Разгляд кадравых пытанняў
- 10
- 10:04
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Крутога Дзмітрыя Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве Паўнамоцным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Эканамічным савеце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спецыяльным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы;
Ермаловіча Максіма Леанідавіча - Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Куліка Аляксандра Антонавіча - Міністрам лясной гаспадаркі;
Баравікова Уладзіміра Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Тайланд па сумяшчальніцтве.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Раманоўскага Юрыя Яцэнтавіча - рэктарам УА "Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт";
Дараховіча Аляксандра Вікенцьевіча - Першым намеснікам Міністра спорту і турызму;
Шаўцовай Таццяны Мікалаеўны - кіраўніком спраў Мінскага аблвыканкама;
Аляшкевіча Максіма Мікалаевіча - членам Мінскага аблвыканкама.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Максім Ермаловіч, які да гэтага часу працаваў на пасадзе пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі і па сумяшчальніцтве ў Ірландыі, а таксама на пасадзе пастаяннага прадстаўніка пры Міжнароднай марской арганізацыі, з прычыны свайго прафесійнага вопыту добра ведае работу Урада і Адміністрацыі Прэзідэнта.
"Вопытны, дасведчаны, сучасны чалавек. І які панюхаў, што такое Захад. Я гэта добра ведаю (магчыма, і ён таго не ведае, што я ведаю), але чалавек нармальны, прафесійны, прабеларускі. Перакананы і які разумее, што трэба рабіць у Беларусі, убачыўшы адну з перадавых краін свету - і тое, што там дрэнна, і тое, што добра ў Вялікабрытаніі. Зразумела, шмат добрага, асабліва з пункту гледжання эканомікі. Палітыка нам англійская абсалютна не патрэбна. Мы не збіраемся яе капіраваць. Гэта, напэўна, ён таксама добра зразумеў. А вось эканоміка, фінансавая сфера - гэта вельмі важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца пасольства ў Расіі. Няма абсалютна ніякай неабходнасці Вам выказваць нейкі наказ: Вы добра ведаеце, што гэта за пасольства. Працуючы ў Адміністрацыі Прэзідэнта, усе ідэі Прэзідэнта адносна Расіі Вы павінны былі (я спадзяюся, так і ёсць) увабраць у сябе. Вы ведаеце, што гэта асноўны наш напрамак у эканамічным плане. Што датычыцца палітыкі, тут і размоў няма - гэта родная, дружалюбная нам дзяржава. І Вы павінны па такой ідэалогіі прадстаўляць нашу краіну ў Расійскай Федэрацыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Дзмітрыя Крутога паслом Беларусі ў Расіі. - Вы ведаеце, што там рабіць. Будзьце пастаянна на сувязі. У выніку абставін і той палітыкі, якая праводзіцца ў нас паміж дзвюма дзяржавамі, нашых адносін Вы пастаянна будзеце ў цэнтры ўвагі".
Пасольства Беларусі ў Расіі Кіраўнік дзяржавы назваў другім Урадам. Паколькі гэта краіна - галоўны эканамічны партнёр. "Таму ў размове з Прэзідэнтам Расіі... Яму, вядома, падрыхтавалі даведку, хто такі Крутой, але не буду Вам гаварыць, што я яму сказаў, але галоўнае, што гэты чалавек вельмі перспектыўны. І ад Вас усё залежыць: Ваша жыццё, Ваш лёс ды і ў многім сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Паглядзіце на пасольства, трэба выбудаваць сістэму. Хоць не думаю, што ў Сямашкі там хтосьці забалуе. Як бы мы да яго ні ставіліся з яго крутым характарам і іншае, гэта чалавек сістэмны, вопытны. Таму, думаю, што там з пасольствам усё ў парадку. Але сітуацыю ў самім апараце пасольства трэба выбудоўваць такім чынам, якія задачы там давядзецца вырашаць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Галоўнае пытанне - гэта эканоміка. Гэта пытанне нумар адзін. Будзе эканоміка - будзе ўсё астатняе. Пры гэтым хачу заўважыць: суверэнітэт і незалежнасць Беларусі (аб чым так шмат гавораць і падкідваюць нам гэтыя ідэі з Захаду, што мы ледзь ці не страчваем суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, супрацоўнічаючы з Расіяй), хачу адкрыта сказаць Вам як будучаму прадстаўніку не толькі Прэзідэнта нашай краіны ў Расіі, - рэчы пастаянныя. Гэта нават не абмяркоўваецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз адзначыў, што Беларусь і Расія могуць выбудаваць цесны саюз, пры гэтым захаваўшы свае суверэнітэт і незалежнасць. "Мы дастаткова разумныя людзі. І ў Расіі Прэзідэнт абсалютна ўсведамляе і разумее, у якім напрамку мы павінны рухацца. Таму, захоўваючы незалежнасць Расіі і Беларусі, мы зможам выбудаваць такі саюз, якому могуць пазайздросціць і федэральныя, і канфедэратыўныя дзяржавы, і, магчыма, нават унітарныя дзяржавы", - заявіў Прэзідэнт.
Па сумяшчальніцтве Дзмітрый Крутой таксама будзе з'яўляцца паўнамоцным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Эканамічным савеце Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спецыяльным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму спыніў свой выбар на кандыдатуры Аляксандра Куліка ў якасці Міністра лясной гаспадаркі: "Магу сказаць: "З вяртаннем". Але гэта не значыць, што канспіралогія тут нейкая ёсць. Я разумею, што Вы не ва ўсім былі згодныя з ранейшым Міністрам лясной гаспадаркі. Але гэта не значыць, што ўсё дрэнна было ў лесе (у галіне лясной гаспадаркі. - Заўвага). Было і шмат добрага".
"З дзяцінства, асабліва тыя, хто бліжэйшы быў да прыроды, я ў тым ліку, мы добра ведаем, што такое лес, - прадоўжыў беларускі лідар. - Але, тым не менш, кантраляваць сітуацыю, кіраваць ёю трэба. Улічваючы ўсе Вашы перыпетыі ў жыцці, я вельмі спадзяюся, Аляксандр Антонавіч, што Вы не падведзяце. Мой выбар крыху неардынарны, здавалася б: працаваў Першым намеснікам Міністра, потым плюнуў на ўсё, махнуў, пайшоў у самы ніз, у лясгас. Добры лясгас, што тут скажаш. Ды і Вы чалавек прафесіянальны, як пра Вас многія адзываюцца, многія ведаюць. Памылкі ранейшага кіраўніцтва і недапушчальныя ўчынкі, якія зрабіў Міністр (зразумела, не адзін жа ён там працаваў), яны ўсім вядомыя (былы Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа ў маі бягучага года быў вызвалены са сваёй пасады ў сувязі з учыненнем праступка, несумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай службе. - Заўвага). Я думаю, Вы з гэтага зробіце адпаведныя высновы".
Прымаючы рашэнне аб назначэнні Юрыя Раманоўскага новым рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Кіраўнік дзяржавы абазначыў галоўныя задачы для кіраўніка ВНУ: "Вам давядзецца папрацаваць ва ўніверсітэце і прадоўжыць тыя добрыя справы, якія былы рэктар пачаў. Думаю, у Вас гэта атрымаецца", - сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы пра кандыдатуру новага рэктара, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго пазітыўна характарызавала Ірына Кітурка - рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у якім Юрый Раманоўскі працаваў першым прарэктарам. "Я не думаю, што рэктар Гродзенскага ўніверсітэта даў Вам рэкамендацыю - пазбавіўся ад Вас. Думаю, што гэта не так, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яна чалавек таксама надзейны, разумее, што робіць. Мы паважаем людзей, якія Вас рэкамендавалі, яны нясуць за гэта адказнасць. Вельмі спадзяюся, што ў Вас у Полацку атрымаецца. Будуць нейкія пытанні - звяртайцеся, будзем дапамагаць, падтрымліваць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія добрыя, карысныя навацыі прыўносіліся ў іншыя рэгіёны менавіта з Гродна. На думку Прэзідэнта, так адбудзецца і на гэты раз: "Думаю, гэта атрымаецца і ў Вас. Словам, у гэтым плане мы заўсёды будзем Вас падтрымліваць. Будзьце чалавекам дзяржаўным, сапраўдным беларусам. Гэта ад Вас патрабуецца - каб Вы моцным, сапраўдным былі патрыётам і выхоўвалі гэтак жа маладое пакаленне, таму што гэта будучыня нашай краіны, цяперашнія студэнты. І ад таго, якія яны будуць, залежыць лёс і пазіцыя нашай краіны на міжнароднай арэне".
Аляксандр Лукашэнка згадаў, што былы кіраўнік ВНУ Алег Раманаў пакінуў сваю пасаду і быў выбраны старшынёй рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь". "Вы ведаеце, што былы рэктар, дзякуй яму, згадзіўся і ён выбраны кіраўніком, будзем адкрыта гаварыць, буйнейшай нашай партыі фактычна (мы называем яе "грамадская арганізацыя", "аб'яднанне", але гэта аб'яднанне дзейнічае фактычна арганізавана, структурна, не парушаючы закон, як партыя)", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пастаянна гучаць прапановы аб пераўтварэнні некаторых грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку і "Белай Русі", у партыйную арганізацыю. "Я пастаянна не тое каб стрымліваю іх (гэта іх права), а папярэджваю, што тут спешка абсалютна не патрэбна. Да гэтага трэба саспець, падысці ў спакойным рытме, step by step. Яны згаджаюцца са мной", - адзначыў беларускі лідар.
"Напэўна, пасля прыняцця закона аб партыйным будаўніцтве (размова ідзе, хутчэй за ўсё, пра закон аб палітычных партыях, які плануецца да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў. - Заўвага) паўстане такое пытанне. Я не буду гэтаму перашкаджаць. Мы будзем развіваць усе грамадскія арганізацыі, якія займаюць патрыятычную, з пункту гледжання дзяржавы, пазіцыю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ты за суверэнітэт, незалежнасць, за сваю краіну, за Беларусь - усё, ты чалавек дзяржаўны, сапраўдны беларус, мы гэту пазіцыю будзем падтрымліваць. Павінны быць розныя пункты гледжання і іншае-іншае, але ўсё павінна быць на карысць дзяржавы, канструктыўна".