На кантролі Прэзідэнта

Неабыякавасць. Галоўная і найважнейшая рыса для чалавека, надзеленага ўладай, для лідара любой краіны. Аляксандр Лукашэнка яе дэманструе з першых дзён прэзідэнцтва. Ёсць праблема - значыць трэба ўнікнуць, разабрацца, прыняць рашэнне, дапамагчы.

І вядома, вырашэнне праблем - пад пастаянным прыцэлам тэлекамер. Журналісты абавязкова заедуць паглядзець, ці справіліся выканаўцы і як выконваюцца даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Менавіта аб гэтым - аднайменны праект Белтэлерадыёкампаніі "На кантролі Прэзідэнта".

 

Самая пільная ўвага - кожнай з найбольш важных тэм. Рамонт аварыйнага моста, без якога людзям ніяк, мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, цэлюлозна-папяровай і іншых галін, развіццё прамысловага сектара, медыцына, адукацыя, захаванне культурных традыцый - Аляксандр Лукашэнка асабіста наведвае прадпрыемствы, абмяркоўвае праблемы, унікае ў дэталі.

Беларуская медыцына - адзін з найярчэйшых прыкладаў. У пачатку 90-х у краіне не было ні сучаснага абсталявання, ні лякарстваў, перапоўненыя палаты і ніякай магчымасці зрабіць жыццёва важныя аперацыі. Два з паловай дзесяцігоддзі пад строгім кантролем Кіраўніка дзяржавы беларуская медыцына ўдасканальваецца і мадэрнізуецца. Па даручэнні Прэзідэнта ў краіне закуплялася і закупляецца найноўшае абсталяванне (часткова навучыліся вырабляць і сваё, беларускае), з'явіліся Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, і сёння для складаных перасадак органаў і на іншыя важнейшыя аперацыі пацыентаў з-за мяжы адпраўляюць менавіта да нас.

З самага пачатку набыцця незалежнасці, яшчэ ў сярэдзіне 90-х, Прэзідэнтам быў дадзены курс і на пабудову моцнага АПК. На той момант сельгасвытворчасць ледзь зводзіла канцы з канцамі. Калгасы развальваліся, спецыялісты пакідалі свае месцы. Сотні прэзідэнцкіх паездак, даручэнняў і патрабавальныя адносіны да кожнай дэталі зрабілі сваю справу. Сёння беларускі АПК - гэта сучасныя малочнатаварныя комплексы, з году ў год усё большая ўраджайнасць і культуры, якія раней і ўявіць не маглі на нашых землях. І галоўнае - важкі прыток валюты ў краіну (на экспарце прадукцыі АПК зарабляем мільярды долараў).

Штогод на кантролі Прэзідэнта - тысячы даручэнняў. Выкананне самых важных Аляксандр Лукашэнка заўсёды правярае асабіста. Ён зазірне ў любыя дзверы, без папярэджання прыедзе на прадпрыемствы, каб убачыць карціну "як ёсць". Сам сядзе за руль апрабаваць "суперкамбайн", прадэгустуе шакалад на кандытарскай вытворчасці або пратэсціруе новую спецсувязь. Носіць касцюмы з нашых камвольных тканін і абутак беларускай вытворчасці.