Біяграфія Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнкі
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка - першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Яго называюць "палітыкам ад народа", "самым народным Прэзідэнтам", "Бацькам". Біяграфія беларускага лідара з самых ранніх гадоў была няпростая і насычаная. Але менавіта цяжкасці, якія даводзілася пастаянна пераадольваць, загартавалі стальны характар, навучылі па-сапраўднаму працаваць, выхавалі яркія лідарскія якасці.
1954-1971 гг.
Нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў г.п.Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна. З дзяцінства быў актыўным, па-за вучобай захапляўся спортам і музыкай, быў галоўнай апорай для маці, якая выхоўвала сына адна.
1971-1975, 1981-1985 гг.
У Аляксандра Лукашэнкі дзве вышэйшыя адукацыі. У 1975 годзе будучы Прэзідэнт скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова з дыпломам гісторыка. У 1985 годзе - Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, атрымаўшы спецыяльнасць "эканаміст".
1975-1977, 1980-1982 гг.
У 1975 годзе Аляксандр Лукашэнка быў прызваны ў армію, служыў у пагранічных войсках, быў інструктарам палітаддзела Заходняй пагранічнай акругі (г.Брэст). У 1980-1982 гадах - служба ў радах Савецкай Арміі на пасадзе намесніка камандзіра роты па палітрабоце воінскай часці.
1977-1990 гг.
За 13 гадоў - з 1977 па 1990 год - Аляксандр Лукашэнка прайшоў усе ступені народнай школы ўпраўленца. Па камсамольскай лініі: сакратар камітэта камсамола аддзела прадгандлю г.Магілёва, інструктар Кастрычніцкага райвыканкама г.Магілёва, адказны сакратар таварыства "Веды" г.Шклова. Вопыт "ад зямлі": намеснік старшыні калгаса "Ударнік" Шклоўскага раёна, намеснік дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў г.Шклова, сакратар парткама калгаса імя У.І.Леніна. У 33 гады Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў саўгас "Гарадзец" Шклоўскага раёна (кіраваў ім з 1987 па 1994 год).
1990-1994 гг.
У 1990 годзе Аляксандр Лукашэнка быў выбраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Узначальваў камісію Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры дзяржаўных органах кіравання. У чэрвені 1993 года ўзначаліў парламенцкую камісію па барацьбе з карупцыяй.
1994-2001 гг.
10 ліпеня 1994 года пасля складанай барацьбы з пяццю іншымі кандыдатамі Аляксандр Лукашэнка выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У другім туры галасавання, дзе яго сапернікам стаў Старшыня Савета Міністраў В.Кебіч, Аляксандра Лукашэнку падтрымалі 80,3% прыняўшых удзел у галасаванні грамадзян. Першыя гады Прэзідэнцтва поўнасцю былі прысвечаны выкананню галоўнага абяцання, дадзенага выбаршчыкам, - "адвесці краіну ад бездані".
2001-2006 гг.
9 верасня 2001 года Аляксандр Лукашэнка зноў выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У першым ужо туры галасавання дзеючы Прэзідэнт атрымаў 75,6% галасоў выбаршчыкаў. Асноўным прыярытэтам другога Прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі стала ўмацаванне нацыянальнай дзяржаўнасці на аснове паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У выніку Беларусь першая на постсавецкай прасторы пераадолела эканамічную разруху.
2006-2010 гг.
19 сакавіка 2006 года адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Лукашэнка быў выбраны на трэці тэрмін, атрымаўшы падтрымку 83% выбаршчыкаў. Наступныя пяць гадоў актыўнае эканамічнае развіццё было накіравана на паляпшэнне якасці жыцця людзей, барацьбу з бюракратызмам. Беларусь у поўнай меры сфарміравалася як развітая сацыяльная дзяржава.
2010-2015 гг.
Пераканаўчую перамогу - 79,6% галасоў выбаршчыкаў - Аляксандр Лукашэнка атрымаў 19 снежня 2010 года і быў перавыбраны на пасаду Кіраўніка беларускай дзяржавы. У гэты перыяд шырокамаштабная мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне далі магчымасць паспяхова пераадолець наступствы сусветных эканамічных крызісаў. Прэзідэнт выступіў ініцыятарам еўразійскіх інтэграцыйных праектаў. У Мінску заключаюцца пагадненні аб спыненні агню ва Украіне. Беларусь атрымлівае прызнанне як донар міжнароднай бяспекі.
2015-2020 гг.
11 кастрычніка 2015 года зноў выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы падтрымку 83,5% галасоў выбаршчыкаў. Беларусь пераходзіць на новы тэхналагічны этап: развіваецца лічбавая эканоміка і атамная энергетыка, рэалізуюцца маштабныя інвестыцыйныя праекты ў розных сферах. У складаных міжнародных умовах Беларусь адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы, умацоўвае суверэнітэт і незалежнасць, пазіцыі на інтэграцыйных пляцоўках.
2020 год - цяперашні час
На прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. У Беларусі, нягледзячы на існуючыя выклікі (у тым ліку пад уплывам пандэміі каранавіруснай інфекцыі і эканамічнага крызісу ў свеце), забяспечваецца ўстойлівая работа эканомікі, захоўваецца сацыяльная накіраванасць. Дадзены старт працэсу важных грамадска-палітычных пераўтварэнняў. У знешняй палітыцы краіна застаецца адкрытай для канструктыўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі без выключэння партнёрамі, захоўваючы прыхільнасць да існуючых саюзніцкіх адносін.