сусветныя зоркі і дэбютанты. Высакародная місія «Славянскага базару» сфармулявана ў яго дэвізе: «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення». Такую ж назву мае спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якую ён уручае на фестывалі.
Штогод уся Беларусь у канцы красавіка выходзіць на рэспубліканскі суботнік. Тысячы энтузіястаў – ад радавога грамадзяніна да кіраўніка дзяржавы – добраўпарадкоўваюць і азеляняюць тэрыторыі. Працоўны марафон праходзіць як на рабочых месцах, так і на выездзе. Гараджане і вяскоўцы наводзяць парадак на вуліцах, у скверах, дварах і парках. Школьнікі, настаўнікі, студэнты ачышчаюць зямлю ад зімовага смецця, падраўноўваюць клумбы, саджаюць дрэвы. Мужчыны, узяўшы ў рукі малаток, пілу, рыдлёўку, працуюць на будоўлях. Моладзь прыводзіць у парадак мемарыяльныя комплексы, мясціны воінскай славы. У агульнарэспубліканскім суботніку штогод прымаюць удзел мільёны чалавек. Мільярды рублёў, сабраныя на суботніках, ідуць на будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, патрэбы дзіцячых аздараўленчых лагераў, прывядзенне ў парадак гісторыка-культурных каштоўнасцей, помнікаў. Больш таго, у Беларусі 2018–2020 гады прайшлі пад знакам Года малой радзімы. Такая ініцыятыва стала добрай нагодай для таго, каб кожны грамадзянін мог унесці свой уклад у добраўпарадкаванне горада, вёскі або сяла, дзе ён нарадзіўся, і далучыць да гэтага землякоў. Нядзіўна, што чысціня і дагледжанасць – візітная картка Беларусі. Гэта адзначаюць шматлікія госці краіны.
Беларусь імкнецца захаваць сваю ўнікальную біялагічную разнастайнасць. Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, куды ўваходзяць запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі і помнікі прыроды, складае больш як 9% тэрыторыі краіны. Жамчужынамі прыроды Беларусі з’яўляюцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальныя паркі «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры», «Прыпяцкі», «Нарачанскі», заказнікі «Выганашчанскае», «Ельня», «Званец», «Альманскія балоты», «Асвейскі», «Спораўскі» і «Сярэдняя Прыпяць». Флора і фаўна, багацце лясоў і палёў ахоўваюцца на дзяржаўным узроўні. У Чырвоную кнігу Беларусі занесены 203 віды жывёл і 303 віды раслін. Зубру, цару Белавежскай пушчы, яшчэ ўчора пагражала знікненне з зямлі. Аднак дзякуючы намаганням дзяржавы іх колькасць дасягнула 2 833 асобіны і прадаўжае расці. Беларусь – першая ў свеце краіна па колькасці зуброў, якія жывуць свабодна. У рэспубліцы прывіваюцца беражлівыя адносіны да лясоў – галоўнага прыроднага здабытку краіны. У красавіку па ўсёй Беларусі праходзіць акцыя «Тыдзень лесу». Яе актыўна падтрымліваюць прадстаўнікі бізнесу, палітыкі, журналісты, дэпутаты, кіраўнікі розных ведамстваў і ўзроўняў. Як вынік – кожны год у краіне высаджваецца дзясятак мільёнаў саджанцаў.