Рабочая паездка ў Магілёў

  • 42
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада ў Магілёве прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы.

Мерапрыемства прайшло напярэдадні дзяржаўнага свята - Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў савецкія гады Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў адным з самых значных свят нараўне з Днём Перамогі. З часам да гэтага дня сталі адносіцца прасцей, у некаторых краінах яго наогул адмянілі. Але ў Беларусі вырашылі захаваць традыцыю святкавання Вялікага Кастрычніка, пры гэтым у яе ўклалі новы сэнс: да 7 лістапада па ўсёй краіне прынята адкрываць сацыяльна-значныя аб'екты.

"Разумныя" людзі ў многіх краінах вырашылі, што гэта дрэнны дзень, дрэннае свята. Я так не лічу. Прынамсі, гэта наша гісторыя. І ўсё, чым мы сёння багаты, ідзе каранямі ў савецкую эпоху. Будучы раздаўленымі Вялікай Айчыннай вайной (а ў Беларусі нічога не засталося пасля вайны), мы адрадзілі краіну. І калі б не тыя часы, то шмат чаго мы не змаглі б стварыць і многае з таго, што было створана, страцілі б", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы ніколі не адмаўляліся ад лепшай спадчыны эпохі. "Але самае галоўнае - гэта наша гісторыя. Будучыню яшчэ можна неяк змяніць, адкарэкціраваць, а вось мінулае ўжо не зменіш. Сёння мы бачым, што зрабілі правільна, напоўніўшы новым сэнсам традыцыю святкавання Вялікага Кастрычніка", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што менавіта з гэтай падзеі ў мінулым стагоддзі пачыналася будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы. "І мы прадаўжаем шлях тых, хто закладваў першыя цагліны ў будаўніцтва гэтай дзяржавы", - сказаў ён.

"Ніколі, як бы сёння камусьці ні хацелася, не перапынім гісторыю працоўных подзвігаў нашых продкаў. Не спыняць нас ні санкцыі, ні пандэмія, як не спынілі ў свой час беларусаў ні грамадзянская, ні Вялікая Айчынная вайна. У выніку сваіх магчымасцей мы будзем развівацца і ствараць лепшыя ўмовы для жыцця нашых людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы бачыце, што свет зусім адурэў, ашалеў, і намнога цяжэй стала працаваць. Пандэмія ўзмацніла націск вялікіх дзяржаў на сярэднія і малыя, і, я ўжо гаварыў, для нас цяпер вельмі важна выстаяць, вытрываць і перамагчы ў гэты цяжкі час. Самае галоўнае цяпер - выжыць", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады Магілёў вельмі змяніўся і прадаўжае развівацца. Гаворачы пра новыя кардыялагічныя карпусы магілёўскай бальніцы, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў іх значнасць для рэгіёна. "Яны былі вельмі патрэбны для Магілёўшчыны, - заявіў ён. - Вы нават, па-мойму, выйшлі на ўзровень Мінскай вобласці".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве новага кардыяцэнтра. Ён нагадаў, што ў Магілёве таксама нядаўна быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы корпус. Напярэдадні дзяржаўнага свята тут пачне працаваць 50-метровы басейн.

"Ахова здароўя і спорт - гэта тое, што патрэбна нашым людзям, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе мы стварылі для вас усе ўмовы для прафілактычнай актыўнасці, аднаўлення пасля хваробы, фізічнага развіцця дзяцей і дарослых - у цэлым усё зрабілі для здаровага ладу жыцця. Паверце, гэта не дзяжурныя словы".

Прэзідэнт дадаў, што цяпер у розных рэгіёнах будуюцца сучасныя высокатэхналагічныя медыцынскія цэнтры. Ён заклікаў грамадзян берагчы гэты здабытак і помніць, што ён прыналежыць беларускаму народу. "Ніколі не дапускайце ніякай прыватызацыі. Пакуль я ёсць, я гэтага не дазволю. Беражыце гэта, яно павінна належаць вам. Вы бачылі, як паказала сябе прыватная медыцына на Захадзе: тысячы і тысячы хворых", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы нагадаў: да пытання будаўніцтва новых бальніц і школ у краіне будуць падыходзіць выверана. Неабходна ўдасканальваць і выводзіць на ўзровень сусветных стандартаў існуючыя ўстановы, падкрэсліў ён. Тым больш што абласныя бальніцы ўжо канкурыруюць з Мінскам.

"Трэба аказваць дапамогу так, каб хапіла гэтых ложкаў. Таму мы цяпер аптымізуемся. Трэба падымаць зарплату ўрачам і настаўнікам, таму што гэта аснова нашага грамадства", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ўзровень захваральнасці на каранавірус у Беларусі зніжаецца. "Сёння мы не проста спаўзаем з той вяршыні, на якую падняліся (асабліва па шпіталізацыі, запаленні лёгкіх), а ўжо спаўзлі. Мы ўжо ў многіх абласных цэнтрах, іншых бальніцах вяртаем ложкі, якія былі аддадзены пад кавід. Мы пачалі ў поўным аб'ёме аказваць планавую дапамогу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў грамадзян берагчы сваё здароўе і ставіцца да яго адказна. "Беражыце сябе, усё залежыць ад вас. Маскі, рэспіратары - гэта ваша справа. Мы вас прымушаць не будзем. Але памятайце, што перш за ўсё вы творцы свайго здароўя", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы не будзем ні на кога "націскаць", мы будзем вам расказваць і пераконваць, што гэта (выкарыстоўваць сродкі аховы. - Заўвага) трэба рабіць", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля цырымоніі адкрыцця Кіраўніку дзяржавы далажылі аб стане і перспектывах развіцця сацыяльнай сферы Магілёўскай вобласці, рабоце бальніцы. Нават ва ўмовах пандэміі ў вобласці прадугледжаны сродкі на рэканструкцыю ўстаноў аховы здароўя, рэгулярна ўводзяцца ў строй новыя аб'екты. У цэлым сістэма аховы здароўя функцыянуе стабільна, вядзецца планавы прыём.

У тым ліку растуць зарплаты медыкаў. Часткова гэта звязана з даплатамі за работу з пацыентамі з COVID-19. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават пры зніжэнні ў перспектыве ўзроўню захваральнасці на каранавірус трэба пастарацца захаваць існуючы ўзровень даходаў. У гэтым плане Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначыў, што частка сродкаў, якія накіроўваюцца ў цяперашні эпідэміялагічны ўздым на лячэнне пацыентаў, якраз у будучым будзе выкарыстоўвацца на мэты матэрыяльнага стымулявання работы медыкаў.

Што датычыцца новага кардыяцэнтра, галоўны ўрач Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Анатоль Кулік падкрэсліў, што ён стаў вялікім падарункам і вельмі патрэбны гораду і рэгіёну. Прэзідэнту падрабязна расказалі аб аснашчэнні цэнтра, ён наведаў установу, паразмаўляў з персаналам.

На сустрэчу з Прэзідэнтам у бальніцы ў тым ліку прыйшлі ўрачы-ветэраны гэтай установы аховы здароўя. Як аказалася, Аляксандр Лукашэнка асабіста знаёмы і памятае некаторых з іх па вопыце папярэдніх наведванняў за гады прэзідэнцтва. Было падкрэслена незвычайнае станоўчае адрозненне паміж цяперашнім станам бальніцы і тым, як было ў ранейшыя гады.

Кіраўніку дзяржавы на памяць падарылі сувенір са шкла - сэрца на далонях.

У Магілёве Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс у мікрараёне жылой забудовы "Фаціна". Тут яму далажылі аб рабоце Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, перспектывах выкарыстання комплексу.

Пасля наведвання ФАК Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, якія, даведаўшыся аб прыездзе Кіраўніка дзяржавы, сабраліся ля будынка спартыўна-аздараўленчага цэнтра.

"Я не планаваў сёння сустракацца з вамі, але вельмі рады, што вы прыйшлі. Не папярэдзіў мяне губернатар, што тут у нас будуць людзі. Але я вельмі рады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы магіляўчан, якія прыйшлі да фізкультурна-аздараўленчага комплексу. - Я калі праехаў па гэтай дарозе, я ўспомніў свае "дзіцячыя" гады. Я добра ведаю гэты раён, але яго не пазнаю. Ён за чвэрць стагоддзя не проста змяніўся, ён проста новым стаў".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў тэму будаўніцтва жылля для чаргавікоў. "Адзінае маё патрабаванне - на гэтых дамах калі нехта і павінен зарабіць, то дзяржава. Ніякага прыватнага не патрэбнага нам будаўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адпаведная практыка на прыкладзе Мінска ўжо дае вынік. Аналагічныя патрабаванні і да будаўніцтва ў рэгіёнах. "Я часта гаварыў, як будуе прыватнік. У яго нават канторы, людзей няма. Ён прыйшоў, узяў крэдыт у банку, прыйшоў у будаўнічы трэст (дзяржаўны. - Заўвага), аддаў грошы. Даў яму маленькую цану, ён (трэст. - Заўвага) пабудаваў. Прадаў кватэры па добрай цане, прыбытак сабе ў кішэню паклаў. Паўстае пытанне, навошта нам такія будаўнікі? Трэсту трэба аддаваць тэрыторыі, плошчы, яны няхай будуюць. Дамовіцца з імі, з 5-працэнтнай рэнтабельнасцю, і цэны будуць у руках у мэра Магілёва", - адзначыў Прэзідэнт.

У выніку па вопыце Мінска ўдалося значна збіць цану за квадратны метр пры будаўніцтве жылля.
 
Аляксандр Лукашэнка заўважыў: ён не супраць прыватнікаў, але гэта павінны быць паўнацэнныя будаўнічыя фірмы з дастатковай колькасцю персаналу і профільнымі спецыялістамі.

"Прыярытэт павінен быць аддадзены гэтым трэстам. Гэта дзяржаўныя, дзяржава адказвае. І калі мы навялі тут парадак, рэзка зменшыліся даўгабуды, якія нам давялося дабудоўваць, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Цяпер парадак навялі. І ў гэтым напрамку мы павінны рухацца. Вядома, некаму гэта не падабаецца. Ведаеце каму. Але гэта ўжо іх праблемы. Мы павінны працаваць у інтарэсах пераважнай большасці людзей. Паглядзім 2-3 гады, у што гэта выльецца. Пакуль гэта дае добры вынік".

У цэлым гаворачы аб рабоце будаўнікоў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя спецыялісты вельмі важныя для развіцця краіны. "Якія перамены, змяненні, калі няма прыгажосці дамоў? Таму будаўнікі - гэта аснова любога руху наперад. Не будзе гэтага (размова аб будаўніцтве аб'ектаў для спартыўнай базы, і ў прыватнасці веславання. - Заўвага) - не будзе спартсменаў (усіх на Дняпры не падрыхтуеш), людзям няма дзе будзе жыць. Я будаўнікоў заўсёды цаніў. Гэта вельмі складаная праца: і холад, і дождж, і гарачыня - яны на вуліцы".

Адказваючы на адно з пытанняў, Прэзідэнт даў рэкамендацыі па здаровым ладзе жыцця. У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы заклікаў не кідацца на імпартную ежу. Ён прызнаўся, што і сам, нягледзячы на існуючыя магчымасці, стараецца ўжываць у ежу толькі айчынныя прадукты. “У мяне магчымасцей набыць нейкі імпарт дастаткова, але я ніколі не харчаваўся тым, што нам прывозяць з-за мяжы. Свае і бульба, і морква, і капуста… Усё ж мы вырошчваем. А мяса-малочная прадукцыя - лепшая ў свеце. Таму харчавацца вы павінны толькі сваімі прадуктамі. Гэта мая вам парада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Другая рэкамендацыя - займацца фізкультурай і спортам, і гэтаму ў тым ліку будзе садзейнічаць новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які наведаў Аляксандр Лукашэнка. У ім абсталяваны і басейны, і розныя спартыўныя залы, дзе пабываў Кіраўнік дзяржавы. Ён разлічвае, што гэты і іншыя спартыўныя аб'екты, акрамя развіцця масавага спорту, павінны даць аддачу і ў плане падрыхтоўкі спартсменаў сусветнага ўзроўню.

"Вялікі басейн - гэта наогул супербасейн сусветнага ўзроўню. Гэта шыкоўны басейн для правядзення любых спаборніцтваў. Беларускага ўзроўню адназначна. Чаша ідэальная", - сказаў Прэзідэнт.

Ён прызнаўся, што сам плаванне не любіць, але гэта добры від спорту для трэніроўкі лёгкіх, што асабліва важна ва ўмовах цяперашняй пандэміі. "Гэта нелюбімы від спорту - плаванне. Але гэта самы эфектыўны. Калі ты плаваеш, ты дыхаеш, як трэба. Цяжкі від спорту", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікае займацца не толькі плаваннем, але і іншымі актыўнымі відамі спорту, пажадана на прыродзе: "Падумайце. Кожную раніцу, кожны вечар патроху. Хоць бы па паўгадзіны, каб лёгкія ў вас надзімаліся ад паветра. На прыродзе. Галоўнае - гэта здаровы лад жыцця. Я вам гэта гавару са сваёй практыкі. Процістаяць гэтай пандэміі трэба нармальным харчаваннем і здаровым ладам жыцця. Хоць я не прыхільнік спартыўных залаў. Лепш на паветры, на прыродзе".

У гэтым жа рэчышчы Кіраўнік дзяржавы заклікаў больш актыўна набываць і асвойваць участкі зямлі за межамі гарадоў. "Трэба больш актыўна асвойваць пустуючыя сядзібы. Ляціш над Беларуссю і проста шкада. Калі ёсць невялікая капейка, вы лепш укладзіце ў гэту зямлю. І дзяцей адарвяце ад гэтых гаджэтаў", - параіў беларускі лідар.

На сустрэчы з жыхарамі горада зноў была закранута тэма святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Магіляўчане падзякавалі Прэзідэнту за тое, што ў іх гарадах напярэдадні гэтага свята з'явіліся такія знакавыя аб'екты.

"Калі распаўся Савецкі Саюз, усё савецкае было дрэнна - некаму трэба было ногі выцерці аб нашу гісторыю. Не трэба гэтага рабіць, таму што гэта наша гісторыя, яе не змяніць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прыгадаў, як аднойчы наведваў Аўстрыю. Паводле яго слоў, на адной з экскурсій з захапленнем расказвалі пра Аўстра-Венгерскую імперыю. Аляксандр Лукашэнка тады вырашыў пацікавіцца ў экскурсавода: чаму яны да тых часоў адносяцца так паважліва і ганарацца імі, а Савецкі Саюз называюць імперыяй зла. "І яны гавораць: "Гэта палітыкі, не мы. Вось усё, што тут ёсць вакол, створана ў той імперыі". Інакш кажучы, яны сваю гісторыю не спаганілі, не выціраюць аб яе ногі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі не сталі адмаўляцца ад добрых савецкіх традыцый, зносіць помнікі і пераймяноўваць вуліцы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. А святкаванню гадавіны Вялікага Кастрычніка вырашылі надаць новы сэнс: цяпер да гэтага дня ў розных гарадах краіны адкрываюць сацыяльныя, медыцынскія, спартыўныя і іншыя ўстановы.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў яшчэ аб адным свяце: Дні народнага адзінства. У Беларусі ў гэтым годзе яно адзначалася ўпершыню, святкуюць яго 17 верасня. "У вас ужо вуліца з'явілася і плошча. Малайцы, мне прыемна, што мае землякі хутка сарыентаваліся і гэта зрабілі", - заявіў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанні грамадзян, Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў развіццё горада, але не пакінуў убаку і праблемныя пытанні. "Будзем дапамагаць, але пара ўжо і вам самім станавіцца на ногі. Павінна і "хімвалакно" працаваць. Завод штучнага валакна вы знеслі, але гэта была мая каманда: будуйце там жыллё. А вось "хімвалакно" трэба закручваць як мае быць, і яны пачынаюць працаваць ужо", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на прадпрыемстве неабходна поўнасцю абнавіць вытворчасць, праекты ўжо ёсць. Гэта важна ў тым ліку і з пункту гледжання стварэння рабочых месцаў. "Як бы ні было цяжка, трэба ў гэтым напрамку рухацца. Я хутка буду там, - папярэдзіў Прэзідэнт прысутнае на сустрэчы кіраўніцтва прадпрыемства. - Гэта брэнд Магілёва, ад гэтага нікуды не дзенешся. Але, вядома, трэба старацца, каб вытворчасць была як мага чысцейшай".

У час размовы з Кіраўніком дзяржавы адна з магіляўчанак, якая прадставілася Аленай, голасна прызналася Прэзідэнту ў любові.

"Я сёння прыйшла не задаваць вам пытанні, а прызнацца вам у любові. Сапраўдны мужчына", - заявіла, ніколькі не хвалюючыся, жанчына.

"Зноў у інтэрнэце напішуць, што новая палюбоўніца", - пажартаваў у адказ Прэзідэнт.

"Ну, дайце пабыць! - тут жа адрэагавала на жарт Алена. - Вы сапраўдны мужчына: сказана - зроблена. Дзякуй вам за ўсё тое, што вы робіце для нашай краіны - Беларусі. Дзякуй проста за тое, што вы ёсць у нас. Я люблю галоўнага беларуса краіны - вас, Аляксандр Рыгоравіч".

"Усё, што мы, мужыкі, робім, мы робім дзеля вас", - адказаў Прэзідэнт.