Інтэлектуальная ўласнасць

Нацыянальная сістэма аховы і кіравання інтэлектуальнай уласнасцю ў Рэспубліцы Беларусь уключае наступныя структуры:

  • Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях;
  • дзяржаўная ўстанова "Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці";
  • службы па ахове і кіраванні інтэлектуальнай уласнасцю ў органах дзяржаўнага кіравання, навуковых і прамысловых арганізацыях, установах вышэйшай адукацыі;
  • судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт і Дзяржаўны мытны камітэт, якія ажыццяўляюць дзейнасць па абароне правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці;
  • патэнтныя павераныя і ацэншчыкі аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці і маёмасных правоў на іх.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці сфарміравана з удзелам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці з улікам міжнародных стандартаў.

Асноўныя палажэнні змяшчаюцца:

  • у Грамадзянскім кодэксе;
  • у законах
    • ад 5 лютага 1993 г. "Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання";
    • ад 13 красавіка 1995 г. "Аб патэнтах на сарты раслін";
    • ад 7 снежня 1998 г. "Аб прававой ахове тапалогій інтэгральных мікрасхем";
    • ад 17 ліпеня 2002 г. "Аб геаграфічных указаннях";
    • ад 16 снежня 2002 г. "Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры";
    • ад 17 мая 2011 г. "Аб аўтарскім праве і сумежных правах".

Беларусь удзельнічае ў двухбаковых міжнародных дагаворах па пытаннях інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ў шматбаковых міжнародных дагаворах САІУ, СНД і ЕАЭС. З 1995 года з'яўляецца членам Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, якая прадастаўляе магчымасць атрымання аховы вынаходстваў адначасова на тэрыторыі 8 дзяржаў.

Асноўныя мерапрыемствы па развіцці нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці рэалізуюцца ў адпаведнасці са стратэгіяй Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2012-2020 гады.

Штогод расце колькасць зарэгістраваных аб'ектаў права прамысловай уласнасці, якія ахоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай, рэгіянальнай і міжнароднай працэдурах. Па стане на студзень 2019 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь налічвалася больш за 127 тыс. дзеючых таварных знакаў.

Інтэнсіўна развіваецца рынак інтэлектуальнай уласнасці. З 2016 года зарэгістравана амаль 3 тыс. дагавораў адносна аб'ектаў права прамысловай уласнасці. Экспарт у галіне платы за карыстанне інтэлектуальнай уласнасцю ў параўнанні з 2016 годам павялічыўся ў тры разы і наблізіўся да адзнакі $100 млн.