Грамадскія аб'яднанні

Па стане на 1 студзеня 2026 г. у рэспубліцы зарэгістравана 4 палітычныя партыі і 844 аргструктуры палітычных партый, 19 прафесійных саюзаў (15 рэспубліканскіх прафсаюзаў, 1 тэрытарыяльны і 3 прафсаюзы ў арганізацыях) і 27 466 аргструктур прафесійных саюзаў, 1 337 грамадскіх аб'яднанняў (121 міжнароднае, 290 рэспубліканскіх і 926 мясцовых) і 47 812 аргструктур грамадскіх аб'яднанняў, 43 саюзы (асацыяцыі) грамадскіх аб'яднанняў, а таксама 7 рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 г. "Аб асновах грамадзянскай супольнасці" Міністэрствам юстыцыі да суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія маюць права на ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) у асаблівых формах, аднесены Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын" і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Асаблівымі формамі ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і суб'ектаў грамадзянскай супольнасці з'яўляюцца:

  • выбранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ў прадугледжаным законам парадку;
  • правядзенне сустрэч з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, прамых тэлефонных ліній, дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, выязных прыёмаў грамадзян у мэтах збору і выпрацоўкі прапаноў для вынясення на абмеркаванне Усебеларускага народнага сходу;
  • удзел у рэалізацыі рашэнняў Усебеларускага народнага сходу.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) – нацыянальны прафцэнтр, самая масавая грамадская арганізацыя краіны.

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне "Белая Русь" выступае як стратэгічны грамадскі партнёр дзяржавы і бярэ на сябе задачы шырокага ўключэння грамадзян у працэсы прыняцця важных для краіны рашэнняў, фарміравання культуры адказнасці за будучыню Беларусі і ўмацавання сацыяльнай стабільнасці.

Сацыяльнай апорай Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" з'яўляюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім неабыякава будучыня краіны і іх дзяцей.

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" налічвае ў сваіх радах больш за 242 тыс. чалавек. У аб'яднанне ўваходзяць 6 абласных, Мінская гарадская, 146 раённых, гарадскіх і раённых у гарадах арганізацый, 12 арганізацый па вытворчым прынцыпе і больш за 8 820 пярвічных арганізацый.

У Беларусі актыўна развіваецца маладзёжны рух. Буйнейшымі і найбольш уплывовымі з арганізацый з’яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.

БРСМ аб’ядноўвае звыш 410 тыс. юнакоў і дзяўчат, у шэрагах піянерскай арганізацыі – больш як 635 тыс. акцябрат і піянераў ва ўзросце 7-14 гадоў.

Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны прымаюць ветэранскія, жаночыя і спартыўныя арганізацыі.