Разгляд кадравых пытанняў
- 22
- 2
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Рагожніка Аляксандра Мікалаевіча - Міністрам прамысловасці,
Барташа Сяргея Іванавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Гомельскай вобласці.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Бацэнкі Міхаіла Леанідавіча - старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама,
Ярца Сяргея Барысавіча - старшынёй Жлобінскага райвыканкама,
Даўгалёва Сяргея Мікалаевіча - старшынёй Рэчыцкага райвыканкама,
Намачэнка Ірыны Міхайлаўны - старшынёй Акцябрскага райвыканкама,
Таргонскага Алега Віктаравіча - старшынёй Лоеўскага райвыканкама,
Дылюка Сяргея Віктаравіча - старшынёй Лельчыцкага райвыканкама,
Антоненкі Уладзіміра Пятровіча - старшынёй Нараўлянскага райвыканкама,
Хелскага Валерыя Уладзіміравіча - старшынёй Гродзенскага райвыканкама,
Студнева Аляксандра Віктаравіча - старшынёй Магілёўскага гарвыканкама,
Кісяля Ігара Мікалаевіча - старшынёй Бабруйскага гарвыканкама,
Кажамякіна Андрэя Віктаравіча - старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама,
Прыстрамской Вольгі Васільеўны - старшынёй Бялыніцкага райвыканкама,
Буйневіча Андрэя Сяргеевіча - генеральным дырэктарам ААТ "ІНТЭГРАЛ" - кіруючая кампанія холдынга "ІНТЭГРАЛ"
Маркава Уладзіміра Іванавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Магілёўхімвалакно",
Швеца Алега Дзмітрыевіча - Першым намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва,
Шваюнова Аляксандра Алегавіча - намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва,
Корбута Аляксандра Мікалаевіча - Першым намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя,
Прыходзькі Івана Фёдаравіча - намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя,
Яфімава Аляксандра Уладзіміравіча - намеснікам Міністра прамысловасці,
Казарэдава Алега Уладзіміравіча - старшынёй праўлення ААТ "Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі "Белінвестбанк",
Жука Андрэя Вацлававіча - намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама,
Дарожкі Анатоля Андрэевіча - членам Гродзенскага аблвыканкама,
Фралова Юрыя Мікалаевіча - членам Мінскага гарвыканкама.
Прымаючы кадравыя рашэнні аб назначэнні кіраўнікоў райвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларуская прадукцыя вельмі запатрабавана на рынках Расіі, Кітая і іншых краін, таму мясцовым органам улады трэба падключацца, у поўным аб'ёме сабраць і захаваць вырашчаны ўраджай.
"Вы людзі вопытныя, ведаеце справу, ведаеце, куды ідзяце. Калі адкрыта зусім гаварыць наконт вашага будучага месца работы - у асноўным гэта сельская гаспадарка", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ў гэтым годзе склаліся вельмі спрыяльныя ўмовы для экспарту харчовай прадукцыі: "Для сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў адкрыўся неабсяжны рынак. Мы ўсё можам прадаць у Расіі, Кітаі". Больш таго, гэтыя краіны гатовы купіць і ўдвая больш беларускай прадукцыі - такія прагнозы Кіраўніку дзяржавы даваў віцэ-прэм'ер Леанід Заяц, які курыруе галіну АПК. "Ён гаворыць, у два разы можам яшчэ павялічваць вытворчасць, і мы прададзім гэта ўсё па добрых цэнах. Гэта значыць адкрыўся рынак і цэны нядрэнныя. Таму па сельскай гаспадарцы ў нас наогул не павінна быць ніякіх праблем", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння вельмі сур'ёзна і шмат мы працуем з Расіяй па ўсіх напрамках, па імпартазамяшчэнні. Адтуль сышлі заходнія кампаніі. Адкрыўся неабсяжны рынак, - канстатаваў беларускі лідар. - Вядома, мы там адны не справімся дэфіцыт гэты запоўніць. Мы разам з расіянамі ў гэтым планем працуем. Але і наша прадукцыя - прамысловая, сельскагаспадарчая і не толькі - вельмі запатрабавана ў Расійскай Федэрацыі - ад ваенна-прамысловага комплексу да прадуктаў харчавання. Калі ласка, уключайцеся".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на перагаворах пастаянна гаворыць аб тым, што менавіта трэба Расіі і што можа зрабіць Беларусь: "І дадае: "Я ж грошы плачу". Гэта ж не бясплатна".
"Таму размовы аб тым, што недзе санкцыі, нейкая мабілізацыя, вайна, яшчэ нешта, - не прымаюцца, - падкрэсліў беларускі лідар. - Забудзьце аб гэтым. Вы павінны бачыць свой раён, сваіх людзей. Вы павінны своечасова пасеяць, пайсці ў зіму, падняўшы зябліва, і рыхтавацца да веснавой сяўбы".
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць якасна і ў тэрмін завяршыць уборачную кампанію, у прыватнасці па ўборцы бульбы, цукровых буракоў, кукурузы на зерне, лёну.
"Мабілізуйце ўсіх", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі работнікаў аграпрамысловых прадпрыемстваў. Пры неабходнасці можна і трэба прыцягваць да ўборкі ўраджаю вучняў, перакананы Аляксандр Лукашэнка. А то, як дакладваюць Прэзідэнту, у некаторых установах адукацыі забаронена прыцягваць школьнікаў да такіх відаў работ: "Большай дзікасці, Ігар Пятровіч, я ўявіць не магу. Мы неяк спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей. На чым вы будзеце (выхоўваць. - Заўвага)? Балбатнёй? Балбатнёй не выхаваеш".
Прэзідэнт падкрэсліў, што вопыт мінулых гадоў, калі падлеткі і моладзь дапамагалі сельгаспрадпрыемствам убіраць ураджай, быў станоўчым, гэта садзейнічала з'яднанню калектыву, прывучала да працы. Больш таго, ёсць прадпрымальнікі, якія гатовы плаціць нядрэнныя грошы за дапамогу ва ўборцы ўраджаю, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Калі чалавек пойдзе 5-6 гадзін папрацуе - і бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка. Мы ўсе, і вы (я - дакладна) працавалі. Таму мабілізуйце студэнтаў, рабочых, дзяржаўных служачых, іншых людзей для таго, каб дапамагчы нам убраць гэта ўсё. Таму што грошы нядрэнныя можам зарабіць. Не цяпер, дык вясной".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб закладцы прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды, каб да наступнага ўраджаю падтрымліваць асартымент агародніны ў айчынным гандлі і ўтрымліваць цэны на бульбу, буракі, моркву і да таго падобнае, каб яны не раслі ў геаметрычнай прагрэсіі. "На імпартныя тавары - гэта мы разбяромся па цэнах. Галоўнае, каб наша аналагічная прадукцыя кантралявалася па цэнаўтварэнні", - сказаў Прэзідэнт.
"Спраў яшчэ шмат у гэтым годзе. Я папрашу вельмі сур'ёзна падключыцца да гэтага - дастойна завяршыць сельскагаспадарчы год", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя размовы аб агульных задачах, якія стаяць перад усёй мясцовай вертыкаллю, Прэзідэнт таксама звярнуўся да кіраўнікоў асобных райвыканкамаў асабіста, распытаў, як ідуць справы ў рэгіёне, як працуюць прадпрыемствы АПК, як ідзе асваенне ворных зямель з улікам некаторага іх пераразмеркавання паміж гаспадаркамі.
Напрыклад, у Валерыя Хелскага, назначанага старшынёй Гродзенскага райвыканкама, Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ходам уборкі: "Усё ўбраў? І буракоў не засталося, і кукурузы на зерне?"
"Убіраем буракі, 40% па раёне ўбралі, - далажыў кіраўнік раёна. - На зерне кукурузу ўбіраем".
Назначанага старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнева Прэзідэнт спытаў: "Справішся?"
"Так, таварыш Прэзідэнт", - без замінкі адказаў новы мэр Магілёва.
"Глядзі, націск на цябе будзе наймаверны. Я не хачу прад'явіць прэтэнзіі былому старшыні гарвыканкама, але ён ужо доўга там працуе... На цябе вельмі вялікі разлік. Таму што доўга-доўга прыглядаліся да людзей, каго б туды накіраваць, і вызначыліся на тваёй кандыдатуры. Там трэба дабаўляць, хоць нямала зроблена ў Магілёве за апошні час. Але трэба дабаўляць, даганяць іншыя гарады, як Гомель, Віцебск. Магілёў у гэтым плане крыху адстае. Таму настройвайся адразу на такі тэмп і падцягвай падначаленых за сабой".
Пры назначэнні кіраўніком Слаўгарадскага раёна Андрэя Кажамякіна Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што рэгіён гэты няпросты. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што неабходна праверыць, як рэалізуюцца мерапрыемствы праграмы развіцця паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці.
"Табе дастаўся цікавы раён, - сказаў Кіраўнік дзяржавы новаму старшыні Бялыніцкага райвыканкама Вользе Прыстрамской. - Але, на жаль, праблем там нямала, асабліва культура земляробства, кінутых зямель нямала. Таму я папрашу на гэта звярнуць сур'ёзную ўвагу".
Як адзначыў Прэзідэнт, традыцыйна кіраўнікі мясцовай вертыкалі займаюцца пераважна пытаннямі сельскагаспадарчай тэматыкі, яны адказныя за своечасовае і якаснае правядзенне пасяўной, уборачнай кампаній, эфектыўную работу прадпрыемстваў АПК. У меншай ступені кіраўнікі раёнаў заняты сацыяльнымі пытаннямі (работай сацыяльнай сферы, адукацыі, культуры, аховы здароўя), паколькі там па вялікім рахунку сістэма выбудавана і працуе.
"Адзінае, за што будзе жорсткае патрабаванне і дзе вам трэба напружвацца, - гэта той адзін праект у раёне, які вы павінны ажыццявіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшынь райвыканкамаў. - У кожным раёне вы павінны стварыць новае прадпрыемства, новы аб'ект. Прыкладна да 100 чалавек рабочых месцаў. Перспектыўнае, добрае прадпрыемства, прадукцыю якога мы зможам прадаць на знешніх рынках перш за ўсё, і на ўнутраным. Вось за гэта, Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага)... У Вас на кантролі, Урад павінен далучыцца. Не дай бог будзе правалены гэты праект. У будучым годзе паглядзім на старшынь райвыканкамаў, якія праекты пад вашым кантролем яны рэалізавалі".
На пасаду Міністра прамысловасці назначаны гендырэктар Мінскага маторнага завода Аляксандр Рагожнік. Гэта пасада стала вакантнай пасля таго, як Пётр Пархомчык пайшоў на павышэнне і стаў віцэ-прэм'ерам.
"Пётр Аляксандравіч, гэта Ваша сфера. Я Вас папярэджваў ужо не адзін раз, што памылак у нас быць не павінна, асабліва з Міністрам прамысловасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Пётр Пархомчык, кандыдатура на гэту пасада падабрана добрая. Паводле яго слоў, Аляксандр Рагожнік мае вялікі вопыт работы. За гады яго кіраўніцтва праведзена мадэрнізацыя Мінскага маторнага завода, прадпрыемства выйшла на высокі ўзровень інвестыцыйнага развіцця. Акрамя таго, у калектыве склаўся добры мікраклімат.
"Апошнія тры гады прадпрыемства працуе сістэмна, нарошчвае аб'ёмы вытворчасці. З'явіліся новыя віды прадукцыі, якія экспартуюцца за межы Рэспублікі Беларусь", - расказаў віцэ-прэм'ер.
"Там замена яму ёсць?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"Замену мы падрыхтавалі. Кіраўнік будзе з іншага прадпрыемства. З добрым вопытам работы на Беларускім аўтамабільным заводзе. Малады, перспектыўны", - адказаў Пётр Пархомчык.
Аляксандр Рагожнік дадаў, што ў Мінскага маторнага завода ёсць уласная стратэгія развіцця. Прадпрыемства стала самым буйным вытворцам рухавікоў на постсавецкай прасторы. У гэтым годзе тут будзе выраблена больш за 50 тыс. матораў. "Мы сёння робім рухавікоў столькі, колькі тры вытворцы ў Расіі. Самае галоўнае, мы закрылі ніжнюю лінейку - усё, што трапіла пад санкцыі. Мы не спынілі трактарны завод, "АМКАДОР" па гэтай малой лінейцы", - заявіў ён.
"Добра. Але імпартазамяшчэнне будзе для нас важна не толькі па рухавіках. У нас жа і каробкі перадач - мы ўсё куплялі. Як бы ні было складана, калі мы цяпер на нашым рынку, перш за ўсё постсавецкім, расійскім, апярэдзім канкурэнтаў, мы будзем, як прамыслоўцы кажуць, у шакаладзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пётр Пархомчык адзначыў, што Міністэрства прамысловасці вядзе сістэмную работу. "Пытанне імпартазамяшчэння самае актуальнае. Туды трэба накіроўваць сілы і энергію", - сказаў ён.
"Аляксандр павінен разумець, што гэта месца больш складанае і больш аб'ёмнае, чым кіраваць адным заводам. Калі гэта так, як вы гаворыце, значыць, вы там рэвалюцыю зрабілі. Таму што ў нас шмат было прэтэнзій да маторнага завода", - дадаў Прэзідэнт.
Намеснік Міністра прамысловасці Андрэй Буйневіч цяпер будзе кіраваць "ІНТЭГРАЛАМ".
"Сам ідзеш? Ці прагналі?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
"Не, свядома іду сам", - сказаў Андрэй Буйневіч.
"Вытворчасць спецыфічная..." - заўважыў Прэзідэнт.
"Тэма мне знаёмая. З'яўляюся старшынёй наглядальнага савета гэтага таварыства. Плюс як намеснік міністра курырую гэту галіну", - растлумачыў новы кіраўнік "Інтэграла".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сфера дзейнасці прадпрыемства самая цяжкая і праблемная ў краіне, але вельмі запатрабаваная. "На апошніх перагаворах Прэзідэнт Расіі сказаў: "Мы гатовы плаціць любыя грошы за прадукт мікраэлектронікі". Трэба аддаць належнае, мы значна ўпусцілі на постсавецкай прасторы гэты напрамак. А без яго нельга. Без яго не лятаюць ні самалёты, ні ракеты, не працуе высокадакладная зброя. Нічога не працуе. Дзякуй богу, што мы захавалі гэту вытворчасць. Таму я не дарэмна сказаў, што трэба разбірацца ў гэтай вытворчасці глыбока, арганізоўваць працэс. Там патрэбны прарыў, капітальны прарыў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"У гэту сферу і расіяне, і мы будзем інвесціраваць, таму што адкрываецца глабальны рынак у нашай частцы: беларуска-расійскі, постсавецкі. Ды і купяць, калі будзе прадукцыя добрая, усюды. Але канкурэнты пры гэтым у нас шалёныя. Дзякуй богу, што яны сышлі з нашага рынку. Значыць, мы будзем запатрабаванымі. Таму з Расіяй разам трэба займацца гэтым напрамкам. Несалодка будзе, таму разбірайся, унікай", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці падабраны кандыдатуры на пасаду, што вызвалілася. Як праінфармавалі Прэзідэнта, на пасаду намесніка Міністра прамысловасці плануецца назначыць генеральнага дырэктара "АМКАДОРА" Аляксандра Яфімава.
З'явілася новае кіраўніцтва і на "Магілёўхімвалакне". На пасаду генеральнага дырэктара сюды ўзгоднены дырэктар Завода горнага воску Уладзімір Маркаў.
"Хацелася б, каб ужо з сённяшняга дня ты пачаў ужо там дабаўляць. Не сказаць, што мы яго ўпусцілі. Проста спадзяваліся залішне, што там цяперашні ці былы - як яго назваць - дырэктар наладзіць справу. Але па розных прычынах, у тым ліку аб'ектыўных, не ўсё атрымалася. Таму мы ад цябе таксама чакаем там… не рэвалюцыі, але вельмі сур'ёзных зрухаў", - паставіў задачу новаму гендырэктару Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў прарэвізаваць на "Магілёўхімвалакне" намечаныя праекты, пры неабходнасці рэалізаваць іх у паскораным парадку. "Хімвалакно" для Магілёва - ты ведаеш што. Гэта вельмі важнае прадпрыемства", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Назначаючы Сяргея Барташа, які да гэтага часу працаваў на пасадзе старшыні Бярозаўскага райвыканкама, памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Гомельскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Прапаноў, напэўна, было пяць-шэсць, але цябе выбралі на гэту пасаду як вопытнага чалавека, які ўсе гэтыя прыступкі прайшоў. Але самае галоўнае, твой вопыт павінен пасадзейнічаць руху Гомеля наперад. Там працуе былы Міністр сельскай гаспадаркі. Яму патрэбна добрая падтрымка ў тваёй асобе ў якасці памочніка Прэзідэнта. І з кадрамі там няпроста, а ты інспектар - табе давядзецца кантраляваць падбор кадраў і потым навядзенне парадку, дысцыпліну".
"Гэта цякучка, шалтай-балтай - хачу працую, хачу - не, заяву кінуў, пайшоў у камерцыйную структуру працаўладкаваўся - гэтаму трэба пакласці канец. Павінен быць жалезны парадак. Не прыгоннае права, але парадак павінен быць", - падкрэсліў Прэзідэнт.