IT-краіна

Па выніках праведзенага ААН даследавання 2022 года Беларусь па Індэксе гатоўнасці да электроннага ўрада ўвайшла ў групу краін з высокім узроўнем яго значэння, у прыватнасці па індэксе чалавечага капіталу краіна размяшчаецца на 29 месцы, а па індэксе тэлекамунікацыйнай інфраструктуры займае 32 месца сярод 193 дзяржаў.

Сёння створана і развіваецца сістэма прадастаўлення дзяржаўных электронных паслуг грамадзянам і бізнесу, межы электроннага ўзаемадзеяння пашыраюцца за межы Рэспублікі Беларусь:

  • створана адзіная тэхналагічная інфраструктура электроннага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і арганізацый. У яе ўваходзяць агульнадзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма, сістэма міжведамаснага дакументаабароту, цэнтры апрацоўкі даных, адзіная рэспубліканская сетка перадачы даных;
  • сфарміравана неабходная прававая база для фарміравання і развіцця сістэмы аказання электронных паслуг; забяспечаны адзіныя механізмы ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў інфармацыйнага ўзаемадзеяння;
  • створаны ўніверсальны механізм выканання і аказання электронных паслуг пры дапамозе Адзінага партала электронных паслуг;
  • прызнаецца сапраўднасць электронных дакументаў пры міждзяржаўным электронным узаемадзеянні;
  • створана адзіная кропка доступу для ўсіх карыстальнікаў “электроннага ўрада” − адзіны партал электронных паслуг.

На партале прадугледжана стварэнне “асабістага кабінета” для кожнага грамадзяніна. Гэта рашэнне забяспечвае магчымасць атрымання грамадзянінам поўнага спектра электронных паслуг. Рэалізавана магчымасць выканання ўсіх дзеянняў па атрыманні электронных паслуг у інтэрактыўным рэжыме − ад заказу паслугі ў асабістым кабінеце карыстальніка да атрымання адказу і яе аплаты.

Дзякуючы такой рабоце ўсё больш успрымальнымі да інавацый, у першую чаргу лічбавых, становяцца і традыцыйныя галіны: ахова здароўя, гандаль, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт і іншыя.

Ахова здароўя

Па выніках 2019 года забяспечаны пераход на выкарыстанне электронных рэцэптаў у 592 установах аховы здароўя.

На базе кансультацыйных цэнтраў устаноў аховы здароўя “1-ы гарадскі процітуберкулёзны дыспансер” і “2-і гарадскі процітуберкулёзны дыспансер”  функцыянуе  і пастаянна ўдасканальваецца адзіная тэлемедыцынская сістэма г. Мінска па лічбавай флюараграфіі.

Функцыянуе  тэлемедыцынская сістэма па лічбавай мамаграфіі на базе кансультацыйнага цэнтра ўстановы аховы здароўя “Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансер” і 7 гарадскіх паліклінік.

Вядзецца актыўная работа па фарміраванні ў краіне электроннай аховы здароўя, у рамках якой плануецца пераход да выкарыстання інтэграваных электронных медыцынскіх карт, якія змяшчаюць усю медыцынскую інфармацыю пра пацыента, пачынаючы з яго нараджэння.

Адукацыя

У гэтай сферы рэалізуецца праект “Электронная школа”. Яго анлайн-сэрвісы “Электронны дзённік/Электронны журнал” дазваляюць у электронным выглядзе арганізаваць у школе індывідуальны ўлік вынікаў асваення адукацыйных праграм вучнямі, а таксама захоўвання гэтых даных у архівах.

У школах краіны ўкараняюцца сістэмы кантролю кіравання доступам, якія дазваляюць у рэальным часе ідэнтыфікаваць усіх наведвальнікаў школы, вучняў і персанал.

Прадаўжаецца работа па фарміраванні адзінай інфармацыйнай прасторы, якая прадугледжвае шырокае выкарыстанне электронных сродкаў навучання (адукацыйны кантэнт), развіццё інфармацыйных і аналітычных сэрвісаў для ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, органаў кіравання і насельніцтва, мадэрнізацыю матэрыяльнай базы навучальных устаноў (інтэрактыўныя дошкі, персанальныя камп’ютары, планшэты і іншыя прылады) у маштабах усёй краіны для гарантаванага прымянення тэхналагічных рашэнняў, якія будуць распрацаваны.

Жыллёва-камунальная гаспадарка

Партал “Мой горад” 115.бел, які  паспяхова пачаў працаваць у Мінску з лістапада 2015 года, дзе збіраюцца і апрацоўваюцца анлайн-заяўкі на вырашэнне камунальных праблем, у 2019 годзе быў абноўлены і атрымаў новую назву “Мая рэспублiка”. Сёння яго функцыянальнымі магчымасцямі можна скарыстацца ва ўсіх населеных пунктах краіны.

Для арганізацыі работы дыспетчарскіх службаў прадпрыемстваў ЖКГ, упарадкавання і павышэння эфектыўнасці іх работы прымяняецца аўтаматызаваная сістэма “Дыспетчарская служба”.

У мэтах эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў (электраэнергія, газ, вада, цяпло) у жылых дамах і аптымізацыі працэсаў зняцця іх паказанняў вядзецца работа па стварэнні адзінай уніфікаванай рэспубліканскай платформы інтэлектуальных будынкаў для забеспячэння дыстанцыйнага збору, аналізу, захоўвання паказанняў з усіх лічыльнікаў рэсурсаў у жылых дамах і іх перадачы ў зацікаўленыя ведамствы.

Транспарт

На сённяшні дзень выкарыстоўваюцца сістэмы электроннага збору платы за праезд, безнаяўных разлікаў, дынамічнага ўзважвання транспартных сродкаў і іншыя.

На Беларускай чыгунцы функцыянуе сэрвіс па афармленні электроннай транспартнай чыгуначнай накладной (для перавозкі грузаў), укаранёна сістэма продажу электронных праязных дакументаў (білетаў) праз сетку Інтэрнэт.

Сельская гаспадарка

Новым этапам развіцця ІТ-аграноміі стала сістэма дакладнага земляробства, якая дае магчымасць якасна паляпшаць стан палёў па некалькіх напрамках:

  • агранамічны − з улікам рэальных патрэбнасцей культуры ва ўгнаеннях;
  • эканамічны − рост прадукцыйнасці і эфектыўнасці аграбізнесу;
  • экалагічны − скарачэнне негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
  • Таксама гэта сістэма прадугледжвае электроннае захоўванне гісторыі палявых работ і інфармацыю аб ураджаях, што дазваляе дакладней прагназаваць ураджайнасць.

Самыя бліжэйшыя планы − не менш як 30% ворных зямель апрацоўваць з прымяненнем комплексных сістэм дакладнага земляробства.

Паліўна-энергетычны комплекс

Цяпер на падстанцыях укараняецца пілотны праект (на аснове тэхналогій Smart Grid) па аўтаномнай генерацыі, перадачы і размеркаванні электрычнай энергіі.

Прадаўжаецца стварэнне поўнамаштабнай аўтаматызаванай сістэмы кантролю і ўліку электрычнай энергіі (АСКУЭ), якая прызначана для збору, апрацоўкі, захоўвання і візуалізацыі інфармацыі аб вытворчасці, імпарце, экспарце, перадачы (размеркаванні) і продажы (збыце) электрычнай энергіі (паліўнасці).

Будаўніцтва

У гэтай сферы актыўна вырашаецца задача па лічбавай трансфармацыі кіравання жыццёвым цыклам аб’ектаў будаўніцтва, у прыватнасці па пераходзе на выкарыстанне BIM-тэхналогій (тэхналогій інфармацыйнага мадэлявання), праектаванне аб’ектаў у 3D-фармаце.

У Беларусі запушчаны пілотныя праекты, заснаваныя на праектаванні аб’ектаў у 3D-фармаце, на базе трох прадпрыемстваў: ААТ “МАПІД”, УП “Мінскметрабуд”, ААТ “Гомельскі ДБК”.

Лясная гаспадарка

У рамках забеспячэння лічбавай трансфармацыі лясной галіны вядзецца распрацоўка адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ўліку драўніны і здзелак з ёй у мэтах забеспячэння рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў і атрымання максімальнага прыбытку ад высечак лесу і рэалізацыі драўніны за кошт удасканалення кіравання і зніжэння працазатрат.

Прырода і ахова навакольнага асяроддзя

Для ацэнкі, уліку, распрацоўкі мерапрыемстваў па зніжэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у мэтах паляпшэння якасці атмасфернага паветра ў населеных пунктах з насельніцтвам звыш 100 тыс. чалавек рэалізуецца праект па распрацоўцы электронных экалагічных карт гарадоў.

Рэгіянальная інфарматызацыя

У рамках вырашэння пастаўленай Кіраўніком дзяржавы маштабнай задачы па пераўтварэнні Беларусі ў ІТ-краіну ва ўсіх рэгіёнах праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на  рэалізацыю мерапрыемстваў па комплекснай лічбавай трансфармацыі гарадоў Рэспублікі Беларусь.

Работа па рэгіянальнай інфарматызацыі ажыццяўляецца пры дапамозе паслядоўнай рэалізацыі праекта “Разумныя гарады” Беларусі, якая пачата ў адзінаццаці гарадах (раёнах) краіны з колькасцю насельніцтва больш за 80 тыс. чалавек (Орша, Баранавічы, Пінск, Наваполацк, Полацк, Мазыр, Ліда, Барысаў, Салігорск, Маладзечна, Бабруйск), вызначаных Кіраўніком дзяржавы патэнцыяльнымі цэнтрамі эканамічнага росту, у адпаведнасці з распрацаванымі Комплекснымі планамі паскоранага развіцця, з перспектывай правядзення далейшай планамернай лічбавізацыі ўсіх рэгіёнаў.

Правядзенне рэгіянальнай інфарматызацыі ажыццяўляецца пры дапамозе адаптацыі тыпавой канцэпцыі развіцця разумных гарадоў для кожнага з гарадоў (рэгіёнаў). Пры гэтым улічваюцца іх тэрытарыяльныя і сацыяльна-эканамічныя асаблівасці з распрацоўкай плана (дарожнай карты) рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне ўсё большых інфармацыйна-камунікацыйных патрэбнасцей грамадзян, укараненне перадавых ІТ-рашэнняў у гарадскую інфраструктуру, прымяненне сучасных рашэнняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, будаўніцтве і тэрытарыяльным планаванні, транспартнай інфраструктуры, ахове здароўя, адукацыі, забеспячэнні правапарадку і іншых галінах.

Штогод з’яўляюцца новыя рашэнні і электронныя сэрвісы ў розных галінах і рэгіёнах, якія выводзяць узровень і якасць жыцця насельніцтва на прынцыпова новы ўзровень. У выніку такіх пераўтварэнняў чалавеку даюцца новыя веды, выбудоўваюцца новыя эканамічныя адносіны.

Галоўны цэнтр беларускай IT-сферы − Парк высокіх тэхналогій

Парк высокіх тэхналогій быў створаны ў 2005 годзе рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы пастаяннай падтрымцы Кіраўніка дзяржавы ПВТ забяспечыў актыўнае развіццё экспарту камп'ютарных паслуг і садзейнічаў стварэнню спрыяльных умоў для вядзення бізнесу ў ІТ-сферы.

У 2023 годзе ў Парку працавалі 51,2 тыс. чалавек (1,6% ад занятых у эканоміцы Беларусі), якія, паводле папярэдняй ацэнкі, вырабілі каля 2,5% ВУП нашай краіны.

Паводле стану на 1 студзеня 2024 года дзейнічала 994 арганізацыі-рэзідэнты ПВТ.

ПВТ прадастаўляе роўныя магчымасці для дзейнасці як буйных валаўтваральных прадпрыемстваў з тысячамі супрацоўнікаў, так і суб'ектаў малога бізнесу з 3-5 чалавек.