Удзел у цырымоніі адкрыцця сярэдняй школы №35 Бабруйска
- 41
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня наведаў Бабруйск, дзе прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у сярэдняй школе № 35, прысвечаных Дню ведаў і адкрыццю гэтай установы адукацыі.
Адразу пасля прыбыцця ў Бабруйск Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца. Ход уборачнай кампаніі і асенніх палявых работ знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта нават у Дзень ведаў.
Уборка каласавых збожжавых завершана. Цяпер галоўная задача аграрыяў - падрыхтавацца да ўборкі кукурузы, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Наша галоўная задача цяпер - падрыхтавацца да ўборкі кукурузы. Каб пазбегнуць дэфіцыту зерня ў гэтым годзе і не закупляць на баку. Не праблема закупіць, але для гэтага ж грошы патрэбны", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Ён цікавіўся і іншымі аспектамі ў развіцці сельскай гаспадаркі рэгіёна. У тым ліку размова ішла аб сяўбе азімых, забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі, палівам.
Адносна апошняга пытання Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні пры неабходнасці прадумаць дадатковыя меры на ўзроўні Урада. "Трэба сабрацца ва Урадзе і падумаць з банкамі, як іх (сельгасарганізацыі Магілёўскай вобласці. - Заўвага) пракрэдытаваць на нейкі прамежак часу. Але грошы павінны шукаць у сябе", - папярэдзіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ўсе школы запоўнены або ёсць пустуючыя месцы. "Глядзіце, каб у нас былі запоўнены школы. Лепш усё ж такі падвозіць дзяцей. Школы павінны быць запоўнены", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што трэба павышаць зарплату, ёсць і іншыя напрамкі, дзе трэба ўкладваць сродкі. Гэта, можа, не вельмі характэрна для Бабруйска, але актуальна, напрыклад, для Мінска і шэрага іншых гарадоў.
"Таму трэба думаць, перш чым будаваць. Калі патрэбна, значыць, патрэбна. Але калі ў нас месцаў дастаткова (сувязь у нас добрая, аўтобусы працуюць), трэба абыходзіцца тымі месцамі, якія ёсць. Гэта датычыцца і аховы здароўя. Трэба паварочваць гэтыя грошы на заработную плату настаўнікам і ўрачам. Гэта важна", - сказаў беларускі лідар.
Выступаючы на адкрыцці сярэдняй школы № 35 Бабруйска, Кіраўнік дзяржавы прызнаўся: 1 верасня для яго - асаблівы дзень і ён заўсёды прыходзіць на святочную лінейку з вялікім хваляваннем, дзе б яна ні праходзіла - у старэйшай або новай школе, тэхнікуме або ВНУ, у вёсцы, раённым цэнтры або сталіцы.
"Таму што помню сябе і вучнем, і настаўнікам, ведаю, што адчуваюць у гэтыя мінуты бацькі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У кожнага з вас і ў мяне як Прэзідэнта краіны пачынаецца чарговы перыяд у жыцці са сваімі задачамі, планамі і чаканнямі. Уся Беларусь цяпер настройваецца на новы рабочы рытм. Таму што дзеці - гэта галоўнае. Менавіта вы, якія першы раз ступілі на плошчу каля гэтага храма ведаў, і тыя, хто рыхтуецца сёння да самастойнага жыцця, задаяце тэмп жыццю ўсёй нашай краіны. Таму што вы аснова, будучыня любой дзяржавы".
Гэты навучальны год жыхары маладога мікрараёна Бабруйска сустракаюць з новай школай. Установа была пабудавана менш як за год, і яе адкрыццё, заявіў Прэзідэнт, гэта вялікі падарунак і краіне, і гораду. "Мы ж планавалі адкрыць гэту школу яшчэ толькі ў снежні. Але і будаўнікі, і мясцовыя ўлады вельмі стараліся завяршыць работы менавіта да 1 верасня. Таму што, як кажуць у народзе, дарагая помач у свой час. І вам, вядома, таксама было важна пачаць новы навучальны год у новым будынку. Усё ж пачынаецца тут, у школе. Усё наша свядомае жыццё. І жыццё горада таксама. Ён жыве, развіваецца, калі, перш за ўсё, створаны ўмовы для нараджэння, выхавання і развіцця дзяцей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: удасканаленне інфраструктуры - ад радзільных дамоў, паліклінік і ўстаноў адукацыі да дзіцячых пляцовак і спартыўных стадыёнаў - гэта галоўнае, на што накіраваны дзяржаўныя праграмы па развіцці малых і сярэдніх гарадоў.
Да Дня ведаў у розных кутках Беларусі свае дзверы для дзяцей і педагагічных калектываў упершыню адкрываюць сем школ.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да вучняў, іх бацькоў і педагогаў: "Прыходзьце ў школу, як у храм, і прайдзіце гэты шлях дастойна. Таму што гэта ваш фундамент на ўсё жыццё. Будзеце вучыцца нармальна, атрымаеце веды - значыць, будзеце канкурэнтныя ў гэтым жыцці, зможаце атрымаць нармальнае рабочае месца, а значыць, і нармальную зарплату. Калі вы проста пройдзеце па школе ўлегцы, у будучым ні на ўладу, ні на бацькоў не крыўдуйце. Вы прыйшлі сюды вучыцца. Асабліва гэта датычыцца выпускнікоў".
"Сёння для вас не толькі пачынаецца новы навучальны год - закладваюцца традыцыі вашай новай навучальнай установы. Гэтыя традыцыі застануцца пасля вас і будуць ствараць непаўторную атмасферу школьных будняў. І гэта атмасфера будзе фарміраваць асобу кожнага дзіцяці, закладзе фундамент яго будучыні", - дадаў Прэзідэнт.
Тэму запаўнення школ і павышэння зарплат работнікам адукацыі і аховы здароўя Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў і на ўрачыстым мерапрыемстве. "Мы пабудавалі столькі, колькі патрэбна. Галоўнае цяпер запоўніць іх. Калі недзе застануцца адзінкі, дзе дзеткі яшчэ займаюцца ў дзве змены, там мы абавязкова ў бягучай пяцігодцы вырашым гэту праблему", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў аб сваім даручэнні Ураду і Міністру адукацыі накіраваць свабодныя грошы на развіццё адукацыі і ахову здароўя, павышэнне заработнай платы работнікам гэтых сфер.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў педагогам знайсці свой унікальны стыль у арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу, стварыць праекты, якія ўключаць у школьнае жыццё бацькоў. "У нейкім жа сэнсе яны таксама ідуць да вас вучыцца разам са сваім дзіцем, - заўважыў ён. - Зрабіце так, каб арганізаваны тут для бацькоў, дзяцей і педагогаў вольны час стаў, як я ўжо сказаў, традыцыяй. Традыцыяй, якая, я спадзяюся, будзе ствараць моду на здаровы лад жыцця. Сёння гэта вельмі актуальна".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзецям трэба прывіць любоў да спорту, навучыць замалада берагчы сваё здароўе. "Бо яно - гарант іх бяспечнага і шчаслівага будучага", - звярнуў ён увагу.
Прэзідэнт пажадаў вучням, педагогам і бацькам паспяховага, цікавага і запамінальнага навучальнага года. "Дзецям, якім толькі давядзецца адкрыць для сябе свет школьнай навукі, жадаю знайсці сапраўднага сябра. Шукайце гэтага сябра ў сваім настаўніку. Гэта будзе ваш самы надзейны і адданы сябар. Старшакласнікам і выпускнікам - разумення важнасці ведаў, атрыманых у школе, для дасягнення мэт, да якіх яны імкнуцца. Цярпення, сіл, творчага натхнення вашым педагогам. Толькі той, хто ўмее цярпець і пераадольваць цяжкасці, зможа дабіцца поспехаў у гэтым жыцці. У гэтым шалёным свеце, абсалютна незразумелым на сёння, куды ён рухаецца. Нам будзе вельмі няпроста ў гэтым свеце. І нам трэба зберагчы ўсё, што мы сёння маем", - падагульніў беларускі лідар.
У час цырымоніі генеральны дырэктар Бабруйскага завода буйнапанэльнага домабудавання Сяргей Уласік перадаў Прэзідэнту сімвалічны ключ ад школы. Калектыву прадпрыемства, як ужо расказаў Кіраўнік дзяржавы, спатрэбілася менш за год, каб пабудаваць гэты аб'ект. "Беражыце, гэта каштуе нятанна", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу ўручыў ключ "галоўнаму захавальніку" - дырэктару ўстановы Таццяне Васілеўскай. Яна адзначыла, што новая школа адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. "Гэта яшчэ раз даказвае, што разам мы адзіныя. У нас адзіныя мэты, планы, пачынанні", - заявіла педагог.
Пасля цырымоніі адкрыцця школы Прэзідэнт азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, умовамі для навучання і выхавання школьнікаў. Кіраўнік дзяржавы агледзеў школьную бібліятэку. Ён спытаў, ці ўпэўнены там, што ў сучасных школьнікаў гэта месца будзе карыстацца папулярнасцю, паколькі дзеці ўсё часцей замест кнігі аддаюць перавагу розным гаджэтам. У бібліятэцы запэўнілі, што з гэтым праблем быць не павінна.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што камп'ютары і гаджэты могуць нашкодзіць зроку дзяцей. Акрамя таго, школьнікі да іх прывыкаюць і становяцца псіхалагічна ад іх залежнымі.
"Беражыце сваіх дзяцей і старайцеся адцягнуць іх увагу на спорт, яшчэ нешта", - даў параду беларускі лідар.
Пабываў Прэзідэнт і на ўроку ў першаклашак на тэму "У адзінстве беларускага народа - аснова незалежнай краіны". Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з дзецьмі, дапамог дабудаваць з канструктара "Сэрца Беларусі". Пагаварылі і аб тым, што такое Радзіма.
Далей Аляксандр Лукашэнка зайшоў у спартыўную залу, дзе займалася валейбольная каманда дзяўчат. "Мы вас чакаем у нацыянальнай камандзе", - пажадаў спартсменкам Прэзідэнт і падпісаў ім мяч.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што і сам часам гуляе ў валейбол. Нядрэнныя поспехі ў гэтым відзе спорту ў сына Мікалая.
Азнаёміўся Прэзідэнт з заняткамі ў гімнастычнай зале, дзе праходзілі заняткі па барацьбе. Тут Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у свой час пачынаў займацца самба.
Далей на маршруце - сучасны школьны медпункт. Яго работнікам Аляксандр Лукашэнка пажадаў перш за ўсё здароўя.
Перад тым як зайсці ў госці на ўрок да дзесяцікласнікаў, дзе праходзіў сумесны ўрок з кіраўніком гарадскога цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, Кіраўнік дзяржавы затрымаўся ў адным са школьных калідораў каля надпісу: "Нiякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову". Гэта словы Якуба Коласа. Так у школе ў тым ліку папулярызуюць беларускую мову.
Вучні задалі Прэзідэнту некалькі пытанняў. Напрыклад, як ён ставіцца да кантрактнай службы ў арміі. "Станоўча стаўлюся. Кантрактная служба ў нас ёсць. Там, дзе трэба, мы яе ўкараняем. Дзе патрэбны салдаты тэрміновай службы - там салдаты тэрміновай службы", - адказаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым сёння няма такой праблемы, каб абавязкова тэрміновую службу замясціць кантрактнай, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Абмеркавалі і ролю ваенрукоў у школах. На іх у тым ліку задачы па забеспячэнні бяспекі і выхаванні ў гэтым духу вучняў, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Развітаўшыся з гэтымі дзецьмі, праз пару хвілін Кіраўнік дзяржавы ўжо ў іншым класе - працоўнага навучання. Тут дзяўчат навучаюць швейнай справе. Прэзідэнт бачыць у гэтым толькі плюсы - калі не спатрэбіцца ў якасці будучай прафесіі, то абавязкова спатрэбіцца ў жыцці для сябе. "Гэта для дзяўчат вельмі важна", - падкрэсліў ён.
У сталовай Аляксандру Лукашэнку наглядна прадэманстравалі меню для школьнікаў. Выбар вялікі - ад запяканак да катлет, тушанай агародніны і смажанай бульбы.
Не абышлося і без падарунка ад Прэзідэнта - сертыфікат на мультыборд і 3D-прынтар. На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей школы, а дзеці падарылі Прэзідэнту сувенір - саламянага бабра.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўпэўнены ў неабходнасці патрыятычнага выхавання ў школах.
"Патрэбна. Мы гэта ведаем, што патрэбна, і мы гэта будзем рабіць. Рашэнне прынята. Зыходзячы не толькі з мінулага года. Ён проста падагнаў гэту хвалю. Мы бачылі, што недапрацоўваем у гэтым плане. Спадзяваліся: а што там - патрыятызм выхоўваць, навучаць, гэта і так зразумела. Аказалася, патрэбна, аказалася, не ўсім зразумела", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама выказаўся аб функцыях ваенрукоў у школах, якія ў тым ліку павінны дапамагаць забяспечваць бяспеку ва ўстановах адукацыі, займацца ваенна-патрыятычным выхаваннем. "Я назваў бы іх асноўнымі асобамі, якія адказваюць за бяспеку школы. Бяспека звязана і з патрыятычным, і ваенна-патрыятычным выхаваннем. Ён і гэтым павінен займацца, - сказаў Прэзідэнт. - Але галоўнае - бяспека ў школе. Дзеці павінны сябе адчуваць у бяспецы, і бацькі не павінны перажываць. Гэта асноўны напрамак. Ён павінен дапамагчы дырэктару забяспечыць бяспеку ў школе і выхоўваць дзяцей у духу гэтай бяспекі. Таму што можна паставіць на кожным вуглу афіцэра бяспекі, а бяспеку не забяспечыць, калі мы саміх дзяцей да гэтага не прывучым, калі яны не будуць берагчы гэта бяспечнае асяроддзе. Гэта галоўнае для гэтых ваенных, якіх мы накіроўваем у школу".
Паводле слоў Прэзідэнта, гэтыя людзі таксама павінны ведаць калектыў школы, праблемных дзяцей і бацькоў, аказваць дапамогу дырэктару. Пры гэтым, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, за ваенна-патрыятычнае выхаванне адказныя ўсе - сям'я, дырэктар, кіраўніцтва школы і ўвесь педагагічны калектыў. Паколькі аднаму немагчыма выхаваць патрыёта. Для гэтага неабходна стварыць адпаведнае асяроддзе. "А ваенны - як асноўны "вінцік" у гэтым асяроддзі. Дырэктар - галоўная дзеючая асоба ў школе па ваенна-патрыятычным выхаванні. А яго месца (ваенрука. - Заўвага) трэба знайсці ў тым ліку і ў ваенна-патрыятычным выхаванні", - упэўнены беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ў гэтым плане не павінна атрымацца так, што набяруць людзей на адпаведныя пасады, а яны не будуць разумець, чым займацца. "Як раней, як некалі ў нас было, будуць вучыць вучня, як уставіць патрон у патроннік або разабраць аўтамат. Гэта таксама трэба ўмець, але ў нас у кожным раёне ёсць цэнтры, дзе гэтаму навучаюць. Каб не было дубліравання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Цікавіліся журналісты і пытаннем падпісання з Расіяй саюзных праграм.
"Перш за ўсё хачу падкрэсліць (цяпер жа будуць вякаць, што здаём суверэнітэт і незалежнасць і гэтак далей): мы больш як тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу - зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўніцтве. Неяк усё замылілі, не было яркіх прарыўных рухаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Тады, рэагуючы на патрабаванні народаў, мы з Прэзідэнтам Расіі прынялі рашэнне зрабіць нейкія крокі".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля гэтага ва ўрадах былі выпрацаваны больш за 30 так званых дарожных карт. Яны датычыліся развіцця супрацоўніцтва па розных напрамках. З часам гэтыя дарожныя карты ператварыліся ў саюзныя праграмы, іх засталося 28. "Гэта ўжо будуць падпісаныя дагаворы да выканання. Не проста карты, па якіх нехта ісці будзе", - растлумачыў беларускі лідар.
Зацвердзіць іх на прэзідэнцкім узроўні плануецца на Вышэйшым дзяржсавеце. Яго пасяджэнне хочуць правесці ў кастрычніку-лістападзе. "Калі мы дамовімся канчаткова з Прэзідэнтам Расіі 9-га (на 9 верасня намечаны перагаворы двух лідараў. - Заўвага), то 10-11-га ўрады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што Беларусь і Расія жывуць у агульнай эканамічнай прасторы. Але, напрыклад, ёсць праблемы з прасочвальнасцю тавараў (гэта пытанне, дарэчы, абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта). "Мы павінны бачыць, куды ён прыйшоў, якія пошліны, падаткі выплачваюцца. Празрыстасць павінна быць, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы дамовіліся аб поўнай лічбавізацыі гэтага працэсу. Гэта адна з праграм".
Больш цеснаму эканамічнаму ўзаемадзеянню будзе садзейнічаць і паглыбленне супрацоўніцтва ў падатковай сферы. "Мы павінны ведаць, хто якія падаткі выплачвае. Якая база ў іх, якая - у нас. І мы таксама гэта алічбавалі і прынялі як адзіную праграму", - прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што гэтыя саюзныя праграмы вельмі выгадныя для Беларусі і Расіі ва ўсіх адносінах. "Расія будзе дакладна разумець, што такое для іх Беларусь і якую ролю Беларусь па розных напрамках здольна адыграць у лёсе самой Расіі", - звярнуў ён увагу.
Прэзідэнт заўважыў, што Беларусь і Расія могуць выбудаваць вельмі цесныя адносіны.
"Ніякай размовы аб страце суверэнітэту няма. Мы бачым недахопы ў Савецкім Саюзе, у Еўрасаюзе. Гэта значыць, выбудоўваючы нашы адносіны ў саюзе, мы можам гэтага пазбегнуць. Сёння мы настолькі адукаваныя і разумныя, што, не страчваючы суверэнітэту ні Расіі, ні Беларусі, можам выбудаваць такія адносіны, якіх няма ні ў федэратыўных, ні ва ўнітарных дзяржавах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу: каб усталяваць цесныя адносіны, краінам не трэба ўключаць у свой склад іншыя дзяржавы. "Не трэба ўключаць нікога. Трэба выбудоўваць адносіны як дзве суверэнныя дзяржавы", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваю думку на прыкладзе адной з саюзных праграм - аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. "Дзве суверэнныя дзяржавы, але мы ж выбудавалі свае адносіны. У нас, лічы, адзіная армія, аснову якой на заходнім напрамку складае беларуская. Не дай бог вайна - беларуская армія ўступае ў гэту бойку першай, і адразу ж падключаецца ўся заходняя частка Узброеных Сіл Расіі, і мы разам выбудоўваем абарону і супраціўленне свайму праціўніку", - адзначыў беларускі лідар.
"Выбудавалі ж як суверэнныя дзяржавы. Таму няма неабходнасці сёння разбураць суверэнітэт і незалежнасць дзяржаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2021" праводзяцца выключна для трэніроўкі і зладжвання ўласных узброеных сіл.
"Я перажыў шмат такіх вучэнняў. Таму ведаю знутры ўсё гэта. Мы праводзім вучэнні для таго, каб абучаць, трэніраваць свае Узброеныя Сілы на выпадак, калі не дай бог. А трывожных момантаў дастаткова", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што ў мінулым годзе давялося фактычна палавіну арміі прыводзіць у баявую гатоўнасць і выводзіць на заходнія рубяжы. "Значыць, прычын больш чым дастаткова", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: на гэтым напрамку Беларусь і Расія дзейнічаюць разам. "У нас саюзная армія на гэтым напрамку з Расійскай Федэрацыяй. Узброеныя сілы дзвюх краін вельмі падобныя, але зладжванне павінна быць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму мы і разам павінны вучыцца. Таму што ваяваць нам давядзецца разам. Калі ёсць армія, узброеныя сілы, іх трэба рыхтаваць, неяк аб'ядноўваць разам".
Паводле яго слоў, на тэрыторыі дзвюх краін ад Калінінграда да Уладзівастока будзе задзейнічана вялікая колькасць войскаў. "На ўсіх палігонах. Мы з Пуціным дамовіліся, што я бяру пад кантроль асноўную частку вучэнняў. Яна будзе ў нас у Беларусі. У іх на некалькіх палігонах - да дзясятка палігонаў будзе задзейнічана. Ён пабудзе на сваім палігоне, я на сваім. І мы паглядзім, наколькі гатовы і зладжаны нашы ўзброеныя сілы - Расіі і Беларусі. У нас адзіная сістэма ППА, адзіная абаронная палітыка. Ёсць армія - яе трэба абучаць і трэніраваць. Вось для гэтага мы і праводзім", - сказаў Прэзідэнт.
Але накіраванасць і тэма вучэнняў - выключна абарона, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка: "Мы ні на каго не збіраемся наступаць. Нам гэта не патрэбна. І тое, што яны заварушыліся... Ну, напэўна, яны вельмі заклапочаны, што мы тут, ведаеце, ледзь не Прыбалтыку адрэжам: па Сувалкскім калідоры пройдзем на Калінінград і адрэжам Прыбалтыку. Ды нікому гэта Прыбалтыка не патрэбна. Нам дай бог сваю Беларусь засяліць, я пра Расію ўжо не кажу".
"Таму нам чужое не трэба. Але мы вучымся абараняць сваё. Мы правядзём зладжванне нашых узброеных сіл, вызначымся, дзе ў нас слабыя месцы і дааснасцім іх. Хоць цяпер больш-менш нармальна", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён у прыватнасці расказаў аб плануемых пастаўках у краіну ўзбраення і тэхнікі расійскай вытворчасці: "У бліжэйшы час (я падпісаў пазаўчора распараджэнне) з Расійскай Федэрацыі паставяць нам (не буду гаварыць, якія грошы і што) дзясяткі самалётаў, дзясяткі верталётаў, самага важнага ўзбраення ППА. Можа, нават С-400. Нам яны вельмі патрэбны, я ўжо аб гэтым гаварыў".
"Словам, самае сучаснае абсталяванне. Мы дааснасцімся. Калі мы ўбачым на вучэннях ("Захад-2021". - Заўвага), што нам трэба нешта яшчэ, значыць, мы купім у Расійскай Федэрацыі і паставім на ўзбраенне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт нагадаў: назіраць за вучэннямі запрашаюць і замежных грамадзян. "Калі ласка, няхай глядзяць", - сказаў ён.
Была закранута і тэма Афганістана. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ЗША пацярпелі ў Афганістане фіяска.
"Гэта фіяска, якое ператварылася ў ганебныя ўцёкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, першапачаткова інакш і быць не магло. "Яшчэ не было і не будзе той сілы, якая перамагла б Афганістан, паставіла на калені. Ніколі гэтага ў гісторыі не было", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што глабальныя вывады з падзей у Афганістане рабіць рана, паколькі амерыканцы могуць гуляць доўга. "Гэты хаос, які паказваюць у аэрапорце (Кабула. - Заўвага), - гэта, вядома, сумна. Але не трэба ўзводзіць гэта ў абсалют і думаць, што амерыканцы такія бязглуздыя. Больш за два трыльёны яны ўбухалі на гэту вайну. $85 млрд (мне ўчора Рахмон назваў гэту лічбу) амерыканцы ўклалі ў стварэнне там зброі, перакідку зброі і ўсё гэта там пакінулі, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму Кабул Кабулам, мітусні было сапраўды шмат. Але нам ні ў якім разе нельга на гэта адцягваць увагу. Амерыканцы не дурныя людзі, і яны могуць гуляць доўга. Самае сучаснае ўзбраенне - навошта пакінулі?"
На думку Кіраўніка дзяржавы, амерыканцам трэба было б перакінуць свае сілы ў суседнія краіны - тыя ж Таджыкістан, Узбекістан, Туркменістан - і, пакінуўшы ім сваю тэхніку, спакойна пайсці з рэгіёна. Тым больш гэтым краінам не хапае сучаснага ўзбраення. "Ніхто не адмовіўся б прыняць амерыканскія войскі з тэхнікай, - лічыць Прэзідэнт. - І было б нармальна. Але яны ж так не зрабілі. Яны маглі б за адзін тыдзень адтуль пайсці. Вылецелі б спакойна, без мітусні. Але яны гэты план не прынялі. Чаму пакінулі зброю, боепрыпасы, склады і іншае?"
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ЗША хочуць выкарыстаць сітуацыю ў Афганістане для падагравання сітуацыі ў Расіі праз Цэнтральную Азію і Кітай, Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён якога мяжуе з гэтай краінай.
"Кітай галоўны вораг для Амерыкі. Трэба ціснуць з Афганістана: месца зручнае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Я не спяшаўся б на падставе гэтых знешніх даных і фактараў (тое, што мы бачым іншым часам па тэлевізары) рабіць высновы аб тым, што амерыканцы такія бязмозгія. Нам трэба вельмі акуратна ацэньваць сітуацыю ў Афганістане і думаць аб тым, як зрабіць так, каб афганцам было добра. Мы ваяваць там не будзем: ні Расія, ні цэнтральнаазіяцкія рэспублікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта пацвердзілі яму і лідары гэтых дзяржаў. "Ніхто не хоча гэтай вайны: загінуць людзі. Ды і афганцы ўжо наваяваліся. Але людзі там розныя. І да ўлады прыйшлі гэтыя розныя людзі, таму патрэбны час, пакуль усё супакоіцца, сцішыцца. А нам трэба працаваць на спакой", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Такой жа палітыкі, напрыклад, прытрымліваецца і КНР, у тым ліку з прагматычнага пункту гледжання: Кітай мяжуе з Афганістанам, а ў гэтай краіне ёсць вялікая колькасць карысных рэсурсаў. "І яны будуць туды інвесціраваць вялікія грошы, каб ствараць працоўныя месцы і каб там было ціха і спакойна", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускую ж палітыку адносна Афганістана Прэзідэнт лічыць мудрай. "Мы "Талібан" не забаранялі, не лезлі ў гэта. Стараліся супрацоўнічаць з Урадам, які тады быў. Мы ні на кога не накатвалі. Мы праводзілі ўзважаную палітыку", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з журналістамі сваім стаўленнем да святкавання дня нараджэння. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён спакойна ставіцца да гэтага пытання і не бачыць сэнсу асабліва адзначаць чарговую дату.
Беларускі лідар адзначыў, што яго дзень нараджэння - гэта не забароненая тэма. "Ну што такое дзень нараджэння? Я з маладосці, калі ўсе радаваліся (ах, дзень нараджэння!), заўсёды лічыў, што гэта яшчэ адзін крок да Госпада Бога", - сказаў ён.
"Ты на год стаў старэйшы. Гэта па-першае. Па-другое, я не люблю ліслівасці, не люблю ўсякага: ай, давайце будзем святкаваць! Некаторыя жартам кажуць - выхадны дзень яшчэ аб'явім. Глупства несусветнае. І я заўсёды стараўся далей ад гэтага трымацца", - адзначыў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка не забараняе яго віншаваць і нармальна да гэтага ставіцца: "Калі табе чалавек патэлефанаваў і як бы між іншым: "Віншуем з днём нараджэння".
Але ў цэлым Кіраўнік дзяржавы не лічыць гэта свята вялікім днём, тым больш у маштабах краіны. "У кожнага ж дзень нараджэння ёсць. Таму не трэба з сябе пры жыцці рабіць вялікіх", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пажаданні і віншаванні ў цэлым звычайныя. Шматлікія кветкі, прызнаўся Прэзідэнт, ён раздае людзям. Тое ж самае і адносна ласункаў, тартоў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што самыя каштоўныя для яго тыя падарункі, які зроблены ўласнымі рукамі. Напрыклад, на гэты раз яму падарылі карціну, якую напісала дачка аднаго з супрацоўнікаў Службы бяспекі. "Дзе я бегаў з Колем з аўтаматам. Гэта такі быў важны ў маім жыцці момант. Яна даволі дакладна схапіла яго. Я, вядома, не спецыяліст у мастацтве, але мне спадабалася гэта карціна", - падзяліўся падрабязнасцямі Прэзідэнт.
Ён таксама расказаў, што журналісты падарылі яму набор маек з цытатамі Кіраўніка дзяржавы. "Раздзявайцеся і пачынайце працаваць!" - усе мае гэтыя жорсткія, рэзкія цытаты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.