Наведванне храма Мікалая Цудатворца ў Лагойску

  • 22
  • 32:53

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Раство Хрыстова наведаў храм свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску.

Кіраўнік дзяржавы па традыцыі разам з настаяцелем храма протаіерэем Уладзімірам запаліў калядную свечку, пагутарыў з вернікамі і свяшчэннікамі.

"У нас у нашай Беларусі, незалежнай краіне, усталявалася добрая традыцыя. Я ўжо гаварыў, што вельмі важна, калі мы хочам быць дзяржавай, каб у нас былі сталыя і прызнаныя ўсімі вамі, нашымі людзьмі, традыцыі. Адна з іх - гэта святы. Вялікдзень, Новы год, Дзень Перамогі, святое свята Раства. Гэта тыя святы, якія наша няпростая гісторыя не змагла сцерці з нашай памяці. Я ўпэўнены, што гэтыя святы ў нашых сэрцах назаўсёды", - сказаў Прэзідэнт.

Ён павіншаваў усіх са светлым святам Нараджэння Хрыстовага. "Мы яго ўсе чакалі. Вельмі прыемна. Калі пасля такога вясёлага, радаснага Новага года мы ўваходзім у свята Раства Хрыстовага. Мы яшчэ не паспелі адысці не ад весялосці, а ад радасці нашай. І вось яшчэ радаснае і шчаслівае свята Раства. Я хачу, каб яно прынесла ўсім радасць. Каб вы радзей засмучаліся. І каб вашы дзеткі вас ніколі не засмучалі", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, рыхтуючыся да наведвання храма, запісаў сабе некалькі тэзісаў, якія хацеў бы агучыць для ўсяго беларускага народа і тых, хто гэта пачуе, - сказаць пра галоўныя дзеянні на бліжэйшы час.

"Я ўжо не аднойчы гаварыў - будучы 2025-ы год будзе годам няпростым. Не толькі таму, што разам з Расіяй нас пачалі ціснуць і душыць з усіх бакоў. Пакуль тыя тактыка і стратэгія, якія мы вызначылі, дапамагаюць нам не толькі ўтрымацца на плаву, але і жыць на дастойным узроўні", - заявіў Прэзідэнт.

"Скажам так, шчыра, што кожны жыве так, як ён хоча. Вось гэта я ўжо сёння магу спакойна сказаць. Таму што калі ты хочаш жыць лепш - у нашай дзяржаве такія ўмовы створаны. Хочаш лепш, Гасподзь заўсёды намякаў на гэта, трэба проста больш працаваць. Не будзеш працаваць, ніколі лепш і нават добра жыць не будзеш", - адзначыў беларускі лідар.

"Таму мы пераадолеем усе складанасці і цяжкасці будучага года. Яны звязаны не толькі са знешнім націскам на нашу дзяржаву. Гэты год будзе складаным яшчэ і таму, што ў нашых сяброў і суседзяў, з якімі мы гандлюем (а гандаль - гэта аснова жыцця любой дзяржавы), сітуацыя няпростая. Вы гэта бачыце. Калі б было нармальна ў іх, у нас было б вельмі добра. Таму новы год, які настаў, будзе няпростым. Ён будзе цяжкім. Але мы яго пераадолеем", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што розныя цяжкасці ў краіне пераадольвалі не аднойчы, у тым ліку пандэмію, санкцыі. "Але калі мы адзіныя, калі мы разам, калі мы хаця б глядзім у адзін бок аднолькава, тады ў нас будзе ўсё добра, - сказаў Прэзідэнт. - Мы пераадолеем усе складанасці і цяжкасці. Мы навучыліся іх пераадольваць, ведаем, як пераадольваць. Але зрабіць гэта можам толькі разам".

"Хацеў вас папярэдзіць, што і ўнутры ў нас праблем хапае. І выклікі з'яўляюцца пастаянна. Можна сказаць, кожны месяц. Апошні выклік, вы яго яшчэ, напэўна, не заўважылі, ну і дзякуй богу (гэта мая работа, работа Урада, органаў улады), - гэта вымушаная міграцыя людзей. Людзей, якія бягуць ад вайны. Гэта людзі розныя. Расію яна захліснула. Нас Гасподзь пашкадаваў да сёння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Але мяне ўжо інфармуюць, што пачынаюць падцягвацца людзі з Усходу. Не толькі тыя, якія жадаюць нам нейкай варожасці і вайны. Не, падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваны. Гэта таксама нястрашна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей. Працоўныя рэсурсы нам патрэбны. Але некатралюемая міграцыя - гэта бяда", - заявіў беларускі лідар.

"Яшчэ раз падкрэсліваю - да нас едуць розныя людзі. А праз нас цяпер вялізны транзіт на Захад, куды яны імкнуцца. І нас усе абвінавачваюць у тым, што мы садзейнічаем гэтай міграцыі. Я таксама заўсёды быў сумленны. Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем. Асабліва тых, хто ўводзіць супраць нас эканамічныя санкцыі. Чаму мы іх павінны абараняць?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама прыгадаў, што нядаўна Зяленскі крычаў: "Жыве Беларусь!". "Ну, жыве. Вядома, жыве. Ён, праўда, сказаў, што хутка ва ўсёй Беларусі ўсе будуць гаварыць гэтыя лозунгі. Ён нібыта намякаў, што хутка ў нас будзе, як ва Украіне. Я так падумаў, пачуўшы яго. І думаю: "Не дай бог", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, галоўны выклік - гэта эканоміка. "Будзем разам трымацца, будзем імкнуцца зрабіць, каб лепш жылося, - мы пераадолеем гэтыя выклікі", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама падкрэсліў важнасць захавання міру: "Галоўнае для нас, як сказаў толькі што айцец Уладзімір (настаяцель храма ў Лагойску. - Заўвага), адрасуючы гэта мне, каб было мірнае праўленне. І тут - гэта мая задача - будзе зроблена ўсё для таго, каб у Беларусі захаваўся мір. Будзе мір - усё астатняе мы купім. Будзем жыць, можа, не багата, але дастойна. Як жывём цяпер. Ні ў кога нічога не просім. Мы жывём на тыя грошы, сродкі і магчымасці, якія мы рэалізоўваем у Беларусі. Таму для нас галоўнае - захаваць мір. Не будзе міру - нічога не трэба".

У якасці прыкладу таго, што адбываецца, калі няма міру, Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю ў суседзяў, дзе тысячамі гінуць людзі. "Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба. Таму мы будзем рабіць усё для таго, каб захаваць мір", - запэўніў беларускі лідар.

"Мы будзем рэалізоўваць сваю палітыку сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Многія могуць паўсміхацца, калі я гавару пра народ, пра людзей. Але павінен вам сказаць: тое, што робім мы для людзей у Беларусі, ні ў адной краіне не робіцца. Ні ў адной! Самае галоўнае - мы ўмеем чуць нашых людзей, слухаць нашых людзей", - заявіў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу ён расказаў, што ў хуткім часе адкрыюць апошнія некалькі дзясяткаў артэзіянскіх свідравін, якія будуць садзейнічаць забеспячэнню Мінска вадой з падземных крыніц. "Мы адкапалі 90 свідравін для таго, каб поўнасцю Мінск забяспечыць чыстай вадой", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў агульнай колькасці Мінск спажывае больш за 400 тыс. куб.м вады за суткі і трэба было яшчэ забяспечыць водазабеспячэнне з падземных крыніц у аб'ёме 120-130 тыс. куб.м.

"Мы гэта для каго робім? Для свайго народа. Скажу шчыра: а маглі б і не рабіць", - адзначыў Прэзідэнт. І многія краіны бяруць ваду з наземных крыніц.

"Але мы гэта зрабілі. Таму што я ведаю, што гэта людзі запомняць назаўсёды. І будуць удзячны. Таму што паветра, вада, наша харчаванне - гэта аснова жыцця. Не лякарствы. А менавіта гэта. Паветра, вада - тое, без чаго людзі жыць не могуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усе астатнія гарады ў Беларусі ў гэтым плане вялікіх праблем не маюць.

Яшчэ адзін прыклад таго, што робіцца для людзей, - гэта дарожнае будаўніцтва. "Людзі заўсёды скардзяцца на дарогі. У мінулым годзе мы проста штурмам, наколькі магчыма, бралі гэтыя вышыні", - расказаў Прэзідэнт.

"Пры нашым клімаце (вы бачыце: учора - мароз, сёння - адліга) у нас праблем з дарогамі хапае. Таму патрэбны вялізныя сродкі для таго, каб хаця б падтрымліваць дарогі ў нармальным стане. Тым не менш, мною пастаўлена задача - усе раённыя цэнтры, напрыклад Лагойск, з аграгарадкамі павінны быць звязаны дарогамі з цвёрдым пакрыццём. Мы павінны, як бы ні было складана ў краіне, на працягу наступнага года пераадолець гэта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму сацыяльна арыентаваная дзяржава - гэта калі дзяржава глядзіць у бок народа. Гэта не той выпадак, калі дзяржава за ўсіх нас, за вас будзе працаваць. Гэта не роля дзяржавы. У дзяржавы ёсць свае функцыі", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што за гады кіравання краінай гэтыя функцыі ён значна пашырыў: "Мы ўвялі для кожнай вёсачкі пэўныя стандарты, і яны ў большасці сваёй выконваюцца. Але мы звернем на гэта сур'ёзную ўвагу. Таму што першы год пяцігодкі якасці - Год добраўпарадкавання. У вёсцы, не гаворачы пра аграгарадкі, хоць адзін ліхтар на вуліцы павінен гарэць. Каб людзі смела маглі перамяшчацца па вуліцы. Я жыў у такой вёсцы і ведаю, што гэта значыць".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка занепакоены, што сучасная моладзь не так прыхільна да працы, як больш старэйшае пакаленне. "Вось мы ўсе захвальваем нашу моладзь. Так, у нас нядрэнная моладзь. Яна такая, якая яна ёсць. Іншай не будзе. Але мяне непакоіць тое, што наша моладзь не так, як мы з вамі, прыхільна да працы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму перад вамі ў будучым будзе стаяць сур'ёзны экзамен. Нам трэба вызначыць нармальную ўладу, нармальнага Прэзідэнта, Урад, які будзе ўказваць той шлях, па якім будзе развівацца наша краіна. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. У гэтым адзін з напрамкаў, сутнасць змены пакаленняў".

"Я не аб тым, што я заўтра збягу куды-небудзь. Пакуль ёсць здароўе, я буду з вамі. На любой пасадзе буду працаваць для таго, каб захаваць тое, што мы стварылі сваімі рукамі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не трымаюся за ўладу. Я зраблю ўсё для таго, каб ціха, спакойна перадаць гэту ўладу новаму пакаленню. Таму што я спадзяюся яшчэ пры новай уладзе, і вы таксама, пажыць. Мае дзеці будуць жыць. Я хачу бачыць, як яны будуць жыць. Мае - не тое, што гэта маё дзіця. Мае дзеці - вось гэтыя (паказваючы на дзяцей у царкве. - Заўвага). Я хачу бачыць, як яны будуць жыць. Вось мая мэта. Таму гэта вялікая мая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы перажылі цяжкія часы. Дзякуй богу, што прайшлі гэта. Паразумнелі. І мы, і вы. І нашы людзі, наш народ, - падкрэсліў беларускі лідар. - Увогуле наш народ добры. Працавіты. Мы цяпер зведваем і душэўныя, і псіхалагічныя атакі жорсткія. Але народ трымаецца. Прыязджаюць да нас госці і зайздросцяць: "Ой, у вас людзі добрыя, ветлівыя, спагадлівыя". Гэта чаму? Таму што народ наш добры. Ад кораня. Яны трымаюцца".

"Будучы час, і асабліва будучая пяцігодка, - гэта змена пакалення. І я, і многія са мной - мы ж не вечныя. Трэба падрыхтаваць маладое пакаленне. Як маладое - наступнае пакаленне. Нашых дзяцей, якія возьмуць у рукі Беларусь і будуць яе берагчы, шанаваць. Ну хаця б так, як мы з вамі - цяперашняе пакаленне - аберагалі яе і зрабілі гэту краіну суверэннай і незалежнай. Упершыню ў гісторыі. Таму змена пакаленняў - гэта заўсёды балючы працэс. Але я вам абяцаю, што мы зробім так, што ніякай балючасці вы не заўважыце", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове ўсяго павінна быць справядлівасць. "Несправядлівасці быць не павінна. Адсюль наша ўмяшанне ў цэнаўтварэнне. І гэта не рэгуляванне цэн, як некаторыя гавораць. Абсалютна не. Мы не збіраемся рэгуляваць цэны. Гэта сёння немагчыма ў рыначнай эканоміцы. Гэта не тыя савецкія часы, калі на ўсё ўстанаўліваліся цэны. Павінна быць створана самарэгулюемая сістэма. Яна не павінна душыць бізнес, вытворчасць, - заявіў беларускі лідар. - Калі селянін нешта вырабляе, чаму мы яму павінны ўказваць, дзе і па якой цане ён павінен прадаваць прадукцыю. Няхай прадае. Але ён павінен помніць, што гэта ён вырабіў, а людзі, якія з ім побач, яны гэта купляюць. І яны павінны мець магчымасць купіць гэту прадукцыю".

"Тое ж самае з прамысловымі таварамі. Мы можам вырабляць колькі хочаце трактароў, але нашы сельгаспрадпрыемствы, фермеры не смогуць іх купіць. Таму трэба стварыць такую самарэгулюемую сістэму, якая будзе садзейнічаць усталяванню гэтай справядлівасці", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даброты ў краіне стварае народ, а таму народу неабходна аддаць належнае з заробленага прыбытку. "А не набіваць сабе кішэні. У гэтым прынцып справядлівасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі такой справядлівасці няма, мы прыйдзем да вайны. Ва Украіне пачыналася не з майдана, усё пачыналася з несправядлівасці, калі з'явіўся вялізны клан - алігархат, які задушыў Украіну. І так паціху гэты алігархат прывёў краіну да вайны. Той жа Зяленскі - ён жа не бедны чалавек. Таму ў каго грошы ў кішэні вялізныя, не заробленыя, яны моцна ціснуць. І тады ты ўжо не думаеш пра дзяржаву. Ты тады будзеш думаць пра гэтыя грошы. І там усе прэзідэнты былі такімі. Таму ўсё пачыналася з несправядлівасці", - заўважыў беларускі лідар.

"Добра працуеш, шмат працуеш - атрымлівай (заробленае. - Заўвага). Ніхто ў цябе не адбярэ. Але тое, што зароблена, павінна заставацца ў Беларусі. Гэта не павінна вывозіцца. Як гавораць - вываз капіталу: грошы зарабіў, вывез за мяжу, там у банках размясціў або нейкае прадпрыемства адкрыў. Чаму мы павінны на некага працаваць? Таму ўсё павінна заставацца ў Беларусі. Гэта прынцыповыя пытанні справядлівасці, на якія ў бліжэйшы час будзе звернута сур'ёзная ўвага", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб развіцці Беларусі ва ўмовах розных знешніх выклікаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікае напружанне вакол краіны: "Паўсюль штосьці… Фермеры нешта ламаюць, гноем закідваюць Урад, войны ідуць і іншае. Узбройваюцца. А гэты маленькі астравок (не такі ўжо і маленькі, як я лічу, але астравок) - мірны. І вы ведаеце, ім жа (нядобразычліўцам за мяжой. - Заўвага) цісне. Там цісне. Вось трэба і нас уцягнуць у гэту вайнушку. Чаму Валодзя Зяленскі сябе так паводзіць? Мы ж нармальна з ім былі, у добрых адносінах. І мая маленькая сям'я таксама. Чаго ён вякае, чаго яму не хапае? Яму даюць каманду. Трэба ўсяляк рабіць усё, каб уцягнуць краіну ў вайну".

"Калі нас уцягнуць у вайну, гэта цяжкая сітуацыя. Мы можам не вытрымаць як дзяржава. Таму я раблю ўсё цярпліва, настойліва, як Гасподзь нас і царква вучаць. Робім сваю справу. Час дасць усім ацэнку. Але нам трэба выстаяць. Няхай гавораць, што ў нас тут дыктатура, яшчэ чагосьці. Слухайце, лепш такая дыктатура, як у Беларусі, чым такая дэмакратыя, як ва Украіне. Нам трэба вытрымаць гэта. Ні ў якім разе нельга шарахацца", - заклікаў беларускі лідар.

Протаіерэй Уладзімір падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за добрыя словы: "Ад хвалявання сэрца гавораць вусны. Мы пачулі, як Вы ад усяго сэрца выказвалі сваю заклапочанасць, занепакоенасць і ў той жа самы час любоў да нас усіх, да нашага беларускага народа".

"Я люблю свой народ і ў гэтым мая асаблівасць. Выбачайце за нясціпласць, гэта мая любоў да маіх людзей, якія стаяць перада мной. 30 гадоў таму я пакляўся, што я буду служыць свайму народу, і гэта раблю. Як бы мне складана ні было, усякае бывала. Грубых памылак мы не дапусцілі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ішлі па тонкім лёдзе. Але ні разу не праламалі лёд і не праваліліся ў гэту сцюдзёную ваду. Гэта - галоўнае наша дасягненне".

Настаяцель храма таксама падзякаваў Прэзідэнту за палітыку па падтрымцы шматдзетных сем'яў.

"Я шматдзетны бацька. У мяне шасцёра дзяцей. Я хачу Вам падзякаваць", - сказаў ён.

"Вось малайчына, вось каму трэба гаварыць добрыя словы. І дзеці добрыя. Паводле маіх даных, дзеці добрыя. Дзяцей можна нарадзіць, але якія яны будуць - вось пытанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, намякаючы на важнасць выхавання.

"Гэта шмат у чым заслуга не толькі мая, але і маёй жонкі, якая тут прысутнічае", - заўважыў бацюшка.

"Безумоўна", - пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка.

Протаіерэй Уладзімір яшчэ раз выказаў словы ўдзячнасці: "Як шматдзетны бацька, ад усіх шматдзетных бацькоў нізкі паклон. За тое, што Вы для нас рабілі, робіце і спадзяёмся, што гэты курс будзе захоўвацца".

"Абавязкова", - паабяцаў беларускі лідар.

"Дзякую Вам як шматдзетны бацька шматдзетнаму бацьку", - дадаў свяшчэннаслужыцель.

Прэзідэнту ў час наведвання храма свяціцеля Мікалая Цудатворца падарылі ікону Маці Божай "Знаменне" Лагойская.

Абраз ад імя вернікаў Кіраўніку дзяржавы паднёс настаяцель храма протаіерэй Уладзімір. "Хачу пажадаць, каб гэты абраз быў залогам малітоўнай блізкасці Прасвятой Багародзіцы да Вас, да Вашага служэння, як у гэтым юбілейным, 2025 годзе, так і на многія і добрыя гады", - сказаў ён.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар храму ікону Маці Божай "Смаленская", якая таксама вядома на Русі са старажытных часоў. Яна ўяўляе сабой спіс з "Адзігітрыі Улахернскай", напісанай, паводле падання, святым евангелістам і апосталам Лукой.

"Айцу Уладзіміру і вам. Калі будзе складана, падыдзіце да гэтай іконы", - сказаў Прэзідэнт, уручаючы абраз.