Наведванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка
- 51
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня ў Дзень ведаў наведаў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.
Каля тэхнапарка Кіраўніка дзяржавы сустрэлі навучэнцы, і Прэзідэнт перад наведваннем установы змог даведацца інфармацыю, як кажуць, з першых вуснаў.
Хлопцы і дзяўчаты расказалі аб працэсе навучання і сваіх уражаннях. Для іх у тэхнапарку прадугледжаны заняткі па інфармацыйнай бяспецы і дапоўненай рэальнасці. Паводле іх слоў, гэта запатрабаваныя і перспектыўныя напрамкі. Сам працэс навучання ім падабаецца. Акрамя новых ведаў, тут яны знаходзяць і новых сяброў.
"Вы наша будучыня, вы малайцы", - пахваліў навучэнцаў Аляксандр Лукашэнка.
У дырэктара Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргея Сачко Прэзідэнт удакладніў, якія ёсць праблемы ў функцыянаванні ўстановы. "Што дрэнна? Чаго не хапае?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
"Ёсць невялікае пытанне па абсталяванні, але мы яго вырашым", - сказаў кіраўнік тэхнапарка.
"Няма памылкі ў тым, што мы стварылі такі цэнтр? Ці не атрымаецца так, што немалыя грошы і немалыя намаганні ўкладзены ў гэтых маладых людзей, а яны будуць незапатрабаванымі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
"Ні ў якім разе. Гэта эліта, будучыня нашай краіны", - перакананы Сяргей Сачко. На яго думку, тэхнапарку нават час расшырацца і браць на навучанне яшчэ большую колькасць вучняў.
У сваім выступленні перад навучэнцамі тэхнапарка Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта вялікі храм самых перспектыўных, разумных, перадавых і дасведчаных. "Ніякія вы не дзеці. Вы ўжо дарослыя людзі. Вашы веды і нават вопыт - усё гэта разам сведчыць аб тым, што вы людзі дарослыя. Менавіта імкненне да новых ведаў прывяло вас, адораных і таленавітых людзей, у наш Нацыянальны тэхнапарк", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ідэя стварэння такой установы нарадзілася ў час наведвання расійскага цэнтра "Сірыус" у Сочы: "І гэта ідэя лягла ўжо на падрыхтаваную глебу. Я некалькі разоў там бываў, вывучаў гэты цэнтр. Уздоўж і ўпоперак абхадзіў. І гідам у мяне тады быў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Ён быў ініцыятарам стварэння "Сірыуса" ў Сочы. І тады я яму сказаў, што ў Беларусі таксама нядрэнна было б стварыць такі тэхнапарк, трэба, каб "Сірыус" аказаў нам падтрымку. Ён тут жа даў распараджэнне. І вось так мы, вывучаючы вопыт Расіі перш за ўсё, а потым і ўвесь сусветны вопыт, пачалі стварэнне тут гэтага цэнтра".
"Павінен вам сказаць, што гэта толькі пачатак. Ведаю, што жадаючых тут навучацца значна больш - атрымліваць больш высокія, прагрэсіўныя веды. Калі там засталіся за бортам таленавітыя людзі (тры чалавекі на месца), то гэты тэхнапарк трэба расшыраць да такіх меж і магчымасцей , каб усе навучэнцы, якія імкнуцца атрымаць больш сучасныя веды і веды на больш высокім узроўні, мелі такую магчымасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць таго, каб выхаванцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў далейшым працавалі на сваю краіну і памяталі пра яе: "Каб вы на гэтай зямлі жылі, якая ўзрасціла вас. Гэта мяне, вядома, хвалюе", - сказаў ён.
"Хоць я разумею: вы - людзі будучыні, людзі навукі. А навука не можа замыкацца сёння ў рамках нават самай вялікай развітой дзяржавы. Навука інтэрнацыянальная. Яна такой была заўсёды. І толькі тады яна мае перспектыву да развіцця, калі яна будзе інтэрнацыянальная. Але дзе вы ні былі б, вы павінны памятаць, што гэта ваша зямля. Што гэта зямля зрабіла ўсё для таго, каб вы выраслі адукаванымі, дасведчанымі і маглі працаваць у любой краіне", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашнія навучэнцы тэхнапарка - своеасаблівыя першаадкрывальнікі, таму што два гады ва ўстанове "практыкаваліся, тэсціравалі, глядзелі, як лепш". "А ўжо ў гэтым годзе вы навучаецеся тут, атрымліваеце веды, практыку як сучасныя людзі. Можна сказаць, якія стаяць ля вытокаў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на яшчэ адно пытанне - камерцыялізацыю вынікаў работы выхаванцаў тэхнапарка. "Вы ўжо не маленькія дзеці. Вы ствараеце нейкі прадукт. Я гавару "нейкі", таму што не ведаю, як ён прыжыўся б на рынках, ці прадалі б вы яго. Але мы будзем рабіць усё і дапамагаць вам будзем, калі вы нешта прыдумаеце, вынайдзеце карыснае для вытворчасці, для нашай краіны. Прамысловасць гэта, сельская гаспадарка, транспарт, сувязь і гэтак далей. Мы з задавальненнем у вас у першачарговым парадку набудзем гэты тавар", - запэўніў беларускі лідар.
"Гэта значыць, сёння трэба вырабляць і прадаваць, камерцыялізаваць вашы веды", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку стварэннем такога тэхнапарка краіна зазірнула за гарызонт. Адным з першых даручэнняў Прэзідэнта ў свой час было стварэнне фонду падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі.
"Гаварыў заўсёды і гавару сёння: для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі - гэта самае вялікае багацце. Калі ёсць такія людзі, мы справімся з любымі выклікамі. Можа, абыдземся без вялікай колькасці нафты і прыроднага газу, - заявіў беларускі лідар. - Залог захавання суверэнітэту і дзяржаўнасці - гэта таксама вы. Вы - будучыня наогул. Вы самыя разумныя, і вы гэта даказалі. Вы на гэтым этапе свайго жыцця даказалі, што вы разумныя людзі і хочаце атрымаць вялікія веды. Літаральна праз некалькі гадоў вам давядзецца кіраваць гэтай краінай, абараняць гэту краіну, гадаваць сваіх дзяцей на гэтай зямлі. І нават калі нехта на нейкі час паедзе за межы краіны, ён вернецца сюды з новымі ведамі".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі жывуць вельмі працавітыя, дысцыплінаваныя і мэтанакіраваныя людзі. У сувязі з гэтым ён прывёў шэраг гістарычных фактаў: "Удумайцеся, у далёкім 1944-м яшчэ палала вайна, трэць насельніцтва загінула, гарады практычна ўсе і вёскі ў нас былі знішчаны, дарогі і масты разбураны, а ў Мінску ўжо ідзе работа па аднаўленні. Нам вялікую дапамогу аказалі нашы брацкія рэспублікі, якія знаходзіліся тады ў складзе Савецкага Саюза. Будуецца аўтамабільны завод, які ўжо праз прыкладна тры гады - у 1947-м - выпускае першыя грузавыя МАЗы. А праз два гады з канвеера Мінскага трактарнага завода сыходзіць першы трактар "Беларусь". Каласальныя намаганні спатрэбіліся для гэтага. Менавіта ў Мінску стварылі першую серыйную савецкую ЭВМ (гэта не той камп'ютар, які сёння на стале, - гэта велізарны будынак, у якім стаялі магутныя машыны). Што для пакалення, якое яшчэ памятала жахі той вайны, было сапраўдным інтэлектуальным і працоўным подзвігам. І мы, беларусы, ганарымся тым, што мы тады зрабілі немагчымае".
Звяртаючыся да дзяцей, Прэзідэнт адзначыў, што яны робяць пакуль яшчэ нясмелыя крокі ў цікавы свет ведаў і адкрыццяў, але павінны памятаць, што сучасныя веды ўзніклі не на роўным месцы і не прыйшлі з ніадкуль: "Вы стаіце на плячах гігантаў, як гаварыў класік. Вы стаіце на плячах тых, хто гэтыя веды некалі адкрыў. І мы можам з задавальненнем назваць такіх, як Жарэс Алфёраў, Павел Сухой, Міхаіл Высоцкі і многіх іншых нашых праслаўленых на ўвесь свет суайчыннікаў".
"Няхай усе прыведзеныя мной прыклады стануць для вас жыццёвым арыенцірам. Яны змаглі, і вы абавязкова зможаце стаць першымі, упісаўшы сваё імя ў гісторыю навукі і гісторыю сваёй Айчыны, калі будзеце вернымі прызванню і навуковай ісціне, - пажадаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзякуючы вам і вашым равеснікам, якія дэманструюць незвычайныя здольнасці, у Беларусі з'явіўся сапраўдны маладзёжны навуковы цэнтр. Веру ў вас і перакананы, што размаўляю сёння з будучымі беларускімі акадэмікамі, вынаходнікамі, стваральнікамі новых прадуктаў, якія знойдуць сваё месца на сусветных рынках".
Кіраўнік дзяржавы заклікаў навучэнцаў ставіць перад сабой вялікія мэты, ствараць у імя міру. "Вы павінны бачыць галоўную мэту перад сабой - мір і светлае неба над галавой".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: жыццё так арганізавана, што на змену адным пакаленням прыходзяць іншыя, і кожнае новае пакаленне павінна імкнуцца ствараць умовы для жыцця наступнага - сваіх дзяцей. "І памятайце, яшчэ раз паўтараю, вы вельмі патрэбны сваёй краіне! Віншую вас і ў вашай асобе сёння ўсіх беларускіх школьнікаў, студэнтаў, курсантаў з Днём ведаў", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўстановы адукацыі - гэта храм ведаў. "І ў гэтым храме заўсёды павінен панаваць парадак. Там не павінна быць ніякага беспарадку. Гэта самыя строгія законы. Ты прыйшоў вучыцца, атрымліваць веды. Вучыся і атрымлівай веды, каб потым у 30-40 гадоў ты не хадзіў па вуліцах і не крычаў: "Дайце мне зарплату, як у іх!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паўстае заўсёды пытанне: а давай паглядзім, як ты вучыўся ў школе, як засвойваў і атрымліваў новыя веды, як ты наогул пражыў гэта жыццё? І калі паглядзіш на чалавека, які больш за ўсё крычыць на вуліцы, аказваецца, ён і ў школу не хадзіў. А калі і хадзіў, дык не кожны дзень. І не за ведамі ён туды прыходзіў, а для таго, каб павесяліцца, пакрычаць, пашумець".
Прэзідэнт падкрэсліў, што вучоба - гэта вельмі цяжкая праца. "Больш цяжкага перыяду ў вашым жыцці не будзе. Потым усё будзе значна лягчэй, калі вы вызначыцеся правільна ў жыцці. Вы будзеце хадзіць на работу, як на адпачынак, калі вы правільна вызначыцеся ў жыцці. Далей будзе лягчэй. Цяпер вельмі цяжка. І вельмі важна, як ты пражыў гэты цяжкі перыяд жыцця. Гэта шмат у чым залежыць ад нас - бацькоў, педагогаў. Але больш за ўсё залежыць ад вас. Вы малайцы, вы рызыкнулі. Я вас віншую і жадаю поспехаў вам на гэтым цяжкім шляху", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў навучэнцам здароўя і заклікаў весці актыўны лад жыцця, праводзіць больш часу на спартыўных пляцоўках. "Карацей кажучы, варушыцеся! Ва ўсім. І ў спорце, і ў жыцці, атрымліваючы свае веды. Калі вам будзе патрэбна мая падтрымка - звяртайцеся, мы абавязкова вам дапаможам. Дапаможам таму, што вы рызыкнулі. Вы сталі першымі, і гэта дастойна павагі", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка.
У падарунак тэхнапарку на Дзень ведаў ён уручыў сертыфікат на мікрааўтобус, які спатрэбіцца дзецям, каб хутчэй дабрацца на розныя выязныя мерапрыемствы ў рамках вучэбнай праграмы. Ён таксама паабяцаў, што калі тэхнапарк сам заробіць хаця б палову на яшчэ адзін такі аўтобус, то з другой паловай абавязкова дапаможа дзяржава.
Прэзідэнт расказаў, што калі знаёміўся з матэрыяламі аб тэхнапарку, то знайшоў цікавую і прыемную для сябе рэч. Аказваецца, у гэтай установе навучаецца значна менш мінчан, чым дзяцей з рэгіёнаў. "Я не хачу прынізіць ролю Мінска і мінчан. Вядома, яны жывуць у зусім іншым горадзе, у іх магчымасцей значна больш, чым у рэгіянальных цэнтрах і школах, дзе вы вучыцеся. Але тое, што вы, рэгіяналы, падняліся да ўзроўню Мінска і перасягнулі Мінск, гэта мяне радуе. Перамагайце мінчан. А мінчане няхай супраціўляюцца", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка як першы Прэзідэнт незалежнай Беларусі выказаў пажаданне, каб за цяперашнімі таленавітымі і адоранымі хлопцамі і дзяўчатамі, выхаванцамі тэхнапарка, прыйшлі і іншыя: "Гэта яшчэ важней, чым тое, што вы з'яўляецеся сёння першаадкрывальнікамі. Я хачу, каб вы выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай Беларусі".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гісторыя нечакана і ў нечым выпадкова падарыла Беларусі і яе народу суверэнітэт, які цяпер неабходна берагчы. "Мы ўпершыню сталі, наколькі гэта магчыма, незалежнай дзяржавай", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што незалежнасць - паняцце адноснае, паколькі няма сёння ў свеце абсалютна незалежных дзяржаў. Гэта датычыцца нават самых буйных, магутных і развітых краін, якія так ці інакш маюць патрэбу ў падтрымцы і саюзніках. "Таму незалежнасць - паняцце адноснае. Але мы маем гэту незалежнасць і маем суверэнітэт. Нам трэба гэта захаваць, каб мы ніколі больш не паставілі тыя пакаленні, якія прыйдуць за намі, і вас пад бізун. Калі ў нас будзе больш такіх людзей, як вы, мы дакладна ніколі не пойдзем пад бізун і не надзенем лапці", - упэўнены беларускі лідар.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб структуры тэхнапарка, напрамках дзейнасці, сістэме работы з адоранай моладдзю і перспектывах развіцця ўстановы адукацыі. Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко расказаў аб структуры ўстановы, куды ўваходзіць школа, вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат.
Размова ішла таксама і аб правілах прыёму дзяцей у тэхнапарк. Спачатку навучэнцы завочна падаюць заяўкі, затым праходзяць гутарку ў вочнай форме і выконваюць тэставае заданне.
Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць вопыт тэхнапарка і прапрацаваць механізм паступлення навучэнцаў ва ўніверсітэты: "А чаму мы не можам іх вопыт узяць пры паступленні ў ВНУ? - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Міністра адукацыі Андрэя Іванца. - Тэст, селі, сам-насам пагаварылі, набралі студэнтаў".
"Па вашым даручэнні мэтавікоў мы ў гэтым годзе набіралі менавіта такім чынам", - адказаў кіраўнік Мінадукацыі.
"Астатніх - не?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Астатніх не, але мы будзем глядзець і ўносіць прапановы па гуманітарных напрамках", - сказаў Міністр.
"Нам трэба выбраць механізм прыёму ў ВНУ. Што лепш - тэсціраванне, гутарка... Трэба выпрацаваць аптымальны варыянт", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Галоўны пасыл Прэзідэнта наконт выпускнікоў тэхнапарка датычыўся іх далейшай дзейнасці - каб гэтыя адораныя, здольныя вучні, якія атрымалі каштоўныя веды і вопыт, былі задзейнічаны на карысць сваёй краіны.
"Глядзіце, каб не прапалі гэтыя хлопцы і дзяўчаты. Гэта ж унікальныя дзеці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым годзе ў час уступнай кампаніі для тых, хто вучыўся ў дзіцячым тэхнапарку, ужо былі асаблівыя ўмовы пры прыёме ў ВНУ - па новых правілах прыёму 23 выпускнікі тэхнапарка залічаны ў ВНУ без уступных іспытаў па рэкамендацыі наглядальнага савета тэхнапарка.
Як адзначыў Сяргей Сачко, адміністрацыя парка ставіць перад сабой задачу ў бліжэйшы час наладзіць сістэму суправаджэння сваіх выпускнікоў да першага працоўнага месца. Рабіць гэта яны маюць намер у цесным супрацоўніцтве з ВНУ.
У планах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка на перспектыву таксама абнаўленне вучэбных праграм і распрацоўка праектаў пад патрэбнасці рэальнага сектара эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка наведаў вучэбна-лабараторны корпус, дзе азнаёміўся з дзейнасцю лабараторый авіякасмічных тэхналогій, электронікі і сувязі, робататэхнікі, энергетыкі будучыні.
Прэзідэнт перш за ўсё звярнуў увагу навучэнцаў на практыкаарыентаванасць. "Стварайце. Рабіце. Калі гэта ў жыцці спатрэбіцца, у краіне, будзем падтрымліваць", - запэўніў ён.
У лабараторыі электронікі і сувязі Аляксандр Лукашэнка папрасіў выкладчыка і яго падапечных пратэсціраваць беларускія сродкі сувязі і абазначыць самыя вузкія месцы.
"Патрэбны самыя сучасныя віды сувязі. Вы зможаце нам дапамагчы? Гэта не толькі ў ваеннай сферы. Таму вы - перспектыва", - сказаў Прэзідэнт.
Навучэнцы прадэманстравалі Кіраўніку дзяржавы ўласную сістэму распазнавання і сачэння за эмацыянальным станам чалавека. І не толькі расказалі аб праекце, але і паказалі яго ў дзеянні. Сістэма сачыла за эмоцыямі юнакоў і дзяўчат на лінейцы ў час выступлення Аляксандра Лукашэнкі. І што паказалі твары навучэнцаў? Напрыклад, у 63% - шчасце, у 18% - зацікаўленасць, таксама былі гордасць, павага.
Для пераканаўчасці юныя вучоныя таксама прасканіравалі эмоцыі сваіх гасцей - Прэзідэнта і службовых асоб. На твары Кіраўніка дзяржавы, у прыватнасці, быў выраз шчасця. На тварах іншых прысутных таксама чытаўся выраз шчасця або інтарэсу.
Прэзентавалі Кіраўніку дзяржавы і распрацоўку сістэмы дыстанцыйнага маніторынгу сельскагаспадарчых угоддзяў. Беспілотнікі дапамагаюць убачыць, якія землі маюць патрэбу ў падкормцы.
"Трэба іх "крутануць" у якім сельгаспрадпрыемстве. Няхай бяруць свае дроны, глядзяць палі. Таму бярыце свае апараты, усё забяспечым", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разглядаючы прататыпы рабатызаванай тэхнікі, створаныя ў тэхнапарку, Прэзідэнт пацікавіўся ў вучняў, як паўплывае паўсюднае ўкараненне такіх устройстваў у вытворчасць на рынак працы.
"Баюся, што вы хутка выключыце ўсіх людзей з працэсу вытворчасці, - жартам заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Чым займаць людзей будзем?"
"Такая сітуацыя была на заранку прамысловай рэвалюцыі: людзі баяліся станкоў, што яны аднімуць у іх работу. Але, як мы бачым, з'явілася мноства іншых прафесій, звязаных з гэтымі станкамі", - адзначылі навучэнцы. І іх адказ, відаць, задаволіў Прэзідэнта.
Вывучаюць у тэхнапарку таксама атамную энергетыку. Школьнікі распрацавалі праект па мадэрнізацыі атамных станцый, які дасць магчымасць знізіць затраты на яе абслугоўванне, павысіць эфектыўнасць АЭС і адпаведна знізіць тэрміны акупнасці аб'екта. "Гэта вельмі цікава, калі гэта атрымаецца. Спяшайцеся. У навуцы калі паспяшаешся, хутчэй за іншых зробіш, эфект будзе вышэйшы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы нам вельмі-вельмі патрэбны. І чым хутчэй, тым лепш. Ад звычайных аператараў да дырэктара гатовы вас прыняць на атамную станцыю ў любы час. Вы вельмі патрэбны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Вучні ў сваю чаргу адзначылі, што даўно хацелі пабываць на атамнай станцыі.
"Пытанне вырашана. Паедзеце. Няхай паглядзяць, гэта ўнікальнае збудаванне. Допускі забяспечым у любы дзень", - адгукнуўся на просьбу Прэзідэнт.
Сярод іншых распрацовак, прадэманстраваных Кіраўніку дзяржавы, - разумныя акуляры, высокаэфектыўны вугальны сарбент, аналаг тэтрапака, устройства абароны моўнай інфармацыі, выкарыстанне адходаў ільновытворчасці ў энергетычных мэтах. Усё гэта доследна-прамысловыя ўзоры. Кіраўнік дзяржавы ўсюды падкрэсліваў: навучэнцам са сваімі распрацоўкамі неабходна не проста ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях, а дапрацоўваць іх на прадпрыемствах і пры магчымасці ўкараняць у далейшым у вытворчасць. Заняцца гэтым пытаннем ён даручыў сталічным уладам і Ураду.
"Калі мы будзем імпартазамяшчэннем займацца сур'ёзна? Усё гэта добра, што вы паказваеце. Але мне патрэбны рух. Калі гэта імпартазамяшчэнне, то мы будзем шукаць грошы для гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Падводзячы вынікі свайго наведвання, Прэзідэнт звярнуўся да журналістаў: "Вы ўбачылі сапраўдных дасведчаных людзей, у якіх гараць вочы? Галоўнае, каб гэтыя вочы не патухлі. А каб не патухлі, мы іх праектам павінны сказаць або так, або не. Але ўсё патрэбнае".
Дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко расказаў, што сёння асноўная задача ўстановы - прадаўжаць адукацыйную і прафесійную траекторыю ў жыцці навучэнцаў. "Гэтыя хлопцы і дзяўчаты - будучыня нашай дзяржавы, прамысловасці, сельскай гаспадаркі", - заявіў ён.
За час работы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка прайшлі навучанне 1930 навучэнцаў 9-11-х класаў, адбыліся 25 адукацыйных змен працягласцю 24 дні кожная. Конкурс на навучанне - у сярэднім 3 чалавекі на месца. У тэхнапарку дзеці атрымліваюць веды па 15 найбольш перспектыўных для эканомікі напрамках, сярод якіх "Зялёная хімія", "Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі", "Віртуальная і дапоўненая рэальнасць", "Інжынерная экалогія", "Авіякасмічныя тэхналогіі". Для выкладання ў тэхнапарку прыцягваюць вядучых вучоных і спецыялістаў універсітэтаў, перспектыўных маладых вучоных.
У новым навучальным годзе ў тэхнапарку плануюць укараніць вучэбныя праграмы па напрамках навуковых даследаванняў Ваеннай акадэміі Беларусі. Найбольш перспектыўныя праекты навучэнцаў, напрыклад, "Экаўпакоўка", "БелБіяПак", будуць запатэнтаваны. У планах таксама правядзенне заняткаў аб'яднанняў па інтарэсах для вучняў 5-8-х класаў.