Наведванне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
- 35
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ролі БДУ ў сістэме вышэйшай адукацыі краіны, аб стане і перспектывах развіцця ўніверсітэта. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся ў БДУ з выставай, на якой былі прадстаўлены ў тым ліку навуковыя распрацоўкі.
У прыватнасці, быў прадстаўлены комплекс сродкаў аптычнага дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з МКС - сістэма арыентацыі відэаспектральнай апаратуры, відэаспектральная сістэма. Іх распрацоўшчык і вытворца - НДІ ПФП БДУ.
"Вам не трэба спыняцца", - такі наказ даў распрацоўшчыкам Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прадстаўнікоў ВНУ, комплекс для аптычнага дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з МКС не мае сусветных аналагаў і працуе поўнасцю ў аўтаматычным рэжыме, пры гэтым выключае памылкі ручнога навядзення касманаўтаў і дае магчымасць істотна эканоміць час іх знаходжання на борце станцыі. Новы ж комплекс, плануецца, будзе працаваць і ў адкрытым космасе.
Прэзідэнт задаў пытанне, чым гэта распрацоўка адрозніваецца ад распрацовак Нацыянальнай акадэміі навук. У сувязі з гэтым спецыялісты растлумачылі: перад імі стаяць розныя задачы.
У ліку паказанага Кіраўніку дзяржавы таксама былі рабочыя мадэлі і сістэмы вучэбнай лабараторыі аэракасмічных вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе пры падрыхтоўцы па спецыяльнасці "аэракасмічныя тэхналогіі, касмакартаграфія і геадэзія". Спецыялісты расказалі аб прымяненні лазернага сканіравання мясцовасці, у прыватнасці, па запыце Генпракуратуры з мэтай пошуку пахаванняў ахвяр генацыду, пры ажыццяўленні археалагічных даследаванняў. У ВНУ таксама займаюцца праектаваннем спадарожнікаў, зусім нядаўна быў паспяхова запушчаны спадарожнік другога пакалення. Цяпер распрацоўваюцца сістэмы інжынернай мадэлі, якія абслугоўваюць спадарожнік на зямлі, - гэта антэнныя і аптычныя сістэмы.
Што датычыцца беспілотнікаў, Кіраўнік дзяржавы заўважыў: "Беспілотнікі - гэта наогул вялікая будучыня. Сістэмы кантролю, назірання, разведвальныя даныя. Таму вам не трэба спыняцца. Калі ў вас будзе лепш, чым у Акадэміі навук або ў іншых (прыватныя кампаніі ў нас распрацоўваюць беспілотнікі), мы будзем мець справу з вамі. Нам трэба звярнуць увагу на гэтыя распрацоўкі".
Акрамя таго, на выставе былі паказаны ветэрынарныя прэпараты, экалагічна бяспечныя біялагічныя прэпараты для раслін.
У прыватнасці, распрацаваныя ветэрынарныя прэпараты даюць магчымасць наогул выключыць або істотна знізіць прымяненне антыбіётыкаў пры лячэнні жывёл. Тут спрацоўвае эфект самалячэння, прэпараты змяшчаюць уласныя бялкі жывёл. У мінулым годзе аб'ём рэалізацыі гэтых прэпаратаў склаў больш як адзін мільён рублёў.
Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі, што распрацаваныя біялагічныя прэпараты для раслін даюць магчымасць павялічваць ураджайнасць сельгаскультур да 40%, у тым ліку таматаў, агуркоў, цыбулі, бульбы, капусты. У ліку распрацовак і прэпараты для аховы лясоў.
Увагу Аляксандра Лукашэнкі таксама звярнулі на ўнікальныя распрацоўкі проціпухлінных прэпаратаў, а таксама спірометры для ацэнкі дыхальнай сістэмы. Былі паказаны і харчовыя дабаўкі для хлебапякарнай, мясной, кандытарскай галіны і вытворчасці напіткаў. Распрацоўшчык і вытворца - УП "УНІТЭХПРАМ БДУ".
Выстава ахоплівала шырокі спектр навуковай, адукацыйнай і выхаваўчай дзейнасці БДУ. Прэзідэнта таксама праінфармавалі аб дзейнасці БРСМ у ВНУ, развіцці студатрадаў і падыходах да работы са студэнцкай моладдзю.
Аляксандру Лукашэнку прадставілі новы падручнік па беларускай дзяржаўнасці і анансавалі адпаведны атлас, які будзе ўкаранёны ў вучэбны працэс 1 верасня 2024 года. Прэзідэнт спытаў, наколькі падручнік адпавядае ісціне. Міністр адукацыі Андрэй Іванец сказаў, што падручнік абмеркавалі на Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта і пасля гэтага ён быў падтрыманы Міністэрствам адукацыі. "Дайце мне яго паглядзець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым станоўча ацаніў распрацоўкі, прадстаўленыя на экспазіцыі.
У час наведвання ўніверсітэта Прэзідэнт правёў нараду па актуальных пытаннях дзейнасці ВНУ.
У пачатку нарады Кіраўнік дзяржавы прапанаваў рэктару БДУ Андрэю Каралю сказаць некалькі слоў на злобу дня. Рэктар выказаў перакананне, што кожны з удзельнікаў мерапрыемства выйдзе з аўдыторыі крыху іншым з пункту гледжання і інфармаванасці, і мэтавага памкнення. Ён таксама падзякаваў Прэзідэнту за тое, што ён знайшоў час удзяліць увагу пытанням работы ўніверсітэта.
"Добрую Вы фразу сказалі, што вельмі нават пажадана, каб з гэтай сустрэчы не толькі вы, але і я пайшлі крыху іншымі ў плане інфармавання і гэтак далей. Я да гэтага вас заклікаю. Давайце, як у савецкі час гаварылі, па-таварыску абмяркуем усе праблемы, якія існуюць нават у сістэме ВНУ. Паколькі тут прысутнічаюць усе рэктары нашых ВНУ. Калі будуць нейкія заўвагі па адукацыі ў Беларусі ў цэлым, буду вам вельмі ўдзячны. Цяпер гэта гучная тэма. На слыху. Для мяне гэта адна з найважнейшых тэм, якая павінна быць канчаткова і беспаваротна абазначана ў гэтым годзе", - сказаў Прэзідэнт.
"Вядома, удасканальвацца будзем. Вы як вучоныя людзі разумееце, што застылых працэсаў наогул у жыцці не бывае. Будзем рухацца ў гэтым плане. Адукацыя - гэта найважнейшы чалавечы фактар, рэсурс. Самае галоўнае, я лічу, для чалавека - гэта адукацыя. Потым ужо здароўе і гэтак далей, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі здаровы чалавек і неадукаваны, вы ведаеце, што гэта за чалавек. Таму адукацыя - перш за ўсё. Потым усё астатняе. Адсюль важнейшы напрамак і маёй работы, беларускіх улад. У тым ліку вас. Можа, перш за ўсё вас. "Мы павінны ў гэтым годзе канчаткова дашліфаваць сістэму нашу (адукацыі. - Заўвага), вызначыць, у якім напрамку мы будзем развівацца, каб ні бацькі, ні наша грамадства балюча не рэагавалі на якія-небудзь навацыі ў развіцці гэтай сістэмы".
Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане заклікаў усіх да адкрытай і дружалюбнай размовы.
Прэзідэнт адзначыў, што імпульс гэтаму мерапрыемству быў дадзены самім рэктарам, менавіта з яго падачы было прынята рашэнне сабрацца на нараду. "Хоць тэма вельмі рабочая. Адразу скажу, што нават не ўсе з тых, хто сядзіць тут у першым радзе, былі за тое, каб я прыехаў сюды і правёў гэту сустрэчу. Паколькі гэта мерапрыемства будзе звязана і з абмеркаваннем, я спадзяюся, некаторых персаналій. Магчыма, кадравымі нейкімі навацыямі і перастаноўкамі. Таму я заклікаю вас да абсалютнай адкрытасці", - сказаў ён.
"БДУ не проста ўніверсітэт. Гэта гісторыя, будучыня краіны. Народжаны ў гады станаўлення беларускай дзяржавы, ён стаў увасабленнем навуковай і вытворчай магутнасці сучаснай Беларусі, - адзначыў беларускі лідар. - Тое, што вы робіце, гэта топ-праекты. І я ведаў, што вы гэтым займаецеся, але не думаў, што выйшлі на такі высокі ўзровень. На гэта мы звернем вельмі сур'ёзную ўвагу, калі ў гэтым будзе неабходнасць, нашых прамыслоўцаў. Тых людзей, якія робяць канкрэтны тавар дзякуючы вашым навуковым вынаходкам. Хоць вы ўжо значныя рэчы зрабілі. Асабліва космас, беспілотнікі - гэта будучыня. І сённяшні канфлікт ва Украіне паказвае, што гэта будучыня".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нядаўна сустракаўся са сваім добрым сябрам і былым кіраўніком "Раскосмасу" Дзмітрыем Рагозіным. "Ён шмат чаго мне расказаў, шмат яшчэ пакажа, раскажа. Калі ў вас будзе інтарэс да чаго-небудзь, можа, нават закрытых нейкіх рэчаў, гэты чалавек з задавальненнем падзеліцца з нашымі спецыялістамі, вучонымі. Можа, гэта вам дапаможа рухацца ў патрэбным напрамку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да прысутнага на нарадзе Старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміра Гусакова, Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што БДУ можа скласці галоўнай навуковай арганізацыі канкурэнцыю ў галіне космасу, беспілотнікаў, магчыма, і электрамабіляў. "І мы гэту канкурэнцыю будзем падтрымліваць", - сказаў ён.
Кіраўнік НАН у сваю чаргу адзначыў, што яны сумесна працуюць з калегамі. "Калі гаворыць "сумесна", значыць, ён паважае вашы напрацоўкі і распрацоўкі, ставіць упоравень з акадэмічнымі", - заўважыў на гэта Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу, што ў мадэрнізацыю ВНУ ўкладзены каласальныя дзяржаўныя сродкі, і яны павінны працаваць на карысць краіны і сацыяльнай сферы.
Прэзідэнт расказаў на нарадзе, што яму дакладваюць аб наяўнасці шэрага праблем у функцыянаванні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
"Чаго граху таіць, да мяне даходзіць розная інфармацыя аб працэсах, што адбываюцца апошнім часам у ВНУ. Яны мяне насцярожваюць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Тым больш, я помню 2020 год, дзе вы "бліскуча" сябе паказалі. Але я вам ніякіх заўваг не рабіў. Напэўна, вы гэта заўважылі. Не крытыкаваў вас. Я лічыў, што вы ж прагрэсіўная частка нашага грамадства і самі з часам ацэніце ўсё тое, што вы тут нарабілі. Або нашы дзеці перш за ўсё. Ды і выкладчыкі вызначыліся, калі ўжо шчыра гаварыць. Таму любыя негатыўныя тэндэнцыі, нават самыя маленькія, у самым пачатку свайго развіцця, мяне насцярожваюць".
Сітуацыя ў БДУ ўважліва вывучалася рознымі ведамствамі, праведзены адкрытыя і закрытыя сустрэчы і гутаркі, атрымана пэўная інфармацыя. Гэтым займаліся Адміністрацыя Прэзідэнта, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, Нацыянальная акадэмія навук і іншыя дзяржаўныя органы. Гэта рабілася для таго, каб у далейшым пры прыняцці Кіраўніком дзяржавы рашэнняў не было ніякіх памылак. У дакладах на імя Кіраўніка дзяржавы ўказваўся шэраг істотных праблем у функцыянаванні ўніверсітэта, асноўнай з якіх з'яўляецца непрадуманая кадравая палітыка кіраўніцтва, недастатковая ўключанасць рэктарата ў адміністрацыйную работу, перш за ўсё рэктара. "Гэта цытата. Гэта пакуль не маё меркаванне", - адзначыў Прэзідэнт.
У дакладах адзначаліся недахопы ў частцы кадравых назначэнняў, арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы з калектывам і студэнтамі.
"Так гэта ці не, у вас ёсць поўная магчымасць мяне пераканаць у адваротным. Пакуль я ў гэтым яшчэ не перакананы", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Выснова, да якой прыйшлі адказныя асобы, у тым ліку Адміністрацыя Прэзідэнта (орган, які перш за ўсё займаецца кадравымі пытаннямі): дэцэнтралізацыя кіраўніцкай вертыкалі і слабая з'яднанасць працоўнага калектыву нясуць небяспеку страты кіруемасці вышэйшай навучальнай установай і страты лідзіруючых пазіцый у навуковай і адукацыйнай сферах", - сказаў Прэзідэнт.
"Урад па маім даручэнні правёў атэстацыю рэктараў усіх ВНУ краіны. Вынікі, шчыра вам скажу, несуцяшальныя. Асобныя рэктары спачываюць на лаўрах, дэлегуючы свае кіраўніцкія функцыі намеснікам, займаюцца публіцыстыкай, выконваюць выключна прадстаўнічыя функцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэта недапушчальна. "Дазволіць гэта ў краіне я не магу. Асабліва сёння, калі адкрылася столькі магчымасцей для папулярызацыі айчыннай адукацыі сярод дружалюбных і зацікаўленых краін", - адзначыў Прэзідэнт.
Адносна атэстацыі рэктара БДУ Урад унёс радыкальную прапанову "ў сувязі з наяўнасцю значнай колькасці праблемных пытанняў у дзейнасці як універсітэта, так і ліцэя БДУ". Гэта меркаванне падтрымлівае і Міністэрства адукацыі. "Я пакуль не схіляюся да такога рашэння. І гэта адна з важнейшых падстаў і прычын сённяшняй нашай сустрэчы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Быццам бы ўсё зразумела, калі фармальна-бюракратычна да гэтага ставіцца. Быццам бы і абмяркоўваць на першы погляд тут няма чаго. Але я вам сказаў ужо, што ў сучасны час, наш час, калі мы многае зразумелі і ўсвядомілі (пераважная большасць нашага грамадства), з бухты-барахты кадравае рашэнне прымаць, асабліва ў вядучай ВНУ краіны, непрымальна", - дадаў беларускі лідар.
Аб сітуацыі ў БДУ ў час нарады далажыў Міністр адукацыі. Андрэй Іванец у цэлым адзначыў, што сістэма прафесійнай адукацыі ў Беларусі накіравана на падрыхтоўку спецыялістаў, якія адпавядаюць патрэбнасцям эканомікі. А Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у гэтай сістэме - буйны адукацыйны, навукова-даследчы і вытворчы комплекс. У БДУ навучаюцца звыш 24 тыс. студэнтаў і магістрантаў, у тым ліку 4 тыс. замежных грамадзян з 62 краін. Адукацыйны працэс забяспечваюць больш за 3 тыс. выкладчыкаў.
У структуры ўніверсітэта 16 факультэтаў, 11 навучальных інстытутаў і адукацыйных устаноў, 4 навукова-даследчыя інстытуты і 2 нацыянальныя навукова-даследчыя цэнтры, 6 інавацыйных вытворчых прадпрыемстваў, навукова-тэхналагічны парк.
Гаворачы аб навуковай, адукацыйнай, ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ў БДУ, Андрэй Іванец прывёў у якасці прыкладу як пэўныя дасягненні, так і недахопы.
"Сёння па шэрагу напрамкаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт займае лідзіруючыя пазіцыі ў нацыянальнай сістэме адукацыі. Але нельга не бачыць шэраг нявырашаных пытанняў, - дадаў міністр. - Першачарговымі задачамі для БДУ з'яўляюцца: вызначыць стратэгію развіцця ўніверсітэта як галоўнага навукова-адукацыйнага цэнтра, а таксама выбудаваць кадравую работу кіраўніцкага персаналу з ліку вядомых вучоных і педагогаў. БДУ павінен сумесна з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук суправаджаць і забяспечваць кадрамі шэраг высокатэхналагічных галін эканомікі, задаваць вектар іх развіцця".
"Нельга не бачыць, Вы сказалі? Дык пералічайце, і пажадана персаніфікаваць. Так, рэктар за ўсё адказвае, але колькі прарэктараў у нас? Шэсць. Ні ў адной дзяржаўнай структуры я не дазваляю мець столькі намеснікаў. Шэсць прарэктараў - яны таксама нясуць адказнасць. Калі ёсць прэтэнзіі, Вы іх пералічыце, і пажадана, каб як Міністр назвалі, хто за гэтым стаіць", - адзначыў Прэзідэнт.
Адной з негатыўных тэндэнцый Міністр, у прыватнасці, назваў нізкія вынікі ў навуковай сферы. Паводле яго слоў, універсітэт стаў выконваць менш заказаў для прадпрыемстваў, разбураецца сувязь з рэальным сектарам эканомікі. БДУ застаецца вядучым навуковым цэнтрам сярод іншых беларускіх ВНУ, але, лічыць Міністр, вынікі работы ўніверсітэта маглі б быць значна вышэйшымі.
Адміністрацыя Прэзідэнта, як адзначалася Кіраўніком дзяржавы, таксама вывучыла асобныя аспекты дзейнасці БДУ. Выявіліся недахопы ў дзейнасці кіраўніцкай вертыкалі, прабелы ў рабоце з кадрамі. Размова ідзе, напрыклад, аб вялікай колькасці звальненняў і слабай падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі, праблемах з кадравым рэзервам. Акрамя таго, дрэнна наладжана работа з моладдзю і студэнцкімі арганізацыямі. Часта яна проста фармальная. Усе гэтыя праблемы, калі іх не вырашыць, могуць прывесці да страты ВНУ статусу вядучага ўніверсітэта краіны, лічыць Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.
"У якасці першачарговых крокаў па стабілізацыі работы ўніверсітэта бачацца наступныя: выбудоўванне стратэгічнага курсу развіцця ВНУ, фарміраванне моцнага рэктарата і кіраўніцкай вертыкалі, мабілізацыя існуючага кадравага патэнцыялу для вырашэння задач, якія стаяць у сферы адукацыі, навукі і выхавання, перафармаціраванне ідэалагічнай і выхаваўчай работы праз уключэнне ўсіх катэгорый навучэнцаў з канструктыўнай ініцыятывай", - сказаў ён.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка згадзіўся не з усёй крытыкай, якая прагучала. Прэзідэнт у час нарады паразмаўляў з дэканамі факультэтаў, прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ, каб даведацца і пра іх меркаванне аб сітуацыі ва ўніверсітэце. Як аказалася, яны былі настроены пазітыўна, адзначалі новыя станоўчыя падыходы ў вучэбна-адукацыйным працэсе і развіццё матэрыяльнай базы ўніверсітэта. Усе недахопы, падкрэслівалі супрацоўнікі ўніверсітэта, яны гатовы ўстараніць і пры неабходнасці рэарганізаваць сваю работу.
Сваю пазіцыю наконт сітуацыі ў ВНУ, якасці работы яе кіраўніцтва таксама выказалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.
Па выніках нарады ў БДУ Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Універсітэт, хто б тут ні працаваў у кіраўніцтве, трэба ахаваць ад непатрэбнага знешняга ўплыву. Універсітэт павінен развівацца так, як ён павінен развівацца. Не толькі па законах Беларусі, але і ўнутраных сваіх законах вузаўскіх. І ўлазіць сюды і спрабаваць ствараць камусьці асаблівае прывілеяванае становішча нельга".
Разам з тым ён адзначыў, што ў ВНУ павінна праводзіцца дзяржаўная лінія. "Я хачу, каб вы мяне пачулі. Мы знаходзімся ў дзяржаўнай ВНУ. Таму падабаецца вам гэта ці не - дзяржаўная лінія павінна праводзіцца выразна і дакладна. Я нікога ўгаворваць не буду так, як гэта было раней. Вы людзі разумныя. Вы бачылі, што адбывалася, што адбываецца. Нам трэба мабілізавацца, каб прайсці гэты перыяд. Колькі ён прадоўжыцца... Можа, два, можа, тры гады. Гэта ж ніхто не ведае. Ні вы, ні я - мы гэтага не ведаем. Таму трэба цяпер гэта адзінства, каб нам гэты перыяд прайсці. Так склалася сітуацыя. Не ведаю, дрэнна гэта ці добра. З аднаго боку, так, добра. З другога - дрэнна", - сказаў Прэзідэнт.
"Краіну трэба захаваць, і мы павінны ў гэтым плане мабілізавацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што цяперашняя сітуацыя, асабліва ў эканоміцы, ды і ў іншых сферах, складваецца нядрэнна і ніякай катастрофы няма. Ніхто не перашкаджае працаваць на велізарным расійскім рынку, чаго не было ў іншыя гады, растуць пастаўкі ў Кітай.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на важнасць паступовай змены пакаленняў, а часам і недастаткова выбудавана ідэалагічная работа. "2020 год усё адрэзаў. Мы жывём, можна сказаць, у іншай краіне. Але рух знізу даверху павінен быць. Тут катастрафічна недапрацоўвае Адміністрацыя Прэзідэнта. Я гэта адкрыта ўжо каторы раз гавару. Не хапае гэтай сістэмы. Ідэалогія, - сказаў Прэзідэнт. - Таму выстаўляць прэтэнзіі можна. І да яго (рэктара БДУ. - Заўвага) трэба выстаўляць прэтэнзіі, кіраўніцтва ВНУ. Хапае праблем. Але і самі мы павінны бачыць свае недапрацоўкі. Таму, Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага), збірайцеся і думайце, як мы будзем выходзіць з існуючага становішча".
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў тэму работы з моладдзю, згадаўшы аб ролі БРСМ. Ён падкрэсліў, што ў гэту арганізацыю трэба прыцягваць не словам, а справай. "БРСМ павінен быць прыцягнуты да нейкіх сур'ёзных дзеянняў. Яны павінны быць у справе. І гэта справа павінна закранаць інтарэсы студэнтаў. Тады яны будуць туды ісці, - сказаў ён. - Трэба выбудоўваць сістэму. Будзе сістэма - яна будзе працаваць".
Гаворачы аб рабоце ў ВНУ, Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды важна наяўнасць розных пунктаў гледжання, але тыя ці іншыя спрэчныя пытанні павінны абмяркоўвацца спакойна, без наскокаў адзін на аднаго. "Нельга ні ў якім выпадку ў гэтай сітуацыі "ламаць адзін аднаму рэбры". Прытым сваім людзям, не ворагам", - сказаў ён.
"Таму давайце будзем акуратней. І будзем бачыць, што нам трэба зберагчы нашу краіну. Мы ж з вамі яе выбудавалі. Ці дрэнна, ці добра - яна такая, якой мы яе выбудавалі. І, паверце, такой іншай краіны ў свеце няма. Толькі знутры не трэба гэта ўсё крышыць і ламаць. Інакш трапім пад бот ці пад бізун вядомых людзей. Так, мы не велізарная краіна, але вельмі важная. Вы ведаеце, дзе мы знаходзімся. Куды вокам ні кінь - "Беларусь, Беларусь, Беларусь". На ўсіх скрыжаваннях. Атрымалася ў нас на гэты момант (пабудаваць краіну. - Заўвага) - давайце гэта берагчы. І кожны ў гэтым напрамку павінен нешта зрабіць, што ён можа. Я не прашу залішне. На сваім месцы зрабіць усё, што ты можаш. Калі кожны зробіць усё, што ён можа, у два разы багацей будзем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Так, мы небагатыя. Так, у нас усяго хапае: і негатыўнага, і пазітыўнага. Але мы маем галоўнае: мы жывём у ціхай краіне і гадуем сваіх дзяцей. Калі б у 2020 годзе мы не выстаялі, у нас было б горш, чым ва Украіне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі б хоць на адну ноч аб'явілі, што тут іншая ўлада, нават фэйк закінулі, яны звяртаюцца да НАТА - войскі гатовы былі выйсці да Смаленска. Хто б потым тут разбіраўся. Расіянам убачыць натаўскія войскі пад Смаленскам - гэта горш, чым пад Харкавам. І тут пачалася б трэцяя сусветная вайна".
"Таму я іншаземцам заўсёды гавару: вы павінны маліцца на беларусаў. Мы выратавалі вас ад трэцяй сусветнай вайны, выстаяўшы тут. Тут было б жорсткае сутыкненне. Адна ноч вырашала ўсё. Таму я не адурэлы бегаў там з аўтаматам: я разумеў, што будзе заўтра. І калі пасля 2020 года вы і хтосьці іншы гэтага не зразумелі, бог вам у дарогу. Таму давайце любую пазіцыю абмяркоўваць, будзем думаць, будзем вырашаць. Але вось так, калегіяльна", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка не стаў прымаць радыкальных рашэнняў адносна рэктара БДУ, што першапачаткова прапаноўвалася Урадам, Міністэрствам адукацыі і Адміністрацыяй Прэзідэнта ў сувязі з шэрагам выяўленых недахопаў у рабоце кіраўніцтва ВНУ.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ніколі не прымае рашэнняў з бухты-барахты, тым больш калі размова ідзе аб кадравых рашэннях. "Здавалася б, усё зразумела, пррапанову ўнеслі, падпісаў ,вызвалілі чалавека, заўтра ўнеслі новую кандыдатуру. Не. Хоць мне і Кіраўнік Адміністрацыі, і многія: "Аляксандр Рыгоравіч, чаго Вы паедзеце ва ўніверсітэт?" Не, я кажу, паеду. Гэта ж лёс чалавека і лёс многіх прарэктараў і дэканаў. Таму паедзем, пагаворым, разбяромся. Можа, мы чагосьці не бачым, не разумеем. Але пытанне стаіць рубам: Вы можаце кіраваць ВНУ і вырашаць тыя праблемы, аб якіх гаварыў Міністр, ці не? Калі Вы можаце, гэта адно. Калі не можаце, лепш скажыце цяпер. Таму што адседзецца не атрымаецца. Па-ранейшаму не будзе. Я не патрабую ад Вас рэвалюцыі, але рухацца паступальна да мэты, хто б тут ні быў, мы прымусім", - папярэдзіў кіраўніцтва ўніверсітэта Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту ўдзяляецца больш увагі і прадастаўляецца больш фінансавання, чым іншым ВНУ, а значыць, і запатрабаванне павінна быць адпаведным.
"Я адкажу адразу на Ваша пытанне. Магу. Гавару гэта цвёрда, - заявіў рэктар БДУ Андрэй Кароль. - Сваю асноўную місію Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт бачыць у тым, каб дапамагчы студэнтам, якія паступілі, раскрыць закладзены ў іх патэнцыял, ператварыўшы яго ў чалавечы капітал, які з'яўляецца адным з самых каштоўных рэсурсаў дзяржавы ў эпоху змены тэхналагічных укладаў".
"Я далёкі ад той думкі, што ўсе прытрымліваюцца той пазіцыі, у рэчышчы якой развівалася наша дыскусія. Але вопыт мне дазваляе гэта адчуваць, што няма такога настрою ў гэтай аўдыторыі, што нам трэба рабіць тут нейкія рэвалюцыйныя кадравыя пераўтварэнні. Так, ёсць недахопы. Яны ў асноўным аб'ектыўныя, прыўнесеныя ў наша грамадства, у тым ліку і ў БДУ", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, падводзячы вынік нарады.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры назначэнні ў БДУ рэктарам Андрэя Караля свядома браў чалавека звонку: "Не мною прыдумана: калі няма прыліву новай крыві, сістэма можа загінуць. Таму мы падбіралі маладога, прыметнага, сімпатычнага чалавека, які павінен быў прыйсці ў БДУ - няпростую ВНУ, але вельмі важную. І вы заўважылі, што я ж яго з захаду ўзяў (да назначэння ў БДУ Андрэй Кароль працаваў на пасадзе рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. - Заўвага). Не пабаяўся, што ён на захадзе, дзе ў нас нямала было праблем".
Прэзідэнт падкрэсліў, што з усёй сітуацыі і па выніках абмеркавання "разумны чалавек зробіць з гэтага выснову". Андрэй Кароль захоўвае сваю пасаду, але кантроль будзе сур'ёзны, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што, магчыма, яму і самому трэба было часцей працаваць з рэктарамі, прарэктарамі, дэканамі, бываць у ВНУ. "Абставіны так складваліся, што, можна сказаць, не да гэтага было. Гэта няправільна. Да гэтага! Тут будучыня нашай краіны. Тут будучыя кіраўнікі, эліта. Я зраблю з гэтага высновы, і мае падначаленыя ў тым ліку", - сказаў ён.
Звяртаючыся да рэктара, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Я вас вельмі прашу, не падвядзіце. У гэтым выпадку я не лічу дастатковай наяўнасць фактаў для таго, каб умешвацца ў кадравую палітыку ва ўніверсітэце і прымаць нейкія радыкальныя рашэнні адносна кіраўніцтва ўніверсітэта".
"Думаю, што гэта наша размова была карысная для нас усіх. І для вас, і для мяне. Зрабіце, калі ласка, усе прысутныя, з гэтай нашай размовы адпаведныя высновы. І нацэльвайцеся на тое, каб даваць вынік, - рэзюмаваў беларускі лідар. - Таму настройвайцеся на работу. І наперад, не спыняцца. І патрабаваць трэба. І не трэба думаць, што вось тут Прэзідэнт прыехаў, разборкі нейкія ўчыніў. Ніякіх разборак не было. Я лічу, што цяперашні калектыў, цяперашняе кіраўніцтва ўніверсітэта можа і здольна працаваць".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, прыезд у БДУ - гэта толькі пачатак яго далейшай работы ў ВНУ. "Восень будзе глыбокая, зіма. У мяне будзе не тое што больш часу (работа заўсёды знойдзецца), але па полі ж бегаць не трэба (размова аб кантролі за ходам уборачнай кампаніі і іншых сельгасработ. - Заўвага), можа, яшчэ якія-небудзь адпадуць пытанні. Я даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта спланаваць маю работу ў ВНУ. Я буду часцей бываць у вышэйшых навучальных установах. Я даручыў, каб рэктараў сёння запрасілі, каб яны бачылі, у якім кантэксце ў будучым будзе размова ў іх у ВНУ. І не толькі са мной. У нас шмат начальнікаў ёсць, вышэйшых службовых асоб, членаў урада, губернатары і іншыя. Гэта падрыхтаваныя, талковыя людзі. Давайце будзем працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка асабліва папярэдзіў рэктараў: "Сергяенка мае рацыю, што ў вас закасцянеласць у некаторых з'явілася. Мужыкі, мы вас паварушым у бліжэйшы час вельмі моцна. Гэта недапушчальна. Адукацыю трэба весці на належным узроўні і даваць нармальную адукацыю. Нехта там апусціўся і рукі апусціў - гэтага не будзе. У тым ліку і ў нашым Беларускім дзяржаўным універсітэце".
Пры выбудоўванні работы ў ВНУ важна ўлічваць спецыфіку гэтых арганізацый і людзей, якія ў іх працуюць, паколькі гэта асаблівыя, вучоныя людзі, і да іх не павінна быць залішніх патрабаванняў, нейкага ўшчамлення, заявіў Прэзідэнт, падводзячы вынікі нарады.
"Я ж ваш калега - выкладчык, лектар. І вось я гляджу ў аўдыторыю, калі выступалі людзі. Хтосьці скрывіўся, хтосьці галавой махае, хтосьці не згодны. Бачу, што нават у гэтай аўдыторыі не ўсё адназначна. Ну і не трэба. Не павінна быць адназначнасці гэтай, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Няма курсу на тое, каб кагосьці прыціснуць, меркаванне ўшчаміць. Я часта гавару, што мне кладуць на стол графік, і нарады практычна кожны дзень. Калі няма некалькіх пунктаў гледжання, я адразу адкладваю дакумент. Няма чаго праводзіць нараду".
"Павінны быць пункты гледжання. Мы акуратна павінны абмяркоўваць гэтыя пытанні. Не трэба наскакваць адзін на аднаго, не трэба крышыць адзін аднаго. Гэта ж нашы людзі. Трэба акуратна падыходзіць. Нельга ні ў якім выпадку ў гэтай сітуацыі "ламаць адзін аднаму рэбры". Прытым сваім людзям, не ворагам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што арыентуе на такі падыход і сілавыя ведамствы, паколькі нават апанентаў трэба ў першую чаргу паспрабаваць павярнуць да сябе. "Але ворага трэба бачыць. Час такі. Але быць вельмі акуратнымі", - заўважыў ён. Што датычыцца інтэлігенцыі, то Прэзідэнт таксама лічыць недапушчальным "заточваць" яе пад таго ці іншага палітычнага дзеяча: "Гэтага быць у нашым грамадстве не павінна. Ніякіх вуліц, ніякіх помнікаў, асабліва пры жыцці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На завяршэнне наведвання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі, адказаўшы на шэраг актуальных і вострых пытанняў, якія датычацца падзей у свеце і вакол Беларусі.
Адно з пытанняў датычылася закрыцця граніц з Беларуссю Літвой, Латвіяй і Польшчай.
"Літву, Латвію я не зусім разумею. Хутчэй за ўсё, яны ў гэтым трэндзе бягуць наперадзе паравоза (каб толькі не трапілі пад яго). Але гэта ж бокам вылезе. Хочуць закрыць, няхай закрываюцца. Мы ўсё роўна ў Літву, Латвію не ездзім і праз іх таксама не працуем. Каму яны горш зробяць? Яны зробяць горш толькі сабе і сваім людзям, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны баяцца, што людзі да нас паехалі (ужо каля 700 тыс. за гэты час бязвізу) і бачаць, як мы жывём".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь - мірная краіна і ніякіх прэтэнзій да сваіх заходніх суседзяў не мае. "Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Нам не патрэбны ні польскія землі, ні літоўскія, ні латышскія. Але ў іх сёння палітычны псіхоз напярэдадні выбараў, асабліва ў Польшчы, вось яны і будуць нагнятаць гэту сітуацыю. Закрыюць - няхай закрываюць, зробяць горш толькі для сябе. І так ужо народ збяднеў: зімой дровы ад нас вывозілі, таму што ацяпляць няма чым. І калі ласка. Мы будзем ім дапамагаць, трэба будзе - бясплатна будзем дапамагаць, каб людзі вытрымалі гэта", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Там не дурныя, там людзі моцныя, загартаваныя. Такія, як мы. Яны хутка знясуць гэтых кіраўнікоў", - перакананы беларускі лідар.
Прагучала і пытанне наконт гарантый бяспекі ад беларускага лідара заснавальніку ПВК "Вагнер" Яўгену Прыгожыну.
"Калі прама адказваць на гэта пытанне: я і не павінен забяспечваць бяспеку Прыгожына. Гэта па-першае. Па-другое, ніколі ў такім ключы размова і не ішла, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А па-трэцяе, запомніце: па бяспецы мы двойчы падыходзілі да гэтага. Першы раз, калі я яму званіў і ішлі перагаворы, калі яны маршам ішлі на Маскву. Я яму кажу: "Жэнь, ты разумееш, ты загубіш людзей і сам загінеш?" У гарачцы гэты чалавек (толькі з фронту): "Чорт з ім, загіну!" Я яму кажу: "Жэнь, я цяпер табе вышлю вяроўку і кавалак мыла". - "Не, не, не. Я так не хочу. Я героем загіну". Вось першая размова ішла. Другі раз, калі ён прыязджаў да мяне з Дзімам Уткіным. Я катэгарычна іх абодвух папярэдзіў: "Хлопцы, глядзіце".
Прэзідэнт адзначыў, што ў час перагавораў з Яўгенам Прыгожыным абмяркоўвалася два пытанні: спыненне крымінальных спраў у адносінах да вагнераўцаў і іх вывад у Беларусь. "Гэта я прапанаваў. Гавару: "Калі вы чагосьці баіцеся, я буду размаўляць з Прэзідэнтам Пуціным, мы вас выведзем у Беларусь. Мы вам гарантуем у Беларусі поўную бяспеку". І трэба аддаць належнае, Жэня Прыгожын ніколі не прасіў мяне асобна ўдзяліць увагу пытанням бяспекі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Я вам проста прывяду яшчэ адзін прыклад. Апошні раз, калі мы ляталі ў Эміраты, да мяне паступіла вельмі сур'ёзная інфармацыя ад крыніц, глыбей за якія не бывае, аб замаху на Яўгена Прыгожына. На працягу дзвюх гадзін (я даручыў) знайшлі пасла Расіі ў Эміратах, выклікалі яго да мяне. Я перадаў яму шыфраграму ў Крэмль Пуціну і Бортнікаву аб рыхтуемым замаху на Прыгожына", - падзяліўся інсайдамі беларускі лідар.
Праз некаторы час Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў у Яўгена Прыгожына, ці дайшла да яго гэта інфармацыя. Заснавальнік ПВК "Вагнер" пацвердзіў, што Прэзідэнт Расіі папярэдзіў яго аб рыхтуемым замаху.
На заўвагі аб тым, што Прэзідэнт Беларусі нібыта не забяспечыў абяцаныя Яўгену Прыгожыну гарантыі бяспекі, Аляксандр Лукашэнка рэагуе спакойна. "Трэба ж нешта пісаць. Каб мяне недзе ўкалоць і гэтак далей. Не больш таго. Гэта ж неразумна. Учора сказалі - палавіна тых, хто прачыталі, адразу пасмяялася. А астатняя палавіна праз дзень падумала: "Прычым тут Лукашэнка? Як ён мог у Афрыцы (а Прыгожын ляцеў з Афрыкі) забяспечыць яму бяспеку? А потым ён прызямліўся ў Маскве і паляцеў у Піцер. Як я мог яму забяспечваць гэту бяспеку? Таму гэта пытанні не да мяне. Тым больш такой размовы ніколі не было - забяспечваць бяспеку на чужой тэрыторыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На сваёй тэрыторыі беларускі бок выканаў усё абяцанае ўдзельнікам ПВК "Вагнер" і нават больш таго, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Яны не маюць ніякіх прэтэнзій, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Учора Старшыня КДБ звязаўся з імі па маім даручэнні, і ад мяне перадалі ім толькі адзін мэсэдж: усё, аб чым мы з Прыгожыным дамаўляліся, мы выканаем".
Яшчэ адно пытанне: што здарылася з самалётам Яўгена Прыгожына? Кіраўнік дзяржавы сказаў, што не можа адказаць на гэта пытанне: на месцы здарэння ён не быў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адказнасць за здарэнне з самалётам Яўгена Прыгожына цяпер многія спрабуюць павесіць на Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Але, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, расійскі лідар тут абсалютна ні пры чым.
"Я не магу сказаць, хто гэта зрабіў. Я не стану адвакатам нават у свайго старэйшага брата. Але я ведаю Пуціна. Гэта разважлівы, вельмі спакойны і нават павольны чалавек, прымаючы рашэнні па іншых, менш складаных пытаннях. Таму я не магу ўявіць, што гэта зрабіў Пуцін, што вінаваты Пуцін. Вельмі грубая, непрафесійная работа, калі ўжо на тое пайшло. Гэта не падобна на Пуціна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але, што там ні здарылася б, як ні здарылася б, усё роўна гэта зваляць на Пуціна. У нас сістэма ўлады, што ў Беларусі, што ў Расіі, такая: здарылася нейкая гадасць, хто вінаваты - Лукашэнка вінаваты, навошта доўга шукаць. Гэтак жа і на яго. Але я гавару: гэта грубая, брыдкая, ненармальная работа. І я далёкі ад таго, каб думаць, што гэта зрабіў Пуцін, камусьці ён даручыў, улада гэта зрабіла".
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што беларускі бок падтрымлівае кантакт з сям'ёй Яўгена Прыгожына: "Яны перакананы і ўчора нам сказалі, што тут сумненняў ніякіх няма, што Жэня загінуў".
"Я нічога не абвяргаю. Я не ведаю. Я на месцы крушэння самалёта не быў. Адзінае, я пачынаю думаць: ракета збіла, узрыў на борце... Вы ведаеце, што такое збіла ракета? Гэта ж толькі галоўнакамандуючы можа даць каманду ваенна-касмічным сілам штосьці зрабіць. Далей дадуць каманду нейкаму канкрэтнаму падраздзяленню. А той дасць каманду разліку канкрэтнаму. Разумееце, колькі людзей задзейнічана? Які ідыёт гэта будзе рабіць? Хоць я і гэтага не адмаўляю: чорт яго ведае, можа, нейкія там вар'яты вырашылі гэта. Але не веру", - сказаў Прэзідэнт.
"Тое, што хвост адарваўся, ужо дакладна пацверджана. Значыць, хутчэй за ўсё, быў узрыў на борце. Хто гэта ажыццявіў, я асабіста не ведаю. Але я сказаў, што я, ведаючы Пуціна, наколькі ён асцярожны, акуратны, не веру, што ён будзе гэтым займацца. І потым. Для кіраўніка дзяржавы такой гэта вар'яцтва. Ён не вар'ят. Я далёкі ад таго, каб яго рабіць белым і пушыстым. У нас работа такая, "гадкая". Я не раблю яго белым і пушыстым, але ведаю, што ўсё будзе звалена на яго. Так яно і атрымліваецца. Захад пачаў крычаць, падпяваць яму пачалі іншыя, што "вось, Пуцін, шкодны і злапамятны". Як бы ні было, што ні адбывалася б, час пакажа. Пройдзе час, мы ўсё даведаемся. Гэта ўтаіць у сучасны час немагчыма. Але тое, што адбылося, брыдка. Для мяне гэта непрымальна. Яшчэ і з таго пункту гледжання: усе мы мужыкі, вайна ёсць вайна, але ў чым вінаватыя трое пілотаў, сцюардэса? Там жа палавіна людзей, якая наогул да гэтага "маршу справядлівасці" не мела дачынення. Таму я гэтага не разумею і не прымаю. Гэта недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў замаху на Яўгена Прыгожына для расійскіх улад не было ніякага сэнсу: сітуацыя з ПВК "Вагнер" наладзілася, бакі прыйшлі да дамоўленасцей і ўзгаднілі далейшыя крокі.
"Нікому не патрэбна грубая работа. Так ніхто не робіць. Але там жа цяпер вайна ідзе: розных людзей хапае. Таму трэба разабрацца спачатку", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, ці застануцца вагнераўцы ў Беларусі пасля надзвычайнага здарэння з самалётам Прыгожына.
"Вагнер" жыў, "Вагнер" жыве і "Вагнер" будзе жыць у Беларусі, як бы некаму гэта ні не хацелася. Мы яшчэ з Прыгожыным выбудавалі сістэму, як будзе ў нас размяшчацца "Вагнер". І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэманціруем... Чаму мы лішнія палаткі прыбіраем - столькі не трэба. Тут застаецца ядро, нехта паехаў у водпуск, нехта наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя. На працягу некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек. Цяпер няма неабходнасці іх тут трымаць. Яны будуць прыязджаць сюды пэўнымі партыямі на падрыхтоўку. Калі Расія захоча адсюль браць людзей на ратацыю ў Афрыку, калі ласка, мы не супраць, няхай тут знаходзяцца тыя людзі. Мы дапамагаем і падтрымліваем іх, таму нікуды яны не бягуць. Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падраздзяленню, яны будуць у нас жыць і працаваць. Сваё абяцанне мы выканаем, умовы яны ведаюць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"І, дарэчы, яны нам за ўсё плацяць: і за палатку, і за ваду. І потым. Жывуць яны ў палатках, мы ім яшчэ казарму рамантуем. Гэта было маё патрабаванне. Яны ў палатках не збіраліся жыць. Яны заўсёды жылі ў зямлянках. Я кажу: "Калі ласка, хлопцы. Мы вам дапаможам выкапаць, калі вы хочаце. Але навошта? Можна цывілізавана жыць". І яны згадзіліся. Беларусь жа не Афрыка і не Украіна, дзе яны былі на фронце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанне, ці не баяцца ўлады трымаць у краіне такіх падрыхтаваных у ваенным плане байцоў. "А навошта нам іншыя? Я не сяджу на парахавой бочцы. Шчыра вам кажу: няма такога настрою ні ў каго", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, і беларускія ваеннаслужачыя з задавальненнем пераймаюць вопыт у вагнераўцаў, асабліва ўнутраныя войскі і спецыяльныя падраздзяленні. "Непрымання няма, вось што мяне здзівіла. Усялякае можа быць, таму ўспрымаюць усё, - сказаў беларускі лідар. - Я апасаўся (чытаў жа вашы і вашых калег пісанні): гэта зэкі, гэта такія, гэта сякія. Слухайце, цераз дарогу бабулю перавядуць, у магазіне здачу не бяруць. Дзіўныя людзі. Жалезная дысцыпліна. Ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць. Мы ж іх трымаем не дзеля задавальнення тут, а дзеля карысці. І сістэму ж выбудавалі так, каб усё было пад кантролем".
Аляксандр Лукашэнка развянчаў і міф пра прылёт у Беларусь расійскага ваенна-транспартнага борта пасля здарэння з самалётам Яўгена Прыгожына. Такі запыт, расказаў Прэзідэнт, сапраўды быў, але пакуль у Беларусь ніхто не прылятаў.
"Вагнераўцы (тое, што з Расіяй было ўзгоднена, дакладна) папрасілі ў нас пралёт на нашы аэрадромы, каб забраць для ратацыі байцоў, я думаю, у Афрыку, і нейкае абмундзіраванне, абсталяванне і гэтак далей. Калі ласка, сядайце, забірайце. Гэта мною было абяцана, гарантавана. Гэта першае. Другое - ніякіх самалётаў не было. Таму хлусня. Але запыт такі быў. Прыйшоў ён нам 21-га чысла", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне, ці трэба Захаду разглядаць маючыя адбыцца ў Беларусі вучэнні АДКБ, якія стартуюць 1 верасня, як нейкі асаблівы сігнал, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ды не. Я, шчыра кажучы, нават у дэталі не ўнікаў гэтых вучэнняў. Але ў цяперашняй сітуацыі, каб не нагнятаць абстаноўку і сітуацыю, - там няма такога баявога складніка. Там будуць невялікія падраздзяленні некаторых краін АДКБ, якія будуць адпрацоўваць у асноўным штабныя пытанні, тактыку і стратэгію на будучае. Таму ўсе яны ведаюць, мы ж іх загадзя папярэдзілі".
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што адпаведную тэматыку на Захадзе будуць выкарыстоўваць. "Вось, там Пуцін з Лукашэнкам зноў у Беларусі нешта задумалі і ледзь ці не рыхтуюць наступленне на тую ж няшчасную Польшчу... Нічога падобнага. Ніякага наступлення. Мы адпрацоўваем звычайныя пытанні, якія былі даўно спланаваны. Таму і вам, і ім перажываць за гэта не трэба", - запэўніў беларускі лідар.
Прэзідэнт па просьбе журналістаў падзяліўся сваім бачаннем вынікаў праведзенага ў Іаганесбургу саміту БРІКС.
Журналісты, у прыватнасці, спыталі, ці не скончылася гегемонія Захаду ў сувязі з павелічэннем колькасці членаў БРІКС і планамі па далейшым умацаванні гэтай структуры. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Я думаю, што заходняя гегемонія пакуль не заканчваецца. Але гэта моцны крок у такім напрамку. І там не толькі СМІ, там палітыкі высокага ўзроўню напружыліся".
"Ёсць аб чым думаць і аб чым задумацца. Гэта вельмі моцны крок да шматпалярнага свету", - перакананы Прэзідэнт.
Беларусь на саміце БРІКС па даручэнні Кіраўніка дзяржавы прадстаўляў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, які правёў серыю сустрэч з кіраўнікамі замежных дэлегацый, што ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў: "Некалі я выступаў на саміце ШАС і адзначаў, што многія з прагрэсіўнага чалавецтва павярнуліся ў бок ШАС. І нам не спазніцца б, нам трэба падцягнуць гэтыя сілы, каб зрабіць магутнай гэту арганізацыю, каб з'явіўся гэты цэнтр сілы".
"БРІКС зрабіў гэты крок. Добра. Гэта першы крок, - прадоўжыў Прэзідэнт. - А далей, глядзіш, і нейкія разліковыя адзінкі, валюта з'явіцца. Яны ж гэтага баяцца больш за ўсё, асабліва амерыканцы, якія верхаводзяць. Яны разумеюць, што заўтра долар адбяруць у іх, з'явіцца новая валюта. І гегемонія скончыцца. На дурніцу, як у Беларусі кажуць, жыць ужо не атрымаецца. Давядзецца на гэтыя долары не проста працаваць, друкаваць іх круглыя суткі, а іх трэба будзе зарабляць, як гэта робім мы і ўвесь свет".
"Таму ў гэтым напрамку крокі зроблены, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Я чалавек радыкальны ў гэтым плане, заўсёды гавару, што крокі павінны быць больш рашучыя. Але ў той жа час пачынаю думаць - з-за розных меркаванняў, падыходаў можа і не атрымаецца зрабіць больш радыкальныя крокі".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: "Але галоўнае - не спыніцца. Трэба рухацца ў гэтым напрамку. І добра, што Кітай, Індыя не супраць былі, хоць іх там абходжваюць амерыканцы. Яны ў гэтым напрамку рушылі... Гэта амаль палова насельніцтва. Не дарэмна Нарэндра Модзі (Прэм'ер-міністр Індыі. - Заўвага) сказаў, што ў бліжэйшы час гэта будзе эканоміка нумар адзін па сваім развіцці. Так і будзе. Яна ўжо ў гэтым годзе дэманструе высокія тэмпы, падцягнулася ўжо да Кітая".
"Таму хацелася б, каб з'явіўся гэты цэнтр альтэрнатыўны. Каб шматпалярнасць з'явілася, за якую мы выступаем колькі гадоў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў: "Шматпалярнасць - мы раней баяліся гэта выгаворваць. А я ўпершыню гэта сказаў гадоў дваццаць таму, знаходзячыся ў Кітаі: нам патрэбны шматпалярны свет. І свет да гэтага рухаецца. Дзякуй Богу".
У размове з журналістамі Аляксандр Лукашэнка выказаўся па міграцыйным пытанні, якое не страчвае актуальнасці на граніцах з Еўрасаюзам.
"Яны не ў Беларусь прыйшлі. А калі ўжо гаварыць пра мігрантаў, не мы ж стварылі гэту хвалю. Яны ж (Еўрасаюз. - Заўвага) адмовіліся з намі супрацоўнічаць - цэнтры гэтыя будаваць, фінансаваць і гэтак далей. І супраць нас увялі санкцыі. І я тады кажу: што вы, вар'яты? Вы ўвялі супраць мяне санкцыі і я вас буду абараняць ад мігрантаў? Ну дык лавіце іх там. Меркель жа іх туды ў свой час паклікала. Яны гэта памятаюць. Мы абсалютна не вінаватыя ў тым, што гэта хваля мігрантаў пайшла, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Яна была б меншай праз Беларусь, калі б не было вайны ва Украіне. Яны і там хадзілі ў Еўропу, праз Украіну, за вялікія грошы, калі не было гэтай вайны. Цяпер засталося гэта акно (праз Беларусь. - Заўвага). Мы з іх нічога не бяром. Але мы ваяваць за Еўропу і рваць на сабе адзенне не будзем. У сувязі з той палітыкай, якую яны праводзяць".
Аляксандр Лукашэнка згадаў пра сцяну ад мігрантаў, якую ў Польшчы пабудавалі на граніцы з Беларуссю: "А што яны сёння скажуць, што яны дарэмна сцяну пабудавалі? Кіраўніцтва Польшчы ім (грамадзянам сваёй краіны. - Заўвага) не скажа, што гэта сцяна не перашкода для мігрантаў. Ні аднаго мігранта, які вырашыў прайсці ў Польшчу, сцяна не затрымала. Вельмі адказна вам пра гэта кажу. Калі мігранты хочуць туды прайсці, яны праходзяць. Яны сюды (палякі на беларускую тэрыторыю. - Заўвага) выкідваюць проста не толькі трупы, а часам і жывых людзей сюды выкідваюць, стараюцца не пусціць".
Здзіўленне Кіраўніка беларускай дзяржавы таксама выклікае пытанне наконт сцяны, якое ў Польшчы вырашылі вынесці на рэферэндум. "На рэферэндум вынеслі пытанне. І не вынеслі " будаваць ці не будаваць", а "будзем зносіць ці не". Слухайце, я лічыў, што там ва ўладзе разумныя людзі. Такое пытанне вынесці на рэферэндум - ну гэта глупства поўнае! Яны што, палякаў за ідыётаў лічаць? Адразу палякі "ацанілі" гэты ўчынак", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама растлумачыў ажыятаж і запатрабаванасць у Польшчы розных заяў і публікацый на беларускую тэматыку жаданнем мясцовых палітыкаў сфарміраваць вобраз знешняга ворага і за кошт гэтага атрымаць перавагу на выбарах.
"Што датычыцца беларускай тэматыкі ў Польшчы, палякі павінны разумець - прычына толькі адна: ім патрэбны нейкі знешні вораг - Беларусь, Расія. Вось гэта вораг", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ў Польшчы запатрабавана беларуская тэматыка, і жыхары гэтай краіны задаюцца шэрагам пытанняў, адрасуючы іх сваім палітыкам: "На вуснах у палякаў - "Беларусь, Беларусь, Беларусь". "Чаму мы ўляпаліся (палякі) туды, чаму гэтага, таго няма? І паліва дорага, і гэта… А ў беларусаў няма (такіх праблем. - Заўвага)".
"Яны ж параўноўваюць. Таму нас трэба апусціць. Яны на гэтым кані беларускім хочуць ускочыць у парламент і перамагчы. Не атрымаецца. Палякам мы ўсё тлумачым і растлумачым. У бліжэйшы час яшчэ павялічым гэтыя размовы на польскую тэму. Будзем ім гаварыць праўду. Ды і палякі бачаць самі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.