Наведванне РУВП "Граніт"
- 26
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня наведаў з рабочай паездкай Брэсцкую вобласць. У Мікашэвічах Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай прадпрыемства "Граніт".
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка перш за ўсё праінфармаваў Прэзідэнта аб ходзе вясенніх палявых работ і сацыяльна-эканамічным развіцці даверанага яму рэгіёна. "За пяць гадоў вобласць па ВРП (валавы рэгіянальны прадукт. - Заўвага) у рэспубліцы другая, па прамысловасці, сельскай гаспадарцы і экспарце тавараў - першая, - звярнуў увагу ён. - За чатыры месяцы мы з сёмага месца выходзім на трэцяе-чацвёртае. Валавы рэгіянальны прадукт расце, вытворчасць расце". Разам з тым губернатар адзначыў, што Брэсцкая вобласць недацягвае па прыцягненні інвестыцый.
"Што цябе насцярожвае ў сувязі з гэтай агрэсіўнай палітыкай калектыўнага Захаду або ты не думаеш пра гэта?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Юрый Шулейка адзначыў, што ў рэгіёне крыху падрасло беспрацоўе: пасля закрыцця граніц грамадзяне, якія ездзілі на заработкі ў Польшчу і Украіну, вымушаны сядзець дома. Яны звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады з просьбай падтрымаць іх.
"Іх трэба чуць, слухаць і размаўляць з імі. Там, дзе можам (гэта ўсё ж такі нашы людзі), мы падтрымаем, дапаможам. Але трэба пачынаць працаваць. Не трэба думаць, што заўтра Захад з распасцёртымі рукамі прыме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца сітуацыі ў Мікашэвічах, то шмат у чым яна залежыць ад паказчыкаў работы мясцовага "Граніта". У цэлым справы на прадпрыемстве ідуць нядрэнна, але аб'ёмы экспарту хацелася б нарасціць. Паводле слоў генеральнага дырэктара "Граніта" Эдуарда Гаўрылковіча, пастаўкі за мяжу з-за закрыцця граніц пасля пачатку пандэміі прыкметна знізіліся. Негатыўна на іх таксама паўплывала часовае запаволенне тэмпаў будаўніцтва ў рэспубліцы і прынятыя ў Расіі меры нетарыфнага рэгулявання, якія абмяжоўваюць аб'ёмы ўвозу беларускай сыравіны. "Неадкладна давесці Прэм'ер-міністру гэта пытанне, каб мы маглі рухацца наперад. Але што ўвесь час спіхваць праблемы наверх? Трэба і тут шавяліцца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэту праблему трэба вырашаць, гэта не такая катастрафічная праблема".
Паводле яго слоў, ва Урадзе дапамогуць вырашыць пытанні, што ўзніклі з пастаўкамі прадукцыі за мяжу, але і само прадпрыемства павінна актыўней займацца гэтай праблемай.
У час візіту на прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка наведаў новае радовішча "Сітніцкае". Тут ідзе рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната. Аднак на самім "Граніце" пакуль не ўпэўнены, ці патрэбны прадпрыемству новы завод: здабываемы на "Сітніцкім" шчэбень можна перапрацоўваць на існуючых магутнасцях. Але гэта пытанне яшчэ неабходна ўважліва падлічыць. "Вызначайцеся, што будзем рабіць", - сказаў Прэзідэнт.
На новым радовішчы распрацоўваюць так званы інтэлектуальны кар'ер, дзе з выкарыстаннем тэхналогій 5G тэсціруецца беларуская беспілотная тэхніка БЕЛАЗ. Кіраўнік дзяржавы наведаў назіральную пляцоўку, каб азнаёміцца з гэтымі працэсамі. Тут Прэзідэнту далажылі ў цэлым аб рабоце прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці, а таксама аб перспектывах развіцця БЕЛАЗа і МТЗ. Паводле слоў Міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, сфера дэманструе імклівы рост. Гаворачы аб пастаўках беларускай тэхнікі за мяжу, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці прымаць своечасовыя меры, каб не дапускаць дэбіторскай запазычанасці. "Прадукцыю адправілі - грошы не атрымалі і потым пачынаем ваяваць за гэтыя грошы. Глядзіце, каб не было", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На гэтай жа пляцоўцы Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі і новую распрацоўку МТЗ і Нацыянальнай акадэміі навук - робататэхнічны комплекс на базе трактара Беларус-3523, аснашчаны плугам.
Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены работай беларускіх спецыялістаў. Ён адзначыў, што прамысловыя прадпрыемствы і вучоныя працуюць не горш за айцішнікаў. Напэўна, іх падганяе канкурэнцыя, адзначыў Прэзідэнт. "Сабралі хлопцаў і дзяўчат - яны працуюць, ствараюць гатовы прадукт. Не проста праграмнае забеспячэнне ў Амерыку аддаюць, а ствараюць тое, што нам сёння патрэбна", - заявіў ён.
Азнаёміўшыся з работай прадпрыемства і ўкараненнем новых тэхналогій у здабычы шчэбеню, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам "Граніта". Па традыцыі ён перш за ўсё растлумачыў мэту свайго візіту. Прэзідэнт нагадаў, што ў 2013 годзе было прынята рашэнне аб распрацоўцы прадпрыемствам новага радовішча - "Сітніцкае". Але цяпер работы там вядуць не спяшаючыся. Пакуль "Граніту" трэба хаця б рэалізаваць сыравіну з існуючага радовішча "Мікашэвічы". "Перш за ўсё трэба рэалізаваць тое, што вы тут вырабляеце", - падкрэсліў ён.
Для гэтага трэба адкрываць новыя рынкі, дамовіцца аб павелічэнні паставак з Расіяй. У гэтым пытанні Урад акажа садзейнічанне. "Ураду я даручыў, каб неадкладна звязаліся з расіянамі. Паспрабуем тут вам дапамагчы, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Ёсць да гэтага цяпер тэндэнцыі ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй. І яны, і мы трапілі ў няпростую сітуацыю: усе нас хочуць прыціснуць. Каб галаву не падняла Расія - ядзерная дзяржава. Таму мы сёння ў адной лодцы з імі".
Але, акрамя іншых краін, прадпрыемству трэба актыўней асвойваць і ўнутраны рынак, звярнуў увагу Прэзідэнт. Напрыклад, у Беларусь імпартуецца шчэбень з Украіны. "Мы вельмі лёгка аддаём свае рынкі для іншых. Яны бар'еры нам выбудоўваюць, пачынаючы ад паветра і заканчваючы таварамі, якія мы стараемся туды прадаць, а мы растапырыліся, як у горадзе кажуць: давайце вязіце. На шкоду сваім, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Паглядзім на свой унутраны рынак, каб яго абараніць".
"Трэба сабрацца, выстаяць. Вы бачыце, што пайшоў вялікі накат. Накат на Расію, але цераз нас не пераскочыш. А Украінай мы не можам стаць. Мы не можам ваяваць супраць Расіі, рускіх людзей. Гэта нашы людзі. Таму і ідзе гэты накат", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, адна з галоўных прычына недружалюбных дзеянняў з боку Захаду заключаецца ў канкурэнцыі. "Яны ж канкурэнты нашы, і гэта зразумела. Свет у мінулым годзе сціснуўся на фоне гэтага кавіду, і месца ўсім не хапае. Таму трэба выстаяць, чаго б гэта ні каштавала. Што датычыцца Урада, Прэзідэнта, вы за нас не хвалюйцеся: мы сваю работу зробім. Але кожны павінен разумець, што проста не будзе. Гэта, перш за ўсё, звычайная канкурэнцыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэтым тлумачацца і санкцыі, уведзеныя супраць беларускай авіякампаніі "Белавія".
Работнікі прадпрыемства пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы ў першую чаргу будучым прадпрыемства: як развіваць экспарт і адыходзіць ад імпарту. Падрабязнасці Прэзідэнт агучваць не стаў, але адзначыў: "Урад у бліжэйшыя дні прыме адпаведныя меры, каб ніхто не перашкаджаў вам працаваць на ўнутраным рынку".
З работай на знешніх рынках Урад падставіць плячо, але і прадпрыемства таксама павінна варушыцца, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Работнікі паскардзіліся і на праблемы з выдачай ліцэнзіі на шэраг медпаслуг, якія аказваюць у санаторыі "Світанак" прадпрыемства "Граніт". Як расказалі Кіраўніку дзяржавы, у санаторыі адпачываюць як работнікі прадпрыемства, так і госці. Але існуе праблема з кадрамі - недастатковая колькасць урачоў з першай катэгорыяй, таму санаторыю праблематычна атрымаць ліцэнзію на аказанне некаторых медыцынскіх паслуг, запатрабаваных у адпачывальнікаў і жыхароў горада.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Намесніку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і губернатару вырашыць гэту праблему неадкладна, літаральна на працягу тыдня.
Прэзідэнт перакананы, што не павінна быць ніякага фармалізму ў гэтым пытанні. "Калі людзі хочуць ехаць у санаторый, яны ж рублём галасуюць або прадпрыемства дапамагае, чаго перашкаджаць? Надуманае пытанне", - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.
Мясцовыя жыхары таксама ўзнялі праблему дрэннага стану ўчастка дарогі Кобрын - Гомель. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што яна абавязкова будзе рэканструявана. "Вельмі марудна вырашаецца гэта пытанне", - выказаў нездаволенасць Кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што на пэўным участку мадэрнізацыя дарогі ўжо вядзецца. Аляксандр Лукашэнка даручыў: "Займіцеся гэтым пытаннем сур'ёзна, трэба хутчэй рэалізоўваць".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што пытанне рэканструкцыі гэтай дарогі вельмі важнае. "Вось гэту дарогу, чаго б нам ні каштавала, мы пабудуем. Гэта будзе, як Брэст - Масква, і яшчэ лепшая траса", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што як толькі пачнецца актыўны працэс мадэрнізацыі дарогі, то гэта запатрабуе шмат рабочых рук, і многія мясцовыя жыхары, хутчэй за ўсё, пойдуць туды працаваць.