Рабочая паездка ў горад Орша Віцебскай вобласці
- 38
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада зрабіў рабочую паездку ў Оршу, у ходзе якой наведаў гарадскую бальніцу № 1 імя Сямашкі ўстановы аховы здароўя "Аршанская цэнтральная паліклініка" і ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат".
Кіраўнік дзяржавы ў дэталях цікавіўся арганізацыяй медыцынскай дапамогі ва ўстановах аховы здароўя, у тым ліку работай прыёмных аддзяленняў, колькасцю і эфектыўнасцю выкарыстання аперацыйных, лячэннем пацыентаў на тэрыторыі Аршанскага раёна ў цэлым.
Разам з неабходнасцю забяспечыць даступнасць усяго спектра медпаслуг для насельніцтва ўсё павінна быць па-гаспадарску і аптымальна, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Трэба, каб было ўсё аптымальна. Гэта вялікія грошы", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бальніцы, умоўна кажучы, не павінны ператварацца ў санаторыі і дамы адпачынку і ва ўмовах стацыянара пацыенты павінны знаходзіцца аптымальную колькасць часу.
"Трэба грошы траціць на зарплату ўрачоў, іх прафесійны рост і тэхніку. Аперацыйныя павінны быць ідэальныя", - сказаў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў краіне ўжо шмат пабудавана сучасных лячэбных устаноў: "Не трэба палацы будаваць. Мы іх пабудавалі ўжо. Таму трэба ўсё аптымальна выкарыстоўваць. Па-гаспадарску трэба. Трэба лічыць грошы, нават у ахове здароўя".
"Кавід для нас - вопыт. Мы ўсе сур'ёзна разварушыліся, убачылі слабыя месцы і ўсялякія празмернасці, якія ў нас ёсць. Гэта для нас важна, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Для мяне важна гэта аптымізацыя. Трэба сканцэнтраваць грошы, каб дапамагчы ўрачам".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за кошт кавідных надбавак удалося павысіць заработную плату медперсаналу. Паводле яго слоў, на такім жа ўзроўні яе трэба захаваць і пасля пандэміі.
"Дзве тысячы (маецца на ўвазе сярэдняя па галіне. - Заўвага) - менш нельга. Узровень гэтых зарплат для ўрачоў трэба захаваць. Урачы пойдуць у нас у бюджэтнай сферы як лакаматыў па зарплаце, будзем і настаўнікаў падцягваць. Не можа быць краіны без урача і настаўніка. Гэта наша сапраўдная інтэлігенцыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання бальніцы Прэзідэнт успомніў падзеі мінулага года. Ён адзначыў, што сярод медыцынскага персаналу, вядома, заўсёды могуць быць людзі, якія маюць іншы пункт гледжання. І гэта зразумела, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Але вы ж будзьце тварам нацыі, паводзьце сябе дастойна. Вось у чым праблема. Толькі ў тым, што парушалі закон", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў: у час нарады або абмеркавання тых ці іншых праектаў хочацца чуць ад чыноўнікаў розныя меркаванні, іх асабістыя. Але ў той жа час яны павінны разумець, што працуюць на дзяржаву і павінны прытрымлівацца выпрацаванага курсу. У сувязі з гэтым ён успомніў нядаўняе наведванне інавацыйнага малочнатаварнага комплексу "Вусценскі" ў Аршанскім раёне: не ўсе чыноўнікі падтрымлівалі рэалізацыю гэтага праекта. Але ў час абмеркавання было вырашана, што пабудаваць гэту гаспадарку ўсё ж такі трэба.
"Меркаванні сутыкаюцца, выпрацоўваем нейкае правільнае рашэнне. Усюды канкурэнцыя павінна быць, я за гэта. Але толькі не трэба парушаць закон. Калі мы ў грамадстве цяпер не спынім гэта парушэнне закону, нашы дзеці будуць ілбамі сутыкацца, як на Захадзе. Чаму яны нас увесь час хістаюць: ім на Захадзе не падабаецца наша рэчаіснасць. А нам патрэбна стабільнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання бальніцы Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці хапае ва ўстанове медыцынскага персаналу, ці няма праблем з кадрамі. Як яму далажылі, штат укамплектаваны цалкам і бальніца нават перыядычна гатова падстрахоўваць іншыя ўстановы ў раёне, накіроўваючы туды пры неабходнасці сваіх урачоў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: у цэлым па краіне, напрыклад, не хапае анестэзіёлагаў. Некаторыя спецыялісты, атрымаўшы бясплатную адукацыю ў Беларусі, выязджаюць працаваць за мяжу, а гэта даволі рэдкая спецыяльнасць. На думку Прэзідэнта, трэба знайсці вырашэнне праблемы.
"Ты за бясплатна падрыхтаваў анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. І нават калі не за бюджэт, а платна - капейкі плацяць. У нас наогул бясплатная адукацыя, а там, дзе плацяць, гэта ў 10 разоў менш, чым у Амерыцы або Германіі. Мы яго бясплатна падрыхтавалі, ён нам рукой махнуў і паехаў зарабляць. Тут ёсць праблема, і ты мне павінен унесці ў новым годзе прапанову, аж да драконаўскіх метадаў", - паставіў Кіраўнік дзяржавы задачу Міністру аховы здароўя.
"Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца - прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі - напрыклад, адпрацуй 10 гадоў. Потым хочаш кудысьці паехаць - аплаці нам кошт таго, што мы цябе вучылі, і едзь. Або няхай тыя заплацяць, куды ты паедзеш. Тады паехаў і паехаў - прыйшлі маладыя, новыя, - вобразна сказаў Прэзідэнт. - Нам трэба паставіць усе кропкі над і. У новым годзе ты павінен унесці прапановы".
Галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Сяргей Карака далажыў Прэзідэнту аб структуры ўстаноў аховы здароўя ў раёне, выніках работы першай бальніцы і аб арганізацыі планавай і экстраннай медыцынскай дапамогі, у тым ліку пацыентам з COVID-19.
У бальніцы Аляксандр Лукашэнка наведаў аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі, траўматалогіі і ангіяграфіі. Прэзідэнту расказалі аб лячэнні пацыентаў, аснашчэнні сучасным медабсталяваннем. Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з лячэннем пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Ён пабываў у "чырвонай зоне" аддзялення рэанімацыі і пульманалогіі.
Сяргей Карака расказаў Кіраўніку дзяржавы аб эпідсітуацыі і ходзе вакцынацыі. Апошнім часам у раёне адзначаецца спад захваральнасці на COVID-19, у лячэбных установах вызваляюцца ложкі, а колькасць шпіталізаваных стала ніжэйшай, чым выпісаных. Урач запэўніў: вакцынацыя дае відавочны эфект з пункту гледжання фарміравання калектыўнага імунітэту. А прышчэпленыя пацыенты калі і захворваюць, то пераносяць COVID-19 у больш лёгкай форме. "Мы ўчора спакойна выпісалі 72 чалавекі, 26 паступілі. Пасля вакцынацыі тут былі практычна адзінкі людзей, я ўжо не кажу пра рэанімацыю", - сказаў ён.
Пасля наведвання аддзяленняў бальніцы Прэзідэнт сустрэўся з работнікамі медустановы.
Адна з работніц бальніцы звярнулася да Кіраўніка дзяржавы з просьбай аказаць садзейнічанне аршанскай бальніцы ў куплі апарата МРТ. "Садзейнічанне акажам", - паабяцаў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што на закупку такога дыягнастычнага абсталявання патрэбны вялікія грошы. У першую чаргу ім аснашчаліся буйныя медустановы ў Мінску, потым - у абласных гарадах. Цяпер на чарзе 11 вялікіх гарадоў у краіне, накшталт Оршы.
На сустрэчы Прэзідэнт закрануў і тэму працоўнай міграцыі ўрачоў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Оршы няма няхваткі медыцынскіх кадраў, як далажыў яму галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі. "А там, дзе ёсць праблемы, мы дамовіліся з Міністрам прыняць у наступным годзе адпаведнае рашэнне. Як бы непапулярна гэта ні гучала, - сказаў Прэзідэнт. - Мы нікога не будзем трымаць: адпрацаваў патрэбнае, заплаціў патрэбнае - едзь".
Адзін з медыкаў адзначыў, што Орша расшыраецца, але дарогі не ўсюды прыведзены ў парадак. Напрыклад, ёсць праблема з дарогай, якая вядзе да чыгуначнага вакзала ў раёне Усходні, асабліва гэта адчуваецца ў гадзіну пік.
"Я думаю, мы вырашым гэту праблему. Гэта не такая вялікая праблема", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Як далажылі гарадскія ўлады, гэтым пытаннем у горадзе займаюцца, ужо распрацоўваецца праектная дакументацыя.
Прэзідэнт адзначыў: пакуль у краіне будавалі буйныя трасы рэспубліканскага і міжнароднага значэння, мясцовыя дарогі засталіся ўбаку. Цяпер трэба заняцца імі. Прэзідэнт падкрэсліў: усе аграгарадкі павінны быць звязаны добрымі дарогамі з раённымі цэнтрамі, а тыя - з абласнымі.
"У нас такая праграма, мы хочам яе завяршыць. Нашым людзям трэба зрабіць нармальныя ўмовы, а не таптацца ўвесь час у Мінску", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама адказаў на пытанне медыкаў, адкуль пастаянна чэрпае сілы і энергію. Ён нагадаў і аб сваёй парадзе весці здаровы лад жыцця - правільна харчавацца, займацца фізкультурай і спортам.
"Для нас вельмі важна жыць нармальным жыццём. Я ўпэўнены ў гэтым. Нармальнае харчаванне (не бегайце вы за гэтым імпартным) і нармальны лад жыцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад сённяшні дзень. Паводле слоў Прэзідэнта, ён па прывычцы ўстаў у 5.45, а ў 6 гадзін раніцы ўжо калоў дровы. Вечарам у яго запланавана лазня. "Гадзіну пятнаццаць адпрацаваў, пабрыўся, памыўся і паехаў да вас. Вечарам яшчэ гадзіну. Папрасіў, каб нагрэлі лазню, хвілін 30 трэба пасядзець у гарачай сухой лазні", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Звычайны лад жыцця. Вось гэта галоўнае", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно важнае правіла Прэзідэнта: не дапускаць лішніх перажыванняў. "Асабліва з гэтай хваробай. Таму што як толькі ты пачынаеш дрыжаць - памнажай на 10, ты ўжо захварэў і ніколі не выздаравееш, калі будзеш вельмі перажываць", - адзначыў ён.
У час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў медыкам за тую ўвагу, якую яны ўдзяляюць лячэнню пацыентаў. Ён адзначыў, што апошнім часам зніжаецца захваральнасць на каранавірус, і прычына ў тым ліку - вакцынацыя.
Медыкі ў сваю чаргу падзякавалі Прэзідэнту за пільную ўвагу і падтрымку Аршанскага рэгіёна. "Гэта не таму, што я тут нарадзіўся. Орша разам з раёнам - 150 тыс. Гэта вялікі рэгіён", - адзначыў беларускі лідар.
Ён таксама нагадаў, што раней быў пабудаваны новы корпус і аснашчана сучасным абсталяваннем гарадская бальніца: "Мы сабралі з усёй краіны грошы. Яна нават не ў плане ў нас была. А потым узялі і дабудавалі, аснасцілі. Гэта таму, што "дыктатура" ў краіне. Так і ў іншых мясцінах".
У час паездкі Кіраўнік дзяржавы незапланавана наведаў у Оршы мясакамбінат. Прэзідэнт у сярэдзіне чэрвеня ўжо наведваў гэта прадпрыемства. Цяпер, паводле яго слоў, ён вырашыў заехаць і паглядзець, як ідуць справы. Кіраўнік дзяржавы агледзеў практычна завершаны новы цэх, дзе будуць перапрацоўваць ялавічыну і свініну.
Рэалізацыя праекта з мінулага прыезду Аляксандра Лукашэнкі значна рушыла наперад. Устаноўлена ўсё неабходнае тэхналагічнае абсталяванне, і ў бліжэйшыя дні пачнуцца пусканаладачныя работы. Канкрэтна выпуск прадукцыі будзе арганізаваны ўжо з пачатку наступнага года. Але спатрэбіцца яшчэ каля двух гадоў, каб на 100% загрузіць вытворчыя магутнасці. Гэта звязана з пытаннямі развіцця сыравіннай базы камбіната.
Новы цэх будзе не проста часткай вытворчасці. Па сутнасці, пад яго дахам умесцяцца два мясакамбінаты. Гэта адзіны такі праект у краіне. Прадукцыйнасць новага цэха будзе ў два разы вышэйшая за цяперашнія магутнасці. Прадугледжана ўсё да дробязей, каб у выніку прадукцыя задавальняла любога заказчыка.