Удзел ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц для ажыццяўлення водазабеспячэння Мінска

  • 21
  • 19:36

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня прыняў удзел ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц для ажыццяўлення водазабеспячэння Мінска.

Цырымонія прайшла на новай помпавай станцыі "Шчомысліца". Прэзідэнту далажылі аб праведзенай рабоце па пераводзе сталіцы на водазабеспячэнне з падземных крыніц, мадэрнізацыі Мінскай ачышчальнай станцыі і рэканструкцыі ў горадзе смеццеперапрацоўчага завода.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння вельмі шмат гаворыцца пра космас, запуск спадарожнікаў і будаўніцтва атамных станцый. Але, паводле яго слоў, перавод Мінска на водазабеспячэнне з артэзіянскіх крыніц параўнальны з гэтымі маштабнымі праектамі і яшчэ больш важны для людзей.

"Усё ж такі трэць аб'ёму нам не хапала, і амаль палова насельніцтва ў нас не мела артэзіянскай вады. Хоць мы ваду выкарыстоўвалі з паверхневых вод, прыводзілі ў парадак, ачышчалі. Так увесь свет жыве", - канстатаваў Прэзідэнт.

"Кажуць, у нас няма карысных выкапняў. Самы вялікі ў нас - чыстая вада. Я ўжо гаварыў: у нейкім годзе Арганізацыя Аб'яднаных Нацый ацаніла ваду - у нас, па-мойму, і ў Харватыі аказалася вада сама чыстая. Таму забяспечыць мегаполіс амаль на два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой - гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мала хто, ды наогул я не ведаю такіх дзяржаў, якія б з клопатам пра людзей падышлі да гэтага пытання. Мы ж маглі проста абыходзіцца тым, што ёсць. У нас была добрая вада, але зрабілі выдатную ваду. Цяпер Мінск жыве, як любая вёска, а вёскі ўсё ж жывуць са свідравін. Гэта вельмі сур'ёзны праект, і думаю, што мінчане гэта ацэняць. Гэтая вялікая справа".

Як адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, да гэтага часу ў горадзе заставаліся тры сістэмныя праблемныя пытанні: водазабеспячэнне сталіцы з падземных крыніц, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і будаўніцтва смеццесартавальнага завода.

"Горад штодзень выкарыстоўвае 450 тысяч кубічных метраў вады, 330 тысяч з падземных крыніц у нас было, каля 120-130 тысяч штодзённа пастаўлялася з наземных крыніц (гэта Вілейская водная сістэма). Для таго, каб знайсці гэтыя 130 тысяч, у самім горадзе і на бліжэйшых тэрыторыях такіх запасаў вады не было. Яны былі на адлегласці 35-40 кіламетраў ад горада. Каб падняць гэту ваду, было прабурана і пабудавана 87 новых свідравін, яшчэ больш за 40 перабурана. Пабудавана 114 кіламетраў трубаправодаў вялікага дыяметра", - расказаў Уладзімір Кухараў.

Паводле яго слоў, каштарысная вартасць праекта складала Br850 млн. Аднак за кошт хуткіх тэмпаў работ і дзякуючы эканоміі пры правядзенні закупак удалося сэканоміць амаль Br150 млн. У выніку ўвесь праект абышоўся Br700 млн.

"І сёння горад поўнасцю забяспечаны вадой з падземных крыніц. Сістэму з наземных крыніц мы захаваем: вада будзе выкарыстоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі як тэхнічная, для забеспячэння энергетычнага попыту (ЦЭЦ) і абваднення Мінска (Мінскае мора і гэтак далей)", - растлумачыў старшыня Мінгарвыканкама.

Гаворачы аб праблеме перапрацоўкі смецця, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтаму пытанню ў Год добраўпарадкавання будзе ўдзелена асаблівая ўвага.

"Ачышчальныя збудаванні і вялікі завод па перапрацоўцы адходаў - гэта трэба рабіць. У бягучай пяцігодцы і ў бягучым Годзе добраўпарадкавання мы асаблівую ўвагу гэтаму ўдзелім. Асабліва перапрацоўцы смецця. У мяне ў галаве вечна лічба Швейцарыі, якая амаль усё смецце перапрацоўвае і атрымлівае з гэтага каштоўныя прадукты, таму што там ёсць усё - ад поліэтылену да паперы. Нам трэба гэтым займацца, каб не забрудзіць гэты кавалачак зямлі, на якім трэба будзе жыць нам і нашым дзецям", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў, што ў горадзе пачалі ўжо рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў. Праект разбіты на некалькі чэргаў. Спачатку плануецца рэканструяваць збудаванні механічнай ачысткі, гэтыя работы ўжо вядуцца. У час другой чаргі будуць мадэрнізаваны збудаванні біялагічнай ачысткі. Трэцяя чарга - падрыхтоўка збудаванняў па ўтылізацыі і перапрацоўцы глею.

"Да канца года мы пачынаем працаваць па чацвёртай і пятай чарзе. Плануем, што першыя тры чаргі мы зробім на працягу двух гадоў, - расказаў старшыня Мінгарвыканкама. - У 2028 годзе плануем забяспечыць поўнасцю рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў Мінска, якія будуць аснашчаны сучаснымі тэхналогіямі. Фактычна гэта будзе безадходная вытворчасць".

"У наступнай пяцігодцы ўсю гэту праблему для Мінска трэба закрыць. Яна па планах будзе раней вырашана, але за пяцігодку выходзіць нельга. У краіне гэта такое першае комплекснае мерапрыемства па будаўніцтве ачышчальнай станцыі ў такіх маштабах. Нам трэба і ў іншых буйных гарадах паглядзець (перш за ўсё абласных, можа, і трэцяга ўзроўню гарады - статысячнікі) на будаўніцтва такіх станцый. Гэта будзе так званы пілотны праект, які мы павінны ажыццявіць у Мінску і пачаць у кожнай вобласці ў гэтай пяцігодцы. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння ў Мінску таксама рэалізуецца маштабны праект па рэканструкцыі магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода на палігоне цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) "Трасцянецкі". У рамках праекта плануецца пабудаваць звыш 20 аб'ектаў, што дасць магчымасць значна павялічыць магутнасці прадпрыемства. Чакаецца, што сумарная магутнасць комплексу па абыходжанні з ЦКА павялічыцца з 100 тыс. т у год да 600 тыс. т.

"Калі мы рэканструюем гэты комплекс, нам будзе дастаткова для перапрацоўкі?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, рэканструкцыя магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода поўнасцю закрые патрэбнасці горада.

"Значыць, трэба аператыўна гэта зрабіць", - запатрабаваў Прэзідэнт.

"Да 3 ліпеня мы плануем поўнасцю завяршыць будаўніцтва смеццесартавальнага завода. На ім будзе ісці сартаванне ўсіх адходаў. Мы будзем адбіраць усе другасныя матэрыяльныя рэсурсы, якія потым будуць падлягаць паглыбленай перапрацоўцы. Акрамя таго, будзе штогод вырабляцца 113 тысяч тон RDF-паліва (агульная назва паліва, што вырабляецца з адходаў. - Заўвага), яно будзе выкарыстоўвацца як паліва для цэментнага завода", - праінфармаваў старшыня Мінгарвыканкама.

Звяртаючыся да будаўнікоў і работнікаў "Мінскводаканала", якія прысутнічалі на цырымоніі, Кіраўнік дзяржавы выказаў ім удзячнасць за праведзеную работу, што, паводле слоў Прэзідэнта, параўнальна са здзяйсненнем подзвігу. Рэалізаваны праект па забеспячэнні Мінска артэзіянскай вадой з'яўляецца важнейшым для насельніцтва, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Наша пакаленне здзейсніла сапраўды подзвіг, забяспечыўшы такі мегаполіс на 2 млн чалавек чысцейшай падземнай вадой", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Цяпер водаканалаўцам і нам давядзецца эксплуатаваць гэтыя сістэмы, каб мінчане на нас не крыўдзіліся па забеспячэнні вадой. Трэць дабавілі па аб'ёме пастаўкі чысцейшай вады - 90 свідравін, 40 свідравін адрамантавалі, пабудавалі найноўшую станцыю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Цяпер намечаны планы па рэалізацыі наступных праектаў - па ачыстцы сцёкавых вод, водаадвядзенні і па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў, смецця. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў некаторых краінах перапрацоўваецца і выкарыстоўваецца паўторна практычна ўсё смецце, а ў Беларусі - пакуль не больш як 40%. У хуткім часе Кіраўнік дзяржавы мае намер заслухаць адпаведны даклад адказных асоб на гэту тэму, паколькі раней Ураду і старшыням аблвыканкамаў было даручана займацца гэтым пытаннем.

"Паглядзім, на што мы выйшлі. Але ў гэтай пачатай пяцігодцы мы завершым гэтыя аб'екты. У бягучым годзе, Годзе добраўпарадкавання, таксама нямала зробім. Трэба, каб мы ўсе адходы перапрацоўвалі, шкло, пластык, паперу накіроўвалі зноў у перапрацоўку. Гэта велізарныя рэсурсы, велізарная эканомія, якая сёння не выкарыстоўваецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я вельмі спадзяюся, адкрываючы гэту станцыю сёння разам з вамі, што сістэма будзе працаваць без перабояў і мінчане будуць нам за гэта ўдзячныя", - дадаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу дырэктар "Мінскводаканала" Фёдар Рымашэўскі падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за дапамогу і падтрымку пры рэалізацыі такога складанага, маштабнага і, безумоўна, патрэбнага для людзей праекта, як перавод Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц. У якасці сімвалічнага падарунка ён перадаў Прэзідэнту капсулу з вадой, здабытай з артэзіянскіх свідравін, прабураных пры будаўніцтве новай помпавай станцыі "Шчомысліца".

У адказ на гэта Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэты праект быў дарагім, на яго рэалізацыю спатрэбілася Br700 млн. У сувязі з чым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць больш беражлівага стаўлення да ўсіх рэсурсаў, у тым ліку да вады.

"Мяне больш за ўсё непакоіць тое, што мы часам бесшабашна ставімся да тых рэсурсаў, якімі валодаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта датычыцца, напрыклад, стаўлення да лясоў, зямельных рэсурсаў і шмат іншага. "Тое ж самае ў нас па цвёрдых бытавых адходах. Тое ж самае ў нас па вадзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, да гэтага часу па краіне застаюцца неўзараныя землі сельгаспрызначэння, у той час як Беларусь на экспарце атрымлівае каля $9 млрд у год і дадатковыя пасяўныя плошчы дадуць магчымасць павялічыць аб'ёмы вырашчанай прадукцыі і, адпаведна, нарасціць пастаўкі за мяжу.

Або яшчэ адзін прыклад - стаўленне да вады. Многія прывыклі лічыць гэты рэсурс танным і лёгкадаступным, тым больш што ў Беларусі прэснай вады дастаткова. Хоць спецыялісты разумеюць, наколькі затратны і працаёмісты працэс водазабеспячэння, тым больш калі размова ідзе пра такі горад, як Мінск.

"Вы, як ніхто іншы, разумееце, што гэта вельмі дарагая рэч - прабурыць свідравіну, падняць ваду, прапампаваць яе, яшчэ раз даачысціць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да работнікаў "Мінскводаканала", якія прысутнічалі на цырымоніі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе гэтыя мерапрыемствы вельмі дарагія і датуюцца за кошт бюджэту Мінска.

"Вы не плаціце за ваду столькі, колькі яна каштуе. Таму беражыце, калі ласка, ваду, як і іншыя рэсурсы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Беражлівасць заўсёды была ўласціва нашаму народу. Трэба захаваць гэтыя падыходы".

Кіраўнік дзяржавы ў час цырымоніі звярнуў увагу на не зусім спрыяльныя ўмовы надвор'я, што можа садзейнічаць росту захваральнасці: "Такое надвор'е заўсёды нейкую гадасць прыносіць на тэрыторыю нашай краіны. І, калі акуратна сябе не паводзіць, мы зноў трапім у якую-небудзь пандэмію. Таму беражыце сябе. Беражыце сваіх дзяцей".

"А Міністэрству аховы здароўя перадайце, каб яны сур'ёзна прааналізавалі эпідэмсітуацыю ў Беларусі, - даручыў Аляксандр Лукашэнка адказным службовым асобам. - Нам трэба прымаць дадатковыя меры да таго, што яны прынялі".

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі ўсе жадаючыя могуць зрабіць неабходныя прышчэпкі, у краіне для гэтага закуплены адпаведныя прэпараты, якія не вырабляюцца мясцовымі фармпрадпрыемствамі. "Калі ласка - усё ў краіне закуплена таго, што не было выраблена, і лякарствы, каб засцерагчы вас і вашых дзяцей ад хвароб. Здароўя вам!" - пажадаў ён.

"Ну што, мы гатовы гістарычны факт занатаваць?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка перад пускам.

Кіраўнік дзяржавы разам са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым і дырэктарам "Мінскводаканала" Фёдарам Рымашэўскім павярнуў сімвалічны вентыль і зрабіў пуск артэзіянскай вады.

Затым Прэзідэнт агледзеў абсталяванне машыннай залы помпавай станцыі.

"Было пабудавана 60 электрычных падстанцый, укладзена 88 кіламетраў кабельных сетак, каб гэта ўсё забяспечыць электраэнергіяй, - адзначыў Уладзімір Кухараў. - Акрамя таго, амаль 40 населеных пунктаў Мінскага і Пухавіцкага раёнаў будуць падключаны да гэтай сістэмы, каб таксама атрымліваць артэзіянскую ваду".

"Тое, што нашы спецыялісты ўмеюць гэта рабіць, вялікая справа, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта дасягненне".

Частка абсталявання на станцыі замежнай вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што неабходна яшчэ раз вывучыць зносастойкасць сістэм і матэрыялаў і падумаць, што з гэтага можна вырабляць у краіне.

На станцыі Прэзідэнт таксама прадэгуставаў артэзіянскую ваду, якая падаецца ў кватэры мінчан. "Выдатная вада! Можна разліваць у бутэлькі і прадаваць. Вельмі добрая! Гэта для народа падарунак, істотны падарунак, як без вады жыць", - заявіў беларускі лідар.