Разгляд кадравых пытанняў
- 14
- 2
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Гурскага Васіля Леанідавіча - галоўным вучоным сакратаром Нацыянальнай акадэміі навук;
Жыгарава Цімафея Пятровіча - намеснікам Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Баравікова Уладзіміра Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Камбоджа, Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы і Рэспубліцы М'янма па сумяшчальніцтве.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Фёдарава Івана Іванавіча - старшынёй Лёзненскага райвыканкама;
Кохана Аляксандра Васільевіча - старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама;
Карпенкі Сяргея Вячаслававіча - старшынёй Брагінскага райвыканкама;
П'яўко Мікалая Мікалаевіча - старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама;
Чаркоўскага Сяргея Сяргеевіча - старшынёй Навагрудскага райвыканкама;
Атрушкевіча Андрэя Міхайлавіча - старшынёй Пухавіцкага райвыканкама;
Навіцкага Уладзіміра Міхайлавіча - старшынёй Чэрвеньскага райвыканкама;
Кнігі Уладзіміра Валянцінавіча - старшынёй Глускага райвыканкама;
Наско Валерыя Яўгенавіча - старшынёй Краснапольскага райвыканкама;
Хайноўскага Дзмітрыя Віктаравіча - старшынёй Клімавіцкага райвыканкама;
Цімашэвіча Генадзя Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам дзяржаўнага знешнегандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Белспецзнештэхніка";
Балігатава Мікалая Васільевіча - дырэктарам ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання" - кіруючая кампанія холдынга "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання";
Сталяровай Таццяны Рыгораўны - намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;
Шчаснага Мікалая Барысавіча - дырэктарам Дэпартамента дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў.
Прымаючы кадравыя рашэнні аб узгадненні на пасады новых кіраўнікоў раённых выканаўчых камітэтаў, Прэзідэнт нагадаў: "Абстаноўка няпростая, але не крытычная. Самае галоўнае, што ўсё ў нашых руках. Хачу вам нагадаць аб тым, што наперадзе голад, як усе крычаць. Напэўна. Будзе няпроста, у свеце будзе няпроста".
У зоне адказнасці кіраўнікоў раёнаў традыцыйна знаходзіцца сельская гаспадарка. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, каб гэта галіна была пад пастаянным кантролем і тых, хто назначаны сёння: "Зрабіце ўсё для таго, каб у гэтым годзе арганізавана правесці ўборачную кампанію, сабраць добры ўраджай, зрабіць добрыя запасы". У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб неабходнасці забеспячэння запасаў харчовай прадукцыі, іх закладкі ў стабілізацыйныя фонды ў дастатковых аб'ёмах і добрай якасці. "Уборачная кампанія, стабілізацыйныя фонды - пытанні вельмі важныя", - яшчэ раз звярнуў увагу беларускі лідар.
"Паглядзіце, як захаваць вырашчаны хлеб, каб і зараснікаў не было, таму што дождж добры прайшоў, цяпер пойдзе расці пустазелле. Трэба зрабіць усё неабходнае для таго, каб захаваць ураджай, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба думаць аб тактыцы ўборачнай кампаніі. Убярыце усё да зернетка. Але не трэба забываць, што ў нас акрамя каласавых збожжавых дастаткова іншых культур, якія трэба ўбраць: цукровыя буракі, лён, бульба, кукуруза (вялікія аб'ёмы). Усё спрыяе таму, каб быў добры ўраджай па ўсіх культурах. Нам трэба накарміць свой народ і атрымаць добрыя грошы ад продажу прадуктаў харчавання".
Сярод прыярытэтных задач, якія Аляксандр Лукашэнка паставіў перад кіраўнікамі райвыканкамаў, таксама забеспячэнне занятасці насельніцтва і стварэнне працоўных месцаў. Асаблівую ўвагу, паводле слоў Прэзідэнта, трэба ўдзяліць вырашэнню праблемы дармаедства - калі ёсць работа, але некаторыя асобы працаваць не хочуць. "У адносінах да беспрацоўных дзейнічайце так, як вы прымеце рашэнне на выканкаме раённага савета. Яны ўсе павінны быць занятыя. Паколькі потым мы будзем траціць велізарныя грошы для таго, каб прымусіць не проста працаваць, а прывесці да прытомнасці. Праваахоўныя органы будуць траціць (на гэта. - Заўвага) вялізныя грошы. І паглядзіце, асноўныя цяжкія злачынствы ўчыняюцца ў нецвярозым стане ў асноўным беспрацоўнымі. Звярніце на гэта ўвагу. Стварыце ім працоўныя месцы, калі іх няма (хоць я ўпэўнены, што цяпер працоўных месцаў дастаткова ў любым раёне), і прымусьце кожнага працаваць", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама паабяцаў праверыць, як у раёнах выконваецца яго патрабаванне стварыць хаця б па адным дадатковым прадпрыемстве, дзе будуць заняты людзі ў рэгіёне.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы перасцярог новых кіраўнікоў райвыканкамаў ад перагібаў у кадравай рабоце, арыентаваў іх на ўважлівае стаўленне да работнікаў: "Не спяшайцеся з кадрамі, акуратна, не трэба ламаць праз калена".
"Дысцыпліна, выканальніцкая і тэхналагічная, парадак у вашых раёнах павінны выконвацца няўхільна, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Наперадзе ў нас з вамі няпросты экзамен, але вытрымаць мы яго можам толькі пры высокай арганізацыі справы. На гэта я вас нацэльваю".
Пры ўзгадненні кіраўнікоў на прадпрыемствы ў сістэме ваенна-прамысловага комплексу Прэзідэнт даручыў распрацаваць надзейныя сродкі сувязі для ваенных.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся ў новага дырэктара ААТ "Агат - сістэмы кіравання" Мікалая Балігатава работай холдынга, у тым ліку ва ўмовах санкцый. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць распрацоўкі надзейных сродкаў сувязі. "З улікам Украіны. Там праблем - мноства. І, як аказалася, сувязь", - растлумачыў ён.
Як праінфармаваў Прэзідэнта Мікалай Балігатаў, распрацаваныя на прадпрыемстве сродкі даюць магчымасць наладжваць устойлівую сувязь, якой не страшныя перашкоды.
"Гэта значыць, тут схоплена ўсё, і можна спадзявацца, што ніякія перашкоды сувязі нам не перашкодзяць?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы ўпэўнены ў тым, што кіраванне, жывучасць войскаў будзе забяспечана нашымі тэхнічнымі сродкамі", – заявіў новы кіраўнік холдынга.
"Але вы, калі ласка, тысячу разоў праверце гэта ўсё, паспрабуйце на іх націснуць, разбіць іх, расціснуць чым-небудзь. Каб праверыць, ці надзейныя яны. Гэта ўрокі ўкраінскай аперацыі. Амерыканцы і іншыя пастаўляюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы і вельмі эфектыўна працавалі супраць сродкаў сувязі, якія выкарыстоўвалі расіяне. Таму нам трэба вельмі сур'ёзную ўвагу на гэта звярнуць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І ўжо і амерыканцы, і ўсе заходнікі-спецыялісты кажуць, што РЭБ (радыёэлектронная барацьба) у ходзе любой аперацыі незаменная рэч. Гэта значыць, пытанне нумар адзін, так ставіцца гэта праблема па РЭБ".
Мікалай Балігатаў далажыў Прэзідэнту аб рабоце прадпрыемстваў холдынга, выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні паказчыкаў бізнес-плана. "У нас няма ні двухдзёнак, ні трохдзёнак, ні скарочанага рабочага дня. Усё ідзе планава і стабільна. Працуем рытмічна. Прадукцыя наша сёння запатрабавана", - адзначыў ён.
Новы гендырэктар "Белспецзнештэхнікі" Генадзь Цімашэвіч расказаў аб планах нарасціць экспарт на традыцыйныя рынкі. Ва ўмовах санкцый, паводле яго слоў, некаторыя контрагенты асцерагаюцца працаваць з прадпрыемствам непасрэдна, таму будуць задзейнічаны кампаніі-партнёры для "натуралізацыі прадукту" і выбудоўвання лагістычных схем.
"Вы вельмі добра ведаеце, у якой сітуацыі мы знаходзімся. Свет не без добрых людзей. Той, хто варушыцца, нават не заўважыў гэтыя санкцыі. Але калі вы адчуваеце, што недзе трэба паварушыцца, значыць, трэба варушыцца. Трэба знаходзіць у свеце новых партнёраў, трэба знаходзіць выйсце з існуючай сітуацыі. Але самае галоўнае для нас - вырабляць сваё. Вырабляць, замяшчаць тое, што мы куплялі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.