Наведванне фермерскага экарынку ў Мінскім раёне
- 24
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 мая наведаў фермерскі экарынак, размешчаны на плошчах гандлёвага комплексу "Валяр'янава" ў Мінскім раёне.
Шматфункцыянальны чатырохпавярховы комплекс размясціўся ў вёсцы Валяр'янава і займае тэрыторыю 20 тыс. кв.м. Ён быў пабудаваны па даручэнні Кіраўніка дзяржавы на пустуючых плошчах.
У час наведвання Прэзідэнт у першую чаргу пацікавіўся, як выканана яго даручэнне па будаўніцтве фермерскага рынку з прадастаўленнем усім жадаючым магчымасці гандляваць прадукцыяй уласнай вытворчасці.
"Я хацеў бачыць тут фермерскі рынак, дзе любы прыватнік або не прыватнік, няважна, прывёз тавар і прадаў. І гэта павінна быць добрым канкурэнтам Камароўкі. Але вы павінны былі тут узяць якасцю, каб любы чалавек прыехаў, купіў тут мяса, малочную прадукцыю, яшчэ нешта і сказаў: так, гэта аб'ект 21-га стагоддзя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, у цэлым яго даручэнні выкананы і канцэпцыя фермерскага рынку захоўваецца. Аднак ёсць некаторыя пытанні, якія яшчэ патрабуюць вырашэння. Напрыклад, ёсць тыя, хто хоча прыязджаць на рынак і гандляваць сваёй прадукцыяй толькі ў выхадныя дні. Аднак для ўладальнікаў гандлёвага аб'екта важна, каб яго плошчы былі задзейнічаны максімальна і на працягу ўсяго тыдня.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў дакладна вызначыцца з канцэпцыяй работы аб'екта ў Валяр'янаве, знайсці баланс паміж інтарэсамі фермераў, іншых удзельнікаў гандлю і ўладальнікаў комплексу.
"Для мяне галоўнае - чалавек. Я чалавек вясковы. Я ведаю, што такое ўласнымі рукамі вырасціць і мець магчымасць прадаць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Людзі павінны свабодна прадаць свой тавар. Непарушна павінна быць - доступ на рынак".
Прагучала таксама прапанова стварыць арганізацыю, якая купляла б прадукцыю ў фермераў, фізічных асоб і затым цэнтралізавана прадавала яе на рынку, па аналогіі з Белкаапсаюзам. Перавагі для фермераў у такім выпадку ў тым, што ім не трэба будзе на рэгулярнай аснове браць у арэнду месцы для продажу, набываць касавыя апараты, траціцца на дастаўку і гэтак далей.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым гэту ідэю падтрымаў: "Я абсалютна не супраць. Галоўнае - падштурхнуць чалавека, калі гэта магчыма, каб ён вырошчваў прадукцыю. А ён будзе гэта рабіць, калі да яго прыедуць, купяць і ён атрымае прыбытак".
"Калі мы хочам, каб прыватнікі, фермеры развіваліся, ім трэба даць магчымасць вырасціць і прадаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён зрабіў акцэнт, што патрабаванне навесці парадак і забяспечыць фермерам доступ да гандлёвых месцаў датычыцца ўсіх харчовых рынкаў краіны. "Трэба вярнуцца да пытання кантролю за рынкамі, паглядзець, як на Камароўцы. Можа, там зноў з'явіліся пасрэднікі, як гэта было некалі? - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Трэба паглядзець цяпер і навесці парадак на ўсіх рынках".
"Людзі павінны свабодна прадаць свой тавар - і на Камароўцы, і на ўсіх рынках. Добра і свабодна", - паўтарыў сваё патрабаванне Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на ажыццяўленне бяспекі харчовай прадукцыі, якая паступае на прылаўкі. "Бяспека прадуктаў харчавання павінна быць бясспрэчнай", - запатрабаваў беларускі лідар.
Абмяркоўвалася таксама пытанне магчымых змяненняў у структуры ўласнікаў гандлёвага дома "Валяр'янава" для прыцягнення дадатковых інвестыцый і далейшага комплекснага развіцця аб'екта (інвестарамі па будаўніцтве першапачаткова выступілі агракамбінаты "Ждановічы" і "Дзяржынскі", ТАА "Велес-Міт" і Мінскі малочны завод № 1).
Прэзідэнт у цэлым цікавіўся, што яшчэ трэба, каб у поўнай меры рэалізаваць канцэпцыю і не ствараць з гэтага месца копію буйнога гандлёвага цэнтра, якіх у Мінску мноства. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, у бліжэйшы час плануецца цалкам задзейнічаць усе плошчы гандлёвага комплексу, уключаючы другі і трэці паверхі, пасля чаго з'явіцца магчымасць аб'ектыўна і ў поўнай меры ацаніць, наколькі эфектыўна і ў адпаведнасці з канцэпцыяй працуе аб'ект.
"На працягу бягучага года тут трэба зрабіць аб'ект, на які не сорамна будзе зайсці кожны дзень. Ужо водгукі людзей, хто тут быў, нядрэнныя, Кажуць, і людзі добра працуюць, і абслугоўванне добрае. Але вы мне вырашыце толькі адну задачу, чаго я ад вас патрабую: вырасціў ён цытрусавыя - ідзі прадавай, кавуны вырасціў - ідзі прадавай, мяса, малако, сыры і іншае - ідзі прадавай. Чалавек павінен мець свабодны доступ (да аб'ектаў гандлю. - Заўвага), калі мы для народа будуем краіну", - сказаў Прэзідэнт.
Пасля абмеркавання адпаведных пытанняў у асяроддзі чыноўнікаў і ўладальнікаў гандлёвага цэнтра, дзе размясціўся рынак, Аляксандр Лукашэнка прайшоў па гандлёвых радах, уважліва азнаёміўся з асартыментам прадукцыі, шчыра паразмаўляў з фермерамі, кіраўніцтвам кампаній, якія займаюцца вытворчасцю і продажам прадуктаў харчавання. Гэта і сыры па старадаўніх беларускіх і лепшых еўрапейскіх рэцэптах, лекавыя травы і зборы, фітачаі, свежая зеляніна, выпечка, салодкія ласункі, мёд, разнастайная свойская каўбасная і мясная прадукцыя і шмат іншага.
Размаўлялі аб тым, як развіваюцца людскія гаспадаркі, наколькі прадукцыя карыстаецца попытам, ці задавольваюць умовы, што яшчэ трэба зрабіць для развіцця прыватнай ініцыятывы ў вёсцы. Адзін з прадаўцоў лекавых траў даволі доўга літаральна не адпускаў Прэзідэнта, забяспечыўшы яго некалькімі карыснымі рэцэптамі і з захапленнем расказаўшы пра сваю справу. Прадэгуставаў Аляксандр Лукашэнка і новую прадукцыю агракамбіната "Дзяржынскі".
Не абышлося і без карысных пакупак. Сярод іх травы, мясная прадукцыя і нават інгрэдыенты для гатавання плову па рэцэптах з краін Сярэдняй Азіі, якімі з Прэзідэнтам у свой час падзяліліся яго калегі. А штосьці Кіраўніку дзяржавы проста падарылі фермеры ў знак асаблівай павагі і з запрашэннем пабываць у іх гаспадарках.
Усяго Аляксандр Лукашэнка хадзіў па рынку амаль паўтары гадзіны. Цікава, што ў гэты час гандлёвы цэнтр працаваў у звычайным рэжыме. Наведвальнікаў ніхто не абмяжоўваў, і яны маглі спакойна зрабіць жаданыя пакупкі. Для многіх стала прыемным сюрпрызам убачыць каля суседняга прылаўка Кіраўніка дзяржавы.
Пасля наведвання фермерскага рынку Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт аднаўлення пашкоджанага пажарам каталіцкага храма ў Будславе.
"Не трэба тут спяшацца, нават спецыялісты кажуць. Дапамагчы трэба: разабраць там, гэтыя работы... Але спецыялісты няхай вызначацца, абследуюць, што трэба зрабіць. Без дзяржавы яны нічога не зробяць усё роўна, - сказаў Прэзідэнт. - Але гэтыя ж "неверагодныя" зноў гавораць: грошы збяром. Ветэранам ужо "сабралі". Не ведаю толькі, дзе грошы. І тут кажуць: збяром. Нічога яны не збяруць. Яны проста людзям аб'явяць, у людзей забяруць грошы і падзеляць у Польшчы. Таму калі нехта хоча аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (няхай яны адкрыюць рахунак), і няхай людзі ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу. Кожны чалавек, колькі зможа, калі захоча, туды перадасць грошы".
Аляксандр Лукашэнка таксама ўпэўнены, што пры аднаўленні храма не спатрэбіцца "шалёных аб'ёмаў" работ. "Дах адновім, унутры прывядзём у парадак. Назірай. Калі спецыялісты зробяць вывад, што і як, потым даложыш", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына.