Урачыстае адкрыццё новага ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна

  • 23
  • 28:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 снежня прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новага ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Гэта станцыі "Аэрадромная", "Немаршанскі Сад", "Слуцкі Гасцінец".

Новы ўчастак метро праходзіць праз жылы комплекс "Мінск-Мір". Раней Кіраўнік дзяржавы, спасылаючыся на звароты грамадзян, выказваў прэтэнзіі да забудоўшчыка. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер складваецца сітуацыя з узвядзеннем жылля ў гэтым мікрараёне.

Як далажыў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў, 123 дамы пабудаваны ўжо, яшчэ 27 у рабоце. Забудоўшчык узводзіць за свой кошт школу і фінансавы цэнтр.

"Гэта значыць, яны выконваюць усё?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Гарадскія ўлады запэўнілі, што забудоўшчык выконвае ўсе ўмовы.

Прэзідэнт нагадаў, што людзі скардзіліся на якасць пабудаванага жылля. Камітэт дзяржкантролю праверыў аб'екты і выявіў шмат парушэнняў, пасля чаго забудоўшчык быў вымушаны заплаціць вялікія штрафы.

"Патрабаванне павінна быць з усіх жалезнае. Галоўнае - гэта людзі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - "Дана" не "Дана" - няважна. Дом пабудаваў - павінна быць якасна. Няякасна - перарабляй".

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў ад кіраўніцтва горада звярнуць увагу на магазіны крокавай даступнасці - каб іх не выцеснілі буйныя гандлёвыя сеткі.

"Маленькія магазіны, бліжэй да людзей - гэта патрэбна. А гэтыя (буйныя сеткавыя магазіны. - Заўвага) - глядзі, каб яны цябе ў абцугі не ўзялі. Табе давядзецца і цэны глядзець (як будуць фарміравацца), і выкладкі, і пералік тавараў павінен захоўвацца. Якая сетка ні была б, якія магазіны ні былі б - каб было зручна людзям", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён таксама расказаў, што ў пачатку студзеня плануе правесці нараду з Урадам па выпрацоўцы справядлівага цэнаўтварэння. "Не стрымліванні цэн. Можа, нават не рэгуляванні цэн. Але павінна быць справядлівая формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў зарплату атрымаць - ужо цэны недзе выраслі. Гэтага быць не павінна. Бачу, што больш-менш нармальна. Але павінна справядлівая быць цана. Формула справядлівага цэнаўтварэння - перад Урадам пастаўлена задача", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што да гэтага пытання павінны падключыцца і сталічныя ўлады, паколькі Мінск заўсёды ў авангардзе гэтай работы. "Не трэба на водкуп усё аддаваць. Усё павінна быць пад кантролем", - падкрэсліў Прэзідэнт. - Людзі крыўдзіцца не павінны. Цэнаўтварэнне павінна справядлівым быць. І так, каб бізнесмены і людзі, якія гандлююць і вырабляюць, не бегалі за вамі: дазвольце нам павысіць, дазвольце тое, дазвольце гэта. Яны самі павінны ведаць, у якім калідоры яны дзейнічаюць. Таму разам з бізнесам сядайце і выпрацоўвайце. У першых чыслах студзеня дакладзяце".

На станцыі "Аэрадромная" Уладзімір Кухараў далажыў аб перспектывах развіцця Мінскага метрапалітэна і планах па ўзвядзенні новых станцый.

Будаўніцтва ўчастка трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна ад станцыі "Аэрадромная" да станцыі "Слуцкі Гасцінец" працягласцю 4,08 км было пачата ў жніўні 2017 года. Каля 90% абсталявання і матэрыялаў, выкарыстаных пры будаўніцтве, беларускай вытворчасці. У 2024 годзе сталічны метрапалітэн перавёз 249 млн чалавек. Чакаецца, з уводам трох новых станцый колькасць пасажыраў вырасце да 260 млн.

"У цэлым тры станцыі абышліся Br832 млн. Адзін кіламетр у доларавым эквіваленце - прыкладна $70 млн. У нашых суседзяў атрымліваецца ў два разы даражэй", - звярнуў увагу старшыня Мінскага гарвыканкама.

"Нямала, але нікуды не дзенешся, - адказаў Прэзідэнт. - Нікуды не дзенемся, у Мінску трэба рабіць метро сапраўднае, добрае метро".

Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, у цэлым метрапалітэн займае амаль 40% у агульным аб'ёме пасажырскіх перавозак у горадзе. У гэтым годзе колькасць перавезеных пасажыраў вырасла на 8%, выручка ад рэалізацыі паслуг прыбавіла 12%, а прыбытак прадпрыемства - 10%. Прыбавіла і зарплата ў супрацоўнікаў метрапалітэна - у гэтым годзе яна на 16% большая ў параўнанні з папярэднім годам. Пры гэтым працуе на прадпрыемстве 4,6 тыс. чалавек.

"Сёння гэта даціруемы від транспарту, таму што сабекошт адной паездкі - 2 рублі 12 капеек, па факце жыхары плацяць 90 капеек. Датацыя ідзе з гарадскога бюджэту - прыкладна Br134 млн штогод", - расказаў Уладзімір Кухараў.

"Амаль палову даціруем. Гэта не вельмі добра", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Кухараў адзначыў, што ў сталіцы пачынаюць праектаванне ўжо чацвёртай лініі метро, гэта будзе кальцавая лінія.

"25 кіламетраў і 17 станцый запланавана паводле генплана. Мы плануем, што з улікам вялікага мікрараёна Паўночны бераг, які будуецца, і мікрараёнаў, дзе пражываюць звыш 800 тыс. чалавек (гэта Фрунзенскі і Маскоўскі раёны), пасля завяршэння "Парку дружбы народаў" (будуемая станцыя трэцяй лініі метро. - Заўвага) будзем пачынаць з гэтага боку", - сказаў старшыня Мінскага гарвыканкама.

Карыстаючыся выпадкам, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідзе забудова мікрараёна Паўночны бераг, ці выконваюцца планы. Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, мікрараён інтэнсіўна забудоўваецца, перавагу інвестар аддаў малапавярховай забудове.

"Што датычыцца выставачнага цэнтра. Я не стаў вас прыспешваць па адкрыцці. Але хачу папярэдзіць, што выставачны цэнтр павінен быць ад дзвярэй да канферэнц-залы пабудаваны, як яны (замежныя інвестары. - Заўвага) абяцалі. Гэта за іх кошт, і ніякіх адступленняў тут быць не можа. Там добры праект, таму ўсё трэба зрабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў асобную ўвагу на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і паркавых зон: "Там жа людзям трэба і некуды выйсці і адпачыць. Няхай робяць. Не бедныя, па-першае, а па-другое, гэта зручны праект. І бегаць да мяне іх нават не пасылай".

"Выставачны цэнтр павінны здаць пад ключ: і стаянкі, і асвятленне - усё-ўсё. Гэта ж замежная кампанія будуе. Калі мы з Прэзідэнтам у Эміратах абмяркоўвалі гэту тэму (ён мяне ініцыятыўна спытаў, як яны працуюць), я не стаў паглыбляцца ў дэталі, сказаў, што працуюць добра. Таму ўсё павінны зрабіць як трэба. Каб да 9 мая ўвесь комплекс быў зроблены. Тое, што яны абяцалі мне, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Да ўсіх аднолькавае стаўленне: да кітайцаў, да гэтых. Мяне Сі Цзіньпін таксама папярэдзіў: калі толькі, кажа, нашы дрэнна працуюць, скажы мне".

"А то яны бегаюць вакол і пачынаюць нешта даказваць: хто там бліжэй да Прэзідэнта, хто далей. Бліжэй за ўсіх да Прэзідэнта ў Мінску - гэта ты і мінчане", - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніцтва сталіцы.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб сваім патрабаванні звязаць сталіцу з гарадамі-спадарожнікамі: "Трэба нам іх таксама, дзе неабходна, звязаць надзейным метро, але ўжо не пад зямлёй, а паверсе. І гэта яны няхай будуюць, метрапалітэнаўцы. Добрыя яны хлопцы, але робяць марудна. Будзем старацца фінансаваць як мае быць".

Як расказаў Уладзімір Кухараў, каб павялічыць тэмпы работ плануецца купіць другі праходчы шчыт "Алеся". Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэта рашэнне.

Перад выхадам на платформу станцыі "Аэрадромная" Кіраўніку дзяржавы ўручылі безлімітны праязны. "Калі на пенсію пайду, ужо ў метро буду ездзіць з гэтай карткай", - прыняў праязны дакумент Аляксандр Лукашэнка.

"Наталля Іванаўна, у нас гэтыя станцыі дастойна выглядаюць?" - звярнуўся Прэзідэнт да Старшыні Савета Рэспублікі і свайго ўпаўнаважанага прадстаўніка ў Мінску Наталлі Качанавай.

"Вядома. Усе, хто да нас прыязджае, кажуць, што ў нас выдатнае метро. Нідзе такога няма: чыста, акуратненька", - адказала яна.

Затым Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага ўчастка Мінскага метрапалітэна. Яна прайшла ў прысутнасці работнікаў і будаўнікоў метро.

"Да Новага года мы заўсёды дорым нашым людзям які-небудзь падарунак. І чым лепшы ён, чым багацей выглядае, тым больш задаволены нашы людзі. Я прыехаў для таго, каб не толькі ад свайго імя, але і ад вашага павіншаваць нашых людзей, асабліва мінчан, гасцей сталіцы, - сказаў Прэзідэнт. - Адразу хачу сказаць, каб вы не зазнаваліся, я папярэдзіў мэра Мінска і ваша кіраўніцтва: рабіце правільна, добра, без усякіх празмернасцей. Не трэба пад зямлю заганяць палацы. Лепш мы зробім станцыі дастойна, прасцей, але больш. Больш пабудуем кіламетраў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер метрапалітэн штодзённа перавозіць каля трэці насельніцтва Мінска - гэта больш за 700 тыс. пасажыраў. "Трэба імкнуцца да палавіны. Мінск павінен быць добрым, даступным, прыгожым горадам, сапраўднай сталіцай нашай краіны. Усе здзіўляюцца. Перш за ўсё, як мне гавораць, чысцінёй нашага метро. Так павінна быць. Метро - брэнд сталіцы, твар. Таму павінна быць чысціня".

"Але я сказаў, што я зрабіў заўвагу мэру Мінска і вашым начальнікам у тым, што мы будуем нядрэнна, але марудна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён разлічвае, што з паступленнем на ўзбраенне метрабудаўцаў новай праходчай машыны тэмпы падвояцца. "Старшыня гарвыканкама сказаў, што ў наступным годзе паступіць да вас на ўзбраенне нейкая новая "Алеся" (праходчая машына. - Заўвага), ці як вы яе там назавяце. Я не супраць, мы пра гэта даўно гаварылі. І вы падвоіце тэмп", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У будучым годзе і не толькі - пяцігодка цэлая - будзе аддадзена якаснаму будаўніцтву, якаснай працы. Рыхтуйцеся да гэтага. Няякасна не будзе. Любы прэзідэнт, якога выберуць, ён усё роўна ўжо будзе нацэлены на якасць. Гэта прывычка ўжо нашага народа - чысціня, якасць. Гэта - галоўнае наша дасягненне і нашы брэнды. Да гэтага рыхтуйцеся", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час у 90-я яму прапаноўвалі закрыць і не будаваць метро, паколькі гэта вельмі дорага. "Павінен вам сказаць, што я сур'ёзна над гэтым думаў, таму што грошай не было. Але Гасподзь мяне тады наставіў на розум, я сказаў: "Не, будзем па метры будаваць у год, у дзень і гэтак далей, але трэба захаваць "Метрабуд". Таму што гэта школа. Калі б мы яе тады закрылі, сёння ўсе разбегліся б, моладзь у будаўніцтва пад зямлю сюды не ішла б. І мы не ўмелі б будаваць метро. Далёка не ўсе і не многія дзяржавы займаюцца такім будаўніцтвам пад зямлёй. Гэта складана, гэта школа. Вы лепш за мяне ведаеце. Таму, захаваўшы ў свой час метро, мы маем магчымасць самі будаваць нятанныя кіламетры. Але мы гэта робім і будзем рабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым расказаў, якія дадатковыя аб'ёмы работ чакаюць метрабудаўцаў, акрамя самой падземкі. Гэта звязана з развіццём гарадоў-спадарожнікаў Мінска і транспартнымі зносінамі са сталіцай. "Мы не будзем забудоўваць Мінск, як гэта робяць іншыя гарады і пашыраць-пашыраць за кальцавую дарогу - задыхнецца Мінск. Як я гаварыў, мінчанам брыдка будзе жыць у гэтым горадзе. Таму прынята рашэнне, што мы будзем будаваць гарады-спадарожнікі. Вы іх ведаеце - Лагойск, Дзяржынск, Смалявічы… Але іх трэба злучыць скораснымі трасамі. Таму будзем планаваць і прыглядацца да таго, каб пабудаваць метро наземнае (не пад зямлёй). Хто гэта будзе рабіць? Вы гэта будзеце рабіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Таму ваш калектыў сёння - гэта толькі пачатак. Нам трэба падвойвацца, нам трэба больш увагі ўдзяляць будаўніцтву метро", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі ўспамінамі, звязанымі са сталічным метро. Адзін з іх звязаны з рашэннем аб прадаўжэнні будаўніцтва метрапалітэна, нягледзячы на існуючыя ў 90-я фінансавыя цяжкасці. "Трэба было даць штуршок развіццю будаўніцтва метро. Я памятаю, адзін з першых суботнікаў мы праводзілі ў метро, нешта будавалі пад зямлёй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Другі ўспамін звязаны са спробай забастоўкі машыністаў метрапалітэна. "Я быў зусім яшчэ маладым Прэзідэнтам, калі вашы бацькі мяне выбралі. І ў нас катавасія (у краіне. - Заўвага) была вялікая. Калі б не міліцыя, то наўрад ці вытрымалі б - там машыны пераварочвалі і іншае-іншае. І вельмі актыўна тагачасная апазіцыя карысталася "паслугамі" метрапалітэнаўцаў. Я памятаю, угаварылі (дрэнная старонка, гэта не паказваюць) вашых бацькоў выступіць у падтрымку апазіцыі і спынілі летам метро. Гарачыня страшэнная - за 30 градусаў - метро не працуе. Усе людзі на паверхні. Зразумела, аўтобусаў не хапала, усяго тады не хапала", - успомніў тыя падзеі Прэзідэнт.

Пры гэтым, як расказаў Аляксандр Лукашэнка, метрапалітэнаўцы тады на фоне эканамічных непарадкаў атрымлівалі добрую зарплату - у 3-5 разоў вышэйшую, чым у краіне.

"Мінск запрудзіў народ. Страшна было глядзець на вуліцы. Але я сказаў: "Нікому не кланяцца! Ні ў якім разе! Не хочуць працаваць - не трэба". Разам з тым кіраўнік дзяржавы разумеў, што метро трэба аператыўна запусціць у работу, і звярнуўся па дапамогу да чыгуначнікаў, якія аказалі яму падтрымку. "Улічваючы, што гэта мае сябры на чыгунцы, у мяне маці працавала на чыгунцы. І чыгуначнікі ведалі, што Прэзідэнт - гэта чыгуначнік, вобразна кажучы", - сказаў ён.

Спачатку ў кіраўніцтва чыгункі былі сумненні, спасылаліся на тое, што "пад зямлёй ездзіць не ўмеюць", і тым больш складана забяспечыць інтэрвал руху паяздоў 2-3 хвіліны. Я гавару, добра, рабіце 5, але метро павінна працаваць. Праз суткі і 2 хвіліны інтэрвал быў. Чыгуначнікі паехалі", - расказаў Прэзідэнт.

Праз невялікі час і машыністы метрапалітэна, якія баставалі, захацелі вярнуцца да работы. "Я ў Доме Урада тады размяшчаўся, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гляджу, ідзе вялікая колькасць людзей. Наперадзе мужыкі, ззаду - жанчыны. З мяцёлкамі, палкамі, гоняць перад сабой мужыкоў. Я пытаюся: "Што такое?" А гэта жонкі выганяюць машыністаў на работу. Я кажу: "Не, яны не хочуць працаваць. Не хочуць - не трэба". І дні тры я забараніў браць іх на работу".

"Вы сышлі - сыходзьце! Як сёння збеглыя. З'ехалі за мяжу. Пасудамыйкамі ім прапанавалі працаваць - урачам, настаўнікам. - А мы не хочам пасудамыйкамі. - Ну тады ідзіце на вуліцу. Просяцца назад. Таму стварылі пад кіраўніцтвам Генпракурора камісію - ідзіце, тлумачце. Калі не ўзрывалі, не падпальвалі метро, барані бог, прыязджайце, працуйце. Але калі ўчынілі правапарушэнне або закон парушылі - адказвайце. Вось гэтак жа было з машыністамі", - правёў аналогіі Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка разумеў тое, што, забраўшы з чыгункі некалькі дзясяткаў лепшых работнікаў, тым самым агалілі гэту сферу. Таму праз некалькі дзён машыністаў метро ўзялі назад. "Я разумеў, што гэтыя аблудныя людзі не ўсе дрэнныя. Праз тыдзень я іх узяў на работу назад. І гэта былі самыя надзейныя, самыя моцныя, напэўна, самыя адданыя людзі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось я ўспамінаю гэты выпадак, калі машыністы хацелі паказаць, што без іх нічога існаваць не можа. Будзе існаваць! І без машыністаў, і без будаўнікоў, і без Прэзідэнта гэтага. Усё будзе існаваць. Таму памятайце гэта і цаніце гэтыя метры не толькі пад зямлёй, але і наверсе, дзе нам давядзецца жыць і нашым дзецям", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён павіншаваў з надыходзячым Новым годам прысутных на цырымоніі работнікаў метрапалітэна і метрабудаўцаў, пажадаў здароўя ім, а таксама іх родным і блізкім, асабліва дзецям.

Кіраўнікі Мінскага метрапалітэна і "Мінскметрабуда" Аляксей Шылаў і Васіль Касавец падзякавалі Аляксандру Лукашэнку за шматгадовую падтрымку развіцця метро. "Мы, работнікі метро, зробім усё для камфорту і бяспекі нашых пасажыраў", - запэўніў дырэктар метрапалітэна.

На цырымоніі таксама выступіў ветэран метрапалітэна Іван Аўсянік - першы машыніст сталічнай падземкі. Ад імя калектыву ён уручыў Кіраўніку дзяржавы памятны падарунак - кнігу, выдадзеную да 40-годдзя з дня пуску мінскага метрапалітэна.

"На ветэрана не цягне. Ён сам яшчэ можа цудоўна кіраваць такімі прыгожымі і магутнымі паяздамі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага ўчастка Мінскага метрапалітэна Прэзідэнт адправіўся на поездзе метро агледзець новыя станцыі.

"Дзякуй вам за тое, што вы далі мне магчымасць перад Новым годам зрабіць гэтыя падарункі нашым беларусам. Ну і нам, зразумела. Я таксама не ўвесь час буду ў аўтамабілі раскатваць па Мінску. Мне ўжо картку ўручылі. Некалі я і ў метро прыйду. Вы ўжо мяне пракоціце. Напэўна, нешта я зрабіў для гэтага будаўніцтва. Таму давайце разам будзем планаваць развіццё гэтага дарагога, але вельмі патрэбнага, зручнага віду транспарту для нашых мінчан", - звярнуўся да метрабудаўцаў і супрацоўнікаў метрапалітэна Аляксандр Лукашэнка.

"Паехалі!" - сказаў ён, махнуўшы рукой перад заходам у поезд.

Завяршэнне новага ўчастка трэцяй лініі дае магчымасць забяспечыць скораснай транспартнай сувяззю з іншымі раёнамі горада жылы раён Курасоўшчына, а таксама раён "Мінск-Мір".

На трэцяй лініі метрапалітэна прадугледжаны тэхналагічныя рашэнні новага тэхнічнага ўзроўню, высокая аўтаматызацыя працэсаў кіравання і кантролю інжынернага абсталявання, укаранёны інтэлектуальныя сістэмы кіравання рухам паяздоў, аплаты праезду, пажарнай бяспекі, новыя сродкі перадачы і апрацоўкі даных аб рабоце ўсіх сістэм метрапалітэна. Для забеспячэння бяспекі пасажыраў на станцыях устаноўлены ўстройствы платформенных бар'ерных агароджаў (дзверы аўтаматычныя станцыйныя). Традыцыйна на станцыях выкарыстаны розныя інтэр'ерныя рашэнні.