Удзел у рэспубліканскім суботніку
- 21
- 3:59
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, высадзіўшы дрэвы на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна".
Перад пачаткам работ Аляксандру Лукашэнку расказалі аб развіцці комплексу і арганізацыі новых экспазіцый. Было адзначана, што "Лінія Сталіна" стваралася на аснове фартыфікацыйных збудаванняў Мінскага ўмацраёна, якія адыгралі важнае значэнне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тым супрацоўнікі комплексу заўважылі, што ў даваенныя гады тут было пабудавана каля 7 тыс. дотаў, якія прыкрывалі тэрыторыю на працягу 1,6 тыс. км, але частка мясцовасці заставалася без абароны. Пры гэтым доты ствараліся супраць пяхоты і кавалерыі, яны не маглі процістаяць танкавым войскам.
"Калі б мы сур'ёзна паставіліся да гэтага ўмацраёна, мерапрыемстваў, для чаго ён быў прызначаны, то немцам было б не так проста яе пераадолець", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля знаёмства з тэрыторыяй комплексу і экспазіцыямі Прэзідэнт прыняў удзел у пасадцы дрэў. У гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на "Лініі Сталіна" высадзілі 75 дубоў на месцы асноўнай экспазіцыі экскурсійнага маршруту па дотах Мінскага ўмацраёна. Таксама пасаджаны 30 сосен у гонар вываду кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана.
Аляксандр Лукашэнка паназіраў за трэніроўкай беларускага экіпажа па танкавым біятлоне і паразмаўляў з ваеннаслужачымі, пажадаўшы ім далейшых удачных выступленняў і перамог. Было адзначана, што ваенныя ў Беларусі лічацца аднымі з лепшых у гэтым майстэрстве.
Пасля гэтага Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ. Прэзідэнт адзначыў, што суботнікі з'яўляюцца тым лепшым з савецкага мінулага, што трэба было прыўнесці ў сучаснасць. На думку Прэзідэнта, сёння ў Беларусі няшмат людзей лічаць суботнікі перажыткам мінулага. Аднак, калі ў краіне толькі пачыналі адраджаць гэту даўнюю савецкую традыцыю, Прэзідэнту давялося "фактычна ўгаворваць" людзей.
"Добра, што ў нас ёсць людзі старэйшага пакалення, якія хадзілі на суботнікі, якія тады іх шанавалі і шануюць да гэтага часу. Яны мне добра дапамаглі. Яны пайшлі за мной, а за намі пацягнулася наша моладзь - яна адгукаецца на добрае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ў рэчышчы той палітыкі, якую заўсёды прапаведваў: нельга нічога перакрэсліваць са сваёй гісторыі, паколькі гэта ў нас было, з таго мінулага трэба ўзяць усё лепшае. Я лічыў, што суботнік - гэта тое лепшае з мінулага, што мы павінны прыўнесці ў сучаснасць".
У мінулым годзе Кіраўнік дзяржавы прымаў удзел у рэспубліканскім суботніку на сваёй малой радзіме. Улічваючы, што гэты год таксама прысвечаны гэтай тэматыцы, журналісты думалі, што ён зноў адправіцца ў Александрыю. Прэзідэнт растлумачыў, што там ужо навялі належны парадак, таму цяпер ён выбраў іншы рэгіён.
"Я вырашыў, што трэба на "Лініі Сталіна" ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі высадзіць 75 раслін нашага самага лепшага дрэва - дуба. Праз некаторы час мае дзеці, унукі прыйдуць і паглядзяць на гэту алею, якую мы тут высаджвалі. А некаторым гэта дадатковы сігнал, што трылогія "Малой радзімы" жыве і нам трэба і ў гэтым годзе, і ў наступным папрацаваць так, каб не засталося плям на нашай цудоўнай, прыгожай Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што падзеі ваенных гадоў, якія развіваліся ў раёне "Лініі Сталіна", вучаць быць гатовымі да адбіцця агрэсіі. "Гэта ўрок, гэта тая невядомая гісторыя нашай краіны, якую мы павінны ведаць. І гэты ўрок падштурхоўвае нас да таго, каб порах трымаць сухім і каб мы заўсёды былі гатовыя з любога боку адбіць агрэсію супраць нас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі ствараўся гісторыка-культурны комплекс, было шмат праціўнікаў гэтага, якія абвінавачвалі ўладу ва ўвекавечванні памяці аб Сталіне.
"Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае. Я адраджаў гэты аб'ект, які сведчыць аб той частцы гісторыі, якая была ў нас, і якую, на жаль, на той час няправільна разумелі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Нават, паводле яго слоў, былі спробы з боку некаторых чыноўнікаў спыніць будаўніцтва комплексу: "Хапала людзей, якія працавалі ў дзяржаўных органах і спрабавалі некага нахіліць, процістаяць, каб гэта не было створана".
Комплекс "Лінія Сталіна" ствараўся на аснове фартыфікацыйных збудаванняў Мінскага ўмацраёна, якія ў гады вайны былі размешчаны на працягу 2 тыс. км. Праўда, уздоўж гэтай лініі заставаліся і неабароненыя раёны.
"Калі б ён спрацаваў тут, як уяўлялася, немцам было б вельмі цяжка. Я лічу, што фашысты яго наўрад ці пераадолелі б, - адзначыў Прэзідэнт. - З-за галавацяпства - і гэта наш урок - мы страцілі Беларусь на працягу месяца-паўтара. Нічога не засталося ад Беларусі. Дзе змагаліся па-сапраўднаму - на 20-25 дзён затрымлівалі фашыстаў".
Цяпер, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі рэгулярна ўдасканальваюць армію - у залежнасці ад развіцця міжнароднай абстаноўкі, з'яўлення новых спосабаў весці канфлікты і баявыя дзеянні. Акцэнт зроблены на мабільных войсках, паколькі танкавымі калонамі і фронт на фронт ужо ваяваць не будуць, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Будуць тэрарыстычныя групы, будуць закідваць у тыл, таму з'явілася тэрытарыяльная абарона, каб людзі самі абаранілі сябе і свае сем'і ў глыбіні. А ў нас мабільныя сілы: нехта прарваўся - праскочылі туды, разбамбілі, верталёты дапамаглі, знішчылі і пайшлі", - дадаў Прэзідэнт.
Вяртаючыя да значэння комплексу "Лінія Сталіна", Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты гісторыка-культурны аб'ект запатрабаваны не толькі на постсавецкай прасторы. Сюды прыязджаюць турысты і з Заходняй Еўропы, каб паглядзець на тэхніку ваенных гадоў і сучаснае ўзбраенне.
"Мы будзем і далей расшыраць гэту пляцоўку для таго, каб выхоўваць патрыётаў, здольных абараніць не толькі сябе, сваю сям'ю і дзяцей, але і нашу краіну", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
У ходзе размовы Прэзідэнту было зададзена пытанне наконт нервовай рэакцыі некаторых палітыкаў, у тым ліку ў Расіі, наконт фразы, сказанай напярэдадні ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што той, хто асмеліцца знішчыць Беларусь, Прэзідэнт гэта ці Урад, будуць пракляты беларускім народам, а хто асмеліцца зрабіць гэта сілай - атрымае магутнейшы адпор.
"Там унутраны фактар і знешні (у гэтым выказванні. - Заўвага). Гэта тэма актуальная. І калі я звярнуўся да яе, я проста вырашыў такім чынам сваімі думкамі (падзяліцца. - Заўвага), якімі мучуся, пакутую і балею. Можа, нават узмацніць, зрабіць акцэнт на гэтым", - дадаў ён. Паводле яго слоў, унутраны аспект быў звязаны з тым, што часам выказваюцца меркаванні, нібыта Лукашэнка, яшчэ нехта хочуць Беларусь уключыць у склад нейкай дзяржавы. "Калі Лукашэнка гэта зробіць, ён будзе пракляты народам. Гэта датычылася ўнутранага боку пытання, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца знешняга, гісторыя ведае, колькі было выпадкаў, калі сілай тую ці іншую дзяржаву ўключалі ў склад іншай дзяржавы. Таму гэта быў і знешні акцэнт, калі нехта асмеліцца - атрымае адпор".
"Дарэмна пакутуюць некаторыя палітыкі, асабліва ў Расіі. Я атрымаў усю гэту інфармацыю: ах, гэта супраць Расіі. Фразы гэтыя былі накіраваны супраць тых, хто паспрабуе гэта зрабіць. Гэта па-першае. Па-другое, наколькі я разумею, шчыра кажу, Расія - гэта, можна сказаць, апора і нашага суверэнітэту. Не дай бог нешта здарыцца, я да гэтага часу лічу, што мы з Расіяй будзем у акопах разам. Таму не трэба пакутаваць некаторым у Расіі палітыкам і браць на сябе вось гэтыя фразы, нібыта яны адрасаваны Расіі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым дадаў, што ён не сустракаў ні геаграфічных, ні адміністрацыйных, ні палітычных карт свету або Еўропы, дзе граніца Расійскай Федэрацыі праходзіла б пад Мінскам ці далей. "Гэтага мы нідзе не бачылі і не сустракалі. Далей не хачу прадаўжаць. Іншыя карты ёсць. Таму тым трэба думаць і ў свой адрас успрымаць сказанае", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы таксама папрасілі пракаменціраваць даволі нервовую рэакцыю пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча на тэму БелАЭС пасля праведзенага Паслання. "Я не буду каменціраваць гэты момант. Няправільна будзе, калі я буду каменціраваць, хоць маю сваё меркаванне. Пасол Расіі - гэта прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі - майго добрага сябра (ён яго рэкамендаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі. Яны разбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены. Гэта старажытная, з добрымі традыцыямі краіна, якая цудоўна разумее, як павінен сябе паводзіць той ці іншы пасол як у Расіі, так і за яе межамі. Тут нават каменціраваць няма чаго. Гэта расійскі пасол, і Расія з ім разбярэцца сама", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У час размовы закраналася пытанне прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі застануцца цёплыя адносіны з гэтай дзяржавай незалежна ад выніку прэзідэнцкіх выбараў. "Каго б украінскі народ ні выбраў Прэзідэнтам, у нас застануцца самыя добрыя і цёплыя адносіны з гэтай краінай, - перакананы Прэзідэнт. - Калі гэта будзе Пётр Парашэнка, нам нічога не трэба выбудоўваць: мы нашы адносіны выбудавалі. Бывала добра, бывала горш, але мы заўсёды знаходзілі вырашэнне пытанняў".
Гаворачы аб кандыдатуры Уладзіміра Зяленскага, Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што гэты чалавек новы ў палітыцы і нывопытны. Аднак і сам Аляксандр Лукашэнка ў пачатку прэзідэнцкай работы быў такім жа. "Я таксама быў калісьці яшчэ маладзейшым і больш нявопытным, таму ці мне ацэньваць Зяленскага? Але я перакананы, што, калі краіна вызначыцца і выбера Зяленскага, мы выбудуем такія ж добрыя адносіны, - заявіў Прэзідэнт. - Калі ўжо сумленна казаць, тут ад Лукашэнкі, Парашэнкі і Зяленскага мала што залежыць. Залежыць больш ад народа, ад таго, што мы родныя і жывём побач".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, калі якія-небудзь палітыкі ў Беларусі або Украіне не разумеюць гэтых ісцін, то яны асуджаны на няўдачу. "Таму, каго б ні выбралі ва Украіне, мы з імі знойдзем агульную мову, выбудуем добрыя адносіны. Мы заўсёды будзем супрацоўнічаць у інтарэсах двух народаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар сказаў, што праведзеныя ў Кіеве дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Украіны Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Зяленскага не прынеслі нікому з іх пераваг. "Я першапачаткова не прыняў такую форму размовы. Але, напэўна, у цяперашняга Прэзідэнта і выбару не было. Яго паклікалі, і адмовіцца неяк нязручна: палічаць, што баязлівец. Валодзя Зяленскі спецыяліст у гэтым плане, ён, як сам сябе называе, шоўмен, артыст", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што любы Кіраўнік дзяржавы хоча добра выглядаць перад грамадзянамі і з'яўляецца тварам свайго народа. Кожны палітык у нейкай ступені з'яўляецца артыстам. "Не трэба яго (Уладзіміра Зяленскага. - Заўвага) папракаць у тым, што ён артыст, - сказаў Прэзідэнт. - Што датычыцца Пятра Парашэнкі, вы ўчора заўважылі: ён абсалютна ні ў чым не ўступаў Валодзе Зяленскаму. Гэта баец і сапраўдны палітык".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з цікавасцю сачыў за дэбатамі двух кандыдатаў, але перажываў, каб не адбылося канфліктаў паміж іх прыхільнікамі. "Калі збіраюцца тысячы людзей розных поглядаў, і ёсць людзі, настроеныя жорстка... Я баўся, каб нешта не адбылося непрадказальнае. Не дай бог, там загінулі б людзі - гэта была б вялікая трагедыя і для Украіны, і для Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Разважаючы аб выніках дэбатаў, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ніхто ніякіх пераваг не атрымаў. Магчыма, Уладзімір Зяленскі разлічваў, што дзякуючы харызме будзе выглядаць больш выйгрышна. Аднак Пётр Парашэнка не ўступаў яму ў гэтым.
"Я думаю, Пётр Парашэнка нічога не страціў, а Валодзя Зяленскі нічога дадаткова не атрымаў. Яны засталіся пры сваім. Але галоўны вывад з гэтага - ім удалося, асабліва дзеючаму Прэзідэнту, прымусіць за гэтыя двое сутак народ сур'ёзна падумаць і асэнсаваць каштоўнасць і важнасць галасавання", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка шчыра выказаў сваю пазіцыю наконт таго, як павінна быць добраўпарадкавана ўрочышча Курапаты. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не трэба перабольшваць градус палітызацыі адпаведнай тэматыкі. "Людзі сёння заняты на заводах, фабрыках, сеюць хлеб, разумеючы, што без гэтага нельга. Яны нават не ведаюць пра нашы хітраспляценні, нейкія дэбаты, градусы. А тыя, хто гэта чуе, задаюцца пытаннем: што, больш няма чаго рабіць? Іншыя пытаюцца, хто больш у тэме: "Што, зноў?" На Курапатах жа выраслі многія нашы апазіцыйныя палітыкі, - сказаў Прэзідэнт. - І мне здавалася, што тэма Курапат стала той, якая павінна быць у грамадстве. Я ўжо думаў, што ніхто больш не будзе гэту праблему палітызаваць, і ніхто не будзе нажывацца на гэтай тэме як палітык. А не...".
Гаворачы аб навядзенні ў Курапатах парадку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на "Вялікай размове" я сказаў: "Добра, калі на тое пайшло, трэба Прэзідэнту і тут парадак навесці, я пастараюся". Людзі, якім было даручана, з душой прыйшлі, вычысцілі гэту тэрыторыю, абнеслі лёгкай агароджай. Там яшчэ не завершана. На агароджу мы вывесім кветкі, як на праспекце Пераможцаў на раздзяляльнай паласе. Мы зробім вароты, каб туды людзі маглі зайсці і выйсці".
Кіраўнік дзяржавы расказаў і аб іншых прычынах, чаму было прынята рашэнне ўстанавіць агароджу. Паводле яго слоў, даходзіла да таго, што некаторыя людзі спраўлялі ў гэтым месцы свае фізіялагічныя патрэбнасці. "Мне сорамна нават вам гаварыць, калі мне паказалі фатаграфіі, что там робіцца... Стаіць за дрэвам лайдак, "бел-чырвона-белы сцяг", і палівае гэта дрэва. Там жа ні прыбіральняў, нічога не было. Яны прыйшлі - хто пракалоўся, хто нанюхаўся гэтай брыдоты... Але, самае галоўнае, не было агароджана: людзі выгульвалі сабак па гэтых магілах, па галовах людзей, якія там ляжаць, якім не патрэбна гэта палітыка. Сапраўдныя могілкі, дзе людзі пахаваныя, і ніхто не ведае, дзе гэта магілка", - канстатаваў беларускі лідар.
"І паглядзіце, там крыжоў паўбівалі на гэтых могілках больш, чым дрэў. А ты, калі забіваў гэты крыж, думаў аб тым, што там галава загінулага чалавека, што ты ўбіваеш гэты крыж у яго цела ці галаву. Калі ўжо хацелі гэтыя крыжы там прымацаваць, дык вазьміце гэтых "пакутуючых" католікаў і праваслаўных, якія раптам узбудзіліся (свяшчэннаслужыцелі), пайдзіце туды, асвяціце і прывяжыце гэты крыжык да дрэва, каб у галаву не ўбіваць гэты крыж там", - прадоўжыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і аб крыжах вышынёй некалькі метраў, якія раней былі ўстаноўлены па перыметры ўрочышча. "Гэта што, для тых людзей?! Гэта палітыка, гэта трэба было паказаць. А што паказаць, я не разумею", - адзначыў ён.
"Таму я даручыў па-хрысціянску, па-мусульманску, па-іўдзейску (там жа розныя людзі). І нехта з мусульман правільна заўважыў, калі католікі там пачалі абурацца: чаго вы, кажа, злуяцеся - там жа і мусульмане, і яўрэі, не толькі хрысціяне - праваслаўныя і католкі", - расказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тыя крыжы па 5-7 м вышынёй былі ўстаноўлены не ад душы і небескарысліва. "Я спрабаваў зрабіць ад душы. І гэта яшчэ не канец. Мы прывядзём у парадак гэта ўрочышча. Мы папросім прабачэння перад гэтымі людзьмі за тое, што мы варушым іх прах. Яны ж адтуль на нас глядзяць і думаюць: "Людзі, навошта вы, пакіньце нас у спакоі". Яны гэтага хочуць. Любы памерлы чалавек, які знаходзіцца там, у зямлі, думае толькі адно: "Я пайшоў, жывіце вы, доўга жывіце, толькі не варушыце мой прах". А мы кожны год, палітызуючы праблему, топчамся па іх галовах. Гэта ненармальна. Гэта мой пункт гледжання. Можа, у некага іншы, - сказаў беларускі лідар. - Можа, які-небудзь іншы Прэзідэнт прыйдзе і пачне шукаць нейкі кансэнсус і зноў перакапае гэтыя магілы. Пакуль я Прэзідэнт, гэтага не будзе".
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што будзе пэўны парадак і правілы, пры гэтым нікому не будзе забаронена наведваць урочышча. "Але па гэтых правілах. І аддаць даніну павагі тым, хто быў застрэлены ў 30-я, 40-я, яшчэ ў нейкія гады. Мы сёння нават не ведаем: гэта толькі сталінскія рэпрэсіі або там хавалі яшчэ кагосьці, або там фашысты расстрэльвалі людзей. Мы ж гэтага не ведаем. І я не прыхільнік, каб зноў капацца ад раскопак да архіваў. Трэба аддаць даніну павагі тым, хто там ляжыць. Не трэба іх падзяляць на яўрэяў, украінцаў, рускіх, палякаў ці беларусаў. Гэта нашы людзі, нават калі іх туды прывезлі з Расіі, Украіны або Аўстрыі. Не трэба іх варушыць. Ім трэба аддаць даніну павагі, як мы гэта робім у "Трасцянцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Думаю, надыдзе час. Мне трэба яшчэ сур'ёзна падумаць над гэтымі пытаннямі. І калі мы канчаткова добраўпарадкуем гэта ўрочышча, мы яшчэ на гэту тэму пагаворым", - рэзюмаваў беларускі лідар.
На заканчэнне размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што правядзенне суботніка і, у прыватнасці, работы па азеляненні, высадцы дрэў паслужаць дадатковым сігналам, што трылогія пад знакам Года малой радзімы ў Беларусі прадаўжае рэалізоўвацца. "Некаторым гэта дадатковы сігнал аб тым, што трылогія "Малой радзімы" жыве. І што нам трэба будзе і ў гэтым годзе, і яшчэ ў наступным папрацаваць так, каб не засталося плям на нашай цудоўнай, прыгожай Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што больш за ўсё Беларусь прыгожая прадстаўніцамі жаночага полу, якія жывуць у ёй. "Я шчыра ўпэўнены, я аб'ехаў увесь свет: лепшых за нашых дзяўчат і жанчын няма нідзе. Гэта не дзяжурная фраза. Калі і ёсць прыгожыя знешне, то збалаваныя ўнутрана. А ў нас яшчэ вось гэта (у тым ліку ўнутраная прыгажосць. - Заўвага) у вас захавалася. Гэта галоўная наша прыгажосць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных прадстаўніц СМІ.
Журналісты пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, які куток Беларусі яму бліжэй за ўсё, што ён параіў бы наведаць турыстым. Прэзідэнт адзначыў, што, вядома, яму блізкая яго малая радзіма, але ён любіць Беларусь у цэлым. "Мая радзіма - гэта не толькі ўсход Беларусі, дзе я вырас, скончыў школу", - падкрэсліў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым ён нагадаў, што праходзіў ваенную службу ў раёне Брэста, і гэта таксама частка яго жыцця. Тое ж датычыцца Гродна, адкуль Кіраўнік дзяржавы фактычна пачынаў сваю першую перадвыбарную кампанію. Зразумела, яму блізкія і Магілёў, Горкі, дзе будучы прэзідэнт атрымліваў вышэйшую адукацыю...
Асаблівыя ўспаміны Кіраўніка дзяржавы звязваюць з поўднем Беларусі - Палескім рэгіёнам у цэлым, Гомельскай вобласцю. Ён нагадаў, што пасля развалу Савецкага Саюза там разгарнуўся рух па ўтварэнні Палескай рэспублікі. Кіраўнік дзяржавы тады прыехаў у гэты рэгіён і сустракаўся з мясцовымі жыхарамі, цікавіўся іх праблемамі, стараўся вырашыць вострыя сацыяльныя пытанні. Успомніў Прэзідэнт і аб сваім удзеле ў касьбе на Палессі, што ў тым ліку павысіла ўзровень даверу да яго сярод мясцовых жыхароў. "Мужыкі стаяць (і кажуць. - Заўвага): "Гэна наш", гэта значыць, яны мяне прынялі там. Пасля гэтага я не чуў ніякіх размоў аб Палескай народнай рэспубліцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і цяпер рэгулярна бывае на Прыпяці ў розны час года. Акрамя таго, з паўднёвым усходам краіны Прэзідэнта звязвае работа па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "І да гэтага часу гамяльчане на прэзідэнцкіх выбарах галасуюць лепш, чым у мяне на радзіме, - заўважыў беларускі лідар. - Аддаюць тым самым мне належную за тое ўвагу, якую я ўдзяляў пераадоленню чарнобыльскай катастрофы".
Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў і пра поўнач Беларусі - Віцебскую вобласць. "Старажытны Полацк - наша святыня, а Віцебск - сучасная святыня, дзе пастаянна праходзіць "Славянскі базар". Браслаўскія азёры - там дзяржаўны дом, куды я вызджаю часта, калі працую на поўначы. Цудоўны край. Мы на працягу некалькіх гадоў Віцебскі край прывядзём у парадак. Людзі будуць імкнуцца там адпачыць, пабываць там", - сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца Мінска, то і ў мінулыя гады з гэтым горадам Кіраўніка дзяржавы звязвалі пэўныя ўспаміны. І цяпер ён фактычна жыве ў сталіцы як гарадскі жыхар, ён прызнаўся, што па сваёй сутнасці як быў вясковым, так і застанецца. "Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Кропкава я прайшоў па ўсёй краіне і там усюды дзесьці засталася частачка мяне, таму самі рабіце высновы, куды мне хочацца больш за ўсё прыехаць. Я куды ні прыеду, мне ўсюды добра", - рэзюмаваў Прэзідэнт.