Наведванне МТК "Вусценскі" ў Аршанскім раёне

  • 24
  • 14:10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 30 кастрычніка малочнатаварны комплекс "Вусценскі" ў Аршанскім раёне.

МТК "Вусценскі" належыць вытворчаму прадпрыемству "Вусце" Нацыянальнай акадэміі навук. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб стане спраў на прадпрыемстве і перспектывах.

У 2015 годзе Прэзідэнт даручыў перадаць адстаючае вытворчае прадпрыемства "Вусце" Аршанскага раёна Нацыянальнай акадэміі навук. У савецкія гады гаспадарка была адной з самых перадавых, але з цягам часу прыйшла ў заняпад.

Як далажыў Кіраўніку дзяржавы старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, цяпер гаспадарка становіцца на ногі, самастойна зарабляе грошы, паказчыкі штогод растуць. Усяго ў Нацыянальнай акадэміі навук пяць такіх гаспадарак. "Мы яе прынялі ў вельмі непрыглядным выглядзе. Пачалі аднаўленне з раслінаводства: выраўнавалі і ўзбуйнілі палі, распрацавалі новую сістэму севазвароту, далі самыя новыя сарты. Атрымалі добрую прадукцыйнасць, і гэта дало магчымасць аднавіць галіну жывёлагадоўлі", - сказаў ён.

"Інакш кажучы, гэта ўзор не толькі для Шарснёва (губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарснёва. - Заўвага), але ў цэлым для Беларусі. Шматгаліновая гаспадарка, - зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка. - Уклаў грошы, малайчына, нічога не страціў. Па-гаспадарску".

Кіраўнік Акадэміі навук прызнаўся: у НАН спачатку перажывалі, што ім перадалі на аднаўленне такое занядбанае прадпрыемства, але цяпер беларускія вучоныя ўжо не хочуць яго нікому аддаваць.

На будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу пайшло Br34 млн. Ён уступіў у строй у канцы мінулага года. Памяшканні МТК разлічаны на 1 тыс. дойных і 200 запускных кароў. Для раздою выкарыстоўваецца ўстаноўка "Ёлачка" на шэсць месцаў, для асноўнага статка - "Карусель".

На беларускіх фермах нямала даільных залаў з карусельнымі даільнымі ўстаноўкамі, але, як заяўляюць на прадпрыемстве, гэта першая рабатызаваная. Яна разлічана на 40 кароў. Спецыяльны механізм аўтаматычна падганяе карову да даільнай залы. Яна заходзіць у свабоднае месца для даення, камп'ютар помніць асаблівасці вымя кожнай. Абсталяванне робіць масаж вымю, апрацоўку, здойванне першых цуркоў, сартует малако па асобных танкерах.

Цяпер у НАН задумваюцца аб яшчэ адным такім малочнатаварным комплексе, але патрэбна падтрымка дзяржавы. "Лічы і называй мне цану. Трэба аптымальна падыходзіць. Калі трэба будзе кавалак зямлі, я падкажу", - сказаў Прэзідэнт кіраўніку НАН.

Недалёка ад фермы пабудаваны інавацыйны комплекс для падрыхтоўкі насення сельскагаспадарчых раслін. Ён таксама прыналежыць прадпрыемству "Вусце". Завод можа поўнасцю забяспечваць патрэбнасці ў насенні Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне будаўніцтва такіх комплексаў у іншых абласцях, каб закрыць і іх патрэбнасці. "Патрэбны ўсюды тэхналогіі, на ўсіх этапах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы расказалі аб выніках работы па стварэнні сартоў беларускай селекцыі збожжавых, зернебабовых, тэхнічных і крупяных культур. Навукова-практычны цэнтр НАН па земляробстве дасягнуў тут добрых вынікаў, і ўраджаі атрымліваюцца высокімі. Аднак у цэлым па краіне з гэтым ёсць праблемныя пытанні, заўважыў Прэзідэнт. Не ўсе гаспадаркі захоўваюць тэхналогіі і сістэму севазвароту. "Трэба 10 тысяч разоў паўтарыць, а потым Субоціна (віцэ-прэм'ера Аляксандра Субоціна. - Заўвага) тузануць добра, каб усе адчулі, што трэба цяпер пераараць глебу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай МТК "Вусценскі" па гадоўлі племянной чырвонай дацкай жывёлы і выкарыстаннем інавацыйнага даільнага абсталявання. На прадпрыемстве Прэзідэнту прапанавалі прадэгуставаць прадукцыю з малака чырвоных дацкіх кароў. Аляксандру Лукашэнку прадукцыя спадабалася.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся ўмовамі ўтрымання жывёл, асаблівасцямі гадоўлі цялят і кароў. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тэхналагічную дысцыпліну. Без яе, падкрэсліў ён, высокіх паказчыкаў не дасягнуць.

Будаўніцтва дадатковага малочнатаварнага комплексу, аб чым просяць вучоныя, ужо амаль не патрабуе абмеркавання. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ адной такой гаспадарцы быць. "Калі не хапае зямель, губернатар павінен дапамагчы, таму што гэта будучыня", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, гэты вопыт таксама варта распаўсюдзіць на шклоўскі холдынг "Купалаўскае". Магчыма, там таксама вырашаць пабудаваць малочнатаварны комплекс па прыкладзе "Вусценскага". Пытанне будзе прапрацоўвацца.

"Такія комплексы ў кожным рэгіёне будаваць трэба, - рэзюмаваў беларускі лідар. - Трэба распаўсюджваць гэты вопыт".

"Перш чым на кавалкі парэзаць зямлю сельгаспрызначэння і аддаць фермерам у прыватызацыю, трэба паспрабаваць самім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Яны ўсё зрабілі. Не тое каб прыдрацца няма да чаго, але пры нашым фінансаванні яны ў прынцыпе разабраліся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены: вынікі работы прадпрыемстваў залежаць не ад формы ўласнасці. Прэзідэнт заўважыў, што прыватнік можа проста пераманіць добрых спецыялістаў з дзяржаўных прадпрыемстваў, і яны яму дапамогуць павысіць паказчыкі. "Асабліва ў прамысловасці. Там што, прыватнікі бога за бараду ўзялі? Не", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Там, дзе ёсць парадак, дысцыпліна, тэхналогіі, там будзе вынік. Не важна, прыватная або дзяржаўная ўласнасць. Я не супраць той, не супраць гэтай. Але трэба падыходзіць справядліва, перш чым парэзаць на кавалкі зямлю і некаму раздаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.