Адкрыццё дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтра клуба "Дынама-Мінск"

  • 37
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 верасня прыняў удзел у адкрыцці дзіцяча-юнацкага футбольнага цэнтра клуба "Дынама-Мінск".

"Калі вы вырашылі гуляць у гэту цудоўную гульню, самую папулярную ў нашай краіне і ва ўсім свеце, і ў вас перад вачамі зялёны колер (я маю на ўвазе долар; магчыма, ружовы - еўра), вы ніколі не станеце футбалістамі і спартсменамі. Вы павінны прыходзіць сюды для таго, каб гуляць у футбол. І калі вы будзеце імкнуцца да гэтага, на пачатковым этапе вы атрымаеце матэрыяльнае ўзнагароджанне, каб нармальна жыць. Гэта я вам абяцаю, дзяржава гэта забяспечыць вам", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да юных футбалістаў.

Прэзідэнт падкрэсліў: дабіцца выніку можна толькі ўпартай працай і самааддачай. "Хочаце гуляць - гуляйце. Вы павінны гэтым займацца кожны дзень з раніцы да вечара. З мячом павінны спаць. Калі вы гэтага не разумееце, вы не футбалісты", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў яго гады ў спартсменаў не было такіх умоў для трэніровак, як сёння, аб гэтым яны маглі толькі марыць. Але вынікі былі. "І гэта ўсё створана за кошт беларускага народа. Я хачу, каб вы гэта помнілі. А вы гэта будзеце разумець і помніць толькі тады, калі вас да гэтага падахвоцяць вашы трэнеры. Усё залежыць ад трэнера. Спартсмен можа зрабіць усё, чаму яго навучыць і што прымусіць рабіць трэнер. Няма трэнера - няма каманды, няма спартсмена", - упэўнены Прэзідэнт. Ён дадаў, што ёсць вялікія пытанні і да адміністрацыйнага апарату чыноўнікаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў маладым ігракам быць патрыётамі, паколькі яны гуляюць для людзей, а не для кіраўніцтва краіны. Акрамя таго, спартсменам ужо ў юным узросце трэба задумвацца аб сваёй будучыні і ўладкоўваць сваё жыццё, адзначыў Прэзідэнт. "Жыццё спартсмена вельмі кароткае, - канстатаваў ён. - І за гэта жыццё вы не толькі павінны навучыцца гуляць, зрабіць сябе, зарабіць нейкія сродкі на будучае. Але і пасля 30 ж людзі жывуць. А гэта значыць, што трэба вучыцца. Жыццё спартсмена катастрафічна цяжкае, катаржнае. Але вы самі выбралі такі лёс. Пастарайцеся прайсці гэта жыццё, як трэба. У гэтым узросце вы робіце саміх сябе".

"Калі вы будзеце імкнуцца стаць сапраўднымі спартсменамі, любіць сваю краіну, лічыце, што мы дамовіліся і падтрымку вы заўсёды атрымаеце", - падагульніў беларускі лідар.

Гаворачы ў цэлым аб развіцці футбола ў краіне, Прэзідэнт раскрытыкаваў цяперашні стан спраў у айчынным футболе.

"Глядзець на тое ўбоства, якое сёння дэманструе футбол, недапушчальна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што мае на ўвазе не толькі "бліскучую" гульню беларускай зборнай супраць каманды Чэхіі. "Я кіраўніку федэрацыі задаў пытанне: навошта выпусцілі наогул маладзёжную каманду на футбольна поле ўчора? Яны не збіраліся гуляць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мне сорамна на іх было глядзець на фоне ісландцаў".

Ён заўважыў, што ў Беларусі ўсё цудоўна з фізкультурай і аматарскім спортам, а вялікага спорту няма. "Дзе дзяваюцца юнакі і дзяўчаты? І штурхаюць, і кідаюць, і скачуць. Як толькі асноўная каманда - страцілі юнакоў і дзяўчат. Тут трэба шукаць праблемы і іх вырашаць", - лічыць Прэзідэнт.

У час цырымоніі адкрыцця генеральны дырэктар "Мінскпрамбуда" Алег Дашкевіч (гэта прадпрыемства займалася рэканструкцыяй стадыёна "Дынама-Юні") перадаў Кіраўніку дзяржавы сімвалічны ключ ад спартыўнай пляцоўкі. Прэзідэнт у сваю чаргу ўручыў яго генеральнаму дырэктару ФК "Дынама-Мінск" Андрэю Толмачу, а той аддаў ключ выхаванцам Акадэміі футбола, пасля чаго Кіраўніку дзяржавы падарылі сувенір - спартыўную майку з эмблемамі ФК "Дынама-Мінск".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым сезоне ад мінскага "Дынама" чакаюць медалёў айчыннага чэмпіянату. Кіраўніцтва клуба, падзякаваўшы Прэзідэнту за падтрымку, запэўніла, што вынікі абавязкова будуць.

"Паўжартам (хоць у кожным жарце ёсць толькі доля жарту) нашым спартсменам, ігракам-дынамаўцам не раю мець справу са мной. Таму што, калі вы будзеце гуляць дрэнна, лічы, што кожны дзень вы будзеце ў мяне на кантролі. Я ў вас буду вельмі часта бываць, і ўжо цяжка будзе і спартсменам, і трэнерам, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Таму лепш гуляйце добра. У гэтым годзе трэцяе месца дапушчальна, ніжэй - нельга. А ў будучым годзе вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны ўзварухнуць увесь футбол - вось на што я разлічваю".

На думку Прэзідэнта, калі "Дынама-Мінск" стане адназначным лідарам, за клубам пацягнуцца і іншыя каманды, нават цяперашнія чэмпіёны. "І "БАТЭ", і "Гомель" і "Шахцёр" будуць іншымі. Яны не дазволяць "Дынама" быць першымі. Так яны думаюць. А я хачу, каб вы былі першымі. Для таго, каб вы, як паравоз, пацягнулі за сабой гэтыя футбольныя вагоны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця цэнтра Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з асноўнымі ігракамі клуба і юнымі футбалістамі. Ён адзначыў, што запрашаць пэўную колькасць легіянераў, вядома, можна, але ў першую чаргу трэба рабіць стаўку на сваіх спартсменаў. "Патрэбны вынік. Які б ні быў Прэзідэнт - я, іншы, - усё роўна будуць патрабаваць вынік", - падкрэсліў беларускі лідар, пажадаўшы спартсменам поспехаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні, каб была аддача і вынік ад сродкаў, якія дзяржава ўкладвае ў спорт. Ён пацікавіўся, якая цяпер сярэдняя зарплата ў футбалістаў асноўнага складу "Дынама-Мінск". Прэзідэнту далажылі, што цяпер гэта $4-5 тыс., але пакуль дзейнічаюць старыя кантракты. Прынята пастанова - па ёй будзе да Br8 тыс.

Прэзідэнт звярнуў увагу на пошук і падрыхтоўку рэзервовых ігракоў. На яго думку, без гэтага ў футбола не будзе будучыні. "Дзейнічайце, працуйце. Дзяржава заўсёды вам акажа падтрымку і дапаможа, але патрэбны вынік. Не будзе выніку, ніякай падтрымкі быць не можа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Працяглай і грунтоўнай была размова Прэзідэнта з ветэранамі клуба. Абмеркавалі падыходы да трэнерскай работы, фінансавання футбола, нюансы сучаснай гульні і, што немалаважна, выхавання спартсменаў у духу патрыятызму.

Не абмінулі на злобу дня і тэму ўчарашніх няўдачных выступленняў зборных каманд па футболе. "Я бачу, як учора гуляла моладзь. Я не ведаю, чаго яны наогул выйшлі гуляць. Яны ж не гулялі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што шмат было страт, футбалісты не даражаць мячом, а часам і б'юць практычна наўгад: "Вочы заплюшчыў - "мачкануў". У яго мяч адабралі, і ён застаўся ззаду. Дык ты бяжы, выпраўляй свае касякі", - выказаў меркаванне аб яшчэ адным нюансе гульні беларускі лідар.

Ён заўважыў, што часам можна пачуць разважанні пра стан спраў у беларускім футболе ў параўнанні з той жа Расіяй: "Разумееце, вось Расія, што нам раўняцца, - 140-150 мільёнаў, а нас 10 мільёнаў..." Наконт гэтага Прэзідэнт заўважыў, што ў Ісландыі, камандзе якой напярэдадні ўступіла беларуская маладзёжная зборная, усяго некалькі соцень тысяч жыхароў.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на вялікай ролі і адказнасці, якая ляжыць на трэнерах. "Вазьміце скачкі на батуце. Там Уласава (галоўны трэнер нацыянальнай каманды Вольга Уласава. - Заўвага) - гэта ж сапраўды дыктатар. У яе ўсё раскладзена. І яны скачуць, алімпійскімі чэмпіёнамі становяцца. Таму што ёсць парадак", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў кожнай вобласці краіны створаны цудоўныя палі для футбола, уклалі велізарныя грошы. "Карацей кажучы, мужыкі, з футболам нешта трэба рабіць. База ёсць. Не думайце, што мы нешта будзем ствараць яшчэ. У нас ёсць куды грошы траціць. Нам людзям трэба зарплату паднімаць. Дай настаўніку 4-5 тыс. долараў, як у некаторых (футбалістаў. - Заўвага) зарплата..." - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Грошай не шкада. Мы не пашкадуем грошай, але дайце вынік, дайце, каб было хаця б на што паглядзець", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што маладое пакаленне футбалістаў часам разбалавана шалёнымі грашыма і "не бачаць гэтага мяча".

"Прайграў, дык ты хоць пакажы, што біўся. Сёння спорт - гэта вайна, ты павінен ісці як на вайну", - сказаў Прэзідэнт, гаворачы пра маральна-валявыя якасці, якімі павінны валодаць спартсмены. Мала таго, што развучыліся гуляць, дык яшчэ і спартыўнай злосці няма, заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў і ветэранам клуба актыўна ўдзельнічаць у развіцці свайго віду спорту, у тым ліку парадай, нешта падказаць, падключыцца да трэніровачнага працэсу.

Заслужаны майстар спорту і трэнер, чэмпіён СССР Эдуард Малафееў згадзіўся з Прэзідэнтам, падкрэсліўшы, што ў футбол трэба не проста гуляць, а любіць гэты від спорту: "Калі пытаешся ў хлопца, трэнера: "Ты любіш футбол?", ён кажа: "Люблю". А калі глядзіш на вынік: дык як жа ты любіш? Любіць - гэта значыць магчы! А калі не можаш, не даеш - не любіш футбол!"

Ён звярнуў увагу і на духоўна-маральнае выхаванне, якое таксама павінна абавязкова прысутнічаць у падрыхтоўцы спартсмена. "Тады сумленне з'яўляецца, пачынаецца добрасумленная праца. Калі табе сорамна, што ты не падрыхтаваўся", - заўважыў Эдуард Малафееў.

Пасля размовы Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях развіцця футбола і спартыўнай галіны ў цэлым. На яе запрасілі не толькі прадстаўнікоў футбольнай сферы, але і кіраўнікоў іншых федэрацый: хакея, веласпорту, стралковага спорту, плавання, лёгкай атлетыкі, фехтавання. Тэмы, якія будуць закрануты на сустрэчы, датычацца і гэтых відаў спорту ў тым ліку, растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

"Дзяржава ўкладвае каласальныя грошы ў развіццё ўсіх відаў спорту. Усе спартсмены сядзяць сёння ў асноўным на дзяржаўных плячах. Гэта, напэўна, адна з прычын таго, што ў нас не ўсё ладзіцца ў вялікім спорце. Вельмі ўсім добра, нікуды не трэба хадзіць, нікога не трэба прасіць - дзяржава ўсё забяспечыць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Выніку пакуль, асабліва ў футболе, я не бачу. Ды і ў хакеі, і ў іншых відах тое ж самае".

Ён таксама заявіў аб беспардоннасці футбольных функцыянераў, якія асноўную частку грашовых сродкаў накіроўваюць на зарплаты ігракоў.

"Можна толькі здзіўляцца вашай беспардоннасці: каля 70% ад усіх грашовых сродкаў - заработная плата. А на развіццё, а на ўтрыманне? Зноў: "Дзяржава там вырашыць". Я хацеў бы пачуць тлумачэнні наконт гэтага. Чаму ў вас 70% усіх грашовых паступленняў на клубы ішло на зарплату?" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чыноўнікі са спорту пастаянна прыходзяць з просьбамі аб падтрымцы, і Кіраўнік дзяржавы заўсёды ішоў насустрач. Асаблівая ўвага ўдзялялася падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Токіа. Для спартсменаў, заявіў Прэзідэнт, зрабілі ўсё магчымае, выканалі ўсе іх пажаданні. "І вынік вядомы. Я разумею, што канкурэнцыя вырасла, што мы наўрад ці будзем бегчы лепш, чым афрыканскія спартсмены. Але ў тэхнічных відах спорту, дапусцім, у лёгкай атлетыцы, мы заўсёды мелі вынікі. Дзе гэтыя школы?" - спытаў Прэзідэнт.

Раскрытыкаваў ён таксама сітуацыю з веласпортам і хакеем. Усё пытанне ў трэнерах, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Калі няма трэнера, ніякага спорту не будзе. А трэнеры, дарагія мае кіраўнікі федэрацый, - гэта ўжо ваш хлеб", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

У рэйтынгу ФІФА беларуская футбольная зборная ў 2003 годзе была на 90-м месцы, сёння - на 89-м. "Моцна зрушыліся", - сыранізаваў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым сезоне ў Лізе канферэнцый УЕФА гулялі чатыры беларускія каманды, і ўсе з трэскам вылецелі ў першых раўндах. А гэта трэці дывізіён еўракубкаў, заўважыў Прэзідэнт.

"Літаральна праз 3 гады Алімпійскія гульні ў Парыжы. Крыўдаваць будзе няма на каго. Той жа клімат фактычна, што і ў нас. Нават яшчэ лепшы. Гэта не ў Японію. Не дай бог будзе такі ж правал, як у Токіа", - папярэдзіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы здзівіўся, што на Алімпіядзе ў Токіа некаторыя беларускія спартсмены не змаглі нават пацвердзіць свае папярэднія вынікі, а маглі ж заваяваць медалі. А сераднячкі, якія трапілі на спаборніцтвы, раптам пачалі выстаўляць нейкія ўмовы.

"Гэта непарадак, адсутнасць усякай дысцыпліны. А павінна быць дысцыпліна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён запэўніў, што на зарплаты добрым спартсменам грошы заўсёды знойдуць, але патрэбны вынік.

"Няпраўда, што мы не будзем плаціць грошы добрым спартсменам і спартсменам, якія даюць вынік. Мы будзем плаціць грошы, і будзем плаціць добрыя грошы. Мы знойдзем грошы. Але калі няма выніку, нават не спадзявайцеся. І адкажаце за тыя грошы, якія вы патрацілі. Гэта я вам гавару як чыноўнікам ад спорту. Шалёных грошай больш не будзе. І не дай бог Камітэт дзяржкантролю мне даложыць, што вы не адпрацавалі нармальна сістэму заработнай платы", - папярэдзіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што калі спартсмен проста выступае за тую ці іншую каманду ў відах спорту, займаецца спортам, то можа разлічваць выключна на сярэднюю зарплату. "Усё астатняе - ад выніку. Шалёных грошай больш не будзе. Я не буду перад народам стаяць і вачыма лыпаць, апраўдвацца, калі мне прама задаюць пытанне: навошта вы ім грошы плаціце, на іх жа сорамна глядзець", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што сярод юных беларускіх спартсменаў ёсць таленавітыя і скакуны, і кідальнікі кап'я, молата, і штурхальнікі ядра. Яны паказваюць ужо добрыя вынікі на маладзёжных чэмпіянатах свету. "Вось вазьміце іх і рыхтуйце. Народ павінен бачыць, што мы грошы патрацілі, а ён прынёс медаль з асноўных спаборніцтваў. Рыхтуйце іх. Але не забывайце, што ён сёння на такой вышыні, заўтра можа ўпасці, а адтуль могуць падняцца іншыя. Павінен быць і другі эшалон, які будзе іх падмацоўваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што са спартсменаў таксама трэба выхоўваць патрыётаў, каб яны не думалі выключна аб фінансавай выгадзе ад удзелу ў спаборніцтвах. "Яны павінны думаць аб тым, каб прынесці гонар краіне. Гэта ж і для іх гонар. Мы ж ніколі пераможцаў, чэмпіёнаў не забываем. Мы іх заўсёды падтрымлівалі, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму выпрацоўвайце сістэму. Павінны быць спартыўныя ліфты, якія знізу паднімуць здольных, таленавітых спартсменаў наверх. І не дай бог (бяру пад асаблівы кантроль) мне паступяць скаргі, што вы або за грошы, або бацькі кагосьці сваіх прапхнулі, а таленавіты чалавек застаўся за бортам. Недапушчальна! Усё павінна быць сумленна і прыстойна. Калі так будзе, спартсмен будзе разумець, за што ён змагаецца".

"23 тысячы чалавек (гэта толькі афіцыйна па спісах) у вас прафесійна займаюцца футболам. Дык з 23 тысяч можна знайсці 20 чалавек? Тое, што адбываецца ў футболе, недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта датычыцца і іншых відаў спорту. Таму на нараду запрасілі не толькі прадстаўнікоў футбольнай сферы, але і кіраўнікоў іншых федэрацый: хакея, веласпорту, стралковага спорту, плавання, лёгкай атлетыкі, фехтавання.

"Хачу вас усіх папярэдзіць: выбудоўвайце сістэму. Кніжкі, тое, што вы выдалі і мне перадалі, - гэта добра. Праграмы і планы - гэта добра. Патрэбны вынік. І кожны трэнер, акрамя выніку, павінен на-гара выдаваць два-тры таленавітыя спартсмены, няхай наверх падніме. Калі гэтага няма і няма выніку, значыць няма трэнера", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.