Прыняцце кадравых рашэнняў
- 12
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка прыняў кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржаўнай бяспекі.
"Хачу звярнуць увагу: сітуацыя застаецца напружанай, і нам супакойвацца яна не дае. Вам лепш за іншых вядома, што няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту не змяніла планаў праціўніка. Калектыўны Захад прадаўжае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на змену ўлады, а самае небяспечнае для нас - знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта мы павінны памятаць. Разумець і адчуваць кожны дзень і кожную гадзіну, асабліва вы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Задзейнічаюцца санкцыі. Фінансуюцца пратэсты, экстрэмізм, тэрарызм. Падбіраюцца і рыхтуюцца баевікі. Мы гэта не проста ведаем, мы з гэтым працуем", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных умовах на супрацоўнікаў КДБ ускладаецца задача па забеспячэнні стабільнай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, абароне краіны ад знешняга дэструктыўнага ўздзеяння.
"Першачарговымі задачамі сёння з'яўляюцца нарошчванне намаганняў па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, процідзеянне антыканстытуцыйным праявам. Прынцыповае значэнне мае кантроль абстаноўкі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, органаў улады. Для гэтага мы стварылі адпаведныя інстытуты", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да афіцэраў і генералаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія чэкісты ўнеслі важкі ўклад у абарону краіны і людзей ад маштабных знешніх і ўнутраных пагроз.
"Створаныя пад кантролем спецслужбаў палітэмігранцкія цэнтры ў Варшаве і Вільнюсе нацэльваюць радыкалаў на акцыі запалохвання ў адносінах да грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сілавых органаў. Дабраліся і да судзейскага корпуса", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дыверсіі плануюцца на аб'ектах абарончага комплексу, эканомікі, жыццязабеспячэння. "Замежныя спецслужбы і іх саўдзельнікі вывучаюць абстаноўку ў працоўных калектывах, спрабуюць інспіраваць забастоўкі", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"У якасці адной з магчымых дат чарговай спробы рэвалюцыі (дня "Х", як яны лічаць) разглядаецца перыяд правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што выкарыстоўваюцца апрабаваныя ў іншых краінах сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, разгорнута псіхалагічная вайна, нацэленая на фарміраванне ў насельніцтва Беларусі негатыўнага вобраза ўлады. "Гэтыя методыкі ўздзеяння накіраваны на супрацоўнікаў дзяржапарату і сілавікоў з мэтай пераканаць іх у адсутнасці падтрымкі з боку насельніцтва, зарадзіць сумненні ў правільнасці дзяржаўнага палітычнага курсу", - сказаў Прэзідэнт.
"Адной з ключавых гібрыдных пагроз сёння з'яўляецца складаная абстаноўка на нашай дзяржаўнай граніцы. Польшча і Літва мэтанакіравана абвінавачваюць Беларусь у нібыта штучным стварэнні міграцыйнага крызісу. Пры гэтым праводзяць спецаперацыі па стварэнні каналаў адбыцця мігрантаў з месцаў утрымання на тэрыторыю Германіі і Францыі, масава і цынічна парушаючы правы чалавека", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Я гэта гавару для таго, каб немцы нарэшце прачнуліся з французамі, ды і англічанамі, іншымі краінамі, і паглядзелі, што адбываецца з гэтымі мігрантамі ў Польшчы і Літве", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Польшча і Літва дэманструюць усюды, што яны нібыта ўтрымліваюць мігрантаў у пэўных месцах - у лагерах. "А на самай справе гэта толькі перасыльныя пункты. Яны спецыяльна выпускаюць з лагераў гэтых людзей, разумеючы, што яны прыйшлі не ў Польшчу і не ў Літву. Гэтак жа, як у Беларусь. Яны прыйшлі і ідуць далей. Яны ідуць у Германію, у больш "цёплыя", як яны кажуць, краіны. Палякі і літоўцы, разумеючы гэта, іх пакрыху выпускаюць з лагераў. І немцы ўжо тысячамі іх затрымліваюць у сябе на тэрыторыі, - расказаў Прэзідэнт. - Мы валодаем гэтымі данымі. Але перш за ўсё вы валодаеце і мяне інфармуеце. Мы пераправяралі праз некалькі крыніц. Гэта сапраўды так".
"Дык вось няхай яны там у сябе разбяруцца, хто немцам і французам падкідвае гэтых мігрантаў. Паводле нашых даных, там гінуць людзі. І колькасць загінулых у разы перавышае публічныя заявы польскіх і літоўскіх палітыкаў. Нягледзячы на хвалёную еўрапейскую свабоду слова, да інфармацыі аб рэальнай абстаноўцы сродкі масавай інфармацыі з іх боку не дапускаюцца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад КДБ павышаць эфектыўнасць знешняй разведкі. "Сур'ёзным рэзервам у рабоце камітэта з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці знешняй разведкі. Яе неабходна трансфармаваць у падраздзяленне, здольнае вырашаць стратэгічныя задачы, узмацняць наступальнасць, нарошчваць патэнцыял агентурнай разведкі і іншыя метады і формы, аб якіх вы ведаеце", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, прыярытэтнай задачай застаецца выяўленне і спыненне памкненняў замежных спецслужбаў да закрытай службовай інфармацыі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што жыццёва важна не адставаць ад праціўнікаў і пашыраць прымяненне сучасных тэхналогій у аператыўнай дзейнасці, павышаць эфектыўнасць тэхнічнага блока КДБ, радыёэлектроннай разведкі, развіваць навуковы патэнцыял.
"Неабходна істотна нарасціць намаганні па абароне інфармацыйнай прасторы, укараняць новыя, у тым ліку тэхнічныя метады проціборства, садзейнічаць правядзенню наступальнай інфармацыйнай палітыкі нашых СМІ", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржаўнай бяспекі, звярнуў асаблівую ўвагу на работу з кадрамі.
"Галоўным крытэрыем для супрацоўніка КДБ з'яўляецца патрыятызм, недапушчэнне любых праяў карупцыі, двурушніцтва, а асабліва здрады. У ведамстве павінны служыць толькі лепшыя прадстаўнікі грамадства, кіруючыся выключна інтарэсамі нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Сапраўды, як ніколі сёння гучаць словы знакамітага Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага (савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч.- Заўвага), які стаяў ля вытокаў стварэння нашых спецслужбаў: "Чэкістам можа быць толькі чалавек з гарачым сэрцам, халоднай галавой і чыстымі рукамі". Ведаеце, лепш не скажаш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На завяршэнне Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што, нягледзячы на стабілізацыю сітуацыі ў Беларусі, супакойвацца рана. "Упэўнены, што пастаўленыя задачы вам па сілах і нованазначаныя кіраўнікі гэта дакажуць", - сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяперашнія кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржбяспекі - гэта не толькі назначэнні на вышэйшыя пасады, але і ратацыя, як гэта прынята ў дзяржаўных структурах: "Некаторыя асобы перамяшчаюцца па гарызанталі. Звычайная практыка. Я яе заўсёды падтрымліваў. І гэтай практыкі прытрымліваюся ў сваёй рабоце. Так будзе і ў далейшым".
Акрамя прыняцця кадравых рашэнняў у сферы дзяржбяспекі, Аляксандр Лукашэнка таксама назначыў Сяргея Хаменку Міністрам юстыцыі. Да гэтага моманту Сяргей Хаменка займаў пасаду Намесніка Міністра ўнутраных спраў.
"Публічна хачу сказаць, Сяргей Мікалаевіч, што права на памылку ў Вас няма з-за пільнай увагі да таго пытання, якое Вы будзеце весці ў краіне. У нейкай ступені гэта крок неардынарны - гэта для тых, хто не паглыблены ў гэту тэму. З пункту гледжання паглыбленасці ў праблему гэта цалкам нармальна", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Міністэрстве юстыцыі дастаткова добрых спецыялістаў, якія ўжо доўгі час займаюцца юрыспрудэнцыяй. "Добрыя, моцныя юрысты ў Мінюсце ёсць. Там у бліжэйшы час патрэбны будуць вельмі моцныя арганізатары, упраўленцы, таму што давядзецца вырашаць вельмі шмат арганізацыйных пытанняў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас пройдзе шэраг мерапрыемстваў, перш за ўсё арганізацыйнага характару, па лініі Мінюста. Не стану ўтойваць: там патрэбны вельмі адданыя людзі, дысцыплінаваныя, нацэленыя на вырашэнне пытанняў. Там нельга сёння лічыць да 20, 10 або нават да трох. Там трэба прымаць рашэнні або рэалізоўваць прынятыя рашэнні. Людзі гэта ўбачаць у бліжэйшы час".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Сяргей Хаменка валодае моцным кіраўніцкім патэнцыялам. "Страціць у такім узросце, як Вы, чалавека дасведчанага, здольнага, патрыёта, адданага краіне, мы не можам. Гэта было маё асабістае меркаванне, і я папярэдзіў усіх начальнікаў, у тым ліку Міністра ўнутраных спраў (думаю, ён з Вамі перагаварыў - я яму даручаў гэта зрабіць), каб Вас пераканаць, што трэба ўзяць на сябе гэту ношу і даказаць людзям, што Вы сапраўдны ўпраўленец", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: нягледзячы на тое, што Сяргей Хаменка не працаваў у сістэме Міністэрства юстыцыі, у яго дастаткова вопыту для таго, каб узначаліць ведамства, паколькі ён служыў у праваахоўных органах. Да таго ж у Мінюст патрэбны перш за ўсё магутны ўпраўленец і арганізатар, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Я вельмі на Вас спадзяюся. Таму ў пачатку і сказаў, што права на памылку ў Вас няма. Гэта маё асабіста рашэнне. Я "прымяраў" Вас да розных пасад, але зразумеў, што тут Вы, напэўна, нам і краіне прынесяце больш карысці, чым на нейкіх іншых пасадах", - рэзюмаваў беларускі лідар.