Удзел у памятных мерапрыемствах у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой"
- 24
- 2
Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" 22 чэрвеня 2021 г.
Дарагія беларусы, суайчыннікі!
Паважаныя ветэраны, госці нашай Беларусі!
22 чэрвеня 1941 года для ўсіх беларусаў - дзень памяці і смутку, дата, якая падзяліла жыццё народа на да і пасля. Тая летняя нядзельная раніца стала страшным рубяжом паміж мірам і вайной, паміж святлом і цемрай, жыццём і смерцю. На нашу зямлю рушыла ўзброеная бязлітасная армада, якая несла гібель і рабства. Фашысты не давалі літасці ні старым, ні дзецям. Гэта потым, пасля 9 мая 1945 года, немцы назавуць той чэрвеньскі дзень ракавым для сваёй нацыі. А 80 гадоў таму гітлераўскія забойцы мелі намер прайсці па Беларусі пераможным маршам. Яны хацелі прайсці па нашай зямлі гэтак жа лёгка і хутка, як па Чэхіі, як прайшліся па Бельгіі, Галандыі, Даніі, Нарвегіі, Францыі, Грэцыі, Польшчы - па ўсім цяперашнім Еўрапейскім саюзе, прайшліся ўрачыстым маршам.
Сябры і непрыяцелі СССР да пачатку ліпеня меркавалі, колькі яшчэ краіна пратрымаецца - два тыдні, тры, можа, месяц? А берлінскія стратэгі ўжо запланавалі фашысцкі парад на Краснай плошчы ў Маскве. Але тут, ля сцен беларускай брэсцкай цытадэлі, літаральна ў першыя гадзіны вайны нацысцкі бліцкрыг сарваўся. Запомніце на ўсялякі выпадак гэта слова "бліцкрыг". Сарваўся, калі ў апошнія хвіліны свайго кароткага жыцця воін напісаў на сцяне: "Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма".
На жаль, мы не ведаем, хто ён. Мы не ведаем імёнаў многіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці, не ведаем, як яны загінулі і дзе пахаваны. Запомніце гэта, гэта вам сігнал.
Літаральна некалькі тыдняў таму пайшоў з жыцця апошні сведка тых падзей Пётр Кацельнікаў. Але ў памяці народа яго імя будзе жыць заўсёды, як і імёны яго баявых таварышаў лейтэнанта Кіжаватава, капітана Зубачова, маёра Гаўрылава і тысяч, тысяч іншых савецкіх герояў. Гэта яны не дазволілі фашыстам узяць крэпасць над Бугам за восем гадзін. Праз тры тыдні баі пачаліся ўжо на далёкіх подступах да Смаленска, а Брэсцкая крэпасць прадаўжала змагацца.
Дарагія сябры, страшныя былі часы. Велізарную колькасць мы пахавалі, а яшчэ больш - без вестак прапалі. Дык ушануем жа памяць герояў, якія, ахвяраваўшы сабой, выратавалі мір, свабоду і незалежнасць, мінутай маўчання.
Захопнікі (а супраць Савецкага Саюза ваявала амаль уся Еўропа) не разумелі тады, чаму нават у самых адчайных сітуацыях савецкі салдат не здаваўся, як наогул ён змог выстаяць і ў выніку перамагчы. Гэтак жа нас сёння не разумеюць нашчадкі тых, хто ў 40-я ішлі па беларускай зямлі на Маскву, палілі дамы і знішчалі людзей. Не могуць зразумець, чаму мы ўсё яшчэ існуём на гэтай зямлі як дзяржава. Відаць, ім не дадзена гэта зразумець.
На рэалізацыю "каляровага бліцкрыгу" былі кінуты велізарныя фінансавыя рэсурсы. За апошні год мы зведалі на сабе дзеянне самых сучасных тэхналогій гібрыднай вайны. Беларусы ўсё часцей пытаюцца: дык што, ваяваць будзем? Беларусы, мы ўжо даўно ваюем. Проста вайна набыла іншыя формы. Ужо не будзе тых войнаў, ужо ў гэтыя вароты (Брэсцкай крэпасці. - Заўвага) яны не папруць тысячамі салдат. Вайна пачнецца і заўсёды пачынаецца ў сучасных умовах знутры дзяржавы.
Вазьміце любую, як мы яе называем, каляровую рэвалюцыю, якія былі ажыццёўлены ў апошнія дзесяцігоддзі: было зроблена ўсё, каб узарваць грамадства знутры. А яны (Захад. - Заўвага) потым прыйдуць нас "ратаваць". Сцэнарыі прапісаны, ролі размеркаваны. Проста мы аказаліся мацнейшымі і мудрэйшымі. Рызыкну сказаць, нават мацнейшымі, чым у 41-м нашы папярэднікі, таму што мы вызначаем свой лёс самі. Мы тут вырашаем, правакаваць іх або не, чакаць, пакуль яны сюды прарвуцца і парвуць нас, або не. Мы суверэнная, незалежная дзяржава, так будзе ў далейшым.
Пры гэтым гэтыя ачумелыя вось там, побач, чакаюць ад нас дапамогі. Патрабуюць спыніць нелегальную міграцыю: тысячы з тых разбураных краін, якія яны спрабавалі паставіць на калені, а паставіўшы, пачалі знішчаць, рынуліся праз Цэнтральную Азію, Расію туды - на талерантны Захад. Яны іх запрасілі, і сёння яны завылі: ах, беларусы іх не абараняюць. У Літву, Латвію і Польшчу рынуліся тысячы і тысячы нелегальных мігрантаў.
Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў. Аж з-за Атлантыкі чутны сігнал: дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядзерныя матэрыялы, каб яны не трапілі ў Еўропу. Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, развальваеце, спрабуеце знішчыць нашу эканоміку і чакаеце, што мы будзем траціць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі вар'яты могуць так думаць і разлічваць на нашу падтрымку.
Змагаемся супраць гэтага зла як можам. Хочаце, каб мы як раней змагаліся, рабіце ў гэтым напрамку крокі, а не спрабуйце нас задушыць. Гэта бесперспектыўна. Вы спазніліся, спадары.
Ад каго не чакалі ўдзелу ў гэтай калектыўнай змове, дык гэта ад Германіі. Ад тых, чые продкі знішчылі ў Вялікай Айчыннай вайне не толькі кожнага трэцяга беларуса, але і мільёны ненароджаных дзяцей.
80 гадоў таму, мне здаецца, што было вось так: цёпла, светла, добры нядзельны дзень. Людзі адпачывалі, моладзь хацела жыць. Нехта збіраўся вяселле справіць, нехта нараджаў, нехта рыхтаваўся нараджаць дзетак. І раптам па-варварску, спадцішка ў чатыры раніцы абрушылі на галовы брастаўчан і ўсю Беларусь тысячы тон металу. Гэта як называецца?
Прайшло 80 гадоў, і што? Новая гарачая вайна. Вы паглядзіце: гэта што, сімвалізм? Учора ўвялі эканамічныя санкцыі супраць нашых людзей і прадпрыемстваў. 22 чэрвеня, ноччу. Вось ужо сапраўды, гісторыя так нічому іх і не навучыла.
Усе 80 гадоў пасля 45-га мінулага стагоддзя немцы хадзілі па ўсім свеце, па Еўропе, былым Савецкім Саюзе і каяліся. Каяліся, рыдалі, на каленях стаялі, прасілі адкрыць помнікі, пахаваць яшчэ непахаваных немцаў - фашыстаў, якія прыйшлі на нашу зямлю. І мы былі добрыя і талерантныя. Хай сабе мы. Тыя, хто перамог у гэтай вайне. Тыя, хто мучыліся, пакутавалі, адкрылі свае сэрцы і душы і паставіліся па-чалавечы да іх. І што?
Учарашняя цытата: "Санкцыі неабходна распаўсюдзіць на цэлыя сектары беларускай эканомікі". Чытай, няхай падохнуць там. Гэта значыць, мы. Так і хочацца спытаць аўтара гэтых радкоў, нейкага Мааса, Міністра замежных спраў Германіі: спадар Маас, вы хто? Немец, які ўчора каяўся, або наследнік нацыстаў? Вы хто, адкажыце публічна. Хаця б перад сваім народам.
Таму - не трэба каяцца на публіку за грахі сваіх папярэднікаў. Грош цана гэтым пакаянням, якія мы яшчэ нядаўна чулі ў "Трасцянцы" ад прэзідэнтаў Аўстрыі і Германіі. Ніякія словы не схаваюць рэальныя намеры.
Вы павінны не проста каяцца. Вы павінны яшчэ 100 гадоў стаяць на каленях перад беларускім народам і маліцца, што вы змаглі нарадзіцца пасля той вайны. Вы павінны рабіць усё, каб зарубцаваць у нашых сэрцах і душах раны ад гэтай вайны. Вы не душыць нас павінны. Вы на руках павінны нас насіць - немцы, палякі, так званы Еўрапейскі саюз. Таму што мы выратавалі вас ад карычневай чумы. Хадзілі б вы разам з намі, усім савецкім народам, рабамі, калі б яны ўзялі верх.
І не трэба нас заспакойваць гісторыямі пра абарончыя вучэнні і міралюбнасць НАТА. Мы гэтага наеліся з 41-га года, калі мы вам верылі, і не атрымалі ўрокаў з гісторыі, пасля перамогі падарыўшы вам Усходнюю Еўропу (так званыя краіны Варшаўскага дагавора) у абмен на вашы абяцанні, што вы ніколі не зробіце кроку ў нашым напрамку і не будзеце, як модна цяпер гаварыць, пашыраць НАТА на Усход. Вы як мінімум ілгуны, як максімум - нягоднікі. Вы ўвесь час ілгалі, вы нас падманвалі, а сёння - не атрымаецца.
Мы зробім усё, каб абараніць сваю зямлю. І вось гэтыя нашы сыны, якія тут стаяць пад сцягамі пераможцаў, - запомніце - зробяць усё для таго, каб вы жылі спакойным жыццём на сваёй зямлі. Вы - украінцы, беларусы і рускія, палякі, яўрэі, татары. Усе, хто жыве тут, на гэтай зямлі. Гэта ваша зямля. Вас нідзе не чакаюць, і не верце гэтым абяцанням, што вас там, напрыклад, з картай паляка прымуць з распасцёртымі рукамі. Некаторых прынялі, ледзь паспелі дадому дабегчы. Гэта ваша зямля, беражыце, беларусы, яе, шануйце. Таму што яна належыць не толькі нам. Яна належыць нашым дзецям і ўнукам. Яны павінны мець гэты кавалачак зямлі, на якім будуць жыць і гадаваць сваіх дзяцей.
І тое, што калектыўны Захад прадаўжае марыць пра новы "кідок на Усход", сусветнае панаванне і захоп багатых рэсурсаў на ўсход ад Беларусі, мы гэта цудоўна бачым. Тады, пасля вайны, разбураную эканоміку не было каму аднаўляць. Мы і сёння не прыйшлі ў сябе ад гэтай дэмаграфічнай катастрофы.
Інфармацыйнае цкаванне чаканых вынікаў не прынесла. Цяпер мы трымаем эканамічны ўдар. Хацелася б ведаць, што далей? Інтэрвенцыя? Забудзьце, супакойцеся. Дорага яна вам абыдзецца. Выглянцаваныя твары з высокіх трыбун па той бок мяжы нахабна лгуць з падачы збеглых аб тым, што беларускі народ сам вымольвае санкцыі ў адносінах да сябе. Нібыта беларусы гатовы пакутаваць дзеля нейкай эфемернай "светлай будучыні", якую прынясуць ім гэтыя добрыя дзядзькі на кончыках сваіх штыкоў. Ды прыйдзіце вы ў сябе нарэшце, ачумелыя і аблудныя!
Колькі ў нашай гісторыі было такіх выпадкаў, калі нам шмат абяцалі: і свабоду, і незалежнасць, і дзяржаву абяцалі нам стварыць для беларусаў на кончыках штыкоў. І ў выніку што? А ў выніку - у апошняй вайне кожнага трэцяга пахавалі. Колькі было скалечана? Скалечана не толькі фізічна людзей, але колькі было скалечана лёсаў, сэрцаў?
Санкцыі, правакацыі... Так і хочацца спытаць: вы што, гэта спецыяльна робіце? Хочаце выпрабаваць граніцы на трываласць, а новае пакаленне беларусаў на патрыятычнасць? Давайце паспрабуем.
Паслухайце, няўжо гісторыя так нічому вас і не навучыла? Паглядзіце: як і 80 гадоў таму, рэгіён знаходзіцца на мяжы глабальнага канфлікту. Я звяртаюся перш за ўсё і чарговы раз да народаў нашых суседніх краін - палякаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў. Прыйдзіце ў сябе, пакуль не позна. Разбярыцеся вы з гэтымі палітыкамі, ашалелымі і страціўшымі рэальнасць. Паглядзіце, які прыгожы свет, і ў гэтым свеце мы заўсёды нармальна жылі, па-суседску, дзялілі кавалак хлеба, ездзілі адзін да аднаго. Давайце спынімся ля гэтай апошняй мяжы: заўтра будзе позна.
Няўжо сярод украінцаў, літоўцаў, латышоў, палякаў, да якіх беларусы заўсёды ставіліся дружалюбна, знойдуцца тыя, хто гатовы ахвяраваць гэтым сваім мірным жыццём дзеля вар'яцтва і амбіцый асобных кіраўнікоў гэтых дзяржаў, палітыкаў, якім на самай справе напляваць на наш беларускі народ, на свае народы, іх лёсы і дзяржаўнасць, нашу беларускую дзяржаўнасць?
Яшчэ раз скажу тым, хто да гэтага часу не зразумеў. Усвядомце раз і назаўсёды: мы родную зямлю, незалежнасць і суверэнітэт нікому не аддадзім. Мы ў любым выпадку выстаім! Проста хацелася б па-чалавечы, як заўсёды, па-славянску.
Свет сёння не замыкаецца толькі на Еўрапейскім саюзе. На планеце дастаткова адказных краін і цэлых рэгіёнаў, з якімі мы прадоўжым цесна супрацоўнічаць. За намі праўда, і мы наследнікі вялікага пакалення, якое падарыла нам жыццё, свабоду і незалежнасць. Помніце, беларусы, не толькі тое, што мы гаворым, але нават тое, што мы думаем, яны бачаць там, з нябёсаў, і чуюць. Помніце аб гэтым. Я сёння гавару гэта вам, разумеючы, што яны нас чуюць. Яны павінны разумець, што не дарэмна загінулі.
Гэта святое воінства і сёння дапамагае нам берагчы родную Беларусь. Дапамагае перш за ўсё прыкладам непахіснай стойкасці, мужнасці і самаадданасці, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сёння мы славім подзвіг нашага народа, ушаноўваем ветэранаў і смуткуем аб загінулых, схіляем галовы перад героямі і бязвіннымі ахвярамі вайны. Помніце: гэта памяць свяшчэнная і непарушная, і пакуль яна ёсць у нас, мы будзем жыць, жыць заўсёды дастойна, не на каленях. Так ёсць, так павінна быць і так будзе заўсёды!