Удзел у беларуска-расійскім стратэгічным вучэнні "Захад-2021"

  • 50
  • 5

Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня прыняў удзел у актыўнай фазе беларуска-расійскага стратэгічнага вучэння "Захад-2021".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ролі і месцы рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) у забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы на Заходнім стратэгічным напрамку, парадку правядзення вучэння.

Адно з асноўных практычных дзеянняў войскаў у рамках сумеснага вучэння прайшло на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі. 

У сваім выступленні пасля назірання за ходам актыўнай фазы вучэння Прэзідэнт адзначыў, што яно праводзіцца на фоне няспыннай гібрыднай агрэсіі з боку Захаду.

"Завяршыўся першы этап сумесных вучэнняў "Захад-2021". Гэта адно з важнейшых мерапрыемстваў падрыхтоўкі ўзброеных сіл, якое праводзіцца на фоне няспыннай гібрыднай агрэсіі з боку Захаду ў адносінах да Беларусі і Расіі. Мы бачым новыя рызыкі і выклікі на захадзе Саюзнай дзяржавы, абвастрэнне абстаноўкі на граніцах дзяржаў - членаў АДКБ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што створаная вучэбная абстаноўка дае магчымасць удасканальваць навыкі ў вядзенні сумесных баявых дзеянняў пры адбіцці агрэсіі. У розыгрышы баявых дзеянняў на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі актыўны ўдзел разам з беларускімі і расійскімі ваеннаслужачымі прынялі прадстаўнікі Узброеных Сіл Казахстана, а таксама тэрытарыяльныя войскі Беларусі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, усе падраздзяленні з поспехам выканалі пастаўленыя задачы.

"Вашы дзеянні ў ходзе вучэння наглядна пацвердзілі высокую гатоўнасць армій нашых дзяржаў і беларускага народа да сумесных дзеянняў па забеспячэнні іх суверэнітэту і незалежнасці. Мы чарговы раз пераканаліся ў дзеяздольнасці створанай сістэмы тэрытарыяльнай абароны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў вучэнні, акрамя ваеннаслужачых, прымаюць удзел тэрытарыяльныя войскі Беларусі. Яшчэ ўчора грамадзяне мірна працавалі на заводах і фабрыках, убіралі ўраджай і аралі зямлю, а сёння са зброяй у руках адбілі ўмоўную атаку праціўніка, сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, сумесна з асабовым складам рэгіянальнай групоўкі войскаў і саюзнікамі па АДКБ тэрытарыяльныя войскі з гонарам выканалі вучэбна-баявыя задачы.

"І няхай ніхто нават не сумняваецца, што мы - беларусы, расіяне, казахстанцы, грамадзяне іншых дзяржаў, якія ўваходзяць у АДКБ, - гатовы зрабіць усё для захавання рэгіянальнай бяспекі, міру ў сваёй Айчыне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

З заканчэннем гэтага этапу вучэння завяршаюцца зборы для ваеннаслужачых тэрытарыяльных войскаў. "Вы, простыя працаўнікі, сапраўдныя мужчыны, у патрэбны момант прадэманстравалі ўсім гатоўнасць абараняць родную зямлю і свой народ. Вы павінны ведаць: тэрытарыяльныя войскі я ствараў для таго, каб вы маглі абараніць сябе, сваю сям'ю, дзяцей і родную зямлю, на якой вы сёння жывяце і працуеце, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Ужо літаральна гэтымі днямі вернецеся ў свае сем'і і прадоўжыце адстойваць нацыянальныя інтарэсы ля станкоў і на палях".

Астатняй групоўцы войскаў па плане вучэння яшчэ трэба будзе выканаць складаныя і шматгранныя задачы.

Прэзідэнт падзякаваў ваеннаслужачым за праяўленыя высокую вывучку і прафесіяналізм і пажадаў ім далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў узнагародзіць удзельнікаў сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2021".

"Я хачу звярнуцца да нашых губернатараў, мясцовых органаў улады. Знайдзіце магчымасць - гэта загад - падзякаваць усім хлопцам, якіх мы прызывалі для вучэнняў. Людзі заслугоўваюць і падзякі, і, самае галоўнае, матэрыяльнага заахвочвання. Ведаю, яны не за грошы ваявалі, але тым не менш гэта трэба зрабіць. Тое ж самае датычыцца і ўдзельнікаў з Казахстана і Расіі, якія прадоўжаць ваяваць на палігонах, на шчасце, пакуль мірных", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, удзел у вучэнні ваеннаслужачых тэрытарыяльных войскаў. "Вы сапраўдныя мужчыны. Ні адзін чалавек, якога трэба было прызваць нікуды не збег, з'явіўся своечасова на прызыўны пункт і з гонарам абучаўся на палігонах", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што абстаноўка ў свеце вельмі сур'ёзная, але вайны не будзе толькі тады, калі ваеннаслужачыя будуць удасканальваць сваю падрыхтоўку і паказваць верагоднаму праціўніку свае навыкі. "Нам ні ў якім разе нельга расслабіцца", - заявіў ён.

Даручэнне ўзнагародзіць калег па АДКБ, якія прымалі ўдзел у вучэнні, прагучала таксама ў адрас Урада і Міністэрства абароны. "Мы абавязкова будзем абараняць гэту зямлю, як гэта рабілі нашы продкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На завяршэнне Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.

Прэзідэнт расказаў, што на перагаворах у Крамлі пытанням абароны і бяспекі ўдзялілі шмат увагі. У тым ліку абмяркоўваліся перспектывы паставак комплексаў C-400.

"Два этапы гэтага пытання. Мы вядзём перагаворы і плануем пастаўкі С-400. Мы ўдзялілі пытанням абароны і бяспекі з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат увагі. Наогул гэта пытанне было ўплецена ва ўсе пытанні. Напэўна, 3-3,5 гадзіны з 8 гадзін мы вялі дыялог менавіта аб абароне і бяспецы. Ён мне расказаў аб больш сучасных комплексах С-500, якія могуць працаваць па балістычных ракетах. Вельмі эфектыўны комплекс. У тым ліку я яму яшчэ раз нагадаў пра С-400, расказаў яму, дзе мы хочам паставіць гэтыя комплексы, - расказаў беларускі лідар. - Дзякуй богу, цяпер у нас поўнасцю комплексамі С-300 перакрыты перыметр на заходнім напрамку. Але, як вы ведаеце, у нас і паўднёвы напрамак дабавіўся. Мы з беларускімі генераламі і расіянамі абмяркоўвалі гэту тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе... Мы павінны рыхтавацца - 1200 км граніца з Украінай. Таму нам давядзецца закрываць і гэты перыметр. І мы вялі якраз размову аб тым, што С-400 нам будзе дарэчы. І ён даў даручэнне Міністру абароны, каб з нашымі прапрацавалі гэтыя пытанні для таго, каб можна было паставіць гэтыя комплексы нам".

У цэлым Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць расійскаму кіраўніцтву і ваенным, ВПК Расіі за тое, што яны ўзгаднілі пералік узбраення, якое да 2025 года будзе пастаўлена ў Беларусь.

"Гэта каля дзясятка самалётаў, частка нам паступіла ўжо, гэта некалькі дзясяткаў верталётаў, Тор-М2. Вялікія аб'ёмы. Сведчыць гэта аб тым, што і мы, і Расійская Федэрацыя вельмі сур'ёзна ўспрымаем гэты заходні напрамак, дзе мы знаходзімся непасрэдна ў сутыкненні з натаўскімі войскамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы бачыце, як яны сябе паводзяць. Таму нельга расслабляцца, улічваючы вопыт 1941 года, калі мы ўсё ўціхамірвалі, усіх супакойвалі - не адказвайце на правакацыі і іншае, - а потым атрымалі аглушальны ўдар і практычна Беларусь страцілі за пару-тройку месяцаў. Гісторыя шмат чаму вучыць. Мы хочам быць загадзя гатовы, і сутнасць гэтага - сучасныя вучэнні. Мы не нацэльваем свае ракеты на сумежныя дзяржавы, нашы самалёты не вызначаюць цэлі для нанясення ўдару на іх тэрыторыі і іншае. Мы рыхтуемся абараняць сваю зямлю. Беларуска-расійскаму саюзу лішнія тэрыторыі не патрэбны. Дай бог нам справіцца са сваімі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама расказаў журналістам, аб чым вялася размова на другой частцы сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі.

"Каб не затрымліваць журналістаў, мы абмеркавалі галоўныя пытанні - асноўныя напрамкі нашага супрацоўніцтва, якія адлюстроўваюцца ў 28 саюзных праграмах. І значныя пытанні - энергетыка, газ, нафта і гэтай далей. І вас праінфармавалі (размова аб прэс-канферэнцыі ў Крамлі. - Заўвага). А потым мы па прапанове Уладзіміра Уладзіміравіча вярнуліся да яго ў кабінет, чаю папілі і зацягнула нас канкрэтыка. Ад будаўніцтва аб'ектаў (у тым ліку касмадром Усходні), заканчваючы пытаннем узбраенняў. Мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што пасля таго, як беларускі бок пабудаваў школу ў Варонежы, паступіла просьба аб будаўніцтве іншых сацыяльных аб'ектаў яшчэ на $100 млн.

"Дамовіліся, што мы, каб не перагружацца па прыняцці рашэнняў перад Вышэйшым дзяржсаветам, недзе 15 кастрычніка будзе ў нас саміт СНД і мы абмяркуем гэту канкрэтыку", - расказаў Прэзідэнт.

Гаворачы, у прыватнасці, аб міграцыйным крызісе на еўрапейскай граніцы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым пытанні мяч на баку заходніх партнёраў.

"Хочаце жыць бяспечна - прыязджайце. Вызначым месца, будзем сустракацца, абмяркоўваць гэтыя пытанні. Але пакуль не будуць зняты  гэтыя бязглуздыя санкцыі і знявага нашых патрыятычных людзей, з імі размаўляць ніхто не будзе, на калені мы не станем", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што заходнія санкцыі аказаліся бяздзейнымі, таму ў Беларусі не перажываюць аб новых магчымых абмежаваннях.

"Хочаце дапамогі - паводзьце сябе дастойна. Не трэба нас лічыць нейкімі другараднымі людзьмі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У нас ёсць усё для таго, каб абараніць нашу краіну ад любых замахаў".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль прасіў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна націснуць на Беларусь для вырашэння розных пытанняў. Такія паводзіны Еўропы ён назваў несаліднымі.

"Гэта значыць, яны заходзяць, выбачайце мне, як сабакі пабітыя, прытым у дробязях: па спорце, культуры, па ўсіх напрамках. Пачынаюць на нашых людзей націскаць ні за што: выйшаў Баскаў са сцягам за Прэзідэнта - вораг, мы патрабуем выключыць цябе з федэрацыі. Нягоднікі дробязныя. Гэта сапраўды несалідныя паводзіны", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што дыялог з еўрапейскімі краінамі вядзецца. Але іх патрабаванні датычацца ўнутранай палітыкі Беларусі. "Палітзняволеныя", выбары і іншае. Слухайце, вы займіцеся ў сябе там. Яны ў сябе не могуць разабрацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Сітуацыю ж з мігрантамі на еўрапейскай граніцы Аляксандр Лукашэнка назваў праблемай Захаду. Прэзідэнт растлумачыў, што Захад раней заявіў аб гатоўнасці прыняць усіх бежанцаў з Афганістана і іншых краін, але цяпер выганяе іх са сваёй тэрыторыі, нацкоўваючы сабак і страляючы паверх галоў.

"Яны хлынулі туды па розных напрамках - праз Турцыю, іншыя краіны", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт назваў адсутнасць наглядальнікаў з ЗША і ЕС на вучэнні "Захад-2021" безражважнай пазіцыяй Захаду.

"Мы разам з расіянамі запрасілі ўсіх, хто павінен быў і жадаў паглядзець гэтыя вучэнні. Іх тут не было, але яны ўсё бачылі. Гэта такія маштабныя вучэнні, якія толькі вар'яты могуць не ўбачыць. А тое, што яны спецыяльна не прыехалі, гэта такая безразважная пазіцыя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што задума вучэння, колькасць прыцягнутых ваеннаслужачых і ўзбраенне, якое выкарыстоўваецца, не ўтойваліся, і на Захадзе аб усім гэтым вядома.

"Усё яны бачылі. Нават тыя, хто тут не быў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сумесна з праваахоўнымі органамі і спецслужбамі Расіі ў Беларусі былі затрыманы падазроныя асобы, якія трапілі ў краіну з тэрыторыі Украіны. "І праз Расію натаўцы заходзілі сюды. Мы іх усіх бачылі. Яны ўжо даўно цікавяцца і задумай, і якая будзе тэхніка", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго вельмі ўразіла вучэнне "Захад-2021" у цэлым. Аднак ён адзначыў, што цяпер трэба яшчэ ўглыб паглядзець, ацаніць, наколькі дакладна выкананы стрэльбы. "Даклад мне рыхтуюць, - сказаў Прэзідэнт. - Яны мне даложаць. Але тое, што я бачыў бліжэй, ужо са свайго вопыту, мішэней, па-мойму, там не засталося".

Кіраўнік дзяржавы таксама пахваліў на вучэнні ваеннаслужачых з Расіі і Казахстана. "Цудоўна! І казахстанцы нашы малайцы, што прыехалі. Няхай невялікая колькасць тут. Але важны сам дух", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама расказаў аб многіх цікавых і памятных для яго вучэннях, калі ён сам яшчэ ў савецкія гады ўдзельнічаў у падобных ваенных манеўрах і вучэннях.