Даклад аб выніках работы і перспектывах развіцця ваенна-прамысловага комплексу
- 7
- 4:49
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня прыняў з дакладам аб выніках работы і перспектывах развіцця ваенна-прамысловага комплексу Намесніка Прэм'ер-міністра Юрыя Назарава і Старшыню Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса.
"Ёсць шэраг прынцыповых пытанняў, якія мы павінны сёння абмеркаваць (можа, нават негалосна пакуль, хоць, увогуле, і ўтойваць няма чаго). Перш за ўсё, хачу сказаць аб значэнні ВПК для Беларусі. З-за існуючых абставін (а яны заўсёды былі ў нас няпростымі, вы гэта добра ведаеце) вельмі востра стаіць пытанне забеспячэння нашых Узброеных Сіл (не толькі арміі) сучасным узбраеннем. Менавіта тымі відамі ўзбраення, якія патрэбны для сілавых структур", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ваенна-прамысловы комплекс уносіць значны ўклад у эканоміку Беларусі. Абаронны сектар, падкрэсліў Прэзідэнт, - гэта самыя высокатэхналагічныя вытворчасці, параўнальныя толькі з касмічнымі і атамнымі тэхналогіямі. "Без развітых тэхналогій немагчыма стварыць сучасную зброю", - дадаў ён.
Гаворачы аб санкцыйных пагрозах з боку Захаду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абмежавальныя меры не паўплываюць на работу ваенна-прамысловага комплексу. "Наш ВПК не мае такіх разгалінаваных сувязей з тымі, хто пагражае нам санкцыямі. Мы не маем моцна связаных і ўзаемазалежных кантактаў з Амерыкай, Еўрасаюзам. Зразумела, што з тымі, з кім мы супрацоўнічаем у галіне стварэння ўзбраення, у нас добрыя адносіны, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Тым не менш хацеў бы, каб сітуацыю вы акрэслілі".
Прэзідэнт таксама пацікавіўся фінансавымі і эканамічнымі паказчыкамі абаронных вытворчасцей. "Што мы чакаем, зыходзячы з таго, што ўжо пражылі паўгода? Што будзе ў канцы года? Якія ўзбраенні мы вырабім? Які сабекошт, затраты на гэта ўзбраенне, які будзе экспарт узбраенняў?" - акрэсліў шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў у якасці важнай тэмы развіццё айчыннай вытворчасці стралковай зброі. "Мы не збіраемся некага перамагаць, - адзначыў ён. - Мы павінны нанесці непрымальны ўрон праціўніку і павінны абараніць самі сябе і свае сем'і. Без сваёй стралковай зброі... Калі, не дай бог, нейкі канфлікт, вайна, кожная сям'я, тэрытарыяльныя органы павінны быць узброены ўсім комплексам стралковай зброі. Тады вораг, праціўнік будзе разумець, што з намі лепш не звязвацца".
"Мы павінны мінімум зброі вырабляць у сябе. Таму што ўсякае можа здарыцца і спадзявацца на заморскага нейкага дзядзьку, што нам прывязуць зброю, не варта. Трэба мець сваю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што для арганізацыі вытворчасці такой зброі Беларусі можа быць карысны вопыт Расіі. "Блізкая нам краіна, з якой мы распрацоўваем, вырабляем зброю, Расія - яна абсалютна не супраць, каб мы па іх тэхналогіях разгортвалі тут вытворчасць", - адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама спытаў, як ідзе распрацоўка іншых перспектыўных відаў узбраенняў, у прыватнасці, ракет для рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Паланэз". Яшчэ адной тэмай даклада стаў удзел прадпрыемстваў ВПК Беларусі ў юбілейнай, 10-й Міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2021, якая пройдзе ў канцы чэрвеня ў Мінску.
Паводле слоў Дзмітрыя Пантуса, работа ваенна-прамысловага комплексу і абароннага сектара эканомікі ідзе ў асаблівай абстаноўцы. "Калектыўны Захад пастаянна нагнятае абстаноўку вакол Беларусі. Але трэба адзначыць, што, нягледзячы на тое, што афіцыйна чатыры прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама ўваходзяць у пакет санкцый, гістарычна ўсе прадпрыемствы абароннага сектара эканомікі заўсёды знаходзіліся пад націскам", - сказаў ён.
"Гэта натуральна. Ніхто не згодзіцца з тым, што недзе нейкая Беларусь будзе ўзбройвацца, ды яшчэ і ўласную зброю будзе вырабляць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Часта гэта нават адкрытая зайздрасць да дасягненняў ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь", - заявіў Старшыня Дзяржкамваенпрама.