Удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ў Мінску басейна міжнароднага стандарту

  • 49
  • 27:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні агульнарэспубліканскага свята 7 лістапада афіцыйна адкрыў у Мінску басейн міжнароднага стандарту.

Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася каля будынка басейна, які быў пабудаваны ў рамках гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая.

Пасля прыбыцця букет кветак Кіраўніку дзяржавы ўручылі Аліна Змушко (фіналістка XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы) і Васіліна Хандошка (бронзавы прызёр чэмпіянату свету). "Ну што, паплывём, чэмпіёнамі будзем?" - з ходу спытаў Прэзідэнт.

"Вядома", - запэўнілі спартсменкі.

"Абяцаеце?" - перапытаў Аляксандр Лукашэнка.

Спартсменкі зноў адказалі сцвярджальна, прычым паабяцалі быць не толькі чэмпіёнкамі краіны, але і свету.

"Усё, сусветныя чэмпіёнкі ў нас ёсць", - звярнуўся Прэзідэнт да чыноўнікаў, якія яго суправаджалі, і пацікавіўся ў старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава станам спраў на аб'екце.

"Зроблена ўсё поўнасцю. Аб'ект здадзены. Добраўпарадкаванне цалкам зроблена", - далажыў граданачальнік, падкрэсліўшы, што кітайскім бокам быў поўнасцю рэалізаваны ўвесь праект.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым нагадаў, што хутка будзе ўведзены ў строй і сучасны футбольны стадыён, які таксама будуецца ў рамках тэхнічнай дапамогі Кітая.

"Гэта помнік Сі Цзіньпіну трэба паставіць тут. Трэба прадумаць кампазіцыю пракітайскую каля стадыёна", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваім выступленні на цырымоніі адкрыцця Кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці кітайскаму боку і асабіста Сі Цзіньпіну.

"Я папрасіў, пагаварыў са сваім сябрам (Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. - Заўвага). Дзякуючы яму, вялікаму сябру беларускага народа Сі Цзіньпіну, мы пабудавалі гэты аб'ект. Калі б толькі гэты. У бліжэйшы час вы ўбачыце ў Мінску яшчэ адзін цуд, напэўна, больш значны, праўда, для футбалістаў", - падкрэсліў Прэзідэнт, відавочна, намякаючы на футбольны стадыён, будаўніцтва якога таксама вядзецца кітайскім бокам.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб тым, як лідар Кітая ў час аднаго з візітаў Кіраўніка беларускай дзяржавы ў гэту краіну паказваў макет будучага басейна. "Ён мяне ўзяў за руку, кажа: "Пойдзем, я табе пакажу". Падыходзім - стэнд. Ён бярэ, пакрывала здымае: "Вось гэта - нацыянальны футбольны стадыён і плавальны (басейн. - Заўвага) - у вас будзе пабудавана ў Мінску". Дысцыпліна ў Кітаі жалезная. Калі Сі Цзіньпін сказаў, там ужо ніхто не абмяркоўвае, там ідуць і робяць", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што на будаўніцтва абодвух аб'ектаў кітайскім бокам былі ўкладзены значныя фінансавыя сродкі: "Зразумейце: гэта вялікія грошы. І Кітайская Народная Рэспубліка сур'ёзна ўклалася. Гэта бясплатная тэхнічная дапамога".

Больш таго, Кітай гатовы ў будучым аказаць тэхнічную дапамогу ў будаўніцтве яшчэ некалькіх сацыяльна значных аб'ектаў. "Яны гатовы нам дапамагчы яшчэ ў некалькіх такіх магутных сацыяльных аб'ектах за свой кошт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы ў даўгу перад гэтым чалавекам (Сі Цзіньпінам. - Заўвага) і перад вялікім кітайскім народам. Вялікі ім дзякуй".

Асобныя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў кітайскім спецыялістам, будаўнікам, якія працавалі ў беларускай сталіцы. "Малайцы! Вам было няпроста пабудаваць гэты аб'ект, таму што вельмі сур'ёзна ў наша жыццё ў свой час умяшалася пандэмія. Кітайцы вельмі сур'ёзна да гэтага ставіліся ў сябе на радзіме, але і ў нас таксама. Таму былі нейкія імгненні і моманты (калі было цяжка. - Заўвага), але мы будавалі, павольна, пакрыху, але рухаліся, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - А ў апошні год я папрасіў, каб да гэтага свята Кітай скончыў будаўніцтва гэтага аб'екта, прымаў шэраг рашэнняў для таго, каб гэта было зроблена".

"І Кітай паабяцаў, Кітай зрабіў. Вось гэта дысцыпліна. Гэта нам прыклад. Сказана - зроблена. І ніякія ні Трамп, ні Харыс, ні Байдэн не павернуць са шляху кітайскі народ. Нам трэба ў гэтым плане вучыцца", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць кітайскаму боку ад беларускага народа: "Вялікі вам дзякуй. Вы павінны ведаць, што мы для вас надзейныя сябры. Мы ў апошнія гады, больш як 30 гадоў, разам ідзём, і Кітай ні разу не папракнуў Беларусь, што мы адышлі ад таго курсу, па якім дамовіліся ісці разам".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларускі і кітайскі народы родніць паважлівае стаўленне да гісторыі сацыялістычнага руху. "Сёння пра сацыялізм усё больш і больш пачынаюць гаварыць", - заўважыў ён. Хоць, паводле слоў Прэзідэнта, яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў "проста тапталі нагамі ўсе гэтыя азначэнні".

"Праўда, і ў Амерыцы сёння гэта - мацернае слова, нават з вуснаў Трампа, які перамог, Прэзідэнта, які абвінавачваў Камалу Харыс у тым, што яна "сацыялістка" і "камуністка". Ён заўзяты капіталіст, Трамп. Зразумела, мільярдэр", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што не бачыць нічога дрэннага ў сацыялізме. "Але некалі аб гэта выціралі ногі. Мы гэтым шляхам не пайшлі. І што мы бачым? Еўропа ўся арыентуецца на сацыялізм, не называючы, можа, яго так, але гаворыць пра сацыяльную справядлівасць. Мы адразу сказалі, што будуем сацыяльна арыентаваную дзяржаву. Гэта асноўны прынцып сацыялізму, і нашы сябры кітайскія ніколі ад гэтага не адмаўляліся. Яны гавораць пра сацыялізм, і ім не перашкодзіла гэта ісці па асноўных рэйках капіталістычнага руху".

Напрыклад, там прысутнічае і вельмі развіта канкурэнцыя. "Таму трэба ісці ад жыцця", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты дзень - важны для прафесіяналаў водных відаў спорту, балельшчыкаў і аматараў плавання. Бо адкрываецца знакавы аб'ект - новы сучасны басейн міжнароднага стандарту.

Важна, паводле слоў Прэзідэнта, і тое, што адбываецца гэта напярэдадні свята - 7 лістапада. Беларусь, адзіная на постсавецкай прасторы, захавала гэты чырвоны дзень календара. "Традыцыйна на свята мы самі робім сабе падарункі і адкрываем сацыяльна значныя аб'екты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па ўсёй краіне ў гэтыя дні адкрываюцца розныя значныя аб'екты. Адзін з іх - басейн міжнароднага стандарту ў Мінску, пабудаваны кітайскім бокам.

У працяг свайго выступлення Кіраўнік дзяржавы выказаўся ў цэлым аб развіцці спорту і дасягненнях беларускіх спартсменаў. У прыватнасці, Прэзідэнт крытычна адазваўся аб выніках у асобных відах спорту. Гэта датычыцца, напрыклад, футбола. "Смутак поўны. Праўда, і хакей пачынае ўжо туды хіліцца. Але, можа, паплывём?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прынамсі чалавек сем, паводле яго слоў, ужо моцна заявілі пра сябе ў плаванні. "Для таго, каб стаць чэмпіёнамі свету тут ёсць усё", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што добрыя спартыўныя аб'екты пабудаваны і ў іншых гарадах Беларусі. Напрыклад, басейн у Брэсце. "Плавайце, заваёўвайце медалі. Быццам бы блізка падышлі да гэтага. Дай бог, каб так было".

"Можа, калі-небудзь і на веласіпедах паедзем", - сказаў Прэзідэнт, нагадаўшы аб пабудаванай раней пляцоўцы для гэтага віду спорту - велатрэку - у "Мінск-Арэне". "Памятаю ўсе абяцанні (якія былі дадзены пры адкрыцці той пляцоўкі. - Заўвага), але пакуль горш стала", - адзначыў ён.

"У Беларусі, небагатай, сярэдняй па велічыні краіне, нават невялікай, ёсць усё, каб займацца спортам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ідзіце і гуляйце".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трэба ўзмацніць перш за ўсё фізічную падрыхтоўку спартсменаў, асабліва футбалістаў, якія, як заўважыў Прэзідэнт, пакуль не могуць у адным тэмпе правесці на полі ўвесь матч.

"Мы вам дорым вялікі падарунак", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных на цырымоніі прадстаўнікоў спорту. З наяўнасцю такіх выдатных пляцовак ад спартсменаў, вядома, чакаюць адпаведнай аддачы, выдатных выступленняў і перамог на спаборніцтвах, у тым ліку самага высокага ўзроўню, на Алімпійскіх гульнях. Прэзідэнт перакананы, што, нягледзячы на прысутнасць у міжнародным спорце функцыянераў, якія загуляліся ў палітыку, у беларускіх атлетаў ёсць магчымасці, каб праявіць сябе. "І сёння ніхто не перашкаджае займацца спортам і выйграваць. Я кажу: выйграйце ў расіян (яны ж адкрыты для нас). Выйграйце ў іх, і я больш ад вас патрабаваць нічога не буду", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Не трэба гаварыць, што вось нас аднекуль выключылі і трагедыя, і бяда. Ну бягуць біятланісты (праўда, не ўсе, але бягуць), перамагаюць расіян. Дзякуй ім (беларускім біятланістам. - Заўвага). А астатнім хто перашкаджае?" - рытарычна спытаў Прэзідэнт.

Напрыклад, нядаўна беларускія спартсмены добра выступілі на Кубку свету па плаванні на кароткай вадзе. "Там нашы засвяціліся, і нядрэнна. Гэта надзея, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, я далёкі ад таго, што мы будзем перамагаць на большасці дыстанцый у плаванні, гэта вельмі складана, цяжка, таму што тут не толькі фізпадрыхтоўка і іншыя моманты. У спорце сёння, вы бачыце, не толькі палітыка, але і лякарствы, допінгі і іншае. Нас могуць забаніць, а іншыя будуць на першых месцах. Усё можа быць. Але выйграваць можна".

"Рыхтуйцеся. З наступнага года - вынік ёсць - вось вам грошы. Няма выніку - і не гаварыце", - папярэдзіў Прэзідэнт.

"Грошы ёсць. Грошы будуць пры ўсіх складанасцях. Народ наш не шкадуе для спартсменаў гэтых грошай. Але патрэбны вынік, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце вынік. Вось вам не святочная размова. Мы чакаем. І справа не ўва мне - народ чакае ад вас салідных вынікаў. Будзе вынік - будзе тое, што вы просіце".

Прэзідэнт папярэдзіў, што пры адсутнасці вынікаў на спартыўных пасадах не будзе і многіх чыноўнікаў: "Не будзе і тых, хто працуе ў гэтым плане, пачынаючы ад міністра спорту і заканчваючы ўсімі астатнімі".

Прэзідэнт адзначыў, што ў час наведвання працоўных калектываў, размоў з людзьмі нярэдка чуе нараканні на выступленні нашых спартсменаў, асабліва ў масавых, гульнявых відах спорту, і заўвагі наконт матэрыяльнай падтрымкі спартсменаў, якая часам не суадносіцца з іх вынікамі. "Зразумейце, вы ствараеце настрой усяму народу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця спорту, дзяржава і асабіста Прэзідэнт робяць шмат для падтрымкі гэтага напрамку, таму маюць права запатрабаваць і за вынік.

На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў усіх з надыходзячым святам і пажадаў самага галоўнага - здароўя. "Але памятайце, здароўе адтуль (з нябёсаў. - Заўвага) не прыходзіць, - папярэдзіў ён. - Будзеце сюды (у басейн. - Заўвага) хадзіць - будзеце здаровымі. Аптэка, бальніца не патрэбна будзе. Трэба займацца спортам. Таму - наперад!"

На адкрыццё аб'екта былі запрошаны прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці, пасольства КНР і генеральнай падраднай арганізацыі "Пекінская будаўніча-інжынерная група".

Пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань перадаў сімвалічны ключ ад аб'екта Прэзідэнту Беларусі. Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, уручыў ключ 21-разоваму паралімпійскаму чэмпіёну Ігару Бокаму і спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і, бронзаваму прызёру XXIX летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне Настассі Пракапенка. Аляксандр Лукашэнка разам з імі перарэзаў сімвалічную стужку, афіцыйна адкрыўшы тым самым басейн.

"Гэты сімвалічны ключ аддаю тым, хто сюды будзе без ключа заходзіць і выдаваць добрыя вынікі", - сказаў Прэзідэнт.

Чжан Вэньчуань у сваім выступленні на цырымоніі ад імя ўрада і народа Кітая павіншаваў усіх з паспяховым завяршэннем будаўніцтва басейна. Гэты праект быў рэалізаваны пры асабістым удзеле кіраўнікоў дзвюх краін, а ў Беларусі ўказамі Кіраўніка дзяржавы былі забяспечаны надзейныя гарантыі для яго ажыццяўлення.

Пасол адзначыў, што басейн пабудаваны строга ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Забяспечана найвышэйшая якасць пры праектаванні і будаўніцтве, экалагічная бяспека, басейн абсталяваны інтэлектуальнымі сістэмамі кіравання. "Пяць ромбаў на фасадзе будынка, злучаных быццам рука за руку, сімвалізуюць вечны росквіт дружбы паміж Кітаем і Беларуссю", - раскрыў дыпламат нюансы архітэктурнага аблічча будынка.

"Кітайскі бок гатовы разам з беларускім усебакова рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, і прыкладаць нястомныя намаганні для ўмацавання вечнай дружбы паміж нашымі краінамі", - запэўніў пасол.

Настасся Пракапенка ў сваю чаргу не толькі ад імя спартыўнай грамадскасці, але і ўсяго беларускага народа падзякавала кіраўнікам Беларусі і Кітая за такі цудоўны і неацэнны падарунак. "Дзякуючы вашым асабістым дамоўленасцям, мудрай і міралюбівай палітыцы, добрым і цесным узаемаадносінам з КНР на працягу многіх гадоў наша краіна стала ўладальніцай аднаго з самых высокатэхналагічных плавальных комплексаў свету. Такія падарункі - гэта гонар для нашай рэспублікі, - падкрэсліла спартсменка. - Аляксандр Рыгоравіч, Вы - самы спартыўны Прэзідэнт. Ніхто так, як Вы, не клапоціцца пра спорт у сваёй краіне. У Беларусі ў кожным рэгіёне існуе свая ўнікальная спартыўная інфраструктура. А гэты басейн стане жамчужынай нашай сталіцы і месцам прыцягнення ўсіх, хто захоча заняцца воднымі відамі спорту і сучасным пяцібор'ем".

"А мы абяцаем, што на гэтым спартыўным аб'екце вырастуць чэмпіёны і будуць праслаўляць нашу рэспубліку. Вялікі чалавечы дзякуй Вам за тое, што Вы робіце для народа. За бяспеку і мірнае неба над нашай любімай Беларуссю. Вялікая ўдзячнасць!" - дадала Настасся Пракапенка.

Пасля цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з матэрыяльнай базай і арганізацыяй работы басейна. Спецыялісты запэўнілі Кіраўніка дзяржавы, што на аб'екце ёсць усё неабходнае, а яго стваральнікі падышлі да рэалізацыі задачы з любоўю. Басейны (а іх у будынку адразу некалькі) - гэта толькі тое, што бачна на першы погляд, але ўсю гэту водную гаспадарку яшчэ трэба абслугоўваць. "Пад намі горад цэлы", - расказалі Кіраўніку дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адразу звярнуў увагу на практычны бок справы. Такі аб'ект не павінен прастойваць, а затраты на яго абслугоўванне, у тым ліку з пункту гледжання колькасці персаналу, павінны быць аптымальнымі: "Запомніце, што тут не павінна быць ніводнага лішняга чалавека. Выходзьце на паслугі (для насельніцтва. - Заўвага). Спачатку крыху дапаможам, а далей няхай грошы зарабляюць".

Прэзідэнт у ходзе наведвання аб'екта цёпла пагутарыў з трэнерамі і спартсменамі. Яны запэўнілі яго, што створаныя ўмовы адпавядаюць самым высокім стандартам і сусветнаму ўзроўню. "Дык і дамоўленасць была. Калі будаваць, то сусветны ўзровень", - заўважыў беларускі лідар.

"Вы ведаеце, гэта проста мара!" - прагучала такая ацэнка ад удзельнікаў мерапрыемства.

"Гэтак і перадам Сі Цзіньпіну", - заўважыў на гэта Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца падрыхтоўкі спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сочыць за плаваннем і радуецца поспехам беларускіх спартсменаў як на кароткай, так і на доўгай вадзе. "Пакуль спадзяюся, што вынік будзе, - сказаў ён. - Трэба даваць вынік. Патрэбны вынікі. У адваротным выпадку, хто нас зразумее?"

Прэзідэнта запэўнілі, што ў краіне ёсць добрая школа, трэнеры, перспектыўныя спартсмены. Напрыклад, нядаўна на Гульнях краін БРІКС у канкурэнтнай барацьбе было заваявана шмат медалёў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, калі гэта неабходна, басейн павінен працаваць кругласутачна. Асабліва для тых, хто імкнецца дасягнуць высокіх вынікаў у спорце. У якасці прыкладу ён прывёў Ігара Бокага: "Малайчына. Вось прыклад. Трэба вучыцца ў яго".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі гэты аб'ект прызначаны ў першую чаргу для таго, каб выхоўваць зорак сусветнага ўзроўню, то ў краіне для трэніровак і ўжо ёсць, і ў далейшым будуць дадаткова будавацца басейны, каб забяспечыць магчымасці для трэніровак і заняткаў спортам максімальнай колькасці жадаючых.

Асобная ўвага - рабоце з дзецьмі. Зусім юным плыўцам Аляксандр Лукашэнка таксама пажадаў поспехаў. "Ну як, кураняты, як вы - будучыя чэмпіёны?" - звярнуўся ён да дзяцей.

"Так", - хорам адказалі яны.

"Дзейнічайце! У вас ёсць усё, каб стаць чэмпіёнамі. Поспехаў вам! Абавязкова чэмпіёнамі свету станьце!" - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ёсць на новым аб'екце і так званыя сухія залы для трэніровак і нават іншых відаў спорту. Там Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў. Напрыклад, паразмаўляў са спартсменамі і трэнерамі па фехтаванні, скачках на батуце.

Пасля гэтага Прэзідэнт агледзеў галоўны спаборніцкі басейн і басейн для скачкоў у ваду. Ён даў старт камбінаванай змешанай эстафеце па плаванні сярод каманд абласцей, горада Мінска і нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні.

Паглядзеўшы спаборніцтвы, Прэзідэнт звярнуўся да спартсменаў: "Дзякуй вялікі, было вельмі прыгожа! Я таксама буду цяпер плаваць цярпліва. Не адзін кіламетр - больш буду плысці. Заразілі вы мяне. Малайцы! Здорава!"

Паназіраў Аляксандр Лукашэнка і за паказальнымі выступленнямі па сінхронным плаванні і скачках у ваду пад песню "Белавежская пушча" і "Радзіма мая". Басейн - гэта першы такі аб'ект, дзе можна арганізоўваць любыя маштабныя міжнародныя спаборніцтвы па гэтых відах спорту. "Васіліна (бронзавы прызёр чэмпіянату свету Васіліна Хандошка. - Заўвага) малайчына. Я ніколі не думаў, што пры маім жыцці ў нас нешта атрымаецца ў сінхронным плаванні", - заўважыў беларускі лідар.

Завяршаючы сваё наведванне, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз усім пажадаў поспехаў, а на выхадзе з будынкаў паставіў практычную задачу Уладзіміру Кухараву: "У цябе даўжок. Ты мне абяцаў падзяліць Мінск на кавалкі, скажам так, і архітэктары павінны сказаць, як яго дашліфаваць. Тут нешта пабудавалі, да ладу давялі цэлы мікрараён. Нам трэба паглядзець асноўныя месцы, асабліва ў цэнтры. Я заўсёды трымаў гэтыя плошчы, але, не перагружаючы іх, трэба паглядзець, што там дабавіць. Але гэта павінны архітэктары сказаць".

"Мы не толькі ў цэнтры. Мы працуем і на ўскраінах", - адзначыў старшыня Мінгарвыканкама.

"Дык я ж і кажу: на кавалкі падзяліць. Нават не на раёны, а яшчэ драбней. І паглядзець", - канкрэтызаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Мікрараёнамі працуем", - пагадзіўся Уладзімір Кухараў.

"Тут мы зыходзілі з практыкі, да ладу давялі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра тэрыторыю каля басейна. Разам з тым ён звярнуў увагу на азеляненне адкосаў, у прыватнасці ўздоўж чыгункі, каля развязак. Гаворка пра высадку кустоў. Уладзімір Кухараў  запэўніў, што работы ў гэтым плане вядуцца і многае ўжо зроблена.