Нарада аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года
- 12
- 6:40
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 жніўня сабраў нараду аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года.
"Як вядома, заўтра ў школу, вобразна кажучы. Адсюль і тэма нашай сённяшняй размовы - гатоўнасць навучальных устаноў да прыёму студэнтаў і навучэнцаў. Летнія канікулы ў іх завяршаюцца, праз пару тыдняў яны зноў сядуць за парты. І гэта будзе каля аднаго мільёна навучэнцаў, з іх упершыню пераступяць школьны парог 110 тысяч першакласнікаў. Па выніках уступнай кампаніі бягучага года, якая праходзіла ў новым фармаце, наша моладзь прадоўжыць навучанне ў айчынных ВНУ і каледжах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Асвойваць прафесійныя навыкі будуць амаль 170 тыс. навучэнцаў прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў, а таксама 238,5 тыс. студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.
"Пагадзіцеся, лічба для Беларусі значная. Фактычна сёння краіна ўступіла ў апошні этап падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Пачалі працаваць школьныя базары, установы адукацыі атрымліваюць пашпарты гатоўнасці, камплектуюцца транспартам для перавозу навучэнцаў, інтэрнаты і спартыўныя пляцоўкі рамантуюцца, шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям аказваецца матэрыяльная дапамога. Так павінна быць. Сёння паглядзім, ці так на самай справе. І робіцца гэта для таго, каб у нашых дзяцей было ўсё неабходнае для вучобы і яны з добрым настроем сустрэлі Дзень ведаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, нягледзячы на высокую гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года, яго інфармуюць аб наяўнасці асобных праблемных пытанняў. Так, Камітэт дзяржаўнага кантролю адзначае недапрацоўкі ў забеспячэнні падвозу навучэнцаў да ўстаноў адукацыі. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Міністра адукацыі Андрэя Іванца, як вырашаецца гэта пытанне ў рэгіёнах і Мінску з улікам даручэнняў Прэзідэнта.
"Мяне таксама цікавіць, як ідуць справы з арганізацыяй харчавання і бяспечных умоў знаходжання дзяцей у дзіцячых садах і школах. Ці выконваюцца даручэнні па ўзнятых пытаннях? Асаблівую ўвагу звяртаю на харчаванне. Гэта вельмі важна. Ненармальна, калі можна каля кожнай школы трымаць яшчэ свінаферму для таго, каб парасят карміць адходамі прадуктаў харчавання. Гэта, калі хочаце, і маральная праблема - выкідваць ежу стала модным у нашым грамадстве. У цэлым ці можам мы з упэўненасцю сказаць, што кожнае дзіця будзе забяспечана ўсім неабходным для заняткаў у школе, асабліва калі яно расце ў шматдзетнай або малазабяспечанай сям'і?" - спытаў беларускі лідар.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся і на пытаннях падвозу навучэнцаў да ўстаноў адукацыі. Ён звярнуў увагу, што запаўненне школ у Мінску нераўнамернае: у новых мікрараёнах установы перапоўнены, а ў цэнтры - не загружаны. "Калі мы падвозім з Мінскага раёна ў Мінск дзяцей, трэба зыходзіць з таго, не дзе ў нас бліжэй школа, а дзе яны недазагружаны", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна збалансаваць сітуацыю з загружанасцю школ і ўзважана падыходзіць да пытання аб іх будаўніцтве, улічваючы наяўнасць свабодных месцаў у іншых установах, асабліва ў буйных гарадах. "У зарплату лепш грашовыя сродкі пераносіць, а тут разумна ўкамплектоўваць", - запатрабаваў ён.
Паводле інфармацыі, якая паступае Прэзідэнту, прыёмная кампанія ў новым фармаце праходзіць у канструктыўным ключы. Аляксандр Лукашэнка чакае ад Намесніка Прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі больш падрабязнага даклада аб папярэдніх выніках уступнай кампаніі.
"Што атрымалася, дзе не спрацавалі? Можа, у вас ужо ёсць бачанне, як далей будзем удасканальваць сістэму паступлення ў ВНУ? Як мы дамаўляліся, у гэтым годзе мы ўсякія вакханаліі наконт арганізацыі ўступнай кампаніі павінны скончыць. Хачу пачуць, як сябе паказала правядзенне ўступнай кампаніі для мэтавікоў асобна ад асноўнага прыёму дакументаў. З якім узроўнем падрыхтоўкі прыйшлі ў гэтым годзе абітурыенты-мэтавікі?" - абазначыў тэмы для абмеркавання Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Прэзідэнт папрасіў удзельнікаў нарады сканцэнтравацца перш за ўсё на пытаннях, якія яшчэ патрабуюць вырашэння.
Аляксандр Лукашэнка даручыў сістэме адукацыі правесці работу над памылкамі. Прэзідэнта ў першую чаргу цікавілі не агульныя лічбы, як той жа працэнт гатоўнасці школ і іншыя паказчыкі, а шырокі спектр праблемных пытанняў, якія датычацца сферы адукацыі. Менавіта таму першапачаткова прапанаваны Кіраўніку дзяржавы традыцыйны даклад Міністра і профільнага віцэ-прэм'ера па фармаце вырас да нарады. На мерапрыемства спецыяльна былі запрошаны кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю, каб пачуць ацэнкі кантралюючых органаў.
У выніку нарада прайшла ў вельмі крытычным ключы. Аляксандр Лукашэнка фактычна не прыняў справаздачы ні Міністра, ні віцэ-прэм'ера. Размова не ідзе аб тым, што ў айчыннай сістэме адукацыі ўсё дрэнна. Наадварот, планамерная работа па шэрагу напрамкаў вядзецца, і гэта ўсе адзначаюць, але нават адзінкавыя недаходпы і хібы ў гэтай сферы для Прэзідэнта недапушчальныя. Не гаворачы ўжо аб праблемных пытаннях, якія маюць сістэмны характар.
Як стала вядома, Кіраўнік дзяржавы даручыў адклікаць з водпуску Прэм'ер-міністра: праз тыдзень пад кіраўніцтвам кіраўніка Урада павінна адбыцца шырокая нарада. Аляксандр Лукашэнка даручыў кантралюючым органам там яшчэ больш падрабязна далажыць інфармацыю, каб правесці дэталёвы разбор з выпрацоўкай плана дзеянняў, як аператыўна ўстараніць усе недахопы. А ўжо ў пачатку верасня адбудзецца новая справаздача Прэзідэнту.
У ліку праблемных момантаў, на якія ўказаў Генеральны пракурор Андрэй Швед, - пытанні бяспекі, уключаючы пажарную. Не ва ўсіх установах адукацыі ў гэтым пытанні наведзены поўны парадак. Ёсць прэтэнзіі і да работы па прафілактыцы ДТЗ.
"У шэрагу выпадкаў намі выяўлена негатоўнасць або няпоўная гатоўнасць школ да новага навучальнага года з пункту гледжання мер па дарожнай бяспецы дзяцей на прылеглых тэрыторыях. У некаторых выпадках мы выявілі, што пажарныя выхады завалены хламам, вогнетушыцелі і іншыя сродкі проціпажарнай бяспекі не ў парадку. Дзеці павінны знаходзіцца ў бяспечных умовах, - звярнуў увагу Андрэй Швед. - Акрамя таго, намі прапанаваны меры па ўзмацненні абароны правоў дзяцей ад насільных дзеянняў".
Асобную ўвагу Генпракуратура ўдзяліла і выкананню заканадаўства непаўналетнімі. Тут таксама ёсць нямала пытанняў, над якімі давядзецца працаваць.
Даволі крытычна на нарадзе падышлі да пытання забеспячэння дзяцей-сірот. Гэта тая катэгорыя, якая найбольш неабаронена, і ёй трэба ўдзяляць больш увагі, тым больш што ў дзяржаве ёсць для гэтага ўсе магчымасці, упэўнена Генеральная пракуратура. Дарэчы, сёння 88% дзяцей-сірот пражываюць у дамах сямейнага тыпу, астатнія - у інтэрнатах. Задача ад Прэзідэнта - дайсці да кожнага, у тым ліку ў аддаленых раёнах.
Генпракуратура прапануе перагледзець патрабаванні заканадаўства і вызначыць дадатковую падтрымку гэтай катэгорыі навучэнцаў. "Напрыклад, па медыцынскіх паказчыках. Калі дзіцяці патрэбны акуляры, каб дзяржава ў тым ліку і гэтым забяспечвала такіх дзяцей. Таму што іх трэба абараняць, а абараніць іх можа толькі дзяржава", - падкрэсліў Андрэй Швед.
Яшчэ адна праблемная сфера - падручнікі. Нягледзячы на шматгадовую ўвагу гэтаму пытанню і работу, якую праводзіць Міністэрства адукацыі, праблемы застаюцца. Як расказаў Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, на нядаўнюю прамую лінію паступіў літаральна шквал званкоў ад грамадзян з нараканнямі наконт гэтага. "З пункту гледжання прастаты, адэкватнасці падаваемай інфармацыі. Кіраўніком дзяржавы даручана яшчэ раз перагледзець усе падручнікі і ўжо да нечага прыходзіць", - адзначыў кіраўнік КДК.
На нарадзе нават разбіралі прэтэнзіі на канкрэтных прыкладах, зачытваючы цытаты з заданняў з падручнікаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў пад эгідай Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу менавіта па тэме падручнікаў. У групу ўвойдуць вучоныя, спецыялісты, філолагі.
Васіль Герасімаў расказаў і пра негатыўныя факты ў рабоце школьных базараў, калі некаторыя прыватнікі больш як у два разы завышаюць цэны на тавары. На жаль, такія выпадкі не адзінкавыя. Але сітуацыя маніторыцца, і да нядобрасумленных гандляроў прымаюцца неабходныя меры.
"Гэтыя факты будуць жорстка спыняцца, як гэта рабілася дагэтуль, - папярэдзіў Старшыня КДК. - Цэны ў нас устаноўлены, ніхто не мае права завышаць. Апошні выпадак быў - завышэнне ў 2,6 раза. Зразумела, што мы такія факты спыняем і гандаль забараняем. І гэта будзе рабіцца паўсюдна".
Сярод асноўных крытычных тэм гучала і ўзнятая яшчэ ў пачатку нарады тэма падвозу. "На жаль, быў шэраг недахопаў. Зрухі ў гэтым пытанні, безумоўна, ёсць. Аднак усе меры дагэтуль не прыняты, і мы абазначылі шляхі вырашэння гэтага пытання", - адзначыў Васіль Герасімаў.
Шмат гаварылася і наконт арганізацыі харчавання ў школах, фактах крадзяжу. Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што нядаўна ў Беларусі правялі пілотны праект з апрабацыяй новых тэхналогій прыгатавання ежы і прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання. "Распрацавана больш як 350 новых тэхналагічных страў, праходзць даволі сур'ёзнае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў", - дадаў ён.
Эксперыменты і навацыі ў гэтай сферы - гэта ўсё добра, адзначыў Прэзідэнт. Але Кіраўнік дзяржавы патрабуе ў першую чаргу навесці базавы парадак. Паводле яго слоў, гэта пытанне павінна быць вырашана раз і назаўсёды, каб да яго больш не вярталіся.
Увесь працэс па падрыхтоўцы навучальных устаноў і ў цэлым сістэмы адукацыі да новага навучальнага года на строгі кантроль даручана ўзяць Адміністрацыі Прэзідэнта: з выездам у школы і іншыя ўстановы адукацыі для ацэнкі рэальнай сітуацыі на месцах.