Рабочая паездка ў Віцебскі раён. Наведванне ААТ "БелВітуніфарм"
- 18
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 жніўня наведаў ААТ "БелВітуніфарм" у Віцебскім раёне, дзе плануецца арганізаваць вытворчасць беларускай вакцыны ад COVID-19.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб бягучай эпідэміялагічнай сітуацыі ў ходзе вакцынацыі насельніцтва, выкананні даручэнняў па распрацоўцы процівірусных вакцын усіх відаў. Размова таксама ішла аб перспектывах вытворчасці айчыннай вакцыны ад COVID-19.
Прэзідэнт на нарадзе па пытанні распрацоўкі процівірусных вакцын адзначыў, што барацьба з вірусамі, уключаючы каранавірусную інфекцыю, застаецца ў ліку прыярытэтных не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Па словах Кіраўніка дзяржавы, ён спецыяльна даручыў запрасіць на нараду шырокае кола ўдзельнікаў, каб комплексна абмеркаваць тры блокі пытанняў. Першы - аб бягучых тэмпах захваральнасці на каранавірус і далейшых падыходах у барацьбе з інфекцыяй. Другая тэма - вакцынацыя насельніцтва. Трэці блок пытанняў - вытворчасць вакцын - не толькі ад COVID-19, але і стварэнне неабходнай базы на перспектыву.
“У Беларусі на сённяшні дзень, я лічу, няма глабальных падстаў для непакою. Чарговы раз хачу запэўніць усіх: мы з гэтай бядой - каранавірусам - на сённяшні дзень спраўляемся. Думаю, на дастойным узроўні. Але пакуль забягаць наперад не будзем. Без лішняга інфармацыйнага шуму, без палітычных звадак, дэманстрацый, каменданцкіх гадзін, як у асобных дзяржавах. Асабліва ў дзяржавах з так званай развітой дэмакратыяй”, - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пераламаць эканоміку і яе законы не атрымалася ні ў кога: “Ніколі прыродныя, эканамічныя законы чалавецтву пераламаць не ўдавалася. Лакдаўны, спад ВУП, беспрацоўе, шалёныя эмісійныя грошы, якія сёння ўкінуты ў эканоміку планеты, узлёт у сувязі з гэтым сусветных цэн і іншыя наступствы працверазілі абсалютна ўсіх”.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь патраціла ўжо на барацьбу з кавідам толькі бюджэтных грошай $750-800 млн. Плюс амаль столькі - самі арганізацыі ўсіх форм уласнасці.
“Наша небагатая краіна ўклала рэсурсы па ўсіх напрамках - надбаўкі ўрачам, закупка лякарстваў і вакцын, арганізацыя вытворчасці масак, дэзынфекцыйных сродкаў. Мы бясплатна прышчэпліваем сваё насельніцтва і за невялікія грошы прымаем на прышчэпку ўсіх жадаючых іншаземцаў”, - адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што засталася адна нявырашаная задача - атрыманне ўласнай вакцыны. У гэтым плане прыняты неабходныя дакументы, у тым ліку на ўзроўні Прэзідэнта. “У гэты няпросты час за кошт іншых напрамкаў мы знайшлі Br10 млн (гэта толькі на першы этап) інавацыйных грошай і бюджэтных сродкаў на карысць Міністэрства аховы здароўя і Акадэміі навук. Засталося галоўнае - рэзультат і ў заяўленыя тэрміны!” - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў першую чаргу хоча пачуць аб канкрэтных мерах і кроках у частцы распрацоўкі і вытворчасці айчыннай вакцыны, якія прывядуць да жаданай мэты і дадуць эфект.
Ён адзначыў, што яго наведванне кампаніі “БелВітуніфарм” планавалася даўно, паколькі гэта адна з патэнцыяльных пляцовак для вытворчасці вакцыны: “Сёння нібыта ўсё гатова для таго, каб разгортваць работу. Ці так гэта, паслухаем”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для віцябчан выбар менавіта гэтага прадпрыемства для вытворчасці беларускай вакцыны - гэта не толькі каласальная адказнасць, але і вялізны імпульс для развіцця ўсяго Віцебскага рэгіёна.
“Вірус, на жаль, нікуды не дзенецца ў бліжэйшыя гады. Гэты тэзіс ужо неаспрэчны. Аспрэчваюць, ці дапаможа калектыўны імунітэт. На планеце ўжо больш за 7 млрд чалавек. Пры гэтым заходнія вытворцы заявілі, што ўздымаюць цану. Адсюль выснова - попыт на гэты тавар будзе, і вельмі значны. Не праспім, разгорнемся - значыць хутка атрымаем вытворчасць з экспартным патэнцыялам на сотні мільёнаў долараў”, - сказаў беларускі лідар.
"У нас, як і ва ўсім свеце, ужо зафіксаваны індыйскі штам. Мы з міністрам абмяркоўвалі гэта пытанне, калі аб ім толькі загаварылі. Мы выпрацавалі пэўныя меры — ад псіхалагічных да лячэння. Мы чакалі і былі да гэтага гатовы. Пакуль тыя прагнозы, якія абмяркоўвалі, спраўджваюцца. Колькі будзе гэтых штамаў яшчэ, і не толькі індыйскіх, ніхто не ведае. Таму шмат разоў гаварыў і паўтараю: галоўная задача ў тым ліку і вакцынацыя".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны павінен разумець, што вакцынацыя не гарантуе поўнай бяспекі, і гэта паказвае сітуацыя ў свеце. "Але тое, што вакцына аслабіць хваробу, калі раптам заразішся, гэта факт практычна бясспрэчны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца самой вакцынацыі, Прэзідэнт падкрэсліў, што кожны чалавек — сам гаспадар свайго здароўя, але ён таксама павінен разумець, што гэта не толькі яго здароўе, бо можна заразіць іншых. І ў гэтым заключаецца грамадская адказнасць.
"Але паколькі мы шмат чаго не ведаем, я не хацеў бы, каб мы страчвалі розум, як гэта было ва ўсім свеце на першым этапе хваробы. У сувязі з гэтым — ніякай насільнай вакцынацыі. Катэгарычна папярэджваю: не дай бог да мяне дойдзе інфармацыя, што нехта некага прымушае, нахіляе і гэтак далей. Ведаеце, што рэакцыя з майго боку будзе неадкладнай і катэгарычнай. Добраахвотная вакцынацыя!
Хоча чалавек вакцынавацца - няхай вакцынуецца, не хоча - не трэба", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён адзначыў, што ёсць пэўныя групы людзей, якіх трэба не прымушаць, а папрасіць вакцынавацца. "Думаю, урачоў не трэба пераконваць у тым, што трэба вакцынавацца, што яны працуюць з насельніцтвам і гэтак далей. Гэта дасведчаныя людзі. І ў нас сярод урачоў больш за ўсё вакцынаваных - больш за 70 працэнтаў. Ёсць яшчэ некаторыя катэгорыі людзей, якія не толькі за сябе адказваюць, сваё здароўе, але і за навакольных: прадаўцы, работнікі аптэк, некаторыя сацыяльныя службы. Але ніхто не мае права нікога прымушаць. Папрасіце, пераканайце, у нас людзі талковыя. Ніякага прымушэння!" - яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт.
"У сувязі з тым, што мы сапраўды не націскаем на людзей, як гэта адбылося ў Літве (і атрымалі адваротны эфект), дзве дозы (прышчэпкі. - Заўвага) у нас маюць больш як адзін мільён. З улікам таго, што ў нас ужо і перахварэлых нямала, якія выпрацавалі натуральны імунітэт. Адну - каля двух мільёнаў чалавек маюць. Цяжка сказаць, многа гэта ці мала. Пакуль я не магу ні з чым параўнаць. Розныя навуковыя артыкулы ў аўтарытэтных часопісах пакуль не даюць падставы заявіць, многа гэта ці мала", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што вакцыны ў краіне ёсць - кітайская, расійская. "Захад прапанаваў нам праз Польшчу заходнюю вакцыну. Калі Міністэрству аховы здароўя яна патрэбна, мы можам яе завезці для таго, каб людзі маглі выбраць", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што "Белмедпрэпараты" штотыднёва пастаўляюць не менш як 90 тыс. доз "Спадарожніка V".
Ніякай самазаспакоенасці ў барацьбе з каранавірусам у Беларусі дапускаць нельга, упэўнены Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Міністра аховы здароўя даць прынцыповую ацэнку дзеянням кіраўнікоў рэгіёнаў і сталіцы ў гэтым плане. “Забяспечанасць лякарствамі, медыцынскім персаналам, бальнічнымі ложкамі, кіслародам, рэабілітацыя, аднаўленне цяжкіх пацыентаў, выкананне выпрацаваных сацыяльных мерапрыемстваў. Ці можам мы цяпер ацаніць узровень чаканай да восені захваральнасці на COVID-19 у Беларусі? Мы гатовы да магчымага новага вітка пандэміі, калі ён будзе?” - акрэсліў кола пытанняў Кіраўнік дзяржавы.