Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
- 20
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня зрабіў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць, у час якой наведаў Аршанскі раён.
Першай кропкай на маршруце стаў вытворча-тэхнічны кластар "Вусце" - адзін з самых закрытых аб'ектаў Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, дзе Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з мадэрнізацыяй ракет і вытворчасцю боепрыпасаў для стралковай зброі.
Па даручэнні Прэзідэнта аб стварэнні ў краіне стралковай зброі і боепрыпасаў на базе кластара "Вусце" арганізаваны пяць новых цэхаў, дзе вырабляюць, мадэрнізуюць пэўныя тыпы стралковай зброі. Каб гэта стала магчымым, на працягу паўтара года распрацоўвалася нарматыўна-прававая база, у тым ліку па дзейнасці падраздзяленняў, якія маюць справу з небяспечнымі выбуховымі рэчывамі.
Прыбыўшы на прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу азнаёміўся з тэрыторыяй, на якой размясціліся вытворчасці. Як далажыў Прэзідэнту Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, вытворча-тэхнічны кластар знаходзіцца на тэрыторыі плошчай 277 га. Але вытворчыя магутнасці займаюць толькі дзясятую частку. На працягу бліжэйшых гадоў плануецца асвоіць усю плошчу. Аднак Кіраўнік дзяржавы лічыць, што такая вялікая тэрыторыя - празмернасць.
"Трэба тэрмінова прапрацаваць пытанне, каб ніякіх празмернасцей тут не было. Навошта такая тэрыторыя?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу і на ўтрыманне гэтых зямель: "На працягу бягучага года трэба навесці ідэальны парадак. Губернатар за гэта персанальна нясе адказнасць".
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай участка, дзе вырабляюць айчынныя патроны. Яму далажылі аб перспектывах дзейнасці ўчастка, яго мадэрнізацыі, дадатковым аснашчэнні абсталяваннем. Прэзідэнт таксама наведаў участак, дзе перапрацоўваюць былыя ва ўжыванні патроны: іх чысцяць і зноў зараджаюць, што эканамічна выгадней, чым закупка новых.
Наведваючы цэх рэгламенту і рамонту авіяцыйных кіруемых ракет, Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць лакалізацыі вытворчасці - каб на прадпрыемстве выраблялася і знешняя абалонка ракеты, і кампаненты сістэмы кіравання і навядзення. "Трэба сваё рабіць, асноўнае", - сказаў Прэзідэнт. Гэта, паводле яго слоў, дыктуецца нестабільнасцю абстаноўкі ў свеце, пастаянна ўзнікаючымі выклікамі і пагрозамі з боку знешніх сіл.
"Хто гарантуе, што мы не будзем ваяваць? Ні ты, ні я, ніхто не можа гарантаваць. Свет адурэў наогул. Вайна можа ўспыхнуць у любы момант у любой кропцы, не дай бог у нас", - папярэдзіў беларускі лідар. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра важнасць навучання насельніцтва навыкам абыходжання са стралковай зброяй. Гэтаму вучаць тых, хто праходзіць падрыхтоўку ва ўзброеных сілах, аднак ёсць значная колькасць тых, хто не трапляе ў войскі па прызыве. Вось на іх і варта звярнуць увагу, перакананы Прэзідэнт. "А чаму студэнтаў і іншых не прыцягнуць і не навучыць стралковай зброяй карыстацца - сабраць, разабраць аўтамат, стрэльнуць? Каб умелі карыстацца і каб не давялося ў цяжкія часы вучыцца на полі бою", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў выпрабавальны цэнтр вытворча-тэхналагічнага кластара "Вусце" і цэх высокадакладных вырабаў, дзе Прэзідэнту прадэманстравалі розныя ўзоры сучаснай зброі. Ён азнаёміўся з узорамі стралковай зброі і аптычных прыцэлаў беларускай вытворчасці.
Прадаўжаючы рабочую паездку, Прэзідэнт наведаў Аршанскі авіярамонты завод - вядучае прадпрыемства Беларусі па капітальным рамонце і мадэрнізацыі верталётаў Мі, абсталявання і сістэм розных тыпаў паветраных суднаў, па тэхнічным абслугоўванні самалёта Іл-76.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай прадпрыемства, узорамі авіятэхнікі, рамонтам якой цяпер займаюцца на прадпрыемстве, і будаўніцтвам новага цэха па рамонце дэталей і вузлоў верталётаў і самалётаў. Як расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Павел Случак, яго плануюць увесці ў эксплуатацыю ў 2023 годзе.
"Гэта будзе новая сучасная вытворчасць. Гэта дасць магчымасць нам мінімізаваць усю закупачную частку і стварыць новыя рабочыя месцы, - адзначыў ён. - Маштаб праекта разам з абсталяваннем - прыкладна 32-35 мільёнаў беларускіх рублёў".
Паводле слоў Паўла Случака, праблем з загрузкай у Аршанскага авіярамонтнага завода цяпер няма. Яе дастаткова, каб ён працаваў бясстратна. "На гэты год мы загружаны. Нашы традыцыйныя рынкі - гэта Цэнтральная Азія, Паўднёва-Усходняя Азія, Афрыка, Паўднёвая Амерыка. Ёсць шэраг краін, кантракты з якімі знаходзяцца ў глыбокай ступені прапрацоўкі, таму мы рухаемся далей", - дадаў гендырэктар прадпрыемства.
Размова на прадпрыемстве таксама ішла аб далейшым развіцці аэрадрома Орша. Раней гэтыя тэрыторыі належалі заводу, але ў далейшым частка была перададзена ў валоданне Нацыянальнаму аэрапорту Мінск. Як далажылі Прэзідэнту, аэрадром гатовы прымаць любыя тыпы паветраных суднаў.
"Тут усё будзе дзяржаўнае, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дзяржаўны завод будзе, ён пашыраецца. Аэрадром - дзяржаўны. Дзяліць тут няма чаго, усё гэта дзяржаўнае".