Нарада па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы
- 25
- 56:38
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 верасня сабраў нараду па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы.
На нараду да Кіраўніка дзяржавы запрасілі больш за паўсотню чалавек. Гэта не толькі вышэйшыя службовыя асобы краіны і кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, але і губернатары, кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і падпарадкаваных Міністэрству адукацыі арганізацый, старшыні профільных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі, кіраўнікі галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, начальнікі раённых аддзелаў адукацыі і работнікі ўстаноў адукацыі з розных рэгіёнаў краіны.
"Мы сёння зноў вяртаемся да пытанняў адукацыі. Хацелася б, каб у такім пашыраным складзе гэта быў крайні выпадак. Тэма апошнім часам пастаянна гучыць з тэлеэкранаў, не сыходзіць з першых палос прэсы. Сапраўды, чаму і як вучыць хвалюе, як аказалася, не толькі мяне, але і ўсё грамадства. Гэта добра. Мы дамовіліся ў час даклада міністра адукацыі аб гатоўнасці да новага навучальнага года, што сустрэнемся ў верасні і правядзём своеасаблівую работу над памылкамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вельмі ўсё добра было на паперы, а ў жыцці аказалася куды больш празаічна: негатовыя да прыёму дзяцей школы, нявырашаныя пытанні з арганізацыяй падвозу дзяцей, харчавання і іншыя не менш сур'ёзныя праблемы. Тады было пытанняў вельмі шмат. Спадзяюся, што сёння пачую не статыстычныя даныя, а канкрэтную інфармацыю аб прынятых Урадам мерах па вырашэнні абазначаных пытанняў і прапановы па далейшай рабоце ў гэтым напрамку", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Я хачу, каб вы мяне правільна зразумелі. Я як Кіраўнік дзяржавы ужо не раз гаварыў: школа - гэта храм. У гэтым, калі хочаце, увесь сакральны сэнс. Тут павінен быць жалезны парадак і дысцыпліна як у арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў матэрыяльным плане. Што мне вам тлумачыць. Школа закладвае фундамент будучыні не проста грамадзяніна - чалавека. Там, дзе трэба, павінна быць падфарбавана, заменены вокны, дзверы, добраўпарадкавана тэрыторыя. І абавязкова ўсе работы трэба праводзіць з удзелам дзяцей. Выхоўвайце моладзь працай, тады і стаўленне да школы ў іх будзе адпаведнае, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - На жаль, мы ад гэтага добрага савецкага прынцыпу адышлі".
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае: усе школы павінны быць загружаны, дзе трэба - арганізаваны падвоз, перш за ўсё гэта датычыцца Мінска. "Я ўжо гаварыў, што мы пачынаем будаваць у мікрараёнах, якія развіваюцца, сучасныя школы ў выглядзе палацаў. А ў цэнтральных раёнах Мінска, дзе, зразумела, насельніцтва доўга жыве, старэе, дзяцей практычна няма, школы пустуюць ці не запоўнены. Дык лепш падвесці дзяцей з мікрараёнаў у гэтыя школы - намоленыя месцы, а сэканомленыя сродкі накіраваць на іншыя мэты і патрэбы, у тым ліку на заработную плату настаўнікаў. Трэба без празмернасцей, не да гэтага. Проста па-гаспадарску трэба падысці да вырашэння гэтай праблемы", - запатрабаваў Прэзідэнт.
"Пагаворым сёння таксама аб змесце адукацыйнага працэсу, а дакладней - аб падручніках, па якіх вучаць нашых дзяцей. Мяне вельмі непакоіць, што да іх якасці па-ранейшаму ёсць пытанні. Мы вымушаны рэагаваць на звароты грамадзян і разбірацца, што не так з нашымі падручнікамі. Лічу, што гэта сур'ёзная недапрацоўка Міністэрства адукацыі на працягу ўжо шэрага гадоў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры напісанні новых падручнікаў і дапаможнікаў аўтары думаюць катэгорыямі вопытных выкладчыкаў і іншых спецыялістаў. Ён лічыць, што такі падыход няправільны і трэба арыентавацца на вучняў. "На іх трэба глядзець. Яны не маюць такіх ведаў, як мы. І вопыту ў іх ніякага. Таму арыентавацца трэба на іх і рыхтаваць падручнікі пад іх. І сістэму ацэнкі ведаў (экзамены і іншае) таксама рабіць пад іх", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Яшчэ на педагагічным савеце 24 жніўня 2021 года я гаварыў аб недапушчальнасці пастаяннага перакройвання вучэбных праграм і планаў і бясконцага выдання новых падручнікаў. Адзначыў, што неабходна вярнуцца да савецкага вопыту, узяць лепшыя дапаможнікі і іх паступова дапрацоўваць, удасканальваць, а не друкаваць новыя. Таму што новы калектыў заўсёды арыгінальнічае (вы вучоныя, разумееце гэта): "Хачу быць непадобным на тое, што было, і паказаць свой спрыт". Гэта нікому не трэба. Галоўны прынцып работы нашай дзяржавы і любых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве, - гэта спакойнае ўдасканаленне таго, што напрацавала чалавецтва. Мы стаім, як я гаварыў, паўтараючы цытату вялікага, на плячах гігантаў. Не трэба саскокваць з гэтых плячэй - мы страцім усё тое, што чалавецтва напрацавала да нас. Трэба выкарыстоўваць гэта ў імя будучыні. Таму трэба ўдасканальваць і не саромецца ўзяць лепшае з таго, што было", - сказаў беларускі лідар.
Адно з важных пытанняў нарады датычылася падыходаў да атэстацыі за курс сярэдняй школы і паступлення ў ВНУ. Наконт гэтага, як расказаў Прэзідэнт, было праведзена шмат сацыялагічных апытанняў сярод усіх удзельнікаў працэсу паступлення (абітурыентаў, бацькоў, педагогаў) на прадмет іх бачання таго, як арганізаваць навучанне ў сярэдняй і вышэйшай школе.
"Скажу адкрыта, што я прыняў прапановы Мінадукацыі аб змяненні парадку паступлення ў ВНУ (мы гэта прайшлі ў гэтым годзе) з той умовай, што мы яшчэ раз вернемся да гэтага пытання. Калі камісія па кантролі за ходам уступнай кампаніі прадставіць сваё заключэнне, іншыя кантралёры выкажуцца, а таксама педагогі скажуць аб вартасцях і, можа, недапрацоўках, якія мелі месца. Я на гэта вельмі разлічваю, таму запрасілі такое шырокае кола выкладчыкаў і настаўнікаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Хачу пачуць прынцыповую ацэнку новай сістэмы паступлення. Ці дазволіла яна ўбачыць кожнага абітурыента, забяспечыць справядлівае стаўленне да іх і стварыць роўныя ўмовы і магчымасці для атрымання адукацыі ў вышэйшых навучальных установах? - прадоўжыў ён. - Пытанне пытанняў".
Аляксандр Лукашэнка таксама спытаў, ці будуць, акрамя гэтых новаўвядзенняў, яшчэ нейкія прапановы ў спецыялістаў і педагогаў, каб палепшыць існуючы парадак.
"Тут і цяпер мы павінны вызначыць механізм работы сярэдняй школы і ВНУ на перспектыву і вырашыць галоўную задачу - забяспечыць нашай моладзі ўмовы для прафесійнага станаўлення і развіцця ў сваёй краіне. Падкрэслю: найбольш таленавітыя, перспектыўныя абітурыенты павінны быць запатрабаваны ў нас, на Радзіме. Гэта маё жалезнае правіла", - заявіў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым ён згадаў нядаўняе наведванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка: "Я яшчэ раз пераканаўся: разумнай моладзі ў нас, якая любіць Беларусь, сапраўды шмат. Трэба проста яе падтрымаць, паказаць перспектыву самарэалізацыі і кар'ернага росту. Калі гаварыць проста, накіраваць на шлях правільны". Калі ж адбываецца інакш і нехта сыходзіць з гэтага шляху, то адказнасць ляжыць у значнай ступені на тых дарослых, якія побач, лічыць Прэзідэнт. "Усе памылкі ў гэтым плане - ад нас, мы вінаватыя, не дзеці, - упэўнены ён. - Або ў некага з нас мазгі не туды павернуты і яго заносіць на паваротах".
"Таму давайце пачынаць з сябе. Але ніякіх кардынальных рашэнняў пасля нашай сённяшняй сустрэчы быць не павінна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што настаўнікі, выкладчыкі, вучні стаміліся ад таго, што мы ўвесь час рэвалюцыйным чынам спрабуем удасканаліць сістэму адукацыі. Пара заканчваць з гэтым".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанні сферы адукацыі павінны знаходзіцца на кантролі ў тым ліку ў губернатараў, паколькі іх зона адказнасці далёка не толькі сельская гаспадарка.
"Міністэрства адукацыі пэўную каляіну пракладвае: новы вопыт і іншае. Але губернатары неяк у цені, але гэта ваша сфера. І вам там лепш відаць. Каляіна абазначана на ўзроўні Міністэрства адукацыі, Урада - дзейнічайце. Не міністр павінен рамантаваць вам школы, а вы гэта павінны рабіць. Не міністр павінен вазіць дзяцей. Прынцыпова прынята рашэнне, выдзяляем аўтобусы. Паглядзіце, дзе гэтыя аўтобусы выкарыстоўваюць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: да ўсіх пытанняў неабходна падыходзіць па-гаспадарску. Напрыклад, тыя ж школьныя аўтобусы павінны выкарыстоўвацца толькі для школьных патрэб, і тады яны праслужаць доўгія гады. "А ў нас аўтобусы выходзяць са строю. Гэта так, на злобу. Вы разбярыцеся, губернатары, як гэта ўсё выкарыстоўваецца. А ва Урадзе што? Прынеслі, скінулі туды прапановы, паглядзелі: "А, ну яшчэ дадзім тысячу ці паўтары аўтобусаў". Грошы трэба лічыць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Усё яшчэ ёсць праблемы і па арганізацыі харчавання ў школах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ежа павінна быць якасна прыгатаваная, але не трэба адрывацца ад зямлі і адкрываць у школах рэстараны. "Таму давайце разбірацца і глядзець", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што маніторыць сітуацыю ў сферы адукацыі трэба абавязкова з удзелам кантралюючых органаў. "Тое, што яны павінны быць з вамі побач на фінішнай прамой (падрыхтоўкі адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. - Заўвага) і падказаць, што вось тут трэба зрабіць, - гэта правільна, - сказаў ён. - Залішне бегаць па школах і напружваць выкладчыкаў, настаўнікаў і кіраўніцтва ВНУ не трэба, толку ад гэтага не будзе. Але тады будзе жалезнае спагнанне (з кіраўнікоў устаноў адукацыі. - Заўвага). Калі не дай бог што здарылася, тады мы спытаем з кіраўнікоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аб асноўных праблемных пытаннях у сферы адукацыі на нарадзе далажылі Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў і Генеральны пракурор Андрэй Швед.
Кіраўнік КДК, гаворачы аб працэсе падрыхтоўкі школ да 1 верасня, звярнуў увагу на тое, што раней былі пашпарты гатоўнасці школ, якія падпісвалі розныя ведамствы, не толькі Мінадукацыі. Аднак потым ад гэтай практыкі адмовілася само Мінадукацыі.
"У выніку атрымалася тое, што мы маем: дакументы проста падпісваюцца, нават без выезду на месца, - заўважыў ён. - Таму КДК сумесна з Генпракуратурай унеслі прапанову аб тым, каб гэта быў міжведамасны акт, які мае пэўны статус. Больш таго, павінны быць вызначаны крытэрыі гатоўнасці школ".
Ёсць таксама прапанова аб тым, каб спрасціць сістэму фінансавання такіх работ па аналогіі з тым, як у свой час зрабілі ў ЖКГ з арганізацыяй бягучых і капітальных рамонтаў. "У кожным раёне ёсць свае будаўнічыя арганізацыі. Не трэба па ўсёй краіне, умоўна кажучы, шукаць іпэшнікаў для таго, каб яны пафарбавалі двое дзвярэй", - прывёў вобразны прыклад Васіль Герасімаў.
У ліку пытанняў, якія да гэтага часу не вырашаны ў частцы гатоўнасці школ, ён назваў нездавальняючы стан стадыёнаў (асабліва ў сельскай мясцовасці), вокнаў, дахаў. Што датычыцца арганізацыі харчавання, то бываюць факты недаўкладання прадуктаў, парушэнні тэхналогій, негатоўнасці харчаблокаў.
"Па ўступнай кампаніі. Мы лічым, што той вопыт, які быў па ЦТ (з чаго мы пачыналі), і тое, што цяпер - дастаткова наладжаны. Калі б не было выпадку з пералікам балаў, то якіх-небудзь асаблівых нараканняў з боку насельніцтва мы не атрымалі б", - сказаў Васіль Герасімаў. На яго думку, уступную кампанію трэба ўдасканальваць. У прыватнасці, можна асобныя гуманітарныя навукі перавесці на вусны экзамен. "Але поўнасцю ламаць зноў сістэму, на нашу думку, немэтазгодна", - падкрэсліў ён.
Генпракурор у сваім дакладзе таксама ўказаў на наяўнасць сістэмных недахопаў у адукацыйным працэсе. Ён лічыць, што трэба карэнным чынам памяняць сістэму падпісання сертыфікатаў гатоўнасці школ і абазначыць адказнасць службовых асоб, якія іх падпісваюць. Ёсць, паводле яго слоў, недахопы па планаванні і фінансаванні бягучых і капітальных рамонтаў, арганізацыі сістэмы харчавання. Што датычыцца ацэнкі якасці падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, то Андрэй Швед звярнуў увагу на спробы ўхіліцца ад выканання канкрэтнай задачы па ўдасканаленні падручнікаў замест выдання ўсё новых і новых. "Павінны быць дакладныя, даступныя, усімі прызнаныя падручнікі. Замест гэтага Міністэрства адукацыі чамусьці адыходзіць ад крытэрыю "падручнікі". Цяпер іх усяго 7, затое больш як 200 навучальных дапаможнікаў, - прывёў прыклад Генпракурор. - Адчуванне складваецца, што людзі зарабляюць на гэтым грошы, таму што ствараюць так званыя навучальныя дапаможнікі, якія, з нашага пункту гледжання, мала адаптыўныя да сярэдняй школы".
Ад удзельнікаў нарады Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў перш за ўсё дакладваць аб праблемных пытаннях і недахопах у сферы адукацыі. Прэзідэнт цікавіўся меркаваннем як службовых асоб, якія курыруюць галіну, так і непасрэдна саміх кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі.
"Сёння хацелася б стабільнасці. Вось у нас вызначаны віды кантрольных работ, падагульняючая атэстацыя. Ёсць вучэбныя дапаможнікі, якія трэба адпрацаваць. Хацелася б, каб настаўнік разумеў: і заўтра, і ў наступным годзе, і праз пяць гадоў у яго будзе такі від экзамену, такая форма выпускнога экзамену", - адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 73 Мінска Ірына Родзік.
На яе думку, у школах таксама трэба больш сур'ёзна ставіцца да пытанняў прафарыентацыі, каб навучэнцы свядома падыходзілі да выбару сваёй будучай прафесіі. "Тыя, каму не трэба ісці ў 10-ы клас, няхай ідуць у сярэднюю спецыяльную ўстанову. Там ёсць цудоўныя прафесіі на любы густ. Трэба пераламаць меркаванне многіх бацькоў, што абавязкова павінна быць вышэйшая адукацыя. Калі яму патрэбна вышэйшая адукацыя, ён зможа яе потым прадоўжыць", - сказала дырэктар школы.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваю чаргу звярнуў увагу, што сёння ў каледжы прымаюць без экзаменаў, толькі па конкурсе атэстатаў. "У гэтым годзе мы ўбачылі, што конкурс у каледжы вельмі вялікі. У некаторыя былі нават чэргі. Працэнт паступлення вучняў пасля 9 класаў за апошнія два гады павялічыўся з 35% амаль да 50%", - прывёў ён статыстыку.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што лепшымі спецыялістамі становяцца тыя, хто спачатку атрымаў сярэднюю профільную адукацыю, а затым адвучыўся ў ВНУ. "Вельмі класныя спецыялісты! - сказаў ён. - Яны панюхалі ўжо, памацалі гэту прафесію, а потым прыйшлі ў ВНУ".
Што датычыцца стабільнасці ў рабоце педагогаў, гэта будзе забяспечана, падкрэсліў Прэзідэнт. "Я ж у пачатку сказаў: гэта наша вялікая размова павінна быць апошняй у такім плане. Будзем удасканальвацца, асобныя пытанні будзем глядзець. Думаю, і губернатары мяне пачулі, і Урад. Усе сёння тут, яны чуюць, што трэба рабіць. А кантроль - за намі. Усе зацікаўлены ў тым, каб было лепш", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Хачу звярнуць увагу на падрыхтоўку выкладчыкаў і настаўнікаў у нашых ВНУ. Мы дрэнна рыхтуем у ВНУ студэнтаў. Былі памылкі і ў тыя часы ў нас, хоць строгі быў парадак, а цяпер жа вольніца. Выкладчыкі і рэктары забылі, што неабходна патрабаваць ад будучага спецыяліста пэўнага ўзроўню і даваць гэтыя веды. І калі якасны "прадукт" будзе выпушчаны з ВНУ, то нам і размовы тут не будзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А сёння мы гаворым: і падручнік такі, і метадычныя напрацоўкі, распрацоўкі, планы... Таму што недавучваем мы настаўніка. Рознага ўзроўню падрыхтоўка (у педагогаў. - Заўвага). А рыхтаваць трэба".
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым канстатаваў, што часам па запатрабаваных напрамках сапраўды ў ВНУ прымаюць на мэтавую падрыхтоўку без экзаменаў, і першапачатковы ўзровень ведаў у такіх студэнтаў не заўсёды можа быць высокі. "Большасць мэтавікоў мы хочам у вас (у ВНУ. - Заўвага) падрыхтаваць і накіраваць туды, куды трэба. Яны не праходзяць такі іспыт (уступны. - Заўвага). Тут вы павінны ўжо дзяржаве дапамагчы - падрыхтаваць іх як належыць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што гэта датычыцца не толькі падрыхтоўкі ў ВНУ будучых настаўнікаў, але і, напрыклад, спецыялістаў у аграрнай сферы, многія з якіх таксама вучацца па мэтавым наборы.
Ірына Родзік на нарадзе выступіла на тэму аб арганізацыі работы па павышэнні якасці школьнай адукацыі. Паводле яе слоў, якасць абноўленых школьных падручнікаў і дапаможнікаў адпавядае патрабаванням, дае магчымасць дыферэнцыраваць заданні для вучняў з розным узроўнем ведаў. "Як настаўнік рускай мовы і літаратуры магу сказаць, што абноўленыя вучэбныя дапаможнікі па гэтых прадметах на сённяшні дзень адпавядаюць сучасным патрабаванням. Яны маляўнічыя, добра ілюстраваныя. Матэрыял выкладзены для навучэнцаў даступна. А змест дае магчымасць выхоўваць у іх маральныя якасці, любоў да роднай зямлі. Можна сказаць, што падручнік сёння - гэта настольная кніга настаўніка, своеасаблівы метадычны дапаможнік, дзе ёсць розныя варыянты заданняў для любога ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў. Задача настаўніка - не колькасцю заданняў здзіўляць вучня на ўроку, а якасна, глыбока працаваць з вучэбным матэрыялам, выкарыстоўваючы патэнцыял падручніка", - сказала яна.
Разам з тым кіраўнік школы згадзілася, што якасць адукацыі залежыць непасрэдна ад настаўніка. Лінейка вучэбных дапаможнікаў ёсць, і галоўнае цяпер - стабільнасць і менш новаўвядзенняў, каб у настаўнікаў была магчымасць адпрацаваць па гэтых падручніках з 5-га па 11-ы класы.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане адзначыў, што падрыхтаванаму настаўніку сапраўды асабліва не патрэбны ніякія дадатковыя дапаможнікі і ўсё, што неабходна дадаткова, можна расказаць вучням, асноўваючыся на сваіх ведах і вопыце. Кіраўнік дзяржавы ведае аб гэтым і з асабістага вопыту - сам у мінулым вёў школьныя ўрокі. Тым больш цяпер у інтэрнэце можна знайсці шмат дадатковых матэрыялаў.
Дарэчы, менавіта ад людзей, якія валодаюць шырокімі гістарычнымі ведамі, у свой час паступіла прапанова аб устанаўленні ў Беларусі новага свята - Дня народнага адзінства. "Я тут доўга вагаўся. І так глядзеў, і гэтак. І глядзіце, які эфект дало гэта. І гэта ж праўда. Толькі не трэба замоўчваць ужо, на злобу кажучы, і іншы факт: чаму тая краіна, дзе мы былі, узяла, палову адрэзала і аддала палякам. Ну як бы мы сёння ні прыхарошвалі, што час такі быў, трэба было неяк, слабая краіна была і іншае, але калі бальшавікі ўчынілі рэвалюцыю, дык вы адказвайце за краіну", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Усё з ведаў павінна прыходзіць. І настаўнік, выкладчык са сваіх вопыту і ведаў павінен туды прыносіць. А мы ўсё шукаем буквар, дзе будзе прапісана, як мы (настаўнікі. - Заўвага), сябе павінны паводзіць", - дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама асабліва падкрэсліў важнасць наяўнасці якасных і цікавых падручнікаў: "Для мяне падручнік - гэта ўсё. Ведаеце, што самае страшнае, - падручнік палохае вучня. Вось гэтага быць не павінна. Ён баіцца да нейкага падручніка дакрануцца. А падручнік павінен прыцягваць вучня да сябе, гэты падручнік прыемна трымаць у руках. І я гаварыў, што не трэба на гэта шкадаваць грошай. Трэба выдаць добры падручнік, напісаны добрым шрыфтам, ілюстраваны. І галоўнае - веды. Калі нават там сцісла напісана - настаўнік растлумачыць, што гэта такое. Падручнік ужо будзе для вучня канспектам".
Ірына Родзік расказала аб тым, як ва ўстанове стараюцца стварыць усе ўмовы, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся на месцах і заставаліся ў прафесіі.
"Тут важныя ўсе формы падтрымкі - метадычная, псіхалагічная, матэрыяльная, маральная. На мой погляд, сёння нам не хапае жывога вобраза педагога-працаўніка. Хацелася б, каб бацькі нашых вучняў бачылі і разумелі жыццё настаўніка з яго штодзённымі клопатамі, які кожны дзень добрасумленна і з любоўю робіць сваю работу", - сказала яна.
Дырэктар выказала меркаванне, што стварыць зразумелы, блізкі кожнаму вобраз педагога дапаможа сацыяльная рэклама, прома-ролікі і, магчыма, айчынны фільм, які папулярызуе прафесію педагога.
"Ну дык рабіце фільм. Да Дня народнага адзінства выпусцілі фільм ("На другім беразе". - Заўвага). Я яго таксама паглядзеў. Ну, не ідэальны. Вышэй за сярэдні. Але фільм. Ён ужо аб чымсьці расказвае", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Вяртаючыся да тэмы фільма пра настаўнікаў, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Мы дадзім вам грошы на гэта, але гэта павінны зрабіць настаўнікі. Кіношнікі будуць здымаць, але вы павінны ім сказаць: вось так вось. І не прыхарошваючы. Аб'ектыўна трэба паказваць. Таму што фільм глядзець не будуць. Вы маеце рацыю. Не толькі настаўніка. Трэба паказваць больш са станоўчага боку і іншыя катэгорыі нашых работнікаў".
Аляксандр Лукашэнка ў негатыўным плане адзначыў, што многія сучасныя фільмы, у тым ліку замежныя кінастужкі, якія ідуць у Беларусі, часта ў асноўным пра "забіць, зарэзаць, згвалтаваць".
Начальнік аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Салаўёў на нарадзе расказаў аб выніках атэстацыі навучэнцаў за курс сярэдняй школы. Выпускнікі 2023 года ўпершыню здавалі цэнтралізаваныя экзамены. "Сёння я як кіраўнік магу з упэўненасцю сказаць, што ЦЭ сябе апраўдаў, падтрыманы і павінен выкарыстоўвацца ў далейшым. Аргументы для нас відавочныя. Уніфікаваная форма правядзення выпускных і ўступных экзаменаў, што нацэльвае і настаўнікаў, і навучэнцаў на сумесную падрыхтоўку. Зменшана нагрузка на навучэнцаў. Немалаважным з'яўляецца і тое, што выпускнікі больш матывавана падыходзяць да выбару будучай прафесіі, а не набіраюць пералік сертыфікатаў, якія па сваіх балах падыходзяць для паступлення ў якую-небудзь ВНУ", - сказаў ён.
У цэлым раённы чыноўнік запэўніў, што экзамены прайшлі зладжана. Самі тэсты, паводле яго слоў, ужо сёння прадугледжваюць наяўнасць вялікай колькасці заданняў, дзе трэба знайсці канкрэтнае рашэнне, а не проста ўгадаць адказ. Такі падыход паказаў выпускнікам, што толькі сур'ёзная падрыхтоўка па вучэбным прадмеце дасць магчымасць атрымаць вынік.
"Адзначу, што ў бягучым годзе пытанняў пятага ўзроўню складанасці ў тэстах не было. Аднак школьнай праграмай такія заданні прадугледжаны. Дзецям яны знаёмы. Таму лічым магчымым уключэнне ў тэст заданняў пятага ўзроўню складанасці", - сказаў Аляксандр Салаўёў.
Аляксандр Лукашэнка задаў выступоўцу прамое пытанне "Вы лічыце, што гэта сістэма - 2 ЦЭ плюс адно ЦТ - гэта тое, што нам сёння трэба, і гэтым шляхам трэба ісці?"
Начальнік аддзела адукацыі адказаў, што некаторае хваляванне было, калі гэта сістэма была прапанавана. Але ўсе хваляванні і страхі адпалі на этапе, калі правялі рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен. Гэты падыход гарантуе для юнакоў і дзяўчат роўныя магчымасці і незалежную праверку ўзроўню ведаў. У тым ліку па выніках ЦЭ пацвердзілі свае адзнакі і пяць дзясяткаў медалістаў раёна. "Я ўбачыў, што мае педагогі ставяць ім адзнакі заслужана, і яны іх пацвярджаюць, што мяне вельмі абрадавала. Гэта сістэма дала магчымасць мне як кіраўніку атрымліваць зваротную сувязь і аналізаваць вынікі работы сваіх падначаленых. Таму сістэма працуе, яна сапраўды паказала, што яна эфектыўная", - падкрэсліў Аляксандр Салаўёў.
Яшчэ адзін удзельнік нарады - рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта - Сяргей Каспяровіч унёс прапановы па ўдасканаленні правіл прыёму ў ВНУ.
Паводле яго слоў, новая мадэль прыёмнай кампаніі працуе добра. Напрыклад, брэсцкая ВНУ выканала ўсе ключавыя паказчыкі прыёму. Конкурс на бюджэт склаў каля 2-х чалавек на месца: "Мы набралі медалістаў, пераможцаў алімпіяд, мэтавікоў. Сапраўды вынік ёсць. Мы сапраўды пашырылі акно магчымасцей для нашых абітурыентаў, адоранай падрыхтаванай моладзі і адначасова для арганізацый - заказчыкаў кадраў".
Тым не менш Сяргей Каспяровіч не змог адназначна сказаць, што ўсе задачы вырашаны, але відавочны факт, што справядлівасць адбору, роўныя правы і магчымасці для абітурыентаў забяспечаны ў поўнай меры.
Адна з прапаноў рэктара датычылася больш актыўнага выкарыстання ў перспектыве такой формы ўступнага іспыту, як унутраны экзамен у ВНУ. Такія экзамены ўжо праводзяцца пры прыёме на некаторыя спецыяльнасці, і Сяргей Каспяровіч выказаў меркаванне, што паступова можна будзе перайсці да адзінай мадэлі і замест ЦТ праводзіць адзін комплексны экзамен. "Трэба прыйсці ў ВНУ і паказаць сябе, свае веды, а не толькі дакументы і паперкі, - лічыць кіраўнік ВНУ. - Гэта будзе датычыцца тых, хто не пройдзе па маштабаваных траекторыях для адораных, падрыхтаваных, матываваных. Мы ж будзем нарошчваць мэтавую падрыхтоўку, бачым інтарэс у заказчыкаў кадраў. Мэтавая падрыхтоўка - гэта ўжо ўнутраны экзамен".
Сваё меркаванне ў сувязі з прапанаваным выказаў рэктар БДУІР і старшыня савета рэктараў Вадзім Богуш. Ён падкрэсліў, што правілы прыёму, падтрыманыя ў мінулым годзе, дастойна паказалі сябе на практыцы, яны забяспечваюць неабходны баланс паміж рэгіёнамі, гарантуюць адкрытую, празрыстую і справядлівую сістэму адбору. "На наш погляд, гэта сістэма з'яўляецца аптымальнай. І тыя правілы, якія былі падтрыманы, не трэба было б чапаць на працягу 4-5 гадоў. У гэтым плане я падтрымаю пазіцыю Дзяржкантролю, што пераходзіць на масавы ўступны іспыт у ВНУ - даволі рызыкоўны крок. І прапаную развіваць дзеючую мадэль крыху ў іншым напрамку. Мы павінны ісці па шляху ўнутраных іспытаў па тых спецыяльнасцях, прафесіях, па якіх гэта неабходна. У нас гэты вопыт ёсць цяпер. Напрыклад, журналістыка, філалогія", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што не бачыць асаблівых супярэчнасцей у меркаваннях абодвух рэктараў. Проста першы зазірнуў наперад на перспектыву, а другі лічыць, што цяпер гэтага рабіць не трэба. Прэзідэнт адзначыў, што тым не менш пры неабходнасці сістэму прыёму ў будучым будуць удасканальваць і сам ён з'яўляецца прыхільнікам прынцыпу, прапанаванага брэсцкім рэктарам. "Але я не праштурхоўваю гэты варыянт, які мне падабаецца, у сувязі з тым, што вам усім (іншым рэктарам і адказным за адукацыю чыноўнікам. - Заўвага) падабаецца іншае. Вы бліжэй да гэтага - калі ласка. І бачу, што проста дадатковы будзе крок, магчыма, да той мадэлі, пра якую вы сказалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён выступае за тое, каб ВНУ ўсё ж такі неслі адказнасць за якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, і тут важна ўбачыць чалавека ўжо на этапе адбору. "А як набраць, калі чалавека не бачыш? Але вы лічыце, што два ЦЭ плюс ЦТ на сёння (трэба пакінуць. - Заўвага), і гэтым шляхам у будучым годзе і, можа, яшчэ два-тры гады трэба ісці. Я тут таксама асаблівай супярэчнасці не бачу", - заявіў Прэзідэнт.
У Беларусі прапанавалі залічваць медалістаў у рэгіянальныя ВНУ без экзаменаў. З адпаведнай прапановай выступіў Сяргей Каспяровіч.
"Мы ўвялі цэнтралізаваны экзамен. Ён спрацаваў. Мяркую, што мы нават недзе можам гаварыць аб павышэнні аб'ектыўнасці ацэнкі ведаў у школе. Медалісты таксама аб'ектыўныя, яны заслужаныя, правераныя. Таму ёсць прапанова з улікам неабходнасці вырашэння кадравай патрэбнасці ў рэгіёнах у першую чаргу даць права медалістам паступаць без уступных іспытаў на ўсе спецыяльнасці, але толькі ў рэгіянальныя ВНУ", - сказаў рэктар.
Ён таксама лічыць неабходным і далей развіваць практыку мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ. Пры гэтым увесці для такіх абітурыентаў ніжні парог сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. "Тут размова можа ісці як пра асобныя групы спецыяльнасцей (медыцынскія, педагагічныя), так і пра больш шырокае кола спецыяльнасцей. Для таго каб мы маглі зменшыць суб'ектыўнасць з пункту гледжання заказчыкаў і іншых фактараў. Так, на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, якія не заўсёды добра запатрабаваны абітурыентамі, магчыма, гэты парог уводзіць не трэба", - адзначыў Сяргей Каспяровіч.
"Гэта значыць, калі хочаш стаць мэтавіком, ты павінен дастаць атэстат і паказаць…", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Сем балаў, напрыклад, і вышэй", - працягнуў думку рэктар брэсцкай ВНУ.
Прапанову падтрымаў Міністр адукацыі Андрэй Іванец: "Абсалютна добрая прапанова, мы яе падтрымліваем і гаворым: 7 балаў атэстата ёсць - калі ласка, удзельнічай у конкурсе. Тады пытанне конкурсу па спецыяльнасці ў прынцыпе адпадзе само. Вядома, гэта не датычыцца спецыяльнасцей, запатрабаваных эканомікай. Гэта сельскагаспадарчыя і шэраг іншых. Там, дзе жадаючых менш і кожны спецыяліст на вагу золата. Там ужо ВНУ, рэктар павінны адказваць за падрыхтоўку кадраў з абітурыентаў, якія прыйшлі".
Сяргей Каспяровіч агучыў яшчэ шэраг прапаноў. У тым ліку аб прадаўжэнні практыкі правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд, але толькі ў рэгіянальных ВНУ. "Не трэба гэта сталічным ВНУ. І праводзіць заключны этап у адзіны дзень па адпаведных вучэбных прадметах ва ўсіх рэгіянальных ВНУ", - прапанаваў ён.
Таксама рэктар падтрымаў прапанову міністра аб тым, каб прадаставіць права выпускнікам профільных інжынерных класаў паступаць на спецыяльнасці інжынерна-тэхналагічнага профілю без уступных іспытаў пры належным узроўні паспяховасці ў школе. Такая практыка ўжо ёсць у адносінах да навучэнцаў педагагічных, аграрных, ваенна-патрыятычных класаў.
На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі змяненні ў сістэме адпрацоўкі па размеркаванні пасля ВНУ.
"Вы не сказалі пра галоўнае. Пра тое, што хвалюе сёння дзяржаву, - адрэагаваў Прэзідэнт на даклад Міністра адукацыі. - Мяне інфармуюць аб тым, што самыя-самыя прагрэсіўныя, класныя спецыялісты з краіны ад'язджаюць. Больш таго, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і пайшоў. Мы ж навучаем і рыхтуем у ССНУ, ВНУ спецыялістаў для сябе".
Андрэй Іванец адзначыў, што ўсе студэнты-бюджэтнікі пасля заканчэння ВНУ абавязаны адпрацаваць устаноўленыя тэрміны размеркавання. "Міністэрства адукацыі кантралюе гэту работу. Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі выпускнікі кампенсуюць затрачаныя дзяржавай сродкі на іх падрыхтоўку", - сказаў ён.
Пры гэтым міністр падкрэсліў і ўнёс прапанову: "Сёння і бюджэтнік, і платнік, на нашу думку, павінен адпрацоўваць".
"Як вы лічыце, студэнт скончыў ВНУ - дзе і як, колькі ён павінен адпрацоўваць? А калі ад'язджае, колькі ён плаціць?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў міністр, адпрацоўка для дзённай формы навучання на бюджэце сёння - два гады пасля заканчэння ўніверсітэта. Для мэтавікоў - не менш як пяць гадоў, дагавор можа прадугледжваць і больш высокі тэрмін. Што датычыцца кошту навучання, то для дзяржавы ён абыходзіцца ў немалую суму. Напрыклад, пры адмове ад размеркавання выпускнік БДУ кампенсуе затрачаную на яго падрыхтоўку суму, а гэта каля Br40-45 тыс., расказаў Андрэй Іванец.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праблему неабходна вырашаць кардынальна, у тым ліку падумаць над павелічэннем тэрміну адпрацоўкі: "Што такое два гады - гэта, лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва, праз вопыт, які набываецца, два гады навучаем на рабоце. У школе, дапусцім, калі гэта настаўнік".
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым плане патрэбны забаронныя меры, нават калі такі крок будзе непапулярны. "Хаця б паўзабаронныя: дапусцім, 5 гадоў. Правільна, мэтавік - не менш як 5 гадоў. А можа, яшчэ і арыентаваць недзе акуратна да 7 гадоў. У адваротным выпадку - не хадзі ў мэтавікі", - сказаў ён.
Яшчэ адзін аспект - кошт платнага навучання ў Беларусі, асабліва ў параўнанні з заходнімі краінамі. Нават пры ў сярэднім меншым кошце дзяржава і цяпер фактычна датуе падрыхтоўку платнікаў. "Сёння платнік кампенсуе не больш як 50-70% ад кошту свайго навучання. Фактычна ў рэспубліцы няма платнай вышэйшай адукацыі - гэта паўплатная адукацыя, якую субсідзіруе або ўніверсітэт, або дзяржава. Мы гэту праблему бачым, яе нам неабходна вырашаць. Мы гэта пачалі ўжо", - сказаў Андрэй Іванец.
Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт яшчэ раз вярнуўся да гэтай тэмы. "Па адпрацоўцы мы вызначыліся. Тэрміны (ужо цяпер трэба насельніцтва акуратна інфармаваць аб гэтым) мы павялічваем. Мы рыхтуем для сябе спецыялістаў. Мы падрыхтавалі, даём табе першае працоўнае месца - ідзі і працуй. Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем. Я таксама праходзіў праз размеркаванне, ды і многія, хто тут сядзіць, і нічога", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Раман Галоўчанка заўважыў, што ў час нарады выступоўцы шмат гаварылі аб тым, як адбіраць абітурыентаў, вычляняць пасля школ лепшых выпускнікоў. "Але пытанне: а мы туды адбіраем лепшых ці не? У нас ідзе хранічны перакос: лепшыя абітурыенты ідуць не туды, куды трэба эканоміцы", - звярнуў ён увагу.
Ён прывёў у прыклад даныя па Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Самы высокі прахадны бал тут на спецыяльнасць "электронная эканоміка", а самы нізкі - "узвядзенне будынкаў і збудаванняў" і "меліярацыя і водная гаспадарка".
"Там паміж двоечнікамі і троечнікамі, кажучы па-старому. Гэта розуму недаступна. І падобная сітуацыя ва ўсіх іншых ВНУ, асабліва тэхнічнага профілю", - сказаў Прэм'ер-міністр.
Так, самы высокі бал у БНТУ на "маркетынг" і "бізнес-адміністраванне". А каб паступіць на спецыяльнасць "абсталяванне вакуумнай і кампрэснай тэхнікі" дастаткова быць двоечнікам, нават не троечнікам.
"Я яшчэ разумеў бы, калі б гэтыя маркетолагі і менеджары, якія лідзіруюць у гэтых пазіцыях, давалі нам прыбаўку і на прадпрыемствах не было праблем са збытам прадукцыі або напісаннем бізнес-планаў па мадэрнізацыі вытворчасцей. Ураду даводзіцца наймаць знешніх кансультантаў, каб правіць тое, што пішуць эканамісты на прамысловых прадпрыемствах, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Мне здаецца, гэта ключавая задача, над якой сістэме вышэйшай адукацыі трэба працаваць. Самыя таленавітыя абітурыенты ў нас адбіраюцца туды, дзе яны патрэбны краіне менш за ўсё. І гэта тое, над чым увесь рэктарскі корпус і Міністэрства адукацыі павінны працаваць".
Рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Каспяровіч растлумачыў, чаму атрымліваюцца такія перакосы. Паводле яго слоў, тая ж спецыяльнасць "электронная эканоміка" запатрабавана не толькі абітурыентамі - лепшыя прадпрыемствы з рукамі і нагамі забіраюць гэтых выпускнікоў. Яны працуюць з сістэмамі бізнес-інтэлекту і вялікіх даных. На бюджэт па гэтай спецыяльнасці набіраюць усяго трох чалавек, таму і балы тут вышэйшыя.
Праблему з не самымі папулярнымі ў абітурыентаў спецыяльнасцямі не вырашыць без заказчыкаў кадраў, сказаў Сяргей Каспяровіч. Сама ВНУ працуе над гэтым. Напрыклад, у вобласці створана больш за 20 інжынерных класаў і груп. З іх дапамогай школьнікаў стараюцца прыцягваць у інжынерныя прафесіі.
"Я разумею і падтрымліваю пытанне Прэм'ер-міністра. Нам недзе трэба "шліфануцца" тут. Рэктары самі па сабе не ўсё могуць вырашыць. Але тут трэба адладзіць сістэму. Правільная заўвага, але хутчэй у наш з вамі адрас, чым рэктараў", - заявіў Прэзідэнт.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: ніхто рэктараў ВНУ не будзе заганяць у строгія рамкі. Калі яны бачаць, што выпускнікі той ці іншай спецыяльнасці запатрабаваны на рынку, значыць, яе трэба развіваць. "З другога боку, калі нейкаму прадпрыемству трэба гэта, вы набірайце колькі хочаце, толькі няхай яны заплацяць за гэта. Патрабуйце аплату. Тут мы вас заўсёды падтрымаем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Думаю, што Урад сёння ў асобе Прэм'ер-міністра і віцэ-прэм'ера пачуў тыя пытанні, якія трэба вырашаць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі адказы на асноўныя пытанні, у тым ліку і па стабільнасці ўсяго адукацыйнага працэсу, каб мы не шарахаліся кожны год з боку ў бок".
"Што датычыцца вынікаў атэстацыі за сярэднюю школу і паступлення ў ВНУ. Два ЦЭ плюс адзін у выглядзе ЦТ - мы пакуль на гэтым спыняемся і даводзім да людзей, каб яны ведалі, што на перспектыву мы будзем ісці гэтым шляхам. Для людзей гэта важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт не выключыў у будучым нейкіх дадатковых эксперыментаў унутры той сістэмы паступлення, якая цяпер вызначана. Напрыклад, па правядзенні папярэдняй гутаркі або ўнутранага экзамену ў асобных ВНУ.
"Толькі б гэта было на карысць, - абазначыў галоўнае патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. - Глядзіце, каб не было супярэчнасцей паміж экзаменамі і гутаркай. Калі чалавек прыйшоў, здаў выдатна ўсе экзамены, а вы яго зарэзалі на гутарцы... Тут трэба падыходзіць вельмі акуратна, асцярожна".
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў не перашкаджаць працаваць Міністру адукацыі, а губернатарам - у большай ступені браць на сябе вырашэнне практычных пытанняў.
"У Міністэрстве адукацыі трэба скончыць усялякія там шараханні. Гэта вельмі важна. Ёсць міністр, кіраўніцтва. Мы вызначылі гэту, як я гавару, каляіну. Не перашкаджайце працаваць міністру і Міністэрству адукацыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Яны разумныя людзі і ведаюць, як вырашаць тыя ці іншыя пытанні ў адпаведнасці з законам, заканадаўствам і Канстытуцыяй. Няхай працуюць".
Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў работнікаў Мінадукацыі: калі некага не задавальняе міністр або кіраўніцтва, тады трэба шукаць іншую работу. "Вы разумееце мае намёкі і ведаеце, аб чым ідзе размова", - сказаў ён.
"Калі мы яму (Андрэю Іванцу, Міністру адукацыі. - Заўвага) не дадзім магчымасці працаваць... Любога міністра, каго туды ні назнач, ён не зможа працаваць, таму што кожны лезе ў Міністэрства адукацыі і спрабуе дапамагчы, падказаць або па-свойму нешта зрабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння мы завяршылі размову па задачах, якія стаяць перад адукацыяй. Рухаемся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта датычыцца менш за ўсё Міністра адукацыі, больш - губернатараў: пачулі, як трэба дзейнічаць, - дзейнічайце. Без губернатараў ні ў ахове здароўя, ні ў адукацыі мы пытанні не вырашым".
У сферы адказнасці кіраўнікоў рэгіёнаў павінны быць перш за ўсё пытанні практычнага характару. "Міністр і Урад павінны бачыць зверху, як яны там (на месцах. - Заўвага) варушацца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Канкрэтныя пытанні школы: аўтобусы, харчаванне і іншае - гэта пытанні губернатараў і старшынь райвыканкамаў. Займіцеся гэтым".
Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным асобам сур'ёзна ўнікнуць у пытанне таго, як арганізаваны працэс харчавання школьнікаў, работы харчаблокаў, закупкі прадуктаў і абсталявання, і разабрацца з існуючай сітуацыяй, якая выклікае шмат нараканняў. На гэтыя мэты цяпер ідзе даволі шмат сродкаў з бюджэту, аднак у асобных выпадках не ўсе яны выкарыстоўваюцца рацыянальна. "Разбярыцеся, што нам з гэтым харчаваннем (школьнікаў. - Заўвага) рабіць. Мы там сэканомім каласальныя грошы (і ў сметніцу не будзем выкідваць прадукты харчавання). Не шкада для дзяцей. Мы дзяцей можам накарміць нашымі прадуктамі, у нас іх хапае. Але палова ўсяго ідзе не на дзяцей, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Сур'ёзна вазьміцеся за гэту праблему".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб спыніліся ўсялякія эксперыменты ў гэтай сферы. "У вас жа практыка: давайце паспрабуем, правядзём эксперымент. Пяць гадоў праводзім у 5% ці 10% школ, а потым... Які эксперымент, калі мы разумеем, як накарміць дзіця?!" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Размова, у прыватнасці, ішла і аб закупках абсталявання ў рамках правядзення такіх эксперыментаў. Некаторыя ўстановы, напрыклад, падавалі заяўкі на набыццё параканвектаматаў. Прэзідэнт у гэтым выпадку запатрабаваў дзейнічаць без празмернасцей: "Спыніце гэтыя закупкі... Нібыта ў вас дома інакш гатуецца (ежа. - Заўвага)... Не, трэба ў школу прыйсці, чорт ведае што закупіць, затраціць вялікія грошы!" Акрамя таго, многія пры закупцы забываюць пра траты на далейшае абслугоўванне тэхнікі, замену запчастак і гэтак далей. "Разбярыцеся, унікніце па сутнасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Займіцеся гэтым пытаннем. Мы занадта разбэшчана сябе паводзім з бюджэтнымі грашамі".
У працяг размовы была закранута тэма існавання значнай колькасці дадатковых абслуговых арганізацый у сферах адукацыі, аховы здароўя і іншых. Прэзідэнт заўважыў, што туды часта ідуць працаваць выпускнікі профільных ВНУ, таму што там "лягчэй, чым ля настаўніцкага станка стаяць і рыхтавацца да заняткаў". "Вось яны там і асядаюць, і ўсё добра. Заканчваць трэба гэта", - сказаў Прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на недапушчальныя паводзіны асобных кіраўнікоў навучальных устаноў: "Не стварайце ў школах рэстараны. Мне нават сорамна аб некаторых пытаннях гаварыць. Накшталт носяць-выносяць, крадзеж... Дырэктар сядзіць, яго ўжо там усе абслугоўваюць! Паўстае пытанне: за чый кошт?" Прэзідэнт даручыў КДК і пракуратуры на месцах звярнуць на гэта сур'ёзную ўвагу. "Гэта ж абмяркоўваюць бацькі, а значыць, і ў сям'і. І што вы хочаце ад вучня? Якім ён будзе маральна арыентаваным, разумным і адукаваным чалавекам, калі дырэктар, кіраўніцтва асобных школ крадуць і п'янкі арганізоўваюць у школе?! Гэта агідна, гэта нядобра", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы выказаўся і пра збор сродкаў з бацькоў на патрэбы класа або школы. Прэзідэнт не бачыць у гэтым ніякіх праблем, калі гэты працэс арганізаваны правільна і па-чалавечы.
"Нічога страшнага. У нас бясплатная адукацыя. Толькі дырэктарам трэба разумна гэта рабіць. Можа, паўтара чалавека адмовяцца, грошай не дадуць на рамонт або на што-небудзь. І не трэба. Адмовіўся дык адмовіўся, абыдземся. Але ад гэтай практыкі адыходзіць не трэба. Але не так: "Ты нясі столькі грошай! Мы тут на савеце нейкім вырашылі". Не трэба так рабіць. Мы грошы на школы знойдзем. Але калі бацькі будуць удзельнічаць у гэтым нейкай сваёй капейкай, страху я ў гэтым абсалютна не бачу. У нас людзі ўжо не бедныя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Закрануў Кіраўнік дзяржавы і шосты школьны дзень - суботу. Ён падкрэсліў, што ў гэты дзень неабходна ўдзяляць увагу перш за ўсё здароўю дзяцей, а не ўрокам і факультатывам. "Субота павінна быць разгружана, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Як без спартыўных заняткаў? Вазьміце за руку бацькоў і дзяцей, адвядзіце на спартыўную пляцоўку".
Прэзідэнт даручыў Міністэрству адукацыі дапрацаваць школьныя падручнікі. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што для стварэння якаснага падручніка на першым месцы стаіць зусім не пытанне фінансавання, а перш за ўсё - правільнага падбору аўтарскага калектыву. "Я не зусім успрымаю, калі кажуць: вось, патрэбны грошы на гэта. Вось калі б вы папрасілі Ігара Марзалюка (дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена-карэспандэнта НАН. - Заўвага): "Збяры дзяцей і прайдзіся па падручніках гісторыі". Марзалюк вам гэта зрабіў бы за адзін месяц, і людзей падабраў бы, і сказаў бы, што тут і тут трэба шліфануць. Заключэнне атрымалі б нашых людзей, патрыятычных, дасведчаных, разумных, якія разумеюць палітыку, і яны вам шліфанулі б гэтыя падручнікі. І мы зрабілі б сапраўдны падручнік, ікону. Бярэш - і прыемна ў рукі ўзяць", - прывёў прыклад пабудовы работы Аляксандр Лукашэнка.
Аднак пакуль, на думку Прэзідэнта, якасць некаторых падручнікаў пакідае жадаць лепшага, у асобных выпадках "трэба павелічальнае шкло на лоб павесіць для таго, каб убачыць, што там напісана". "Хіба гэта падручнік? Не трэба на падручнікі шкадаваць грошы", - арыентаваў ён, падкрэсліўшы, што выданні павінны быць прыгожымі, на добрай паперы, тым больш што друкуюцца яны не на адзін год. "Вы лепш ведаеце, што рабіць з падручнікамі. Зрабіце нармальны падручнік. Не трэба бюракратызаваць гэту работу, не трэба адцягваць і эксперыменты праводзіць. Вазьміце ўсе падручнікі, якія мы з вамі прайшлі, пачынаючы з савецкіх часоў, і зрабіце добры падручнік", - сказаў беларускі лідар.
Важна, каб да гэтай работы былі прыцягнуты настаўнікі, якія працуюць са школьнікамі, а не акадэмікі, перакананы Прэзідэнт. "Яны (акадэмікі. - Заўвага) на сваім узроўні, у "космасе" па ведах, вопыце і іншым. Яны адарваліся ад вучняў і думаюць, што і вучні ўжо такія. Не. Таму я заўсёды зазямляю на настаўнікаў", - растлумачыў сваю думку Аляксандр Лукашэнка.
У першую чаргу неабходнасць дапрацоўкі актуальная для падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах. "Што новага па фізіцы, матэматыцы прыдумаеце? Толькі наламаеце дроў і нахамутаеце столькі праблем, што ні бацькі, ні дзеці, ні нават настаўнікі часта не разумеюць, што ў гэтым падручніку", - сказаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Ігар Марзалюк, які прысутнічаў на нарадзе, адзначыў, што работа па падручніках вядзецца, у тым ліку з яго асабістым удзелам: "Падручнікі выпраўляем, у тым ліку ў адпаведнасці з патрабаваннямі апошніх гадоў. Гэта работа вядзецца".
Рэзюмаваўшы сказанае па тэме, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы па падручніках дамовіліся: зрабіце нармальны падручнік і прынясіце, пакажыце мне яго".
Завяршаючы нараду, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі хутка пройдзе электаральная кампанія. Вялікі ўклад у арганізацыю выбараў заўсёды ўносіць педагагічны склад, у сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што апаненты ўлады будуць спрабаваць аказаць націск.
"На нас пачаўся ўжо ідэалагічны і інфармацыйны націск. Нядаўна з'явілася інфармацыя: "Лукашэнка пабудаваў сабе новую рэзідэнцыю, там, напэўна, будзе УНС". Я думаю: дзе пабудаваў, хто пабудаваў? Без мяне гэта не маглі пабудаваць. Аказваецца, вялікую чыноўніцкую бальніцу аддалі Кухараву (у веданне гарадскіх улад Мінска. - Заўвага) - пабудавалі маленькую за горадам - і там было старое аддзяленне рэабілітацыі. Яго Кіраўніцтва справамі адрамантавала. Зрабілі рэабілітацыю на першым паверсе. На верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам", - расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мне хапае месцаў, дзе працаваць. Тут я працую (у Палацы Незалежнасці. - Заўвага) і за горадам - адзін у адзін кабінеты. Больш нічога не трэба".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія інфармацыйныя ўкіды патрэбны толькі для таго, каб ачарніць уладу.
"Ідзе накат, і выбіраюць цэнтральных людзей, на каго націснуць і па кім ударыць. Галоўнае - "падмачыць" уладу. Таму майце на ўвазе. Мы павінны гэта даносіць да людзей і ім тлумачыць. Я добра аб гэтым інфармаваны: на кожнага, хто так ці інакш патрыёт, ужо рыхтуецца інфармацыйная атака. Таму нам яшчэ і гэтаму трэба будзе процістаяць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт растлумачыў, што гэтымі атакамі займаюцца не толькі праціўнікі ўлады, якія схаваліся за плінтусам, і не толькі збеглыя. За ўсім гэтым стаяць іншыя сілы, але робяць яны гэта не сваімі рукамі.
"Гэта проста да ведама вам, каб вы разумелі, што нас у спакоі не пакінуць. Мы павінны быць ідэалагічна моцнымі. Трэба працаваць, не аглядваючыся, і рабіць канкрэтныя справы, тое, што хвалюе людзей", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.