Прысядзібная гаспадарка
Кіраўнік дзяржавы не баіцца эксперыментаваць – першым высаджвае новыя сарты і віды сельскагаспадарчых культур. У прэзідэнцкай гаспадарцы ёсць і жывёлы: коні, каровы, козы, авечкі, трусы, птушкі, каты і сабакі. Многія з іх не раз станавіліся героямі тэлерэпартажаў. Праца на роднай зямлі для Прэзідэнта – магчымасць адпачыць, успомніць дзяцінства, калі сам вадзіў каня па полі, акучваў бульбу... А яшчэ гэта сур'ёзныя фізічныя нагрузкі. Хто з дзяцінства прывучаны трымаць касу ў руках, гэта ведае. Трава і сена прэзідэнцкага ўкосу (а часам і ад рук высокіх гасцей) заўсёды спатрэбяцца ў гаспадарцы.
І, вядома, праца на роднай зямлі дае магчымасць не спяшаючыся падумаць пра простае і важнае. Пра тое, што час усё вяртае да вытокаў. Што месцы сілы – сваёй, свайго народа – трэба захоўваць. Пра тое, як важна берагчы сваё. Выстаяць у сённяшнім вялікім свеце можна толькі на моцных каранях. На сваёй зямлі. А зямлі, як вядома, патрэбны гаспадар. Моцная рука, што не баіцца працы і гатова перадаваць веды і сілу дзецям і ўнукам, навучыць блізкіх і сяброў. Самыя моцныя людзі – ад зямлі. Так было, ёсць і так будзе.
А яшчэ мы ведаем дакладна, што шчасце, дабро памнажаецца дзяленнем. І сэнс працы надае магчымасць падзяліць яе з блізкімі, падзяліцца вынікамі сваёй працы з тымі, каму больш патрэбна. З году ў год гэта нязменная традыцыя: ураджай ад Прэзідэнта – у кладоўках і на сталах у дзіцячых дамах і дамах састарэлых.
Агародніну з прэзідэнцкіх градак каштавалі многія вядомыя людзі, якія прыязджалі да нас у госці.
Беларуская бульба і наогул наш брэнд. Дала свой прырост на градках нумар адзін Грузіі, ідзе мяшкамі розных сартоў на сталы артыстаў, дыпламатаў і высокіх сяброў – Прэзідэнта, краіны і беларусаў.