Моманты
Журналісты, якія працуюць з Кіраўніком дзяржавы, ведаюць: большасць рабочых паездак Прэзідэнта выходзяць за рамкі спланаванага загадзя сцэнарыя. У выступленнях, сустрэчах Аляксандра Лукашэнкі з людзьмі заўсёды ёсць месца імправізацыі. I менавіта яна стварае тыя самыя непаўторныя Моманты, лепшыя Кадры, якія застануцца самымі яркімі ў гісторыі незалежнай Беларусі.
Кожны год вясной, калі прырода абуджаецца, Прэзідэнт разам з беларусамі прыводзіць у парадак самыя розныя аб'екты і тэрыторыі. Аб'ядноўвае іх заўсёды адно – гэта зроблена для людзей. Стадыён "Дынама", дзе на II Еўрапейскіх гульнях нашы атлеты пранеслі па ядры беларускі сцяг. Паліклініка, куды прыйдуць сем'і, дзяцей і бацькоў прымуць у светлых кабінетах. "Лінія Сталіна", дзе з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі з'явілася 75 дубоў, каб па гэтай алеі з удзячнасцю прайшлі потым дзеці і ўнукі…
Асаблівы час у прэзідэнцкім графіку – пераднавагоднія і калядныя дні. Яны літаральна прасякнуты імкненнем падарыць казку тым, хто так чакае яе. Пачынаючы з 1995 года ў Беларусі праходзіць акцыя "Нашы дзеці", у час якой клопатам акружаны тысячы маленькіх жыхароў краіны. Бліжэй да Новага года – яе доўгачаканая кульмінацыя, калі на Галоўную ёлку па запрашэнні Прэзідэнта збіраюцца дзеці – цэлы Палац Рэспублікі.
Для моладзі новая прыгожая традыцыя суверэннай Беларусі – баль у Палацы Незалежнасці. Звычайна строгі і афіцыйны, палац акунаецца ў атмасферу вытанчанасці і элегантнасці. У ім збіраюцца сотні студэнтаў і старшакласнікаў, таленавітых, якія дабіліся значных поспехаў у вучобе. Разам з імі на балі і беларускі лідар.
Нашы межы, як і сэрцы, заўсёды адкрыты для блізкіх духам.
Беларусь – адкрытая краіна. Краіна гладкіх дарог і вольнага ветру. Гэта цэняць многія нашы госці, у тым ліку байкеры з усяго свету, якія ўсё часцей пракладваюць праз Беларусь свае маршруты. Не супраць пракаціцца на матацыкле і Кіраўнік дзяржавы. Не раз узначальваў байкерскую калону, разам з сынамі. Аляксандр Лукашэнка – матацыкліст са стажам. У дапрэзідэнцкія гады была "Ява", потым "Мінск". Хтосьці скажа – забава, а хтосьці ўбачыць вялікую палітыку. Над мотапатокам развяваюцца сцягі дзясяткаў краін з Захаду і Усходу. Побач з беларускім Прэзідэнтам – сотні байкераў. У Беларусі яны жаданыя госці, бо віза ўдзельнікам байкерскага фестывалю не патрэбна.